Як атрымліваць кайф ад футбола, застаючыся журналістам? Гутарка са Змітром Міцкевічам
Журналіст тэлеканала «Белсат» атрымаў трэнерскую ліцэнзію УЕФА катэгорыі С і плануе займацца аналітыкай гульні. Што прымусіла медыйшчыка ўшчыльную заняцца справамі футбольнымі? БАЖ пагутарыў са Змітром Міцкевічам.
«Футбол немагчыма аддзяліць ад майго жыцця»
Былы журналіст «Нашай Нівы», а цяпер – тэлеканала «Белсат» Зміцер Міцкевіч мэтанакіравана акунуўся ў вір футбольнага жыцця. Ён атрымаў трэнерскую ліцэнзію УЕФА катэгорыі С і паспяхова закончыў гадавы курс тактычнага аналізу ў футболе ў онлайн-школе «Барселоны». «Спадзяюся, мая прыгода з цудоўнай гульнёй працягваецца, ды будзе доўгай і цікавай», — напісаў журналіст на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
Гэты тэкст быў створаны, дзякуючы дапамозе нашых чытачоў! Падтрымайце БАЖ на Patreon!
— Вы ў свае 35 дабраахвотна вырашылі змяніць сваё жыццё. Што стала таму прычынай: незадаволенасць журналістыкай, а можа, патрэба рэалізаваць дзіцячую мару?
— Дзіцячая мара — сапраўды адзін з фактараў. Я з футболам іду праз усё жыццё, яго немагчыма аддзяліць ад мяне: з 6–7 годзікаў, як я пачаў за гульнёй назіраць.
І ў дзяцінстве, і падлеткам заўсёды прыходзіў на мазырскі стадыён «Юнацтва» перад матчамі і дапамагаў абслугоўваць матчы. Мне заўсёды хацелася быць бліжэй да працэсу.
На прафесійным узроўні ў футбол я не гуляў, але ў дзяцінстве правёў вельмі многа часу на заўзятарскім сектары і глядзеў футбол адтуль. Пасля быў час спартовай журналістыкі, у якой я таксама трохі папрацаваў. Пазней я ўладкаваўся ў маю ўлюбёную мазырскую «Славію».
Усё гэта было са мной. А цяпер я проста спрабую перайсці на новы ўзровень і знайсці сабе новае месца ў любімай гульні. Я бачыў пэўныя нішы, якія не з’яўляюцца мэйнстрымавымі, іх даследуе няшмат людзей (а ў Беларусі яны практычна адсутнічаюць), і мне захацелася паспрабаваць сябе.
— Якім чынам вы патрапілі на вучобу? Відаць, усё ж аднаго жадання мала?
— Пасля пераезду, ужо ў Польшчы, я спрабаваў пісаць аналітычныя тактычныя разборы, то-бок футбольную аналітыку, праўда, на аматарскім узроўні. Канешне, тэксты атрымліваліся дылетанцкімі, але маё імкненне да пільнага вывучэння гульні яны аформілі. Сябра падказаў мне анлайн-школу «Барселоны», у прынцыпе, гэта даволі даступная опцыя. Але асноўны масіў даследаванняў, дата-аналіз выходзяць на англійскай мове, так што яе веданне мне вельмі дапамагло.
А пасля з’явілася магчымасць прайсці і трэнерскія курсы катэгорыі С. Катэгорыі УЕФА уяўляюць сабой розны ўзровень прафесійнай кваліфікацыі трэнераў. Я ўзабраўся толькі на першую прафесійную прыступку, з дзецьмі працаваць не планую, бо мяне найперш цікавіць аналітыка, выкарыстанне вялікіх дадзеных у футболе.
Зараз увесь спорт вялікіх дасягненняў, у тым ліку і футбол, завязаныя на вялікіх аб’ёмах дадзеных, на аналізе інфармацыі.
— Якія дзверы вам адчыняе трэнерская катэгорыя С?
— Яна дазваляе працаваць асістэнтам трэнера ў прафесійных футбольных клубах, быць першым трэнерам у аматарскіх камандах, а таксама дазваляе трэніраваць дзяцей ад 6 да 13 гадоў у футбольных акадэміях.
«Маё захапленне футболам не ўплывае на журналістыку»
— Ці маеце ўжо канкрэтныя планы на сваю футбольна-трэнерскую кар’еру?
— Мая асноўная праца – журналістыка, якой і прысвячаю асноўную частку часу. Але таксама сачу за дзвярыма, якія адкрываюцца на трэнерскім шляху. У мяне ёсць планы па далейшай вучобе, таму што я ўзабраўся толькі на першую прыступку. Менавіта зараз цікаўлюся не нейкай вокамгненнай магчымасцю папрацаваць (хаця гэта было б цудоўна), але трэба засвоіць большы аб’ём інфармацыі, каб перайсці на вышэйшы ўзровень.
Ёсць цудоўны фільм Moneyball, зняты паводле кнігі Майкла Льюіса «Moneyball. Як матэматыка змяніла самую папулярную спартыўную лігу ў свеце», выдадзенай у 2003 годзе. Гэта кніга якраз пра неад’емную ролю аналітыкі і статыстыкі ў спорце. Тактычны аналіз таго, што адбываецца на футбольным полі, плюс статыстычны аналіз, іх трактоўка – гэта цэлая навука.
— На «Белсаце» ведаюць пра незвычайны паварот у вашым жыцці?
— Я нікуды не сыходжу, проста паралельна вучуся рабіць штосьці іншае. Пашыраю кампетэнцыі свайго хобі і надаю яму крыху больш часу, але на маю асноўную працоўную дзейнасць гэта пакуль ніяк не паўплывае.
— Вы выказалі вялікую падзяку сваёй сям’і і блізкім людзям за падтрымку падчас вучобы. Цяжка далася?
— Найперш вучоба вымагае часу, якога заўсёды не хапае, асабліва калі ты маеш сям’ю, дзяцей. Мае блізкія людзі бачылі, якім шчаслівым робіць мяне гэты занятак. Я сапраўды гэта люблю, таму падтрымка блізкіх людзей вельмі важная.
Калі назіраеш за футбольным матчам, ты спрабуеш выбудоўваць паралельныя стратэгіі і тактыкі той ці іншай гульні. Часам глядзіш і думаеш: на месцы трэнера я зараз зрабіў бы гэта; бабах — і трэнер робіць менавіта тое, што ты падумаў.
Больш за тое, у замежных СМІ (англійскіх ці італьянскіх) вельмі развітая футбольная аналітыка публіцыстычныга характару — журналісты даходліва тлумачаць сваім чытачам сутнасць таго, што адбываецца на футбольным полі. На Захадзе гэта вельмі папулярна: усе абмяркоўваюць, пра гэта гавораць.
У Беларусі зараз такога проста не існуе. Увогуле ў Беларусі з любой аналітыкай зараз вялікія праблемы з‑за відавочных прычын. І ўвогуле з краіны з‑за санкцый сышлі статыстычныя кампаніі, натуральна, цяпер некаму збіраць інфармацыю, даступную трэнерскім штабам.
Я з цяжкасцю ўяўляю, як цяпер трэнеры могуць працаваць на сур’ёзным узроўні, бо без вялікай колькасці інфармацыі сучасны трэнер як без рук. Магчыма, існуюць нейкія альтэрнатыўныя метады збору дадзеных (але я пра іх не ведаю). У любым выпадку адсутнасць выхаду на міжнародны рынак вельмі кеспка адбіваецца на развіцці беларускага футбола.
«За шчасце было б убачыць Лігу чэмпіёнаў у Мазыры»
— То-бок, вы бачыце магчымасць спалучыць абедзве прафесіі: працаваць футбольным аналітыкам і адначасова далей займацца журналістыкай?
— Усё залежыць ад сітуацыі, ад развіцця падзей. Мне цікава і тое, і тое. Пакуль я толькі вучуся.
Канешне, працу ў трэнерскім штабе футбольнага клуба не заменіць нічога: гэта пэўны адрэналін і зусім іншы ўзровень цікавасці і адказнасці. Гэта тое ж самае, што пісаць пра палітыку і непасрэдна рабіць палітыку: калі ты варочаеш зусім іншымі аб’ёмамі інфармацыі, калі ты сам прымаеш рашэнні, а затым пажынаеш іх вынік. Мне здаецца, што гэта прыносіць куды больш асалоды: ты сам знаходзішся ўнутры працэсу, пастаянна развіваешся.
А самае класнае ва ўсім гэтым — адчуванне калектыву: ты камунікуеш, ты дзелішся ведамі і адначасова назіраеш за рэалізацыяй тваіх ідэй. Я праходзіў стажыроўку ў межах майго навучання, у меня была магчымасць паглядзець, як гэта адбываецца ў польскіх футбольных клубах: я кайфаваў. Гэта вельмі класны досвед.
— Вы многа гаворыце пра мазырскую «Славію» і адначасова вучыцеся на трэнера. Вы звязваеце сваё трэнерскае жыццё (калі яно складзецца, канешне) менавіта з родным клубам?
— Я дагэтуль не ведаю, ці прыдатны да прафесіі трэнера: у мяне няма прафесійнага досведу. Аналітыка — гэта трохі іншае: праца з выбудоўваннем стратэгіі, з аналізам таго, што адбываецца, і данясеннем атрыманай інфармацыі да трэнерскага штаба. А што трэнерская каманда будзе рабіць з атрыманай інфармацыяй — гэта ўжо іхняя справа.
З іншага боку, калі я з самага дзяцінства заўзеў за мазырскую «Славію» і шмат гадоў правёў у розных іпастасях каля гэтага клуба і ўнутры яго — ў ролі прэс-аташэ і дапамагаў працаваць з заўзятарамі, — то для мяне было б вялікім гонарам калі-небудзь там папрацаваць.
Канешне, мара любога фаната – вярнуцца ў родны клуб. Было б крута — чарговы раз убачыць Лігу чэмпіёнаў у Мазыры. Напэўна, гэта можна было б назваць шчасцем.