• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Хутка выбары

    Напрыканцы мінулага тыдня «Советская Белоруссия» апублікавала матэрыялы інтэрнэт-канфэрэнцыі з удзелам старшыні ЦВК, спн. Ярмошынай. У сваіх адказах шаноўная старшыня не абмінула і тэмы асьвятленьня выбарчых кампаніяў у СМІ. На пытаньне чытача Віталя: «Чаму ва ўсiх краiнах Еўропы ўсе кандыдаты аднолькава прадстаўленыя ў СМI, а ў Беларусi — толькi адзiн?» высокая службовая асоба адказала: «А вы проживали во всех странах Европы во время выборов? Сомневаюсь. Даже если так, то вы не обладали избирательным правом и не участвовали в выборах. Да и со СМИ вряд ли могли знакомиться, свободно не владея языком страны». А потым старшыня ЦВК засьведчыла: «Там, как правило, кто больше денег заплатил, тот больше и представлен».

    І праўда. Ці ж шмат хто з беларусаў ведае швэдзкую ці фінскую мовы, каб пачытаць тамтэйшыя газэты. А хто ж з нашых суграмадзянаў мае права ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Францыі ці дэпутатаў дацкага парлямэнту? А каб хтосьці, да ўсяго гэтага, яшчэ і пражываў ва ўсіх краінах Эўропы падчас выбараў?! Ну, тое ўвогуле быў бы ўнікальны чалавек.

    З другога боку, варта, канешне, стаць і на абарону чытача «СБ». Бо ягоныя ўражаньні адносна аднабаковасьці асьвятленьня перадвыбарчай дзейнасьці кангдыдатаў, відаць, усё ж базуюцца на досьведзе чытаньня галоўнай газэты краіны. Бо, калі верыць дакладу маніторынга БАЖ, дык падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 г. «Советская Белоруссия»… (у пэрыяд з 22. 02 па 04. 03, — устаўка мая — А.А.) адвяла С. Гайдукевічу 0,4%, Казуліну 1,1% , А. Мілінкевічу 1,1%, а. Лукашэнку — 63,1% плошчы параўнальна з усімі астатнімі суб’ектамі маніторынга».

    І ўсё ж як там у краінах Эўропы? Чаму шаноўны чытач «СБ» перакананы, што тамтэйшыя мэдыі асьвятляюць выбарчыя кампаніі і дзейнасьць кандыдатаў інакш?

    Аказваецца, усё проста! Угэтых краінах (як, дарэчы, і ў ЗША) ёсьць заканадаўства, якое абмяжоўвае фінансавыя магчымасьці кандыдатаў (то бок, суму, якую яны могуць патраціць на выбары). Да таго ж, ва ўсіх кандыдатаў яна ня мусіць перавышаць пэўны (аднолькавы для ўсіх) ліміт, што вызначаны законам. Да таго ж, закон (зноў закон) патрабуе празрыстасьці і справаздачнасьці ў справе атрыманьня сродкаў на перадвыбарчую барацьбу. А выбарцы, у сваю чаргу, маюць мажлівасьць бесперашкодна кантраляваць фінансавыя паступленьні кандыдатаў (адпаведная інфармацыя друкуецца на спэцыяльным публічным сайце). Падмануць закон і выбарцаў, відавочна, небясьпечна.

    Ну, а што ж са СМІ? Тут ўсё яшчэ прасцей: публічныя СМІ (тыя, якія атрымліваюць дзяржаўныя субсыдыі) проста (заканадаўча) абавязаны адводзіць роўны час і роўную плошчу ўсім кандыдатам. А прыватныя (камэрцыйныя) СМІ, як правіла, абавязаныя забясьпечваць роўныя ўмовы доступу і роўныя ўмовы разьмяшчэньня платнай рэклямы кандыдатаў.

    Карацей, кожная дэмакратычная краіна імкнецца дастаткова жорстка забясьпечваць роўныя фінансавыя мажлівасьці ўдзелу ў выбарах кожнага кандыдата. А свабодныя мэдыі (гэтак жа, як і грамадзкая апінія) дастаткова жорстка кантралююць выбарчы працэс ды роўнасьць умоваў перадвыбарчай барацьбы.

    Вось такая гульня ў выбары. Якія ў нас, дарэчы, ужо і хутка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці