• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фізічныя пагрозы, дэзінфармацыя, цэнзура. Шэсць сучасных выклікаў для медыя

    Беларуская незалежная журналістыка апошнія гады знаходзіцца ў зоне турбулентнасці. Аднак, нягледзячы на выклікі, рэпрэсіі і крыміналізацыю прафесіі, прадстаўнікі медыясферы лічаць, што адбылася стабілізацыя. Якія ацэнкі яшчэ прагучалі падчас круглага стала, арганізаванага БАЖ і журналісцкай арганізацыяй Mixer (Польшча).

    «Паўстае пытанне: быць ці не быць?»

    Сітуацыя з незалежнымі беларускімі медыя добра вядома ў свеце. Прафесіяналы вельмі дасведчаныя ў гэтым пытанні. Нікому не трэба тлумачыць, чаму СМІ маркіраваныя «экстрэмісцкім» цэтлікам, а іх сайты заблакаваныя на радзіме.

    — Вы самі ведаеце, як шукаць праўду ў той час, калі знаходзіцеся пад ціскам рэжыму. Паўстае пытанне: быць ці не быць? — адзначыла дырэктарка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ) Рэната Шродар.

    Яна назвала шэсць выклікаў, якія паўстаюць цяпер перад журналістамі ў Еўропе і якія, у прыватнасці, выкліканыя вайной ва Украіне. Гэта тычыцца і беларускіх медыяў.

    — Прадстаўнікі медыясферы знаходзяцца пад пастаянным наглядам з боку рэжымаў. З’явіліся новыя тэхналогіі, каб адсочваць людзей, і гэта ў першую чаргу адчуваюць журналісты, — назвала адну з рызык Рэната Шродар.

    Паводле яе слоў, цяпер для рэпарцёраў сталі больш актуальныя фізічныя пагрозы і анлайн-паклёп. Як з боку звычайных грамадзян, так і з боку правага крыла, прыхільнікаў канспіралагічных тэорый.

    — У гэтым сэнсе сфера ніколі не сутыкалася з такой колькасцю выклікаў як сёння, — падкрэсліла яна.

    Таксама кіраўніца EFJ вылучыла судовы пераслед журналістаў у якасці стварэння перашкоды для прафесійнай дзейнасці. Усё больш еўрапейскіх медыяў становяцца ахвярамі неабгрунтаваных пазоваў у суд.

    Наступны выклік — яшчэ больш небяспечны. Гаворка пра заканадаўства, якое становіцца больш жорсткім у дачыненні да медыяў. Ініцыятары паправак аргументуюць гэта пытаннямі нацыянальнай бяспекі, супрацьдзеянню распаўсюджвання фэйк-ньюс.

    — Да таго ж значна вырасла роля расійскай дэзінфармацыі, якая запаланіла ўсю еўрапейскую прастору, — працягнула пералічэнне Рэната Шродар. — Рэгулярна з’яўляецца фэйкавая інфармацыя, прасоўваюцца прапагандысцкія наратывы.

    Нарэшце, апошняя з шасці рызык — гэта адсутнасць бізнес-мадэлі ў многіх медыяў. Гэта надзвычай актуальная праблема для беларускіх незалежных СМІ. Цяпер яны працуюць не ў рыначных умовах, што не дазваляе інвеставаць у паляпшэнне кантэнту.

    — Не бачу аб’ектыўных крытэрыяў, каб ацэньваць якасць медыя, — падзяліўся сваім меркаваннем старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. — Але, калі казаць пра разнастайнасць, магчымасці значна знізіліся. І ўсё ж такі большасць выданняў працягваюць працаваць, прытрымліваючыся прафесійных стандартаў, хоць умовы значна пагоршыліся.

    «Патрэбны своеасаблівы план Маршала для СМІ»

    Падчас круглага стала былі агучаныя словы прэзідэнткі EFJ Маі Север, якая нарадзілася ў Харватыі і на сабе зазнала, што такое крызіс і вайна.

    — На працягу 30 гадоў мы спрабавалі пазбавіцца ад вайны і працягнуць жыццё, развіваць краіну дэмакратычным шляхам, каб суадносіцца з еўрапейскімі каштоўнасцямі, — паведаміла яна. — Крызіс, падзел і паглыбленне страхаў грамадства не спрыяюць развіццю незалежнай журналістыкі. У такіх умовах наша прафесія становіцца першай ахвярай.

    У той жа час яна лічыць, што экстрэмальная сітуацыя зрабіла журналістаў больш моцнымі і паказала, як важна шукаць праўду, уцягваць у працу большую аўдыторыю, даваць альтэрнатыўны пункт гледжання, выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, рабіць больш якасных даследаванняў.

    — Каб паляпшаць якасць, трэба ўкладаць і ўкладаць, — мяркуе Рэната Шродар. — Напэўна патрэбны своеасаблівы план Маршала для СМІ. Аднак мы не павінны ўкладаць у забаўляльную журналістыку дзеля клікбэйтаў. Трэба інвеставаць у адукацыю і ў вывучэнне штучнага інтэлекту. З гэтай тэмай звязана многа рызык, але і магчымасцяў.

    Неабходна паляпшаць нэтворкінг, і БАЖ у гэтым сэнсе — добры прыклад.

    Таксама патрэбна ўкладацца ў псіхічнае здароўе. Больш падтрымліваць медыя ў выгнанні, не толькі грашыма, але і адукацыйна.

    «Трэба забараніць дзяржаўныя СМІ»

    Па-іншаму прапанаваў ацэньваць сітуацыю старшыня Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус, які таксама ўдзельнічаў у дыскусіі.

    — У краінах, дзе няма грамадскага вяшчання, немагчыма дыскутаваць пра журналістыку, — лічыць ён. — Так, ходзяць людзі з гаджэтамі. Але гэта дазваляе ствараць прапаганду…

    Прадстаўнік літоўскай медыясупольнасці выступае катэгарычна: за забарону дзяржаўных медыя. На яго думку, у дэмакратычнай краіне іх не павінна быць увогуле.

    — ДзяржСМІ — гэта зло. Калі ёсць прамы ўплыў чыноўнікаў на медыя, то журналістыкі быць не можа, — адзначае Дайнюс Радзявічус.

    Альтэрнатывай, кажа старшыня Саюза журналістаў Літвы, павінны стаць грамадскія медыя. Але аналізаваць сферу ў Беларусі ён не лічыць мэтазгодным: няма экасістэмы, магымасці зарабляць на рэкламе, уводзіць механізмы манетызацыі.

    Чытайце яшчэ:

    «Не рабіце мне нервы!» Прадстаўнікі медыя — аб таксічных выпадках у межах прафесіі

    Як пераследуюць беларусаў за камунікацыю з «экстрэмісцкімі» медыя

    Той выпадак, калі газета выратавала тысячы жыццяў. У якім стане цяпер украінская журналістыка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці