• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 20–26.07.2015 г.

    Сума штрафаў, прысуджаных журналістам па арт. 22.9 ч.2 КаАП у 2015 годзе за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, перасягнула лічбу ў 137 мільёнаў рублёў. Гэта больш за 8 тысяч еўра. 

    20 ліпеня ГА “БАЖ” атрымала адказ з Генеральнай пракуратуры на зварот адносна судовага пераследу журналістаў-фрылансераў. У ведамстве не сталі разглядаць ліст арганізацыі па сутнасці, заявіўшы, што падставаў для гэтага няма. Генпракуратура спасылаецца на тое, што старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец не мае паўнамоцтваў афіцыйнага прадстаўніка журналістаў. «…Пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні можа быць абскарджана асобай, у дачыненні да якой яна вынесена, пацярпелым, іх прадстаўнікамі, абаронцам», – гаворыцца ў пасланні ад 17 ліпеня за подпісам начальніцы аддзела нагляду за выкананнем правоў і свабод грамадзян Марыны Паповай.

    Кіраўніцтва ГА «БАЖ» не здзіўленае такім адказам пракуратуры. «Мы не звярталіся ў пракуратуру са скаргай па канкрэтных судовых пастановах,  – падкрэслівае старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец. – Мы рабілі гэта на падставе закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў, што падкрэслівалі ў самім лісце. На мой погляд, пракуратура ў парадку нагляду мае права сама разгледзець пытанне аб прынясенні пратэсту на тую ці іншую судовую пастанову. Мы і мелі на мэце прыцягнуць увагу дзяржаўных органаў да сітуцыі, якую нельга разглядаць як прававую».

    9 ліпеня ГА “БАЖ” даслала пісьмовыя звароты кіраўнікам Вярхоўнага суда, Генпракуратуры, МУС і КДБ. Журналісцкая арганізацыя дамагаецца публічнага абмеркавання праблемы прыцягнення да адказнасці фрылансераў з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, ГА “БАЖ”, а таксама ўсіх зацікаўленых асобаў.

    20 ліпеня на незалежных журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава завялі адміністрацыйныя справы на падставе відэасюжэту з выставы літоўскіх лялек у Гродне, размешчаным на сайце тэлеканала “Белсат”. А. Кіркевіча выклікалі ў Ленінскі РАУС Гродна, дзе старшы лейтэнант Аляксей Вайцешка склаў на яго пратакол за парушэнне арт. 22.9 ч.2 КаАП. Журналіст адмовіўся даваць паказанні для пратакола. Паводле пратакола, сведкамі па справе праходзяць гродзенскі мастак, які даваў інтэрв’ю журналістам, і яго жонка – уладальніца галерэі, дзе ладзілі выставу.    

    Для складання пратакола да Алеся Дзянісава міліцыянты прыязджалі дахаты, бо ён пашкодзіў нагу і не можа перасоўвацца.

    Нагадаем, абодвух журналістаў прыцягвалі сёлета да адказнасці па тым жа артыкуле. 22 красавіка суддзя Ленінскага райсуда Гродна Алена Пятрова прызнала іх вінаватымі ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” за відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі.

    20 ліпеня стала вядома пра звальненне журналіста FM-радыё «Unistar» Сяргея Грудніцкага. Прычынай скасавання працоўных стасункаў сталі зачытаныя ў эфіры навіны недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН, — паведаміў 17 ліпеня Грудніцкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Звальненне Грудніцкага з фармулёўкай «па згодзе бакоў» пацвердзіў праграмны дырэктар радыё «Unistar» Аляксандр Налівайка. Але інфармацыю пра тое, што прычынай сталі навіны БелаПАН, сп. Налівайка аспрэчыў. Паводле яго слоў, на радыё адбываюцца арганізацыйныя і кадравыя змены.

    23 ліпеня Глыбоцкі райсуд аштрафаваў журналіста Змітра Лупача на 4,5 млн рублёў. Старшыня суда Ірына Казак прызнала журналіста вінаватым у парушэнні арт. 22.9 КаАП ч. 2 (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”), а па сутнасці – у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.

    Падставай для складання пратакола стаў матэрыял «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года», размешчаны 9 чэрвеня на сайце «Еўрарадыё». Спачатку суд быў прызначаны на 10 ліпеня, але пратакол, складзены 26 чэрвеня старшым інспектарам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаславам Барылам, вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю.

    Пакуль справа “вандравала” паміж судом і міліцыяй, Змітру давялося некалькі разоў сустрэцца з супрацоўнікамі КДБ. Паводле журналіста, яму прапаноўвалі даносіць на сяброў і калег, паведамляць пра дзейнасць сябраў ГА «БАЖ» і апазіцыйных актывістаў у рэгіёне. Зміцер Лупач вырашыў распавесці пра гэта незалежным СМІ. Ён заявіў, што не будзе супрацоўнічаць са спецслужбай.

    24 ліпеня дадому да брэсцкага журналіста-фрылансера Алеся Ляўчука наведаўся ўчастковы інспектар Камянецкага РАУС Аляксандр Алпатаў.  Журналіст толькі паспеў вярнуцца з адпачынку, як міліцыянт адмыслова прыехаў з Камянца ў Брэст, каб скласці на яго новы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт. 22.9 КаАП, бо ранейшы ўтрымліваў шмат памылак. Міліцыянт паведаміў, што звесткі пра вяртанне Ляўчука ў Беларусь ён атрымаў з памежнага камітэта.

    Журналіста вінавацяць у супрацы без акрэдытацыі з тэлеканалам “Белсат”. Справа тычыцца рэпартажу пра рэлігійны канфлікт у аграгарадку Белавежскі, які выйшаў у эфіры “Белсата” на пачатку чэрвеня.

    Нагадаем, што за супрацу з тэлеканалам “Белсат” Ляўчука ўпершыню пакаралі штрафам памерам 40 базавых велічынь напрыканцы 2014 г. У сакавіку 2015 г. ён быў аштрафаваны на 21 базавую велічыню, а ў ліпені — яшчэ на 50 базавых велічынь.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці