• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гарадзенкі». Хто стаў гераінямі кнігі пра сучасных жанчын славутай Горадні

    Hrodna.life рыхтуе да выдання кнігу пра гродзенскіх жанчын. Яна будзе складацца з дзвюх частак — гістарычнай і сучаснай. Гераіні сучаснага раздзела кнігі зараз жывуць побач з намі. Яны вельмі розныя. Кожная з іх робіць свой выбар, жыве ўласнае жыццё. Якія яны, чытайце ў кнізе «Гарадзенкі. Жаночыя гісторыі сучаснага Гродна».

    Інтэрв’ю з гарадзенкамі зрабіла журналістка Ірына Новік. У кнізе выкарыстаны здымкі фатографак Кацярыны Гардзеявай і Людмілы Лебедзь. Дызайн вокладкі і афармленне кнігі рыхтуе дызайнерка Канстанцыя Калінушкіна.

    Зрабіць перадзамову і аплаціць кнігу можна ўжо зараз (прымаюцца карткі беларускіх банкаў і «Яндекс.Деньги»). Гэта самы просты і хуткі спосаб. Не забудзьце пакінуць у полі «Каментарый» свае кантакты і адрас! Калі вам зручны іншы спосаб аплаціць замоўленую кнігу — пішыце нам на info@hrodna.life.

    Таксама кнігу атрымаюць нашы падпісчыкі на «Талацэ» і іншых платформах, дзе мы ёсць.

    «Гарадзенкі». Hrodna.life выдасць кнігу пра жанчын горада. Замаўляйце разам з нататнікам!

    Анжаліка Борыс

    Старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі

    «Я не буду нікога атакаваць першая. Мне не патрэбны канфлікт на пустым месцы дзеля самога канфлікту. Але будзе памылкай думаць, што буду заўжды рабіць, як іншыя хочуць. Калі трэба, то пакажу свае моцныя рысы. Гэта нармальная жаночая палітыка. Я хачу дамаўляцца. Але дамаўляцца — гэта не значыць саступаць».

    Вольга Вялічка

    Дырэктарка дзіцячага хоспіса імя святога Губерта

    «Тое, што кіраваць не жаночая справа — гэта поўнае глупства. Няма ніякай мужчынскай ці жаночай справы. Фізіялогія тут ні пры чым. Усё толькі ад чалавека залежыць, ад здольнасцяў. Можа, я і не змагу падняць 50 кілаграмаў, а іншая жанчына і 100 падыме. З другога боку — развіваюцца тэхналогіі. І калі слабейшаму фізічна цяжка капаць рыдлёўкай, то з экскаватарам напэўна можна справіцца».

    Вольга Гаўрылік

    Кіраўнічка прадпрыемства «Мядовы шлях», адзіны ў Беларусі мядовы самелье

    «Раней любіла даваць парады. Пчолкі, калі джаляць, таксама даюць параду. Але гэта дорага ім каштуе. Ад пчолак я навучылася, што калі шмат раздаеш парадаў, то можаш страціць сябе. Я перастала раіць, пакуль мяне аб гэтым не папросяць. Сцішыла сваё эга. Стараюся не сунуць джала, куды не трэба. Напэўна, так прыходзіць сталасць асобы».

    Наталія Дораш

    Журналістка і фатографка

    «У Ізраілі кожны год праходзіць міжнародная фотавыстава „Свет вачыма жанчын“. Заўжды стараюся ў ёй паўдзельнічаць. Для гэтай выставы адбіраю больш паэтычныя і трошкі гламурныя здымкі. Але гэта не звужае мой позірк на свет. Я маю дыпломы і ўзнагароды са шматлікіх конкурсаў, дзе жанчыны спаборнічаюць нароўні з мужчынамі. У фатаграфіі няма ніякага патурання для жанчын-фатографаў. Уласна, яно ім і не патрэбна».

    Юлія Мінчанка

    Званарка Свята-Пакроўскага сабору, дырыжорка царкоўнага хору

    «Я ўсведамляю свой лідарскі патэнцыял. З дзяцінства была баявой дзяўчынкай і завадатаркай сярод хлапчукоў. Маці хацела, каб я стала больш жаноцкай, а я была пацанка-агонь.

    У жыцці мне гэта не перашкодзіла. Калі прыйшоў час, я проста стала моцнай жанчынай. З лідарствам, думаю, таксама атрымаецца. Бог дасць, усё прыйдзе. Хачу рэалізаваць, што ў мяне закладзена».

    Наста Трафімчык

    Беларускамоўная ультрамарафонка, «Гарадзенская беларусачка — 2017»

    «Пра конкурс прыгажосці з ухілам да беларускай культуры і гісторыі „Гарадзенская беларусачка“ я даведалася з сеціва. Абвестка заканчвалася пытаннем: „Можа, гэта ты?“ Падумала — і сапраўды, можа, гэта я? Прайшла адбор і стала ўдзельніцай. Я не думала пра перамогу, проста атрымлівала кайф ад самога працэсу. Хацелася пражываць гэтыя моманты тут і цяпер. Ад выніку сама была трохі ў шоку».

    Таццяна Чысцякова

    Кіраўнічка фермерскай гаспадаркі, заснавальніца праекта «Акадэмія жаночага бізнесу»

    «Змяняць сваё жыццё я пачала, калі мне было ўжо за 50. Але калі ў 2016 паехала да партнёраў у Германію, то пра ўзрост і думаць забылася. Кіраўнічцы арганізацыі, з якой я працавала, было за 80. Яе калегам — каму за 60, каму за 75. І ўсе яны такія энергічныя жанчыны! Для мяне гэта было як перазагрузка».

    Валянціна Шоба

    Мастачка, лаўрэатка прэміі імя Дубко (Гродна) і прэміі Тэйлара (Парыж)

    «Не ведаю, як адчувае сябе жанчына ў мастацтве. Я сябе жанчынай не адчуваю. Я працую.

    Адкрыю вам таямніцу. Я не займаюся хатняй працай. Не гатую і не прыбіраю. Вам не падабаецца — прыбярыце. Альбо жывіце, як ёсць. Ці доўга так можна? Усё жыццё. З гэтым мне пашанцавала. Бо немагчыма дзяліць сябе паміж домам і творчасцю».

    Алена Шчасная

    Архітэктарка, навуковая кіраўнічка праектаў рэканструкцыі храмавай архітэктуры

    «Раней я была нецярплівай і гарачлівай, адчувальнай да крытыкі. На першых сваіх аб’ектах я часам крыўдзілася на залішні кантроль. Падавалася, што мне не давяраюць. З часам прыйшло разуменне, што не заўжды гэта на карысць справе. Зараз я больш ураўнаважаная. Разумею, што гэта — страхоўка, якая абараняе ад памылак, і сама так раблю. Архітэктару нельга вучыцца на ўласных памылках за кошт сродкаў замоўцы. На людзей мне заўжды шчасціла. Яны — галоўны складнік поспеху. Бо аб’ект аб’ектам, а без паразумення добрага выніку не атрымаць».

    Наста Яроцкая

    Супрацоўніца ІТ-кампаніі, блогерка

    «Кожны чалавек — гэта цэнтр сусвету. Кожнае жыццё — як кіно. У маім фільме я галоўная гераіня. Калі мне сябе шкада, я думаю: «У галоўнай гераіні цяжкія часы. Чорт, цікава, як яна з гэтай сітуацыі выблытаецца? Што там далей? Дзе папкорн?».

    Кніга — як пясочны гадзіннік

    Гераінямі гістарычнай часткай кнігі сталі 14 жанчын, што пакінулі след у гісторыі Гродна. Частка матэрыялаў публікавалася цягам апошніх месяцаў на Hrodna.life. Іх напісаў гісторык Андрэй Вашкевіч. Партрэты гераінь зрабіла дызайнерка Воля Новік.

    Для гэтай кнігі распрацаваны адмысловы дызайн. Пачаць чытаць яе можна з любога боку, а пасля перавярнуць кнігу, як пясочны гадзіннік, і прачытаць іншую частку.

    Зрабіць перадзамову і аплаціць кнігу можна ўжо зараз (прымаюцца карткі беларускіх банкаў і «Яндекс.Деньги»). Гэта самы просты і хуткі спосаб. Не забудзьце пакінуць у полі «Каментарый» свае кантакты і адрас! Калі вам зручны іншы спосаб аплаціць замоўленую кнігу — пішыце нам на info@hrodna.life.

    Таксама кнігу атрымаюць нашы падпісчыкі на «Талацэ» і іншых платформах, дзе мы ёсць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці