• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная вайна: хто ў Беларусі распаўсюджвае расійскія фэйкі і дэзінфармацыю

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец і медыяэксперт Міхаіл Дарашэвіч падзяліліся вынікамі апошніх даследаванняў беларускага медыйнага поля: хто і як у Беларусі распаўсюджвае расійскую прапаганду.

    Андрэй Бастунец Міхаіл Дарашэвіч расійская прапаганда

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец і медыяэксперт Міхаіл Дарашэвіч. Калаж: БАЖ

    «Амаль палову ўсяго эфіру беларускага тэлебачання займаюць расійскія перадачы»

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец напачатку абмаляваў агульную карціну з незалежнымі медыямі ў Беларусі:

    — Амаль усе вядучыя медыі вымушаныя з’ехаць з краіны, іхнія сацсеткі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а самі выданні — «экстрэміцскімі фарміраваннямі», што само па сабе з’яўляецца падставай для крымінальнага пераследу, — адзначыў старшыня БАЖ.

    Мэта «новай інфармацыйнай палітыкі» беларускага рэжыму — адвадзіць аўдыторыю ад незалежных СМІ. У Беларусі ўзбуджалі больш за 5 тысячаў  cправаў па «экстрэмісцкіх злачынствах» — пераважна за дзеянні  ў інтэрнэце.

    Беларускія ўлады выцясняюць незалежныя медыі з беларускай медыяпрасторы, а іхняе месца (якое, як вядома, ніколі пустым не бывае) займаюць прарэжымныя, прарасійскія і дзяржаўныя медыі.

    У Беларусі дзяржава захавала манаполію на тэлебачанне (прыватызацыі медыяў у Беларусі, у адрозненне ад шмат якіх краін постсавецкай прасторы, не адбылося наогул). Таму дзяржаўнае тэлебачанне сёння і выступае ў якасці галоўнага рупара прапаганды.

    БАЖ з 2019 года праводзіць маніторынгі прарасійскай прапаганды беларускіх тэлеканалаў. У лютым 2024 года было праведзенае чарговае даследванне, пад якое трапілі «Беларусь 1», АНТ і СТВ. 

    Сярод іншага вымяраліся колькасць і час паказу на гэтых каналах тэлепрадукцыі, вырабленай у Расіі ці з яе ўдзелам, у прайм-тайм (з 19.00 да 24.00).

    На «Беларусь 1» тэлепрадукцыя, вырабленая у Расіі ці з яе ўдзелам, складала 25,7% сюжэтаў, ці 57,13% эфірнага часу, на АНТ — 59,2% і 45,9% адпаведна, на СТВ – 22, 3% і 48,2%.

    Гаворка ідзе не толькі пра інфармацыйныя перадачы, але і пра расійскія фільмы, канцэрты, іншую забаўляльную прадукцыю, якія ствараюць для гледача  фон успрыняцця.  Лічба атрымалася больш чым красамоўная: каля 50% прайм-тайма беларускіх тэлеканалаў займала расійская прадукцыя.

    БАЖ Андрэй Бастунец

    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Фота: БАЖ

    Але, як ні падаецца дзіўным, за апошнія гады гэтыя паказчыкі крыху знізіліся.

    На «Беларусь 1» колькасць расійскага кантэнту складала 63% у 2019 годзе, 63,6% — у 2020, і 57, 13% — у 2024 годзе. На АНТ сітуацыя па гадах размеркавалася наступным чынам: 72% — у 2019 годзе, 79% — у 2020 годзе, 45,9% — у 2024 годзе, на СТВ: 47% (2019 год), 56% (2020 год), 48,2% (2024 год).

    Маніторцы вывучалі таксама галоўныя прарасійскія і антызаходнія наратывы, якія агучвае беларускае тэлебачанне падчас выніковых інфармацыйных перадач дня. Сярод сюжэтаў з такімі наратывамі (больш за траціну ад усіх сюжэтаў, а дакладней 34–38%) ад 10 да 17% насілі антыўкраінскі характар. А самае «віднае» месца займала прапаганда, скіраваная супраць так званага «калектыўнага Захаду» — амаль палову ўсяго кантэнту.  

    Звычайная стужка беларускага тэлебачання, якая тычылася менавіта Украіны, выглядала прыкладна так: вайна ва Украіне – гэта вайна Захаду супраць Расіі; Украіна пазбаўляецца міжнароднай падтрымкі, бо на Захадзе хапае і ўласных праблем; Захад, СБУ ды беглыя хочуць захапіць беларускія землі.

    «Антызаходнія» сюжэты разам з «антыукраінскімі» сюжэтамі у выніковых навінавых перадачах  займалі на трох тэлеканалах ад 57 да 70% (ад усіх сюжэтаў з прапагадысцкімі наратывамі).

    Ад 30 да 42% ад колькасці такіх сюжэтаў складалі сюжэты з месэджамі кшталту «Беларусь не зламіць санкцыямі», «Беларусь разам з Расіяй», «Агульная памяць, агульная перамога».

    «Прапагандысты вельмі любяць і ўжываць, і распаўсюджваць фэйкі»

    Медыяэксперт Міхаіл Дарашэвіч расказаў пра распаўсюджванне расійскіх наратываў у мэсэнджарах і сацсетках. Высновы зробленыя на падставе даследавання медыяспажывання беларускай інтэрнэт-аўдыторыі ў краіне і за мяжой, якое было праведзена ў верасні-кастрычніку 2023 года па ініцыятыве Кааліцыі па лічбавых навыках і Беларускай нацыянальнай платформы.

    Напрыклад, даследчыкі выявілі істотную розніцу ў медыяспажыванні інфармацыйнага кантэнту асноўнымі цэнтрамі беларускай эміграцыі (Польшча, Літва, Грузія), і жыхарамі ўнутры Беларусі.

    Міхаіл Дарашэвіч, фота з асабістай старонкі ў Face­book

    З якіх крыніц мы часцей за ўсё чэрпаем інфармацыю? Самай папулярнай крыніцай аказаўся YouTube, на другім месцы — сайты і СМІ ў інтэрнэце, на трэцім — сацыяльныя сеткі, і толькі на чацвёртым месцы знаходзяцца тэлеграм-каналы ды іншыя мэсэнджары.

    А вось безумоўным лідарам сярод мэсэнджараў з’яўляецца Telegram: 65% беларускай эміграцыі і 66% аўдыторыі з Беларусі аддаюць перавагу інфармацыі менавіта з тэлеграм-каналаў.

    Агульная для ўсіх беларусаў пяцёрка лідараў сярод мэсэнджараў выглядае так: Telegram, Viber, What­sApp, Face­book, Dis­cord.

    Адказы на пытанне «Ці ёсць крыніцы інфармацыі, якім вы давяраеце больш, чым астатнім? І калі так, то якім менавіта?» выявілі сумную тэндэнцыю: кожны чацвёрты апытаны не давярае ніякім крыніцам.

    Рэспандэнты лічаць, што галоўнымі крыніцамі распаўсюджвання фэйкавай і ілжывай інфармацыі з’яўляюцца сацсеткі, тэлебачанне, сайты і СМІ ў інтэрнэце, YouTube.

    Па колькасці падпісчыкаў лідарства трымаюць «таксічныя тэлеграм-каналы». Аднак медыяэксперт патлумачыў гэта тым, што ў Беларусі «рэкамендуецца падпісвацца «на таксічныя каналы», каб не быць затрыманым сілавікамі». То-бок, умоўна кажучы, падпіска на «Пул первого» павінна служыць ахоўнай граматай ад сілавікоў.

    Увогуле, як канстатаваў Міхаіл Дарашэвіч, прапагандысты вельмі любяць ужываць словы «фэйк» і «дэзінфармацыя», і адначасова з’яўляюцца галоўнымі распаўсюджвальнікамі хлуслівай інфармацыі.

    Цягам 2023 года са словам «фэйк» выяўлены 3 220 публікацый, з «дэзінфармацыяй» — 1 184 публікацыі. Часцей за ўсіх слова «фэйк» выкарыстоўваў тг-канал ЖС Pre­mi­um — 140 разоў за год. Увогуле слова «фэйк» ужывалі 565 каналаў, а пасты з ім сумарна набралі 31 659 237 праглядаў. Часцей за ўсё яно фігуравала пры асвятленні падзеяў у беларускім дэмакратычным лагеры, падзеяў ва Украіне, у паведамленнях пра тэракт у Ізраілі.

    На пытанне пра тое, незалежныя медыя ці дзяржаўная прапаганда больш уплываюць на беларусаў, Міхаіл Дарашэвіч не змог  адказаць упэўнена. І вось чаму:

    — Гэта вайна, інфармацыйная вайна, яна прымае гібрыдныя формы. У распараджэнні дзяржавы — тэлебачанне і радыё, у той час як у апанентаў — толькі інтэрнэт, — тлумачыць медыяэксперт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці