Генпракуратура РФ патрабуе выдалення кантэнту сайта Reform.news. Інакш пагражаюць блакіроўкай
Расійскае нагляднае ведамства Раскамнагляд даслала ў рэдакцыю інтэрнэт-выдання Reform.news папярэджанне, што сайт будзе заблакаваны для карыстальнікаў з Расіі праз суткі, калі ўся інфармацыя з яго не будзе выдаленая.

Фота: reform.news
«На падставе патрабавання Генеральнага пракурора Расійскай Федэрацыі або яго намесніка аб прыняцці мер па абмежаванні доступу да інфармацыйных рэсурсаў ад 02.08.2024 № 27–31-2024/Треб803–24, накіроўваецца апавяшчэнне аб парушэнні парадку распаўсюду інфармацыі, размешчанай па наступных URL-адрасах: https ://reform.news», — цытуе атрыманае паведамленне рэдакцыя Reform.news. Пра рашэнне Раскамнагляда ёй стала вядома ўвечары 19 жніўня.
Выдаляць кантэнт каманда медыярэсурса не збіраецца. Яны адзначаюць, што гэта не першая блакіроўка Reform.news: пасля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну дамен ужо быў заблакаваны паводле рашэння Генпракуратуры РФ ад 30 сакавіка 2022 года.
Рэдакцыя Reform.news ведае і пра тое, што Раскамнагляд склаў адмысловае дасье на іх. У ім сабраныя звесткі з адкрытых крыніц, пазначаныя дата пачатку працы, тэматыка, акаўнты ў сацсетках і склад кіраўніцтва. Асобна адзначана, што «рэсурс набраў папулярнасць пасля пратэстаў у Беларусі ў 2020–2021 гадах».
У Беларусі сайт праекта Reform.by быў заблакаваны яшчэ ў жніўні 2021 года. Сёлета 15 сакавіка паводле загаду Аператыўна-аналітычнага цэнтра інтэрнэт-выданне было пазбаўленае беларускага даменнага імя. Цяпер інфармацыя размяшчацца на інтэрнэт-сайце з новым даменам — reform.news. Сайт з адрасам таксама ўжо заблакаваны ў Беларусі, але даступны праз VPN. Сайт, YouTube-канал і шэраг старонак медыяпраекта ў сацыяльных сетках абвешчаныя «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
