• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ГА “БАЖ” просіць МУС прадаставіць копію “ўказання” пра фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў

    Афіцыйны ліст на імя намесніка міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мікалая Мельчанкі ГА “БАЖ” накіравала 4 сакавіка.

    “У сродках масавай інфармацыі з’явіліся паведамленні пра выдадзенае Вамі ў лютым гэтага года ўказанне (iншы прававы акт) аб забароне правядзення фота-відэаздымкаў адміністрацыйных будынкаў, – гаворыцца ў звароце ГА “БАЖ”. –  Спасылаючыся на гэтае ўказанне, супрацоўнікі міліцыі ўжо некалькі разоў затрымлівалі журналістаў, якія ажыццяўлялі здымкі ў адкрытых для масавага наведвання месцах. Тым самым былі парушаныя правы журналістаў, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі” (у прыватнасці, арт. 34 названага закона).

    Арганізацыя просіць паведаміць, ці сапраўды службовыя асобы або калегіяльныя органы МУС выдавалі якое-кольвек указанне на гэты конт і, у выпадку станоўчага адказу, выслаць яго копію.

    Прэс-службе ГА “БАЖ” удалося 4 сакавіка датэлефанавацца да намесніка начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Віктара Новікава з пытаннем пра “ўнутранае распараджэнне”. Ён сказаў, што пра дакумент не чуў, але паабяцаў удакладніць інфармацыю па ім.

    Днём раней, 3 сакавіка, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў у часе прамой тэлефоннай лініі запэўніў журналістаў “Еўрарадыё”, што “ў нас ніхто нікому не забараняе фатаграфавацца”. Адказваць больш разгорнута сп. Барсукоў не пажадаў, заявіўшы, што «гэта не прэс-канферэнцыя».

    Нагадаем: 26 лютага супрацоўнік “Комсомольской правды” в Беларуси” Дзмітрый Ласько, які збіраўся сфатаграфаваць новую падсветку будынка прэзідыума Акадэміі навук, быў затрыманы спачатку ахоўнікам будынка, а затым міліцэйскім нарадам і ў выніку правёў каля чатырох гадзін у Першамайскім РУУС, дзе ў яго праверылі дакументы, прагледзелі ўсе здымкі і складалі пратакол апытання.

    1 сакавіка каля пасольства Расіі, куды людзі неслі кветкі і свечкі на знак памяці пра забітага расійскага палітыка Барыса Нямцова, ахоўнікі будынка забаранялі журналістам рабіць фотаздымкі

    2 сакавіка ў Глыбокім незалежнага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Змітра Лупача не ўпусцілі ў райвыканкам з фотаапаратам Nikon у сумцы. Міліцыянт заявіў, што “з прафесійнымі фотаапаратамі” ўваход у райвыканкам забаронены, спаслаўшыся на распараджэнне кіраўніка справамі райвыканкама.

    «Комсомольская правда» высветліла, што новы стыль паводзінаў міліцыянтаў з фатографамі тлумачыцца “ўказаннем” намесніка міністра ўнутраных спраў, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Мікалая Мельчанкі. Прадпісанне, якое забараняе фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў, нібыта выйшла 25 лютага. Атрымаць копію дакумента журналістам пакуль не ўдалося, бо ён лічыцца “ўнутраным”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці