• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 23.11.–27.12.2015 г.

    На СМІ ў дзяржаўным бюджэце на 2016 год прадугледжана каля 45 млн еўра. Гэта вынікае з праекта Закона “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год”, апублікаваным на сайце Міністэрства фінансаў. У тым ліку на тэлебачанне і радыёвяшчанне прадугледжана каля 36,6 млн еўра, на перыядычны друк і выдавецтвы – каля 3,5 млн еўра, на “іншыя пытанні ў галіне СМІ” – 4,7 млн еўра. Важна адзначыць, што ўвогуле ў праекце бюджэта на 2016 год няма павелічэння амаль ні ў якіх галінах, – адзначае медыяаналітык Паўлюк Быкоўскі. Там, дзе ёсць, – гэта павелічэнне на 12%, на ўзровень інфляцыі. Сама скіраванасць бюджэта на эканомію паказвае: там, дзе можна было сэканоміць, там сэканомілі. Калі казаць пра разлікі выдаткаў на дзяржаўныя медыя ў параўнанні з папярэднімі гадамі, то тут ёсць пэўныя цыклы. Для гадоў, на якія прыпадаюць прэзідэнцкія выбары, як правіла, прадугледжана лепшае фінансаванне дзяржаўных медыяў у параўнанні з гадамі, калі прэзідэнцкіх выбараў няма”.

    19 лістапада ў пункце пропуску Беняконі‑1 на беларуска-літоўскай мяжы ў жыхара Ліды Аляксандра Ганевіча забралі на экспертызу 5 кніг і брашур. Увагу супрацоўнікаў мытні прыцягнулі выданні праваабарончай тэматыкі: “Дэ-факта. Імплементацыя міжнародных стандартаў правоў чалавека: вопыт выпускнікоў праграмы ILIA ў Беларусі”; “Асьвечаныя Беларушчынай” Алеся Бяляцкага; “Маё змаганне” Валерыя Грыцука; “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” Андрэя Палуды, Паліны Сцепаненка і Адар’і Гуштын; брашура “Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі”. Складзеныя акт мытнага дагляду (падпісаў галоўны інспектар мытні І. Біруля), а таксама акт адбору проб і ўзораў. Нагадаем, што кніга А. Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” і раней ужо трапляла пад пільную ўвагу беларускіх мытнікаў.

     

    19 лістапада ўрад Беларусі пастановай № 966 вызначыў спіс дзяржаўных газет і часопісаў, якія атрымаюць дапамогу з рэспубліканскага бюджэта ў 2016 годзе. У апублікаваным спісе 26 перыядычных выданняў: «Советская Белоруссия», «Рэспубліка», «Знамя юности», «Спортивная панорама», «The Min­sk Times» (приложение «Голас Радзімы»), «Алеся», «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларусь. Belarus», «Белорусская нива», «Бярозка», «Вместе!», «Вожык», «Вясёлка», «Журнал специального назначения», «Звязда» і інш. Дакумент не ўказвае памер дапамогі кожнаму з гэтых СМІ.

    Нагадаем, у дзяржбюджэце на 2015 г. прадугледжвалася фінансаванне перыядычнага друку і выдавецтваў у памеры 70,2 млд рублёў (каля $5 млн). Тэлебачанне мела датацый амаль у 10 разоў больш.

     

    8 снежня гомельская журналістка-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова паведаміла, што накіравала скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Шчыракова мяркуе, што яе права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, гарантаванае Канстытуцыяй і міжнароднымі дакументамі, якія ратыфікавала Беларусь, парушанае.

    Сёлета журналістка запісала на Цэнтральным рынку меркаванні прадпрымальнікаў наконт умоваў працы. Відэазапісы скарыстаў спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал “Белсат”, які вядзе трансляцыю з тэрыторыі Польшчы. Міліцыя абвінаваціла Шчыракову ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў беларускім МЗС.  12 сакавіка суддзя Цэнтральнага райсуда Гомеля Віктар Казачок пакараў Шчыракову буйным штрафам. Спробы абскардзіць судовы штраф у вышэйшых судовых інстанцыях выніку не мелі.

     

    10 снежня Свіслацкі раённы суд (суддзя Жаны Салагубік) аштрафаваў гродзенскага журналіста і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча на 40 базавых велічыняў. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 31 кастрычніка 2015 г. у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці. Тады больш за сотню ўдзельнікаў дня памяці паўстанцаў 1863-­га года ўсклалі кветкі да магілы брата Кастуся Каліноўскага, ушанавалі памяць Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы і ў Якушоўцы, дзе калісьці стаяў дом сям’і Каліноўскіх. Усё мерапрыемства прайшло пад пільным наглядам супрацоўнікаў унутраных спраў.

    Сябра БАЖ Уладзімір Хільмановіч лічыць пастанову суддзі Салагубік незаконнай. Паводле яго, суддзя не ўлічвае вяршынства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Журналіст збіраецца абскаржваць судовае рашэнне ў абласным судзе, а калі атрымае адмоўнае рашэнне — будзе звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

     

    10 снежня ўвечары ў Магілёве сябра ГА “БАЖ” Яўгена Глушкова затрымалі супрацоўнікі міліцыі, калі журналіст спрабаваў зняць на відэа рэпетыцыю адкрыцця памятнага знака супрацоўнікам дзяржбяспекі каля будынка Магілёўскага абласнога ўпраўлення КДБ. Па словах Глушкова, яго і суправадзілі ва ўпраўленне, дзе загадалі выдаліць адзняты матэрыял.

    18 снежня падчас афіцыйнага адкрыцця памятнага знака “Чэкістам Магілёўшчыны”  прысутных на мерапрыемстве журналістаў-фрылансераў дапусцілі непасрэдна да будынка Магілёўскага абласнога ўпраўлення КДБ толькі пасля сканчэння афіцыйнай часткі. Супрацоўнікі “органаў” у цывільным настойліва раілі журналістам не рабіць ніякіх здымкаў і назіралі, каб забарона на здымкі не парушалася. Паводле Яўгена Глушкова, яму забаранілі здымаць і фатаграфаваць на той падставе, што ў яго няма дакумента з адпаведным рэдакцыйным заданнем. Фрылансеры вымушаныя былі назіраць за адкрыццём памятнага знака праз праезную частку, а на пляцоўку непасрэдна перад памятным знакам былі дапушчаныя толькі журналісты дзяржаўных СМІ.

     

    11 снежня супрацоўнікі Следчага камітэта горада Ліда вярнулі бярозаўскаму фрылансеру Юрыю Дзяшуку ўсю тэхніку, забраную падчас ператрусу ў жніўні 2015 г. Раней следчыя вярнулі нэтбук, а зараз дайшла чарга да прынтара.

    Па словах Дзяшука, падчас вяртання прынтара супрацоўнікі СК апыталі яго пра флэшмоб, які адбываўся 25 ліпеня ў Бярозаўцы каля транспартнай прахадной шклозавода “Нёман”. Гэта было першае апытанне Дзяшука па гэтай справе, хаця ў жніўні 2015 года ў сямі жыхароў Бярозаўкі дома адбыліся ператрусы.

     

    13 снежня стала вядома пра факты прымусовай падпіскі на ААТ “Крычаўцэменташыфер”. Адпаведны дакумент перадалі журналістам незалежнай газеты “Вольны горад” супрацоўнікі прадпрыемства. “Арганізаваць падпіску на кантралюемыя перыядычныя выданні на 1 паўгоддзе 2016 года да 10 снежня 2015 г.” прадпісвае адміністрацыя прадпрыемства начальнікам падраздзяленняў.  Паводле распараджэння, неабходна выпісаць газеты: 7 асобнікаў “Знамя юности”, 2 асобнікі “Звязды”, 37 – “Советской Белоруссии”, 2 – “Рэспублікі”, 2 – “Народнай газеты”, 8 – “Магілёўскіх ведамасцяў”, і 75 асобнікаў раённай газеты “Крычаўскае жыццё”.

    Пад распараджэннем стаіць прозвішча намесніцы гендырэктара ААТ “Крычаўцэменташыфер” па ідэалагічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях Жанны Кустрэй.

     

    18 снежня праваабаронца са Смаргоні Аляксандр Дзергачоў атрымаў афіцыйнае паведамленне пра тое, экспертная камісія не выявіла экстрэмізму ў адабраным у яго на мяжы выданні — аглядзе-хроніцы «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе». Пра гэта паведамляецца ў лісце за подпісам намесніка начальніка Ашмянскай мытні па праваахоўнай працы Дзмітрыя Сцепаненкі. Цяпер мытня прапануе сп-ру Дзергачову забраць кнігі ў Ашмянах.

    Нагадаем, 13 сакавіка на літоўска-беларускім памежным пераходзе Каменны Лог мытнікі затрымалі агляд-хроніку «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе» і яго англамоўны варыянт «Sit­u­a­tion of Human Right in Belarus in 2014» – усяго 47 асобнікаў. Кнігі А. Дзергачоў перавозіў на асабістым аўтамабілі. Агляд выдае закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр “Вясна”.

     

    18 снежня старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў, што да журналіста, ваеннага аглядальніка Аляксандра Алесіна ў камітэта дзяржбяспекі ніякіх пытанняў няма. “Па-мойму, там ужо пытанне закрытае. Я чытаю артыкулы яго, ён публікуецца і, па-мойму, ніякіх праблем у яго няма”, – адказаў на пытанне карэспандэнта “Еўрарадыё” старшыня КДБ.

    Аляксандр Алесін пра тое, што “яго пытанне ўжо закрытае”, на той момант не ведаў. “Сапраўды, следчых дзеянняў ніякіх, мяне ніхто не турбуе, але нічога афіцыйна і не паведамляюць. А я ж павінен атрымаць нейкае рэзюме, дакумент.Я па-ранейшаму фармальна знаходжуся пад падпіскай аб нявыездзе, мяне ніхто не вызваляў”, – зазначыў Аляксандр Алесін. Журналіст плануе бліжэйшым часам звярнуцца ў КДБ па ўдакладненні – які на самой справе ў яго на сёння статус.

    Нагадаем, 10 снежня 2014 г. Аляксандр Алесін быў вызвалены з СІЗА КДБ, дзе адбыў у “адзіночцы” 21 дзень. Журналіста абвінавацілі ў шпіянажы і завялі на яго крымінальную справу, якую дагэтуль не закрылі.

     

    23 снежня суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прыпыніў разгляд пазову тэлевядоўцы Люцыі Лушчык аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Нагодай для звароту ў суд стаў артыкул «Телеведущая Люся Лущик оказалась в центре некрасивого семейного скандала» на інтэрнэт-сайце belaruspartisan.org ад 3 снежня. У публікацыі ішла гаворка пра відэа з удзелам Л. Лушчык, якое разышлося ў сацыяльных сетках на пачатку снежня і тычылася ўнутрысямейнага скандалу.

    “Па меркаванні зыскоўцы, з публікацыі вынікае, што, будучы жонкай бізнесоўца Андрэя Герашчанкі, Люцыя Лушчык ізалюе яго дачку ад роднай маці, а таксама спрабуе дыскрэдытаваць яе ў прысутнасці дзяўчынкі. Тэлевядоўца лічыць, што апублікаваная інфармацыя закранае яе добрае імя, дзелавыя і прафесійныя якасці”.

    Прычынай прыпынення разгляду стала сустрэчная позва ад былой жонкі Андрэя Герашчанкі Ілоны Герашчанка да тэлевядоўцы – таксама аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі “ў сувязі з інфармацыяй, распаўсюджанай у прысутнасці дзіцяці”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці