• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ААЦ пазбавіў даменнага імя інтэрнэт-выданне reform.by

    Гэта першы прыклад дзеяння новага загаду Аператыўна-аналітычнага цэнтра ад 4 красавіка 2024 года, дзе паведамляецца, што даменныя імёны інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, будуць ануляваныя.

    Фота: reform.by

    Загад пра ануляванне даменаў у зоне .by інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных беларускімі судамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», быў апублікаваны 9 красавіка. І ўжо 15 красавіка рэдакцыя reform.by паведаміла, што атрымала адпаведны ліст № 4–5/2036 з Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце РБ.

    У ім за подпісам намесніка кіраўніка ААЦ Сяргея Жарнасека паведамляецца, што «адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны прынята рашэнне ануляваць у цэнтральнай базе дадзеных аб даменных імёнах, зарэгістраваных у нацыянальнай даменнай зоне, у тым ліку аб іх уладальніках, запіс пра рэгістрацыю даменнага імя reform.by».

    Рэдакцыя разглядае такія дзеянні «як цэнзуру і адкрытае маніпуляванне ААЦ у якасці нацыянальнага адміністратара даменнай зоны міжнароднымі абавязкамі Беларусі», гаворыцца на сайце выдання.

    Інфармацыя для чытачоў будзе размяшчацца на інтэрнэт-сайце з новым даменам — reform.news. Ён ужо заблакаваны ў Беларусі, але даступны праз VPN. Таксама рэдакцыя выдання заявіла пра намер «звярнуцца па абарону ў міжнародныя арганізацыі, якія кіруюць Інтэрнэтам.

    У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі Беларусі на падставе судовых рашэнняў,  інфармацыйны сайт Ref­or­ma­tion — Reform.by трапіў зусім нядаўна — 21 сакавіка 2024 года. Адпаведнае рашэнне прыняў 14 сакавіка суд Ленінскага раёна Брэста. Сёлета ж ў лютым у экстрэмісцкі спіс быў ўключаны і відэапраект каманды Reform пад назвай «Саша, что ты несешь?!». Заблакаваны на тэрыторыі Беларусі сайт быў яшчэ ў жніўні 2021 года.

     

    Створаны ў 2016 годзе праект першапачаткова прэзентаваў сябе як пляцоўку, «дзеля абмену думкамі наконт неабходных рэформ у Беларусі». З 2018 года працуе на дамене Reform.by і ператварыўся ў паўнавартаснае медыя з рэдакцыяй навін, рэпарцёрамі і аддзелам расследаванняў. Да жніўня 2020 года Reform.by «стаў адным з самых папулярных грамадска-палітычных медыяў, рэдакцыя апынулася ў эпіцэнтры падзей, што разгарнуліся пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў». Улетку 2021 года каманда выдання пакінула Беларусь і цяпер працуе ў Польшчы.

     

    У жніўні 2023 года рэдакцыя Reform.by стала лаўрэатам прэміі ў галіне свабоды СМІ Free Media Awards 2023 за «асвятленне сітуацыі ў Беларусі ў асабліва складаных умовах».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці