• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як расійская прапаганда атакуе Беларусь і Украіну? Сабралі вынікі даследавання

    Галоўным інструментам расійскай прапаганды і ва Украіне, і ў Беларусі з пачатку паўнамаштабнай вайны з’ўяляюцца тэлеграм-каналы. Да такой высновы прыйшлі эксперты даследавання «Уварванне свядомасці: 2 гады зламысных інфармацыйных аперацый ва Украіне і Беларусі». Яго прэзентацыю арганізавалі грамадскія аб’яднанні БАЖ і «Інтэрньюз-Украіна».

    расійская прапаганда ў Беларусі

    Удзельнікі прэзентацыі даследавання «Уварванне свядомасці: 2 гады зламысных інфармацыйных аперацый ва Украіне і Беларусі». Ліпень 2024 года. Скрыншот відэа

    Страх і сакрэтнасць: на чым іграюць прапагандысты

    Сузаснавальнік і аперацыйны дырэктар Lets­Da­ta Ксенія Ілюк адзначыла, што было  прааналізавана 2 мільёны публікацый. У даследаванне ўвайшлі тэксты, як змешчаныя на сайтах,  так і ў сацсетках і месэнджэрах. Па выніку чаго выяўленыя 268 актыўных ігракоў на полі інфармацыйнай вайны. Прычым Telegram у абедзвюх краінах (і ва Украіне, і ў Беларусі) стаў ключавой крыніцай інфармацыйных спецаперацый. Варта адзначыць, што істотная частка прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў з’яўляюцца ананімнымі.

    Безумоўна, сляды інфармацыйнай вайны засталіся і ў Face­book, і ў YouTube. Іншая справа, што ў гэтых крыніцах інфармацыя часта падвяргаецца мадэрацыі, што і паўплывала на маштабы распаўсюджвання прарасійскіх наратываў.

    Да паўнамаштабнага ўварвання большасць інфармацыйных атак на інфаполі Украіны праводзілася па-руску, але ўжо пасля 24 лютага 2022 года яны рэзка перайшлі на ўкраінскую мову.

    Так уяўляе сабе расійскую прапаганду radiosvoboda.org

    Журналістка Звеніслава Шчэрба расказала, што расійскія прапагандысты іграюць на страху і ўздзеянні нечага невядомага, засакрэчанага. Усе памятаюць фэйкі пра «амерыканскія біятэхналагічныя лабараторыі ва Украіне», пра нейкія таемныя мірныя перамовы, з якіх Украіна выключана. Ды закіды пра быццам бы пераход краіны пад знешняе ўпраўленне ЗША.

    Апошняя канспіралагічная тэорыя ўключае ў сябе мноства іншых наратываў. Напрыклад, пра тое, што ўладу ва Украіне пасля Рэвалюцыі Годнасці ў 2014 годзе захапілі ілюмінаты. Ці што гэта ЗША ды іншыя краіны Захаду правакуюць вайну, нажываючыся на ёй. І агульная ідэалагема, што Украіна з’яўляецца калоніяй Захаду, з‑за чаго няздольная прымаць уласныя рашэнні, — адзначае Звеніслава Шчэрба.

    Даследаванне выявіла чатыры галоўныя наратывы, звязаныя з канспіралагічнымі тэорыямі.

    • Украіна знаходзіцца пад знешнім кіраваннем ЗША.
    • «Калектыўны Захад» на базе Украіны стварае нацыстскі праект «Антырасія».
    • Захад будзе працягваць вайну супраць Расіі, бо яму гэта выгадна.
    • Захад плануе ваяваць ва Украіне да апошняга ўкраінца, і што Захад плануе скараціць колькасць славян да 10 мільёнаў чалавек. Гэтая падманная тэорыя набыла моцнае гучанне з лютага 2024 года.

    Як мяняецца рыторыка пра перамовы

    Асабліва жывучы наратыў на працягу ўсіх 2 гадоў — правядзенне таемных мірных перамоў без удзелу Украіны.

    Журналіст Уладзіслаў Фарапонаў адзначае, што рыторыка мае многа агульнага з канспіралагічнымі тэорыямі.

    Спачатку закідваецца месэдж з крыніц высокага ўзроўню (Пуціна, ягонага прэс-сакратара ці Марыі Захаравай з МЗС РФ), затым яго транслююць іншыя актары як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя. Як і ў выпадку з канспіралагічнымі тэорыямі, адныя і тыя ж месэджы яны транслююць як праз расійскія крыніцы, так і праз прарасійскіх актараў ва Украіне.

    Сёлета актуалізавалася тэма мірных перамоў. На гэтым фоне Расія заяўляе, што ўжо не толькі ЗША (як заяўлялася ў 2022 годзе), але і Вялікабрытанія, Францыя, Германія вымусілі Украіну адмовіцца ад стамбульскага пагаднення.

    Журналіст адзначае пэўную эвалюцыю тэзы: Расія проціпастаўляе сябе не толькі ЗША, а ўвогуле калектыўнаму Захаду, і разглядае «гэтую вайну як вайну супраць калектыўнага Захаду».

    Заходнія спецслужбы выкарыстоўваць закон аб двайным грамадзянстве, каб пашырыць свой уплыў ва Украіне, а Украіна пад ціскам Захаду распачала наступ і нібыта заходнія партнёры ціснуць на Украіну з мэтай правесці выбары. У нашым даследаванні больш за 2 мільёны кейсаў прапаганды, пералічаныя прыклады – найбольш памятныя і самыя неадназначныя, — падкрэсліў Уладзіслаў Фарапонаў.

    Украіна – ахвяра, Расія – агрэсар, Беларусь – і ахвяра, і суагрэсар

    Medi­aIQ у траўні 2024 года правяла даследаванне тэлеграм-каналаў адносна інфармацыйных маніпуляцый, у тым ліку і крамлёўскіх. Аналітыкі зафіксавалі сінхранізацыю беларускай дзяржаўнай і расійскай крамлёўскай прапаганды. Але гэта не поўнае зліццё: у пэўныя моманты яны не супадаюць.

    Старшы аналітык Medi­aIQ Паўлюк Быкоўскі адзначае, што даследчыкі праманіторылі 49 найбольш папулярных тэлеграм-каналаў у беларускім сегменце – праўладных і незалежных. У краіне існуе выразны падзел на тое, што кантралюецца ўладай, а што з’яўляецца незалежным.

    Паўлюк Быкоўскі. Скрыншот відэа

    27% кантэнту ад усёй выбаркі датычылася вайны ва Украіне, прычым зараз доля такіх тэкстаў трохі зменшылася ў параўнанні з 2022 годам.

    Цэнтральныя наратывы пра вайну размеркаваныя наступным чынам: «расійска-ўкраінская вайна», затым ідуць міжнародныя падзеі (Захад пастаўляе зброю Украіне), унутраныя падзеі ва Украіне, унутраныя падзеі ў Расіі, тэхналагічны аспект вайны, атака на расійскую тэрыторыю (інфраструктуру), атакі на ўкраінскую тэрыторыю (інфраструктуру). Астатнія наратывы набралі менш за 3%, таму ўвага на іх не акцэнтуецца.

    Беларускія стваральнікі кантэнту даволі вялікую ўвагу звяртаюць на тое, што адбываецца ў Расіі. Наратывы пра атакі на расійскую тэрыторыю (інфраструктуру) сустракаюцца часцей, чым пра атакі на ўкраінскую тэрыторыю – розніца складае больш за 1%, — адзначае Паўлюк Быкоўскі.

    Эксперт адзначае істотныя разыходжанні кантэнта праўладных і незалежных тэлеграм-каналаў.

    Праўладныя каналы часцей транслююць наратывы, якія падтрымліваюць расійскую пазіцыю або крытыкуюць Украіну і Захад: яны акцэнтуюць увагу на нібыта правальнай мабілізацыі ва Украіне, дыскрэдытуюць кіраўніцтва Украіны або нават саму дзяржаву.

    Але адначасова сустракаюцца і супрацьлеглыя выпады: ёсць выпадкі, калі незалежныя СМІ смяюцца з таго, як недэмакратычна абраны кіраўнік Расіі выказваецца наконт легітымнасці або нелігітымнасці кіраўніка Украіны.

    Як малююцца ўдзельнікі вайны?

    Украіна часцей прадстаўлена як ахвяра, вельмі рэдка – як агрэсар, але такія публікацыі таксама ёсць. Расія рэдка прадстаўлена як ахвяра, і вельмі часта як агрэсар. Беларусь пададзена дваіста: у некоторых публікацыях як ахвяра, у іншых як суагрэсар у вайне супраць Украіны. Нібыта ва Украіне ідзе проксі-вайна, і ў гэтым кантэксце Беларусь падаецца як саюзнік Расіі. Краіны НАТА рэдка прадстаўлены як патэйныя ахвяры расійскіх пагроз, але даволі часта характарызуюцца як агрэсары. Асаблівая ўвага ўдзяляецца цывільнаму насельніцтву, якое нязменна паказваецца як ахвяра канфліктаў, незалежна ад краіны. А ўсё гэта разам паказвае на істотнае падзяленне інфармацыйнай прасторы.

    Варта дадаць, што пралукашэнкаўскія і прарасійскія каналы актыўна рэпосцяць адзін аднаго, а незалежныя каналы робяць гэта даволі рэдка.

    Нацыянальныя асаблівасці беларускай прапаганды

    Андрэй Бастунец. Скрыншот відэа

    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец распавёў пра расійскую прапаганду і пракрамлёўскія наратывы на тэлебачанні.

    БАЖ у лютым 2024 года праводзіў маніторынг прарасійскай і антызаходняй прапаганды на трох вядучых беларускіх тэлеканалах: «Беларусь 1», АНТ і СТВ. Сярод іншага вымяраліся колькасць і час паказу на гэтых каналах тэлепрадукцыі, вырабленай у Расіі ці з яе ўдзелам, у прайм-тайм (з 19.00 да 24.00).

    На «Беларусь 1» тэлепрадукцыя, вырабленая у Расіі ці з яе ўдзелам, складала 25,7% сюжэтаў ці 57,13% эфірнага часу, на АНТ — 59,2% і 45,9% адпаведна, на СТВ 22, 3% і 48,2%.

    Гэта вялікія лічбы, але ў параўнанні з сітуацыяй у 2019–2020 гадах, гэты час крыху паменшыўся на двух з трох тэлеканалах, — канстатаваў Андрэй Бастунец.

    Што да якаснага вымярэння, то доля менавіта расійскага вяшчання і ягонана ўплыву на беларускім тэлебачанні крыху зменшылася.

    Маніторцы вывучалі таксама галоўныя прарасійскія і антызаходнія наратывы, якія агучвае беларускае тэлебачанне падчас выніковых інфармацыйных перадач дня (гаворка пра кантэнт беларускай вытворчасці).

    Сярод сюжэтаў з такімі наратывамі (больш за траціну ад усіх сюжэтаў, а дакладней 34–38%) ад 10 да 17% насілі выразна антыўкраінскі характар. А перадачы з антызаходнімі, антызаходнімі, антыўкраінскімі наратывамі, разам з перадачамі, у якіх нагняталася ваенная істэрыя, займалі ад 60% да 70% ад усяго аб’ёму перадач.

    Лукашэнка спіць і бачыць сябе Чынгізханам. Падчас візіту ў Манголію. Фота: president.gov.by

    Андрэй Бастунец зрабіў кароткія высновы з маніторынгу:

    — Уласна расійская тэматыка ў вечаровых навіновых перадачах займала крыху меншае месца, чым у 2019–2020 годзе. Але тым не менш прысутнічае вялікая колькасць прарасійскіх наратываў — і гэта найперш адносіцца да тэмы вайны, адносінаў да Украіны і краінаў Захаду. Гэтая прапаганда хоць і падаецца падобнай на пракрамлёўскую, але ўсё ж мела нацыянальныя асаблівасці. Гэта звязана з павелічэннем культа асобы Лукашэнкі, якога паказвалі як дасведчанага палітыка, які не толькі захаваў мір у Беларусі, але і спрабуе не дапусціць новай сусветнай вайны.

    Факты саўдзелу беларускага рэжыму ў вайне супраць Украіны ігнаруюцца — з мэтай стварыць вобраз краіны-міратворцы, якая не ўступае ў ваенныя канфлікты, «хаця танкі НАТА і бразгаюць гусеніцамі на беларускай мяжы». Заходнія краіны паказваюцца як дэградуючыя, якія не прымаюць мер па падтрымцы сваіх грамадзян ва ўмовах крызісу ў эканоміцы, што настаў з‑за ўвядзення санкцый супраць Расіі і Беларусі. А Амерыка паказваецца як лялькавод, якому падпарадкоўваюцца і Еўропа ў цэлым, і Украіна ў прыватнасці.

    Апошнія месяцы відавочнай стала сакралізацыя савецкага мінулага і спекуляцыі на тэме Другой сусветнай вайны. Яе прапаганда называе «Вялікай Айчыннай вайной» з акцэнтам на «генацыд беларускага народа», які быццам бы ажыццяўлялі краіны Захаду, найперш Германія і нават Украіна.

    У лічбавай прасторы адбываецца павелічэнне колькасці зламысных актыўных актараў – ад 44% у красавіку да 52% у траўні-чэрвені. Прычым эфектыўнасць іх працы павялічваецца, пра што сведчыць колькасць праглядаў і рэакцыі на публікацыі.

    Апошнія тры месяцы асноўнымі тэмамі з’яўляліся паглыбленне ваеннага саюза Беларусі і Расіяй, у тым ліку ў звязку з нібыта размяшчэннем расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі; узрастаючы, нягледзячы на санкцыі, эканамічны патэнцыял дзвюх краінаў; нацыянальныя скрэпы, звязаныя з «вялікай перамогай», а таксама з Днём незалежнасці, які ў чэрвені адзначаўся ў Беларусі.

    Плюс абвінавачанні на адрас Захаду, які «распальвае» вайну ва Украіне. Фактычна мы бачым той жа набор наратываў, што і ва ўкраінскіх лічбавых медыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці