• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хто 500 разоў сказаў слова “прэзідэнт”?

    Якія інфармагенцтвы і online-рэсурсы больш увагі надаюць выбарчай тэматыцы?

    Дзеля адказу на гэтае пытанне быў праведзены аналіз ужывання ключавых словаў дзяржаўным і незалежным інфармагенцтвамі БелПАН і БелТА і папулярным online-рэсурсам Хартыя’97 на этапе збору подпісаў падчас выбарчай кампаніі 2015 г.

    На жаль, пошукавая сістэма БелТА не прадастаўляе доступу да сваёй стужкі ў перыяд выбарчай кампаніі 2010 года. (Самая ранняя навіна па ключавым слове «выбары», якую выдае пашукавік БелТА, датуецца 12 студзеня 2011 года : “Прошедший год был для Беларуси напряженным, но успешным”). Таму зрабіць параўнальны аналіз інфармацыйных паведамленняў падчас выбарчых кампаній 2010 і 2015 гг. немагчыма.

    Аналіз паведамленняў за перыяд пачатку збору подпісаў быў праведзены па выкарыстанай у папярэдніх даследаваннях схеме: былі палічаныя інфармацыйныя паведамленні з ключавымі словамі, размешчаныя на афіцыйным сайце Дзяржаўнага прадпрыемства “БелТА. Белорусское телеграфное агентство” і незалежнага інфармагенцтва “Беларуская інфармацыйная кампанія БелаПАН”. Дзеля збору дадзеных выкарыстоўваліся пошукавыя сістэмы сайтаў інфармацыйных агенцтваў і ключавыя словы на рускай мове.

    Разам з інфармацыйнымі агенцтвамі былі даследаваныя паведамленні на выбарчую тэматыку ў ліпені 2015 г. на сайце Хартыя’97. Рэсурс Хартыя’97 на дадзеным этапе з’яўляецца адным з папулярных навінавых сайтаў у Байнэце. Дадзеныя, сабраныя пры дапамозе пошукавай сістэмы інтэрнэт-агрэгатара Хартыя’97, можна будзе параўнаць з дадзенымі інфармацыйных агенцтваў, якія працуюць па традыцыйнай схеме. Трэба мець на ўвазе, што інфармагенцтвы выдаюць арыгінальную інфармацыю, што забяспечвае ім прысутнасць як у друкаваных СМІ, такі і ў Інтэрнэце ды эфірных медыях, у той час як агрэгатары даволі часта перадрукоўваюць паведамленні іншых СМІ. На сайце Хартыя’97 не выяўлена спецыяльнага раздзелу, які апісваў бы рэдакцыйную палітыку рэсурса, правілы размяшчэння і выкарыстання інфармацыі.

    Такім чынам, прыведзеныя ніжэй дадзеныя не ўказваюць на якасць працы выбраных СМІ і іх адпаведнасць класічным журналісцкім стандартам збору і распаўсюду інфармацыі. Лічбы гавораць толькі пра інтэнсіўнасць ужывання тых ці іншых ключавых словаў, і, як вынік, — насычанасць канкрэтных медыя выбарчай тэматыкай.

    Хто атрымае больш інфармацыі пра выбары – падпісчык БелПАН, падпісчык БелТА ці чытач Хартыі’97?

    Ключавыя словы: канстанты беларускіх выбараў

    Для аналізу інфармацыйных паведамленняў у ліпені 2015 года былі вылучаныя ключавыя словы, наўпрост звязаныя з выбарчым працэсам у Беларусі. Гэта своеасаблівыя “канстанты” выбарчай тэматыкі, якія не змяняюцца ўжо шмат год.

    Былі вылучаныя і падлічаныя паведамленні з уласнымі імёнамі “Лукашенко” (прозвішча дзеючага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), “Ермошина” (старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі).

    Слова “президент” таксама было выбрана для замераў. Яно можа ўжывацца ў дачыненні да прэзідэнтаў іншых краінаў, а таксама ў інфармацыйных паведамленнях, дзе фігуруюць прэзідэнты кампаній, клубаў, федэрацый, беларускіх і замежных. Тым не менш, паколькі ў Беларусі прынята назваць “прэзідэнтам” толькі дзеючага кіраўніка дзяржавы, замеры па гэтым ключавым слове дадуць уяўленне пра інтэнсіўнасць асвятлення ў СМІ яго дзейнасці. Таксама для выяўлення выбарчай тэматыкі было выкарыстана слова “претендент”, а не “кандидат”. (Згодна з выбарчым заканадаўствам, асобы, за якіх збіраюць подпісы, яшчэ не з’яўляюцца кандыдатамі, а фармулёўка “прэтэндэнт на пасаду кандыдата ў прэзідэнты” хоць і складаная, але даволі часта выкарыстоўваецца беларускімі СМІ.)

    Слова “оппозиция”, якое аб’ядноўвае актыўныя няўладныя структуры і канкрэтных асобаў, раней мела скрайне нізкія паказчыкі згадавання. Магчыма, з пачаткам актыўнай фазы выбарчай кампаніі сітуацыя змянілася.

    Колькасць згадак ключавых словаў анлайн-рэсурсамі ў ліпені 2015 г.:

    Elec­tion Key Words on Bela­PAN, BelTA, Charter’97, July 2015 | Cre­ate info­graph­ics

     

    Апісанне атрыманых дадзеных

    Самыя высокія паказчыкі належаць дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву БелТА: у ліпені 2015 у сваіх паведамленнях БелТА ўжыла слова “президент” больш за 500 разоў. Гэта прыкладна 23 разы кожны працоўны дзень (дапускаючы, што ў месяцы прыкладна 21 працоўны дзень). Атрымліваецца, што кожную працоўную гадзіну БелТА выдавала прыкладна тры навіны са словам “президент” (пры ўмове 8‑гадзіннага працоўнага дня). Для параўнання: БелПАН ужыў гэтае ключавое слова ў ліпені ў 5 разоў менш за дзяржаўнае інфармагенцтва.

    Наступныя па колькасці згадак ключавыя словы – гэта “Лукашенко” і “выборы”. Дзяржаўнае інфармагенцтва ўжыла іх амаль аднолькавую колькасць разоў (229 і 218).

    Таксама амаль аднолькавыя паказчыкі належаць ключавым словам “претендент” і “Ермошина” (47 і 50 адпаведна). БелТА згадала апазіцыю ў сваіх паведамленнях у ліпені ўсяго 5 разоў.

    БелаПАН амаль аднолькавую колькасць разоў ужыў словы “президент” і “выборы”. Незалежнае агенцтва больш згадвала апазіцыю – 13 згадак ключавога слова. Менш за БелТА БелаПАН згадваў Лідзію Ярмошыну і Аляксандра Лукашэнку.

    Паводле пошукавай сістэмы Хартыі’97, у ліпені рэсурс толькі аднойчы згадаў “оппозицию”. Два разы сайт размясціў інфармацыю з прозвішчам старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Гэта найменшыя з выяўленых паказчыкаў. Рэсурс амаль не ўжываў слова “претендент”, менш за астатніх змяшчаў інфармацыі пра Аляксандра Лукашэнку і выбары ў сваёй стужцы. Самы вялікі колькасны паказчык на сайце Хартыі’97 належыць слову “президент”.

    Высновы

    Звяртаюць на сябе ўвагу нізкія паказчыкі ўжывання слова “оппозиция”. Магчыма, таму, што само слова ў актуальным медыядыскурсе набыло негатыўнае значэнне і ніводная група не жадае з ім асацыявацца. Гэта паказвае, што ёсць пэўны лексічны голад у вызначэнні (намінацыі) няўладных актывісцкіх рухаў і груп. Канешне, не медыі павінныя называць гэтыя групы. Аднак ці не прывядзе пазбяганне словаў з негатыўнай канатацыяй да таго, што цэлы пласт грамадскага жыцця “выслізне” з поля ўвагі журналістаў?

    З іншага боку, вялікая прысутнасць у эфіры ключавога слова “прэзідэнт” і ўласнага імя “Лукашэнка” вымагае ад іншых удзельнікаў палітычнага працэсу вялікіх высілкаў, каб стварыць хоць нейкую канкурэнцыю ў медыяпрасторы. Сімвалічна, што дзяржаўнае інфармагенцтва ў ліпені згадала словы “Лукашэнка” і “выбары” амаль аднолькавую колькасць разоў. Гэтыя паказчыкі – адныя з самых высокіх сярод выяўленых. Яны яскрава сведчаць пра размеркаванне ўвагі дзяржаўнага інфармагенцтва, гэтая ўвага мае выразныя акцэнты.

    У цэлым невялікія колькасныя паказчыкі, сабраныя на сайце Хартыя’97, гавораць пра тое, што рэсурс не надае шмат увагі бягучай палітычнай кампаніі. Сайт вельмі мала ўжывае “выбарчыя” ключавыя словы, у паведамленнях не фігуруюць дзеючыя асобы кшталту Лідзіі Ярмошынай, амаль не ўжываюцца словы “оппозиция” і “претендент”, што на разгляданым этапе выбараў выразна сведчыць пра адсутнасць цікавасці з боку Хартыі’97 да выбарчага працэсу.

    Наогул жа атрыманыя дадзеныя паказваюць, што выбары мала змянілі інфамацыйную карціну, якую ствараюць інфармагенцтвы. Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі Аляксандр Лукашэнка, яго асоба – цэнтральная ва ўсёй працы БелТА. Якія б ключавыя словы ні выбіраліся (гл. даследаванні за папярэднія месяцы), колькасць згадак дзеючага прэзідэнта амаль заўсёды будзе большай. Яго прысутнасць у эфіры надзвычай вялікая, і бягучая кампанія толькі падмацоўвае гэтую прысутнасць.

    Хартыя’97 альбо знаходзіцца па-за палітычным кантэкстам, альбо выкарыстоўвае нйкую асаблівую лексіску для асвятлення выбарчага працэсу, якая не супала з выбранымі ў межах дадзенага даследавання ключавымі словамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці