• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Найбуйнейшая газета Японіі — супраць стартапу, заснаванага беларусам

    Найбуйнейшая паводле накладу газета Японіі Yomi­uri Shim­bun звярнулася ў суд з пазовам супраць кампаніі Per­plex­i­ty і вінаваціць яе ў парушэнні аўтарскіх правоў. Пра гэта паведаміла выданне Nie­man Lab. Ад стартапу патрабуюць кампэнсаваць $15 млн шкоды і спыніць выводзіць матэрыялы Yomi­uri у адказах. 

    японская газета Yomiuri Shimbun

    Скрыншот сайта японскай газеты Yomi­uri Shim­bun

    Пазоў зарэгістравалі 7 жніўня ў Такійскім акруговым судзе.

    Гэта першы пазоў у гэтай сфэры ў гісторыі японскіх выданьняў, пададзеных супраць кампаній, што працуюць з штучным інтэлектам.

    У ім сьцьвярджаецца, што Per­plex­i­ty выкарыстоўвала незаконны доступ да прыкладна 119,5 тысяч артыкулаў на сайце Yomi­uri у пэрыяд зь лютага па чэрвень бягучага году. Такую выснову зрабілі пасьля аналізу ўваходаў з карпаратыўных сэрвэраў. У Yomi­uri заявілі, што сабраную інфармацыю стартап без дазволу выкарыстоўвае ў адказах на запыты карыстальнікаў.

    Per­plex­i­ty абвінавачваюць у парушэньні права на ўзнаўленьне зьмесьціва і яго распаўсюду сярод шырокай публікі, якія ў японскім заканадаўстве забясьпечваюць кантроль праваўладальнікаў над капіяваньнем іх інтэлектуальнай уласнасьці.

    Ад Per­plex­i­ty патрабуюць кампэнсаваць $15 млн шкоды і спыніць выводзіць матэрыялы Yomi­uri у адказах. Пазоўнікамі выступаюць тры юрыдычныя асобы газэты з штаб-кватэрамі ў Токіё, Осацы і Фукуоцы, якія ўваходзяць у холдынг Yomi­uri Shim­bun Hold­ings.

    Штучны інтэлект у працы медыя: за і супраць

    Японскія законы дазваляюць распрацоўнікам ШІ навучаць мадэлі на абароненай капірайтам інфармацыі, не запытваючы дазволу. Адпаведную папраўку ў закон аб аўтарскім праве ўнесьлі яшчэ ў 2018 годзе, каб стымуляваць разьвіцьцё ШІ ў краіне. Але масава выкарыстоўваць такі кантэнт або распаўсюджваць яго копіі, калі гэта шкодзіць інтарэсам праваўладальнікаў, распрацоўнікам нельга.

    Раней воблачная кампанія Cloud­flare абвінаваціла Per­plex­i­ty ў выкарыстаньні ботаў, якія абыходзяць абмежаваньні і зьбіраюць зьвесткі незаконным чынам. У прыватнасьці, Cloud­flare сьцьвярджае, што Per­plex­i­ty зьмяняе назвы сваіх ботаў у полі User-Agent і выкарыстоўвае аўтаномныя сыстэмы для абыходу блякаваньняў, напрыклад, імітацыю сеткавага аглядальніка Google Chrome на macOS.

    Што такое Perplexity?

    Ініцыятыва Per­plex­i­ty — прадукт, створаны з удзелам ураджэнца Гомля Дзяніса Ярца. Беларус больш за 10 гадоў жыве ў ЗША, за гэты час папрацаваў у Microsoft, Quo­ra і Facebook/Meta. На радзіме Ярац скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, а затым стаў доктарам філязофіі ва ўнівэрсытэце Нью-Ёрку. Ва ўнівэрсытэце якраз займаўся праблематыкай штучнага інтэлекту.

    Стартап зьявіўся ў 2022 годзе ў амэрыканскім Сан-Францыска. Яго разам зь беларусам заснавалі ягоныя кампаньёны — Аравінд Шрынівас, Эндзі Канвінскі і Джоні Го. У 2023‑м праект манэтызавалі праз падпіскі карыстальнікаў.

    Per­plex­i­ty AI — пошукавая сыстэма і чат-бот на базе штучнага інтэлекту, які выкарыстоўвае перадавыя тэхналёгіі для адказаў на запыты ў рэжыме рэальнага часу. Да канца 2024 году Per­plex­i­ty AI атрымліваў прыкладна 15 мільёнаў пошукавых запытаў на дзень, іх колькасьць пастаянна расла. Ужо ў пачатку 2024 году стартап стаў так званым «адзінарогам» — яго ацанілі ў 1 млн даляраў. А цягам году ягоная цана вырасла да 9 мільярдаў.

    Летась кампанія LinkedIn назвала стартап першым у ЗША ў 2024 годзе. Пакуль няясна, як паўплываюць скандалы вакол збору зьвестак на працу кампаніі і яе кошт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці