Уладзімір Хільмановіч выдаў беларускі каляндарны даведнік, над якім працаваў 30 гадоў
Выйшаў з друку «Беларускі каляндарны энцыклапэдычны даведнік», які падрыхтаваў журналіст, гісторык і краязнаўца з Гродна Уладзімір Хільмановіч.
Кнігу надрукавалі ў Беластоку, куды аўтар мусіў выехаць пасьля падзей 2020 году. Выданьне выйшла пры падтрымцы «Стыпэндыі Адраджэньня» і тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва».
«Можна сказаць, што гэта справа ўсяго майго жыцьця. 30 гадоў працаваў над гэтым даведнікам, за гэты час не было дня, каб нечага ня ўносіў новага: праўкі, удакладненьні, новыя імёны і падзеі дадаю бясконца. Апошнія зьвесткі зьявіліся літаральна перад друкам», — расказаў Уладзімер Хільмановіч на прэзэнтацыі, якая прайшла 2 сакавіка ў Вільні ў Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры.
Гэта другое выданьне календара, першае выйшла ў 2008 годзе. У новай кнізе значна больш падзеяў і імёнаў, сабраны багатыя і цікавыя зьвесткі пра беларусаў, вартых памяці.
«На кожны дзень году — старонка тэксту», — адзначыў аўтар.
У тым ліку ў календары цяпер ёсьць зьвесткі пра памерлых беларускіх палітвязьняў і беларускіх ваяроў, якія загінулі ва Ўкраіне.
«У імянным паказьніку, які суправаджае каляндар, каля 1800 прозьвішчаў — гэта ўдвая больш, чым у першым выданьні», — паведаміў краязнаўца пра сваю кнігу.
«Гэта мае цагліны ў той дом, які яшчэ намі не дабудаваны, — дом нацыянальнай памяці. На гэтай будоўлі наперадзе ў нас яшчэ шмат працы», — сказаў Хільмановіч.
Паводле аўтара, ён рабіў сваю кнігу так, каб яна зацікавіла ня толькі краязнаўцаў і гісторыкаў, але была карыснай і цікавай таксама звычайнаму чытачу, для якога ня менш важна ведаць і не забываць «гістарычныя пазнакі».
Аўтар «Беларускага каляндарнага энцыкляпэдычнага даведніка» плянуе пазьней зьмясьціць сваю кнігу ў інтэрнэце. Пакуль жа яе можна атрымаць падчас прэзэнтацый, заплянаваных у Польшчы і іншых краінах, дзе жывуць беларусы.
Хільмановіч сказаў, што цяпер засяродзіцца на падрыхтоўцы да выданьня краязнаўчага даведніка «Месцы і людзі», прысьвечанага 17 раёнам Горадзенскай вобласьці. Матэрыялы да гэтага выданьня гісторык зьбіраў шмат гадоў, у тым ліку падчас сваіх навуковых экспэдыцый і прыватных паездак па Горадзеншчыне. Працу над выданьнем гісторыку давялося часова прыпыніць праз ад’езд з радзімы, але ён плянуе яе абавязкова закончыць.
