• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 11–24.05.2015 г.

    Рэдакцыі некалькіх сайтаў атрымалі з Мінінфармацыі афіцыйныя лісты за подпісам міністра Ліліі Ананіч. Міністр інфармуе пра выяўленыя на рэсурсах «парушэнні заканадаўства аб СМІ» і запытвае звесткі пра юрыдычную ці фізічную асобу ўладальнікаў. У міністэрстве патлумачылі, што гэтыя пасланні не з’яўляюцца пакуль афіцыйнымі папярэджаннямі, але эксперты не выключаюць, што наступным крокам Мінінфармацыі будзе менавіта гэтая санкцыя.

    12 мая стала вядома, што Мінінфармацыі вынесла афіцыйнае папярэджанне газеце «Наше православие» Віцебскай праваслаўнай епархіі. Пра гэта Радыё “Свабода” паведаміла загадчык сектара рэгістрацыі СМІ і кантролю за выкананнем заканадаўства Міністэрства інфармацыі Юлія Кочына. Але чыноўніца адмовілася паведаміць, у чым канкрэтна палягае парушэнне газетай закона аб СМІ.

    Галоўны рэдактар газеты Андрэй Герашчанка кажа, што даведаўся пра папярэджанне з публікацый у СМІ.

    Раней паведамлялася, што грамадскі актывіст Аляксандр Галавань разам з іншымі праваслаўнымі вернікамі звярнуўся ў Мінінфарм з просьбай праверыць выпускі газеты «Наше православие» на адпаведнасць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

    Нагодай звароту стала публікацыя з заклікам праваслаўных узяць удзел у ваенным канфлікце ва Украіне.

    13 мая журналіст і эксперт Аляксандр Алесін паведаміў, што па-ранейшаму застаецца ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе аб супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі, заведзенай КДБ Беларусі ў снежні 2014 г. Па словах журналіста, час ад часу яго выклікаюць на допыты ў КДБ. “Следчыя дзеянні маюць фармальны характар, бо на допытах увесь час удакладняюцца нейкія дэталі, якія ўжо шмат разоў удакладняліся да гэтага”, – кажа Алесін.

    Нагадаем, 25 лістапада спецслужбы затрымалі вайсковага эксперта, на той момант аглядальніка штотыднёвіка «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна і змясцілі ў СІЗА КДБ. Спачатку яго вінавацілі ў здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК) і ўсталяванні супрацоўніцтва са спецслужбай органаў бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы (арт. 356–1). 10 снежня Алесіна вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве з яго знялі і цяпер абвінавачваюць толькі ў супрацы з замежнай спецслужбай.

    15 мая рэдакцыі некалькіх сайтаў паведамілі, што атрымалі з Мінінфармацыі афіцыйныя лісты за подпісам міністра Ліліі Ананіч. Міністр інфармуе пра выяўленыя на рэсурсах «парушэнні заканадаўства аб СМІ» і запытвае звесткі пра юрыдычную ці фізічную асобу ўладальнікаў. Ананіч падкрэслівае, што Мінінфарм можа заблакаваць рэсурс, калі ўладальніку вынесена 2 і больш папярэджанняў, калі ён не выпраўляе выяўленых парушэнняў ці распаўсюджвае забароненую заканадаўствам інфармацыю (п.1 арт. 51 закона “Аб СМІ”).

    У прыватнасці, такія лісты атрымалі рэдакцыі сайтаў: freeregion.info (“Свабодны рэгіён”), racyja.com (“Беларускае Радыё Рацыя”), tuzin.fm (музычны партал “Тузін Гітоў”), ucpb.org (сайт прыхільнікаў Аб’яднанай Грамадзянскай партыі) і культурніцкі інтэрнэт-часопіс kyky.org.

    Нагадаем, што магчымасць вынясення папярэджанняў інтэрнэт-выданням улады атрымалі пасля паспешлівага прыняцця ў снежні 2014 г. паправак у закон “Аб СМІ”.

    15 мая стала вядома, што РУП «Белпошта» ў чарговы раз адмовілася распаўсюджваць праз падпіску недзяржаўную газету «Intex-press» (г. Баранавічы). У сваім звароце Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс»», спасылаючыся на антыманапольнае заканадаўства, даводзіў што “Белпошта” абавязаная ўключыць газету ў падпісны каталог. (10 студзеня 2013 г. РУП «Белпошта» ўключана ў Дзяржрэестр суб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках Беларусі, па таварнай пазіцыі «паслугі па прыёме падпіскі, дастаўцы і пераадрасаванні друкаваных сродкаў масавай інфармацыі».)

    Адказ з РУП «Белпошта» ад 7 мая за подпісам першай намесніцы гендырэктара Алены Скрыпчык збянтэжыў рэдакцыю сваёй юрыдычнай эквілібрыстыкай. У лісце паведамляецца, што ў рэестр РУП «Белпошта» ўключана па таварнай пазіцыі «паслугі па прыёме падпіскі, дастаўцы і пераадрасаванні друкаваных сродкаў масавай інфармацыі». А вось паслуга па ўключэнні друкаваных СМІ ў падпісны каталог не з’яўляецца паслугай, якая аказваецца на падставе публічнай дамовы, і не ўключана ў пералік таварных пазіцый, па якіх РУП «Белпошта» ўключана ў дзяржаўны рэестр.

    Нагадаем, з 2006 г. рэгіянальная газета «Intex-press» адсутнічае ў падпісным каталогу друкаваных выданняў РУП «Белпошта».

    15 мая ў судзе Крычаўскага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава. Яго абвінавачваюць у паклёпе (арт. 9.2. КаАП) на оперупаўнаважанага ГБЭЗ Крычаўскага РАУС Аляксандра Дзямешку. Суддзя Кацярына Шматкова накіравала справу ў Крычаўскі РАУС на дапрацоўку.

    Суддзя задаволіла хадайніцтвы адказчыка – апытаць у якасці сведкі рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, дадаць да матэрыялаў справы копію звароту У. Кудраўцава ў пракуратуру наконт пагрозаў з боку А. Дзямешкі (і копію адказу на гэты зварот з Крычаўскага РАУС), а таксама патрабаванне да РАУС прадаставіць суду аўдыёзапіс размовы Уладзіміра Кудраўцава з Аляксандрам Дзямешкам. Зыскоўца А. Дзямешка ў суд не з’явіўся.

    18 мая магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў атрымаў адказ з Вярхоўнага суда Беларусі на сваю наглядную скаргу. Журналіст прасіў адмяніць пастановы Ленінскага райсуда Магілёва і Магілёўскага аблсуда аб прызнанні яго вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ).

    Намеснік старшыні ВС Руслан Аніскевіч адмовіў Буракову, матывуючы тым, што довады журналіста з’яўляюцца непераканаўчымі. Цяпер Аляксандр Буракоў намераны падасць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

    Нагадаем, што 8 кастрычніка 2014 г. суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Алена Волкава аштафавала А. Буракова на 40 базавых велічынь (6 млн руб.) за супрацу з замежным СМІ без акрэдытацыі. 20 лістапада суддзя Магілёўскага аблсуда Міхаіл Мельнікаў, разгледзеўшы касацыйную скаргу журналіста, пакінуць пакаранне ў сіле.

    10 сакавіка старшыня Магілёўскага аблсуда Ігар Прошка адхіліў наглядную скаргу Буракова.

    19 мая стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі дамагаецца, каб Польшча забараніла тэлеканалу «Белсат» выкарыстоўваць свой лагатып. Акружны суд у Варшаве атрымаў рашэнне беларускага ВС, якое тычацца забароны ўжывання таварнага знаку «Белсат». Абапіраючыся на палажэнні Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса гаспадарчы аддзел раённага суда ў Варшаве можа забараніць «Белсату» выкарыстоўваць свой таварны знак на тэрыторыі Беларусі. Перад прыняццем свайго рашэння суд у Варшаве папрасіў тэлебачанне TVP, часткай якога з’яўляецца «Белсат», прадставіць сваю пазіцыю.

    Беларускія суддзі хочуць, каб польскі суд прызнаў іх рашэнне, згодна з якім «Белсат» парушае правы мінскага прадпрымальніка. Кіраўніцтва канала лічыць рашэнне беларускага суда палітычна матываваным.

    Нагадаем, у верасні 2014 г. Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў прадпрымальніка Андрэя Белякова і забараніў тэлеканалу выкарыстоўваць гандлёвы знак «Белсат ТВ» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі і на інтэрнэт-старонцы.

    22 мая незалежная журналістка з Брэста Аліна Літвінчук атрымала па пошце копію пратакола аб распачынанні супраць яе новай адміністрацыйнай справы за незаконны выраб прадукцыі СМІ. З дакумента за подпісам супрацоўніка міліцыі Анатоля Чарнавокага вынікае, што 4 красавіка Літвінчук, “не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, узяла інтэрв’ю ў актывісткі Алены Каховіч”, якое пасля было размешчана на сайце польскай радыёстанцыі “Радыё Рацыя”. І такім чынам парушыла патрабаванне арт. 36 Закона “Аб СМІ”.

    Паводле журналісткі, гэта ўжо чацвёрты пратакол супраць яе на падставе арт. 22.9 КаАП за 2015 год. 13 студзеня Літвінчук аштрафавалі на 30 базавых велічынь, а 16 лютага – яшчэ на 40 базавых велічынь, прычым на другі з гэтых судоў журналістку не запрасілі.  З сутнасцю яшчэ адной адміністрацыйнай справы А. Літвінчук пакуль не азнаёмілі — яна ведае пра яе толькі ад міліцыянтаў.

    22 мая суддзя Гомельскага раённага суда Аляксандр Лісоўскі прызнаў незалежнага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ (арт. 22.9 ч. 2 КаАП) і аштрафаваў яго на 25 базавых велічыняў (4,5 млн рублёў). У віну журналісту міліцыя паставіла падрыхтоўку сюжэта для тэлеканала “Белсат” 24 сакавіка без акрэдытацыі ў МЗС Беларусі.

    Па заканчэнні працэсу Жукоўскі паспрабаваў зняць на відэа шыльду на будынку суда, за што быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Разам з ім затрымалі журналістку Наталлю Крывашэй. Паводле Жукоўскага, яны правялі ў пастарунку каля 3,5 гадзін. Журналістаў  адпусцілі без складання пратаколаў, перапісаўшы асабістыя дадзеныя.

    24 мая на літоўска-беларускай мяжы ў пункце пропуску Каменны лог беларускія мытнікі правялі поўны дагляд аўтамабіля праваабаронцы, сябра ГА «БАЖ» Леаніда Судаленкі і забралі для праверкі ноўтбук. Судаленка вяртаўся ў Беларусь з Форума некамерцыйнага права, які праходзіў у літоўскай сталіцы. Раздрукаваную праграму гэтага мерапрыемства мытнікі таксама забралі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці