ГА «БАЖ» звярнулася ў Вярхоўны суд, Генпракуратуру, МУС і КДБ
Журналісцкая арганізацыя дамагаецца публічнага абмеркавання праблемы прыцягнення да адказнасці фрылансераў – з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, ГА “БАЖ”, а таксама ўсіх зацікаўленых асобаў.
9 ліпеня арганізацыя даслала пісьмовыя звароты старшыню Вярхоўнага суда Валянціну Сукалу, Генеральнаму пракурору РБ Аляксандру Канюку, Міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу і старшыню КДБ Валерыю Вакульчыку.
«З красавіка 2014 г. службовыя асобы органаў унутраных спраў, упаўнаважаныя складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, сталі ў масавым парадку складаць пратаколы ў дачыненні да журналістаў-фрылансераў, матэрыялы якіх з’яўляюцца ў замежных СМІ. Журналістаў звінавачваюць у парушэнні парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч.2 арт. 22.9 КаАП)», – гаворыцца ў пасланнях. – Па нашым меркаванні, гэтыя абвінавачанні неабгрунтаваныя і супярэчаць заканадаўству… Звяртаем Вашу ўвагу, што практыка прыцягнення да адказнасці журналістаў-фрылансераў, якія дзейнічаюць у межах сваіх канстытуцыйных правоў, скрайне негатыўна ўплывае на імідж Рэспублікі Беларусь”.
Да кожнага ліста прыкладзеная заява ГА “БАЖ”, прынятая 7 ліпеня, а таксама Абгрунтаванне неправамернасці прыцягнення да адказнасці журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ.
Арганізацыя прапануе абмеркаваць пытанні прымянення заканадаўства да журналістаў-фрылансераў з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, запрасіўшы да ўдзелу ў дыскусіі ўсіх зацікаўленых асобаў.
Найбліжэйшым часам заяву ГА “БАЖ” атрымаюць усе суды, якія прыцягвалі журналістаў-фрылансераў да адказнасці. Рыхтуецца таксама зварот у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.