• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Этыка жыцця і смерці

    На мінулым тыдні мяне запрасілі правесці занятак для навучэнцаў Беларускага калегіюму. Тэма — журналісцкая этыка. Другі курс.

    На першым курсе з журналісцкай этыкай «маіх» студэнтаў ужо знаёміў кіраўнік калегіюму спадар Анціпенка. То бок, нешта пра гэтую «дзіўную і рэдкую жывёлу» яны ўжо ведалі, і было зразумела, што агульнымі фразамі тут не абыдзешся. Таму я вырашыла, каб не было сумна, пашукаць для «дзетак» цікавыя прыклады з журналісцкай практыкі.

    І амаль не патанула ў дрыгве этычных правілаў, кодэксаў, усялякіх «трэба» і «нельга».

    З аднаго боку — этычныя правілы і нормы журналістам патрэбныя, як і любым іншым адмыслоўцам: настаўнікам, урачам, навукоўцам. З іншага — сама дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі часам несумяшчальная з нейкімі жорсткімі правіламі гульні, бо нярэдка свабода СМІ ўступае ў канфлікт з канфідэнцыйнасцю прыватнага жыцця публічнай асобы і г.д. Алею ў агонь падлівае і камерцыйны інтарэс медыяканцэрнаў, карпарацый, асобных выданняў і тэлеканалаў.

    І калі б толькі гэта! Большасць этычных кодэксаў журналістаў у розных краінах (і Кодэкс журналісцкай этыкі ГА «БАЖ» — не выключэнне) не даюць агульных рэцэптаў таго, як прымаць рашэнні ў канкрэтных жыццёвых абставінах.

    Да прыкладу: пасылае канал НТВ сваю журналістку Алену Масюк узяць інтэрв’ю ў Шаміля Басаева, якога шукаюць як «асабліва небяспечнага злачынцу» пасля захопу закладнікаў ў лякарні ў Будзёнаўску. І журналістка бярэ яго. Іншымі словамі, робіць сваю звычайную справу. А потым яе ж абвінавачваюць у тым, што яна не даносіць, дзе знаходзіцца Басаеў, бо яна, кіруючыся этычнымі правіламі журналіста, не выдае сваю крыніцу інфармацыі. Ці правільна яна робіць? Ці не павінная зрабіць выключэнне з правілаў?

    Студэнты з хвіліну ў задуменні глядзяць адзін на аднаго, а потым дзеляцца меркаваннямі. Хтосьці кажа, што трэба было паведаміць уладам і праваахоўным органам. Хтосьці — што ўвогуле не трэба было пагаджацца на такую працу…

    А вось яшчэ адна больш блізкая нам сітуацыя, якую прапанавалі абмеркаваць самі студэнты: публікацыя на старонках нашых выданняў і ў Інтэрнеце імён і здымкаў самагубцаў.
    Свежыя прыклады — самагубства на палітычнай глебе Яны Паляковай і добраахвотны сыход з жыцця былога дэкана адной з віцебскіх ВНУ.

    І першая, і другі былі асобамі публічнымі, вядомымі. Гісторыя маладой жанчыны, якая не вытрымала ціску ўладаў, атрымала розгалас ва ўсёй краіне. Гісторыя пажылога выкладчыка, якога звольнілі з працы, бо прыйшоў час выходзіць на пенсію, абмяркоўвалася з большага ў віцебскім рэгіёне.

    Тым не менш, публічнасць ёсць публічнасць. З аднаго боку — уласнае рашэнне пайсці з жыцця, з іншага — публічнаць гэтага самага жыцця.

    Ці публікаваць здымкі, ці распавядаць пра падрабязнасці смерці, ці раскрываць для чытачоў тыя старонкі жыцця і смерці публічных асобаў, якія, па сутнасці, з’яўляюцца прыватнымі?

    Адказаў не знайсці ні ў «Кодэксе журналісцкай этыкі» БАЖ, ні ва ўласным досведзе. Бо нават гэтыя два самагубствы — розныя па ступені ўздзеяння на грамадства.

    «Выратавальным кругам» магла б стаць формула: «Пішы пра тое, што з’яўляецца значнай падзеяй для грамадства, а не пра тое, што проста цікава». Але ж бізнес ёсць бізнес: калі нашыя чытачы гатовыя «клікаць» на навіну, у загалоўку якой ёсць слова «самагубства», дык чаму не?..

    Грамадства заўсёды было і будзе цікаўным да адрубленых галоваў на эшафотах, да карыды, да шыбеніц. І, варта прызнаць, цывілізацыя не вельмі паўплывала на гэтую схільнасць…

    Гатовых рэцэптаў «лекавання» тут няма, але студэнты ўсё ж спрабуюць іх знайсці. І амаль вынаходзяць уласную «формулу» датычна публікавання імёнаў і фотаздымкаў самагубцаў. Сыходзіць, маўляў, трэба са статусу чалавека ў той час, калі ён вырашыў пайсці з жыцця. То бок, былы дэкан згубіў свой публічны статус у момант звальнення. Так і скончылася яго публічнае жыццё. Рашэнне ж засіліцца, маўляў, прымаў ужо звычайны грамадзянін….

    Абвесціўшы вынікі свайго «мазгавога штурму», студэнты чакаюць на ўхвалу. Слухаю моўчкі… Пагаджаюся і не пагаджаюся адначасова. Рэцэпту няма. І, напэўна, быць не можа.
    Адное толькі разумею дакладна: праца журналіста, як і праца ўрача, заключаецца ў тым, каб не нашкодзіць ні жывым, ні памерлым…

    P. S.
    «Журналіст нясе адказнасць перад грамадствам у цэлым, перад законам і перад прафесійным згуртаваннем», — гаворыцца ў «Кодэксе журналісцкай этыкі» ГА «БАЖ». Адказнасць перад законам амаль усе мы ўжо «пакаштавалі». Адказнасць перад грамадствам адчуваем штодня, калі рэдакцыйныя тэлефоны чырванеюць, а электронная скрыня поўніцца новымі лістамі ад чытачоў.

    Застаецца «адказнасць перад прафесійным згуртаваннем»… Што гэта такое і з чым яе ядуць? Ёсць у каго меркаванні?..

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці