Фільм Марыі Булавінскай пра сталінскія рэпрэсіі атрымлівае міжнародныя ўзнагароды
Дакументальна-ігравы фільм «Лес» рэжысёркі Марыі Булавінскай атрымаў прэмію на міжнародным фестывалі International Golden Saffron Documentary Film Festival у Турцыі 10 траўня.
Раней стужка была прызнана найлепшым гістарычным фільмам на Berlin Indie Film Festival. Таксама фільм удзельнічае ў конкурсных праграмах фестываляў у Італіі, Вялікабрытаніі і іншых краінах. Па словах аўтаркі, вынікі па гэтых фестывалях яшчэ не абвешчаныя.
«Лес» распавядае гісторыю сталінскіх рэпрэсій у Гомельскім рэгіёне. Сцэнарый заснаваны на рэальных падзеях — гісторыі чалавека, якога расстраляла НКВД, але які цудам выжыў. Галоўную ролю выканаў актор Нацыянальнага тэатра Янкі Купалы Алег Гарбуз.
29 студзеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў фільм «экстрэмісцкім матэрыялам». Улады заяўляюць, што стужка нібыта адмаўляе «генацыд беларускага народа» і супярэчыць афіцыйнай версіі, згодна з якой у Шчакатоўскім лесе масавыя расстрэлы праводзілі нацысты, а не НКВД.
