• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 26.10–08.11.2015 г.

     

    Спецдакладчык па Беларусі Міклаш Харасці на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН выступіў са справаздачай аб свабодзе выказвання меркаванняў у Беларусі. Незалежнасць СМІ ў Беларусі немагчымая з-за дазвольнай сістэмы рэгістрацыі і адвольных правілаў адносна адклікання ліцэнзій, – лічыць спадар Харасці. Асноўныя высновы справаздачы: плюралізм СМІ адсутнічае; Беларусь з'яўляецца адзінай у Еўропе краінай, дзе няма прыватных кампаній агульнанацыянальнага вяшчання; урад выступае ў ролі прамога рэгулятара ўсіх відаў СМІ; крытычныя выказванні і расследаванні спыняюцца праз крыміналізацыю зместу, які разглядаецца як "шкодны для дзяржавы", праз злачынную дыфамацыю і законы аб нанясенні знявагі, якія абараняюць дзяржаўных службовых асоб, і, у прыватнасці, прэзідэнта, ад кантролю з боку грамадскасці.

    26 кастрычніка Ашмянская мытня паведаміла праваабаронцу з Гомеля Леаніду Судаленку, што па выніках праверкі экстрэмізму ў адабраных у яго ноўтбуку і друкаванай прадукцыі не выяўлена. Намеснік начальніка Ашмянскай мытні Леанарда Локцева прапанавала Судаленку прыехаць і забраць адабраныя ў яго на мяжы рэчы.

    Нагадаем, 25 мая 2015 г. на памежным пераходзе “Каменны Лог” мытнікі адабралі ў Л. Судаленкі ноўтбук і друкаваныя матэрыялы пасля дагляду яго аўтамабіля. Праваабаронца вяртаўся з літоўскай сталіцы, дзе браў удзел у форуме некамерцыйнага права. Ён не пагадзіўся з адвольным адабраннем асабістага кампутара і паскардзіўся ў Ашмянскі райсуд. 7 жніўня суд у задавальненні скаргі адмовіў. Судаленка абскардзіў гэтае рашэнне ў Гродзенскі аблсуд.

    29 кастрычніка прэс-служба Камітэта дзяржаўнай бяспекі паведаміла пра затрыманне злачыннай групы, удзельнікі якой цягам трох гадоў “ажыццяўлялі дзейнасць па праслухоўванні памяшканняў, тэлефонных перамоваў, узломе электроннай пошты, акаўнтаў Skype, Viber, What­sApp, сацыяльных сетак”. Ахвярамі групоўкі сталі больш за дзве тысячы грамадзян Беларусі, у тым ліку «журналісты дзяржаўных і недзяржаўных СМІ». Прэс-служба не ўдакладняе, якіх менавіта.

    У дачыненні да ўдзельнікаў групоўкі і замоўцаў распачатыя крымінальныя справы. КДБ праводзіць «неабходныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні, накіраваныя на выяўленне і дакументаванне іншых эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці падазраваных, а таксама высвятленне ўсіх кліентаў злачыннай групы, і асобаў, якія пацярпелі ад іх дзеянняў», — паведаміла прэс-служба КДБ.

    28 кастрычніка Савет міністраў працягнуў на адзін год дазвол на працу ў Беларусі карэспандэнцкага пункта «Еўрапейскага радыё для Беларусі» (Рэспубліка Польшча) – з 11 лістапада 2015 г. па 10 лістапада 2016 г. Вяшчанне «Еўрарадыё» пачалося 26 лютага 2006 г., дазвол на акрэдытацыю карпункта радыёстанцыя атрымала ў лістападзе 2009 г.

    У той жа час, яшчэ два СМІ – «Беларускае Радыё Рацыя» і тэлеканал «Белсат» –  што вяшчаюць з тэрыторыі Польшчы, ужо шмат гадоў дамагаюцца афіцыйнай акрэдытацыі сваіх журналістаў у Беларусі, але пастаянна атрымліваюць адмовы ад беларускага МЗС. Міжнародныя журналісцкія арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады адмяніць анахранічны парадак акрэдытацыі, які парушае правы людзей на доступ да інфармацыі. Прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч падчас свайго афіцыйнага візіту ў Мінск 15–16 верасня 2014 г., таксама акцэнтавала ўвагу на гэтым.

    3 лістапада стала вядома пра чарговыя спробы ціску на рэдактара газеты «Наш Магілёў» Ігара Барысава. «Пасля таго, як у міліцыі не атрымалася прыцягнуць Ігара Барысава да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, ім занялася падатковая інспекцыя», – інфармуе сайт eurobelarus.info. Па інфармацыі рэсурсу, падаткавікі апытваюць знаёмых, сяброў, а таксама іншых грамадзян, якія мелі справу з журналістам. 28 кастрычніка ў кватэру Барысава пад выглядам «сезоннага агляду камунікацый» хацеў трапіць невядомы чалавек, які назваўся старэйшым майстрам ТДА «Камунальнік». Нікога з суседзяў Барысавых у гэтай справе не турбавалі, і ў офісе ТДА «Камунальнік» не змаглі прадаставіць плана «сезоннага агляду кватэр».

    4 лістапада Гродзенскаму фрылансеру, сябру ГА «БАЖ» Алесю Дзянісаву забаранілі здымаць у Гродзенскай выставачнай зале адкрыццё выставы французскай падарожніцы і фатографа Франсуазы Юг’е. Дырэктарка выставачнай залы Ірына Сільвановіч не дазволіла Алесю Дзянісаву ўвайсці ў памяшканне. Між тым, прадстаўнікі іншых незалежных СМІ змаглі прысутнічаць на мерапрыемстве без перашкодаў.

    Нагадаем, што менавіта спн. Сільвановіч разам з мужам, мастаком Аляксандрам Сільвановічам, у жніўні 2015 г. вымушаныя былі выступаць сведкамі ў судзе над фрылансерамі Алесем Дзянісавым і Аляксандрам Кіркевічам. Тады журналістам прысудзілі па 25 базавых велічынь штрафу за тое, што яны знялі для «Белсату» матэрыял пра выставу лялек літоўскіх майстроў. (Выстава адбывалася ў той жа зале.)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці