• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Еўрарадыё без купюр

    У мінскую рэдакцыю «Еўрарадыё» трапіць няпроста, калі вы толькі не госць студыі альбо, напрыклад, не суіскальнік на вакансію карэспандэнта.

    Бо гэта сталы калектыў, дзе працуюць універсальныя журналісты: яны запісваюць радыёсюжэты, здымаюць фота і відэа, рыхтуюць тэксты, засвоілі працу ў рэжыме онлайн, паралельна напаўняюць цікавым кантэнтам свой сайт. Большасць з іх працуе з пачатку заснавання карпункта.

    Віталь сустракае нас з фатографам на ганку гістарычнага будынку па вул. К. Маркса і праводзіць у офіс. Прыступкі вядуць пад самы дах, а рэдактар паволі распавядае:

    — Нас гэта памяшканне задавальняе тым, што гэта цэнтр горада, тут побач усе міністэрствы, адбываюцца розныя падзеі…

    — Вы ў самым сэрцы сталіцы, ды яшчэ і ў будынку, які належыць Упраўленню справамі прэзідэнта. Няўжо ніхто не спрабуе выселіць такіх «нязручных» суседзяў?

    — Гэта, хутчэй, пытанне геапалітычнае, як і пытанне, чаму нас, у прынцыпе, не гоняць з краіны. Мне цяжка адказаць. Акрэдытацыя карэспандэнцкага пункта тут, у Беларусі, нам далася няпроста. Гэтаму папярэднічаў цэлы шэраг перамоваў на узроўні міністэрстваў замежных спраў розных краін. У перыяд «пацяплення» ўлады зрабілі такі крок у бок Еўропы, — разважае Віталь. Мы ж тым часам заходзім у рэдакцыю.

    На гадзінніку — апоўдні, самы зацішны для «Еўрарадыё» час, калі большасць журналістаў разышліся на заданні, а хто застаўся — занятыя працай. Тым не менш Віталь зачыняе дзверы свайго маленькага кабінету з відам на мінскія дахі:

    — Я звычайна раблю гэта толькі тады, калі хтосьці прыходзіць альбо па тэлефоне трэба паразмаўляць, бо ў нас рэдакцыя эмацыянальная… Бурна рэагуюць на навіны, бурна абмяркоўваюць…

    У гэты момант з суседняга пакою сапраўды раздаецца такі гучны смех, што я міжволі думаю: што ж тут робіцца, калі ўсе ў зборы?

    Працоўныя будні

    Штодня, у 9.30 раніцы, усе збіраюцца на планёрку. Тыя ж, хто адсочвае навіны, прыходзяць а шостай. Рэдакцыя працуе да 10‑й вечара.

    — Мы звярнулі ўвагу, што большасць беларускіх рэдакцый ігнаруюць гэты час. Хаця ўвечары шмат цікавых навінаў, якія слаба адлюстроўваюцца ў інтэрнэце, — кажа Віталь. — А між тым людзям, якія вяртаюцца дадому з офісаў, цікава пачытаць, што адбываецца менавіта зараз. І каб не пераносіць гэтыя навіны на раніцу, мы зрабілі дадатковую, вечаровую змену журналістаў. У іх функцыі шмат чаго ўваходзіць: яны праглядаюць і тэлевізар, бо там многа афіцыёзу, да якога незалежнаму журналісту цяжка дабрацца.

    Дзень галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» пачынаецца з прагляду ўсіх стужак навінаў. Віталь пачынае маніторыць іх па дарозе на працу. Найбольш карыснымі ў гэты момант лічыць сацыяльныя сеткі:

    — Сябры з сацсетак выбіраюць самае цікавае і посцяць, а значыць, тэма вартая ўвагі… Але гэта ўжо другасная інфармацыя…

    Усё залежыць ад падыходу, бо на любую гісторыю можна паглядзець з розных бакоў. Напрыклад, усе ведалі, што Парашэнка павіншаваў Лукашэнку адразу пасля выбараў. Можна проста паставіць навіну, а можна зрабіць інакш. Мы параўналі, як іншыя ўкраінскія прэзідэнты віншавалі беларускага. Атрымалася, што Януковіч зрабіў гэта праз два тыдні пасля выбараў, Юшчанка таксама праз доўгі час. Такім чынам, мы паглядзелі на навіну, якую ўсе адыгралі, пад новым ракурсам.…

    — А хто звычайна «крэатывіць» з навінамі — рэдактар ці ўсё вырашаецца на рэдакцыйным сходзе?

    — Калі мы заўважаем нейкую навіну, якая можа стаць трэндам дня, мы збіраемся разам на кароткую планёрку і накідваем ідэі, як мы гэта можам зрабіць. А потым хтосці бярэцца за працу.

    У рэдакцыі «Еўрарадыё» ўсяго 10 акрэдытаваных у Міністэрстве замежных спраў журналістаў. Таму ад пачатку падзяляць іх на аддзелы не мела сэнсу. Збольшага за кожным замацаваная адпаведная тэматыка, але любы журналіст здольны замяніць калегу, калі таго няма на працы. З прычыны малой колькасці людзей няма тут і ўласцівай для шмат якіх рэдакцый цякучкі кадраў. Большасць працуе ад пачатку заснавання радыё і сыходзіць не збіраецца. Таму трапіць на працу сюды шанцаў няшмат. Тым болей што патрабаванні да кандыдатаў высокія.

    Мы не такая простая рэдакцыя, як здавалася б на першы погляд, — працягвае Віталь. — У нас некалькі пляцовак для распаўсюду інфармацыі. Першасныя — гэта радыё і сайт. І мы ўвесь час ламаем галаву, што мы больш — адно ці другое. Таму не акцэнтуем увагу на гэтым. Ёсць і свае цяжкасці, бо журналісту няпроста рабіць інфармацыю адразу на некалькі крыніцаў распаўсюду. Тым не менш ён павінен напісаць тэкст для сайта, перарабіць яго для гуку, а потым зрабіць з гэтага яшчэ і рэпартаж. Тэксты, якія выкладаюцца на сайце, ніколі не паўтараюцца ў эфіры.

    — Ці падзядяюцца журналісты на радыйных і тых, хто піша?

    — Ёсць журналісты больш моцныя ў плане радыё — з лепшымі галасамі, а ёсць тыя, хто любіць пісаць, але на 100 % усе ўніверсальныя. Кожны з іх умее абыходзіцца з дыктафонам, пісаць тэкст і працаваць з сайтам, а ёсць і тыя, хто можа весці жывы эфір з Варшавы, калі гэта трэба.

    — Калі я хачу атрымаць больш аператыўную інфармацыю, куды мне ісці — на ваш сайт або слухаць радыё?

    — У нас на радыё навіны выходзяць кожныя 20 хвілін. Калі нешта важнае адбылося падчас выхаду, у эфіры яно прагучыць трошкі раней альбо адначасова з сайтам. Калі вы не жыхар памежных з Польшчай ці Украінай рэгіёнаў, дзе мы вяшчаем, хутчэй за ўсё вы, каб паслухаць наша радыё, зойдзеце на сайт.

    Шмат якія тэксты адразу перакладаюцца на рускую і англійскую мовы. Цікава, што некаторыя навіны на англійскай карысталіся большым попытам, чым на рускай ці беларускай мове. Трафік англамоўнага варыянту «Еўрарадыё» невялікі, але ёсць. Асабліва падчас выбараў або падзеяў узроўню перамоваў «нармадскай чацвёркі».

    За стырном карпункта

    Віталю ўсяго 32, але ён ўжо больш як чатыры гады кіруе мінскім офісам «Еўрарадыё». Адказвае за рэдакцыйную палітыку ды сувязі з Варшавай і адначасова паспяхова руйнуе штампы пра тое, як мусіць выглядаць і паводзіць сябе галоўны рэдактар ўплывовага беларускага СМІ.

    — Віталь, як можна ў няпоўных 30 гадоў стаць галоўным рэдактарам?

    — Гэта выпадак. Ад пачатку на гэтай пасадзе была Юлія Слуцкая. Але яна вымушана была з’ехаць у Варшаву. Калі ж ўзнікла пытанне, хто яе заменіць, часова абралі мяне, таму што я год працаваў намеснікам. Камусьці трэба было трымаць рэдакцыю, каб яна не развалілася, пакуль шукалі больш дасведчанага чалавека. А я ведаў усю кухню ад пачатку. Паспеў і пахадзіць на вулічныя апытанкі ў якасці журналіста, і папрацаваць рэдактарам стужкі навінаў. На сённяшні дзень я магу выканаць працу любога супрацоўніка «Еўрарадыё» — ад журналіста да гукарэжысёра. Але я б не сказаў, што ўжо адбыўся як галоўны рэдактар, магчыма, мне не хапае досведу нармальнай журналісцкай працы ў нармальнай краіне. Усё ж такі тут мы працуем з абмежаваным доступам да інфармацыі. Вельмі цяжка рабіць грунтоўныя расследаванні і гэтак далей… Плюс мы абмежаваныя тым, што з’яўляемся карэспандэнцкім пунктам. Былі б мы СМІ, якое зарэгістравана ў Беларусі, маглі б запрашаць шмат выпускнікоў і праводзіць больш якасную «селекцыю» журналістаў. Магчыма, каб праз мяне праходзіла больш людзей, я б больш рос, як рэдактар.

    — Якая ў вас адукацыя?

    — Я скончыў філалагічны факультэт і недавучыўся ў магістратуры, дзе вывучаў беларускую і сербскую мовы і літаратуру.

    — Вы казалі, што пісьменнасць у вашай працы адзін з вызначальных крытэрыяў.

    — Сапраўды, і з гэтым у журналістаў вялікая бяда. Зараз да тэкстаў вельмі простае стаўленне. Важней хутка зрабіць інфармацыю, а ты, рэдактар, бяры, выпраўляй! Гэтая хуткасць прыводзіць да таго, што матэрыял нашмат пазней трапляе на сайт. Чалавек скідвае кепска напісаны тэкст, а я мушу яго прачытаць, часам грунтоўна паправіць, то бок патраціць час, што не спрыяе аператыўнасці.

    Калектыў

    — Сталы калектыў «Еўрарадыё» мае вялікія плюсы. Людзі спрацаваліся ды прызвычаіліся адно да аднаго. Ім прасцей дамаўляцца ды ствараць нешта разам. Аднак некаторыя ўсё ж такі сыходзяць на іншую працу. Што прымушае журналіста «Еўрарадыё» шукаць лепшай долі?

    — Сяброўка сказала мне аднойчы: «Я не зайздрошчу табе, бо я магу і не чытаць навіны, а вось ты не можаш расслабіцца і не заходзіць тыдзень у інтэрнэт», — адказвае Віталь. — Пастаянная перагружанасць і стомленасць ад вялікага патоку інфармацыі і ёсць асноўнай прычынай сыходу. Да таго ж наш журналіст — усебакова развіты адмысловец з вялікім колам знаёмых у самых розных сферах. Ён спакойна можа перайсці на працу тым жа піяр-менеджарам у якую-небудзь кампанію альбо расці вышэй, што цяжка зрабіць на «Еўрарадыё». Бо тут толькі журналісты і я. Вось, напрыклад, Павел Свярдлоў захацеў расці далей і пайшоў у іншае выданне.

    — Ці бываюць праблемы з дысцыплінай, напрыклад, парушэнне дэдлайнаў здачы матэрыялаў?

    — Бывае, і з гэтым можна змагацца рознымі метадамі. Фінансавым, напрыклад, або метадам псіхалагічнага ціску. Ёсць агульныя правілы для ўсіх, але для кожнага чалавека існуе свой «кручок». З кімсьці можна паразмаўляць, на кагосьці «наехаць», а кагосьці трэба аштрафаваць.

    — Не крыўдуюць?

    — Я імкнуся данесці да ўсіх думку, што «Еўрарадыё» — гэта іх уласная кватэра, а не здымная, дзе можна жыць з падрапанымі шпалерамі. Калі нехта робіць «касяк», ён сам сабе і так паганьбіць. Магу і я зверху, а бывае, што і ўсе разам.

    — Але ж вы ўсё адно сябруеце з калегамі!

    — Я ж быў журналістам разам з імі. Калі мяне прызначылі рэдактарам, некаторыя прапанавалі называць мяне Віталем Алегавічам і «на Вы». Але я сябе няёмка адчуваў бы. У нас у рэдакцыі ўсе на ты, ў незалежнасці ад узросту. Так, на планёрцы я магу павысіць голас, нехта пакрыўдзіцца, нехта заплача. Ёсць такія, хто рэгулярна плача. А калі мы выходзім з рэдакцыі, то можам разам зайсці на піва, нават працоўныя пытанні абмеркаваць, але ўжо ў іншым тоне. Калі мы з некім і грыземся, то гэта творчая грызня за якаясць інфармацыйнага прадукта. Праца ў рэдакцыі — гэта як праца фотамадэлі над сваім целам. Увесь час трэба даглядаць і не з’ядаць лішняга…

    Тым часам мы вяртаемся ў ньюсрум, дзе заўважна пабольшала народу. І нарэшце бачым дзяўчыну, якіх на «Еўрарадыё» ўсяго тры. Падобна, з гендэрным балансам на тут не ўсё бліскуча. Маша Калеснікава сядзіць у навушніках і апрацоўвае інтэрв’ю з гуртом «Трубяцкі», што выпусціў новы альбом.

    — Калі дэдлайн, Маша?

    — Я думаю, сёння ўвечары.

    — Насамрэч заўтра раніцай паставім яго, — усміхаецца Зыблюк

    — Вам зручна ў рэдакцыі працаваць?

    — Нармальна, бо дома заўсёды знаходзяцца нейкія справы, якія адцягваюць ад працы.

    — А я б таксама палову матэрыялаў пісаў дома, — далучаецца да размовы Яўген Валошын, — але ў нас не атрымліваецца, таму што шмат аператыўнай працы.

    — А пакажы сваё «абмундзіраванне», — просіць Яўгена Віталь.

    Валошын адкрывае заплечнік са шматлікімі аддзяленнямі, які возіць з сабою штодня, нават у выходныя, і пачынае пералічваць:

    — Тут кладзецца ноўтбук, плюс тэчка з дакументамі. А тут дыктафоны, іх у мяне два…

    — Навошта два?

    — А калі запіс не пайшоў альбо батарэйкі селі, а гук жа патрэбны якасны… Тэлефонаў ў мяне тры, адзін смартфон запасны, каб батарэя трымала, калі пашлюць на вайну напрыклад. Гэта мікрафон, фірмовыя набалдашнікі для яго, падчас выбараў на ўсялякі выпадак бэджы з дакументамі з сабою браў… Гэта, так бы мовіць, спецыфіка следчай журналістыкі. А вось драты для мікрафона, шнур usb-шны і для андроіда. Камера гоў-про, фотаапарат, аб’ектывы, зарадка для мабільніка, манапод…

    Усе прылады, размешчаныя ў заплечніку Валошына, у ідэальным парадку.

    Яўген, вы, напэўна, перфекцыяніст?

    — Не.

    — Ну як гэта не?! — умешваюцца ў размову калегі. — Яўген, калі прыходзіць на працу, працірае стол, падваконне, сочыць, каб было чыста ў рэдакцыі.

    Лепшы ў свеце рок-н-рол

    Кожны, каму хоць раз даводзілася слухаць «Еўрарадыё», ведае, што там ніколі не пачуеш папсы або электроннай музыкі. Музычную палітыку радыёстанцыі вызначае беларускі рок-музыка Слава Корань — лідар гурта «Уліс». Ён і складае ўсе эфірныя плэй-лісты. Фармат «Еўрарадыё» афіцыйна называецца CHR-Mod­ern Rock. Гэта сучасны рок 2000‑х, які знаходзіцца на вяршынях нацыянальных хіт-парадаў.

    — Цяжка знайсці радыёстанцыю, якая б падабалася ўсім, — тлумачыць Віталь. — Калі вы будзеце круціць толькі электронную музыку, вы згубіце аматараў усіх астатніх накірункаў, калі папсу — хутчэй за ўсё, у вас будзе больш масавая аўдыторыя, але тут ужо паўстае пытанне якасці гэтай аўдыторыі. Рок-н-рол — гэта ўсё ж такі інтэлектуальна-прасунуты маладзёжны накірунак, а мы маладзёжнае радыё. Мы імкнемся выхоўваць музычны густ нашых слухачоў, і той рок-н-рол, які гучыць на нашых хвалях, — гэта лепшы ў свеце рок-н-рол. Нас часта крытыкуюць за тое, што мала беларускай музыкі. Але мы хочам, каб музыка на радыё была якасная. Плюс яшчэ задача: каб нацыянальная музыка гучала на нацыянальнай мове. Таму ў нашым эфіры французы спяваюць па-французску, брытанцы — па-англійску, беларусы — па-беларуску. Ёсць рускамоўныя гурты, якія з нашай падачы запісвалі песні па-беларуску і якія потым пачалі беларусізавацца. Але ўнутры рэдакцыі ў нас ідуць спрэчкі, бо усе хочуць, каб было больш беларускай музыкі. І я дзесьці гэтага жадаю, але разам з тым не хачу, каб чалавека, далёкага ад беларускага року, які ўключыць наша радыё недзе на Брэстчыне, назаўсёды адвярнула ад айчыннай музыкі, таму што ён пачуе нешта ў дрэннай якасці і абы як запісанае.

    Дарэчы, музычныя густы супрацоўнікаў рэдакцыі так ці інакш супадаюць. Больш за тое, шмат хто з журналістаў і цяпер або ў мінулым музыкі, як і сам Віталь Зыблюк. Калісьці ён удзельнічаў у гурце «Парасон», які аднойчы нават стаў пераможцам фестывалю «Басовішча». Праз два гады гурт распаўся, але музычны густ застаўся.

    — Наш дырэктар Дзмітрый Новікаў быў дастаткова вядомым у 1980‑я музыкам, а ў 90‑я адным з гукарэжысёраў надта папулярнай тады радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», потым ён працаваў на незалежным Радыё 101,2 FM, — працягвае Віталь. — Наш галоўны журналіст-расследавальнік Яўген Валошын таксама прайшоў праз безліч гуртоў, Ілья Маліноўскі пачынае раскручваць сваю музычную дзейнасць, Маша Яр брала ўдзел у некалі вядомым этна-гурце «Яр», а цяпер у «Хоку-бэнд», Алег Пятровіч, наш гукарэжысёр, граў у «Эківоках».

    Штогод у лютым «Еўрарадыё» ладзіць цырымонію ўзнагароджання лепшых музыкаў пад назваю «Даём рады». У пакоі Зыблюка назбіралася некалькі прызоў для музыкаў.

    — Гэта тое, што мы ніяк не можа перадаць уладальнікам. Вось, напрыклад, узнагарода Сяргею Міхалку. Называецца «Непатанаючая легенда», — тлумачыць Віталь.

    — 2014 год?! Нешта Міхалок не спяшаецца па свой прыз.

    — Такія жартаўлівыя ўзнагароды музыкі і не спяшаюцца забіраць. А вось Памідораў у нас атрымаў прыз «Расставанне-2014», калі ён развітаўся са сваёй лішняй вагой. А з мінулага года мы пачалі ўручаць прэміі замежным музыкам.

    — Каго запрашалі на ўзнагароджанне? «Аэрасміт»? — не стрымліваюся я ад сарказму.

    — Ну «Аэрасміт» у нас нічога не ўзялі, — спакойна рэагуе Віталь, — а вось гурт «Franz Fer­di­nand» атрымаў прыз «Альбом года». Мы ім даслалі нашу статуэтку, а яны ў адказ — відэапрывітанне, якое мы круцілі на канцэрце. А яшчэ мы давалі прыз гурту «Enter Shikari» — ён зараз вельмі папулярны — за «Самы шалёны канцэрт года». Паколькі запрасіць сюды іх вельмі накладна, то яны нам таксама даслалі вось такое відэа з канцэрту.

    Праглядаючы відэа музыкаў я ў момант забываюся на свой скепсіс, а Зыблюк працягвае:

    — Увогуле ж усе нашы прэміі, канцэрты — не проста забава. Наша дзейнасць — гэта і расследаванні ў справе забароненых музыкаў і спосаб «узбаламуціць» музычнае жыццё ў Беларусі. Калі пасля 2011 года з’явіліся абноўленыя спісы забароненых беларускіх гуртоў, мы паставілі перад сабою мэту любымі спосабамі дамагчыся дазволу на выступы гэтых гуртоў і правесці канцэрт. Напрыклад, у 2013‑м зрабілі «Дзень Радыё», дзе выступіла «Крама» і «Нейра-Дзюбель», якіх усе лічылі забароненымі. Я памятаю, што квіткі прадаваліся вельмі слаба: ўсе лічылі, што ў зале, як было неаднойчы, «пацякуць трубы» і канцэрт адменяць, а калі пачаўся саўнд-чэк, выстраілася чарга па квіткі. Але нам гэта каштавала доўгай працы з чыноўнікамі, шматлікіх запытаў на дазвол канцэртаў. Я нават уздымаў гэтае пытанне на прэсавай канферэнцыі Лукашэнкі.

    Мультымедыйная станцыя

    Студыя «Еўрарадыё» мае не зусім традыцыйны фармат. Фактычна гэта ўжо заяўка на мультымедыйнасць, да якой зараз імкнецца большасць беларускіх СМІ. Сваё сталае месца тут заняла камера, а першыя відэа-інтэрв’ю пайшлі ў інтэрнэт-эфір. Пакуль радыё не канкурэнт паўнавартаснаму тэлебачанню, але хто ведае, ці не прыйдзецца пасунуцца прафесійным телевізійшчыкам у будучыні. Ва ўсялякім выпадку тут спадзяюцца, што да сталых слухачоў і чытачоў далучацца яшчэ і гледачы.

    — Тут запісваецца ўсё, пасля ідзе ў Варшаву, а адтуль у эфір, — кажа Віталь, — сюды прыходзяць госці, а пад выбары мы зрабілі анлайн-відэавяшчанне. Гэта не тэлебачанне. Проста калі да нас прыходзяць госці, мы ўключаем камеру і любы, хто жадае, можа глядзець тое, што адбываецца ў студыі і пісаць нам свае пытанні.

    — Аператара маеце?

    — Не, у нас усё робяць самі журналісты. Ёсць чалавек, які лепш за ўсіх валодае камерай, але ўсё адладжана так, што любы можа прыйсці і націснуць кнопку, сесці ў кадр і размаўляць з госцем. У перспектыве мы хочам набыць яшчэ адну камеру.

    — Шмат народу вас глядзіць?

    — Падключэнняў было не вельмі шмат. Больш за ўсё — калі Таццяна Караткевіч прыйшла да нас. Цяпер будзем глядзець, як далей развіваць відэавяшчанне.

    Апошнім часам працаўнікі «Еўрарадыё» пачалі ладзіць гукавыя запісы з прэс-канферэнцый. Журналіст атрымлівае планшэт і звязваецца з рэдакцыяй праз Skype. Такім чынам запіс можна выкарыстаць нават раней, чым скончыцца канферэнцыя. Падчас такой працы здараюцца і канфузы. Калі Аляксандр Лукашэнка даваў інтэрв’ю незалежным беларускім медыя, некаторыя калегі нават пакрыўдзілся, што «Еўрарадыё» дало інфармацыю першым.

    Былі дамоўленасці даваць інфармацыю адначасова, але яны былі няпэўныя, — узгадвае Віталь. — Потым прэс-сакратарка Лукашэнкі сказала, што БЕЛТА плануе анлайн-рэпартаж і ў нас будзе магчымасць узяць з сабою планшэт. Я, шчыра кажучы, быў упэўнены, што іншыя калегі зробяць гэтак сама, як і мы. А яшчэ адзін цікавы канфуз быў звязаны ўжо з тб-трансляцыяй. Зміцер Лукашук узяў планшэт на галасаванне Лукашэнкі і пачаў здымаць падзею. Выступ ішоў жыўцом адразу на канале Youtube, раней за астатнія СМІ. І вось Лукашук здымае, пачынае задаваць пытанне, і штосьці ён выпадкова націснуў — уключыўся гук. Увесь рэдакцыйны галдзёж стала чутно. Уявіце сабе: стаіць Лукашэнка, іншыя журналісты, а у Лукашука з планшэта трындзіць рэдакцыя! У Змітра паніка, Лукашэнка адказвае на пытанне, а ён спрабуе адключыць гук! Лукашенка пытае: «Што ты там тыркаешся?» Лукашук адказвае: «Ды я анлайн вяду», — і працягвае корпацца. Лукашэнка зноўку: «Дык табе адказваць на пытанне?» — «Да-да-да, зараз!» Так гэта і пайшло ў эфір.

    — Вы гэты запіс захавалі на памяць?

    — На жаль, не. Гэта была жывая трансляцыя. Мы былі недасведчаныя і не ведалі, што Youtube захоўвае матэрыял толькі дзве гадзіны. А паколькі трансляцыя доўжылася з 12‑й да трох ночы, што было спачатку, не захавалася. Наступным разам будзем запісваць.

    Пра поспехі і метады іх дасягнення

    Натуральна, што афіцыйная акрэдытацыя яшчэ не адчыняе ўсе дзверы журналістам «Еўрарадыё». Але, на думку рэдактара, няма нічога немагчымага. Лепшае сведчанне таму — шматлікія інтэрв’ю і каментарыі чыноўнікаў рознага рангу. Часцей за ўсё, каб зрабіць іх, журналісту трэба быць як мінімум кемлівым. Напрыклад, каб атрымаць афіцыйны каментар, часам даводзіцца наведваць зусім не звязанае з тэмай мерапрыемства. Аднак тут можна сустрэць патрэбнага чалавека альбо запісацца на прыём як прыватная асоба.

    — Была ў нас спроба гэткім чынам паразмаўляць з усімі міністрамі. Журналіст іх абыходзіў цэлы дзень, — узгадвае Віталь. — Ён клаў дыктафон чыноўніку на стол і казаў, што будзе запісваць размову. Апублікаваць інтэрв’ю дазволіў толькі Снапкоў, міністр эканомікі на той час. Размову з астатнімі мы перадавалі ў пераказе сваімі словамі. Іншая справа, калі Ладуцька быў мэрам, і ў яго была сустрэча з жыхарамі Фрунзенскага раёна. Выходзіць з машыны Ладуцька, падлятае да яго Лукашук: «Давайце паразмаўляем». Той адкзвае: «Я не магу. Толькі коратка». А ў выніку яны паўгадзіны прагаварылі.

    — Віталь, а якія матэрыялы вы лічыце паспяховымі?

    — Мне падаецца, найбольш паспяховыя — чалавечыя гісторыі і расследаванні, якія мы рабілі. Можа, яны прыцягваюць менш увагі, чым інфармацыя пра Анну Бонд, якая распранецца, калі пераможа БАТЭ, але калі я бачу, што пасля пэўнага расследавання мяняюцца законы, па-іншаму паводзяць сябе розныя чыноўнікі, адчуванне лепшае, чым калі б матэрыял прачыталі мільён чалавек. У нас прагучалі расследаванні на тэму распаўсюду наркотыкаў, расследаванні пра ўжыванне допінгу беларускімі спартоўцамі. Досыць паспяховымі я лічу анкеты кандыдатаў у прэзідэнты, у тым ліку Лукашэнкі, інфармацыя пра якога закрытая. Але мы ўзялі матэрыял з інтэрв’ю, якое ён нам даў.

    ***

    У поспеху беларускага карпункту «Еўрарадыё» шмат складнікаў. Праца тут добра арганізаваная, каманда — кожны ўніверсал, кіраўніцтва калектывам правільнае. Не трэба забывацца і на «шчаслівы квіток» у выглядзе афіцыйнай акрэдытацыі, які станцыя выцягнула чатыры гады таму. Але сярод усіх гэтых складнікаў самы каштоўны — гэта ўсё ж такі журналісты, якія па-добраму не даюць спакою ані рэдактару, ані чытачам…

    Замест запланаванай гадзіны мы правялі на «Еўрарадыё» цэлых дзве. І калі б гасцінныя гаспадары не пачалі намякаць, што ім трэба працаваць, напэўна, засталіся б яшчэ. Бо журналістам толькі дай паразмаўляць пра такую цікавую і такую адказную працу.

    Фота Таццяны Ткачовай

    Уявіце, што Facebook і ВКонтакте не існуюць…

    Любоў Каспяровіч. Кекс з рэдактарам

    Адар’я Гуштын і Ягор Марціновіч: «Адначасова пішам хвалебныя оды і зневажаем людзей»

    Сяргей Гудзілін: У 2016‑м будзем паболей здзіўляць адзін аднаго!

    Вадзім Заміроўскі: На World Press Photo можа перамагчы добра зробленая human story

    Увесь нумар часопіса «Абажур» у фармаце PDF

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Навіны

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці