Як у бягучых умовах журналісты засноўваюць уласныя медыя: распавядаем на прыкладзе Not Today
Усплёск рэпрэсій 2020 года ўзмацняецца і па сёння, таму беларускія незалежныя медыя трапілі ў надзвычай уразлівае становішча. У той жа час менавіта гэты траўматычны досвед падштурхнуў журналістку Марту-Дарыю Клінаву распачаць новы лакальны медыяпраект. БАЖ даведаўся, як дзяўчыне ўдалося ўласнымі сіламі запусціць медыя ў здавалася б неспрыяльныя для гэтага часы.
«Сорамна казаць, што табе кепска ў Варшаве»
Not Today media паўстала ў 2023 годзе.
— Ідэя нарадзілася з уласнага досведу, — тлумачыць Марта. Дзяўчына пакінула Беларусь, асцерагаючыся пераследу, і пэўны час жыла ды працавала ў Кіеве.
— Літаральна за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнай вайны я паехала ў Польшчу на курсы, павінна была неўзабаве вярнуцца. 24 лютага зразумела, што нікуды я ўжо не вярнуся. Скончыліся курсы, а ў мяне ні сталай працы няма, ні грошай, нічога ўвогуле няма. Было даволі цяжка. У майго суаўтара была аналагічная сітуацыя.
З іншага ж боку дзящчыне пра гэта было нейк няёмка распавядаць: ідзе вайна, людзі трапляюць у больш жахлівыя гісторыі.
— Сорамна казаць, што табе кепска ў Варшаве. Трапляеш у пастку пачуцця віны праз гэта, — успамінае Марта. — Але калі я паразмаўляла з сябрамі, то зразумела, што мая сітуацыя не ўнікальная. Большасць людзей, што выязджалі ў 2022 годзе таксама апынуліся ў вельмі няпростых умовах: вайна і іншныя палітычныя крызісы абвастраюць шэраг праблем. Такіх як сацыяльная няроўнасць, дыскрымінацыя, беднасць. Людзі якія і так былі ва ўразлівай групе, сутыкаюцца з яшчэ большымі цяжкасцямі.
Журналістка падкрэслівае, што згодна з класіфікацыяй ААН вымушаныя эмігранты — адна з уразлівых груп. Але на фоне вайны, фармуецца іншая павестка, адпаведна азначаная тэма мала асвятлялася ў буйных медыя.
— Я разумела, што мне вельмі не стае такой пляцоўкі, дзе і душу можна раскрыць, і нейкую параду атрымаць. Мяне асабіста такія гісторыі падтрымлівалі. Таму я лічу, што гэта вельмі карысна. Так уласна і ўзнікла ідэя. Спачатку мы яе проста абмеркавалі, падумалі, што ідэя сапраўды класная, але без грошаў не атрымаецца нават пачаць.
А калі распавялі сябрам, усе вельмі моцна падтрымалі, у выніку на ўсе святы замест падарункаў мне дарылі грошы — гэта было як данаты, сабралі за пэўны час каля 500 даляраў. Гэтага хапіла, каб стварыць першую версію сайту і заплаціць ілюстратарцы.
«Пяць артыкулаў на месяц можна пацягнуць пры любых умовах»
Цяпер жа медыяпраект існуе крыху больш за год, і нарэшце ён атрымаў фінансавую падтрымку ў выглядзе стыпендыі ад Free Belarus Center для рэалізацыі шэрагу тэмаў. Марта прыгадвае, як наважылася яго распачаць:
— Я хутчэй думала не столькі пра праект, колькі пра магчымасць выказацца. Таксама на моманце прыдумкі ў мяне не было працы, а навакол адбывалася столькі жахлівых і сумных падзей. Мне трэба было мець аддушыну, каб субліміраваць негатыўную энергію. Гэта і дапамагала. Калі людзі вакол казалі, што ідэя класная — гэта надавала веры. Мы адразу ўзялі такі фармат, каб моцна не выгараць. Падлічылі, што пяць артыкулаў на месяц можна пацягнуць пры любых умовах. Сапраўды, пачынаючы з нуля вельмі важна адэкватна разлічыць свае сілы!
На сёння ж справы ідуць адносна няблага: амаль за год існавання ўпершыню атрымалі не тое каб фінансаванне, але стыпендыю для рэалізацыі праекта, змаглі пакрыць некаторыя выдаткі, аплаціць перанос сайту.
Гэта прарыў, бо пэўны час функцыянавалі ўвогуле без фінансавання — гэта вельмі няпроста.
— Праз брак досведу першы наш сайт стварылі на Tilda, а ў працэсе я даведалася, што хоць серверы Tilda ў Ірландыі, але сам стваральнік з Расіі. Я вырашыла, што гэта не ок. Таму, як толькі з’явілася магчымасць, то з дапамогай ФБЦ перанеслі сайт на WordPress.
«Пасля пастоў пра ЛГБТК+ у іх былі адпіскі»
NotToday — далёка не адзіная дзейнасць Марты, яна таксама працуе журналістам-фрылансерам і паспявае вучыцца ў магістратуры ў галіне гендарных даследаванняў.
— Агулам я сама па сабе кіношнік, — усміхаецца дзяўчына. — Пачыналася ўсё з кіно, потым вырашыла паспрабаваць сябе ў рэпартажах, так прыйшла ў журналістыку. Зараз акурат журналістыкай і займаюся ў асноўным, бо кіно ў цяперашніх умовах — вельмі няпростая справа.
У NotToday сама Марта рабіць усяго патроху. У рэдакцыі на сталай аснове працуе ўсяго два чалавекі. Часам нехта дадаецца: ілюстратарка, рэдактаркі — але ж часова, для пэўных задач.
— Фінансаванне дапамагае вырашыць гэтае пытанне. Адносна напаўнення ў мяне была першапачатковая ідэя кожны месяц раскрываць нейкую пэўную тэму.
У нас звычайна ёсць эксперты, дадаем два-тры артыкулы па гэтай праблеме, часам шукаем нейкіх цікавых герояў. Выходзіць недзе пяць-сем арыгінальных аўтарскіх матэрыялы па пэўнай тэме на месяц.
Пішучы пра ўразлівыя групы, медыя закранае шмат вострых тэмаў: ад залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў да гендарных пытанняў у сучасным грамадстве. Марта адзначае, што нават такія няпростыя матэрыялы аўдыторыя ўспрымае добра, бо NotToday ад самага пачатку абрала менавіта такі тэматычны спектр.
— Але калі мы публікавалі матэрыялы на тэму ЛГБТК+, я бачыла, што крышку ад нас паадпісваліся людзі. Не шмат. Не ведаю з чым гэта канкрэтна звязана, але мне падалося, што была сувязь. Я ўзгадала, што адзін анархічны паблік таксама дзяліўся назіраннямі, што пасля пастоў пра ЛГБТК+ у іх былі адпіскі.
Пытанне ж мовы перад камандай не стаяла — прынцыповай пазіцыяй для заснавальніцы было рабіць сайт і афармленне па-беларуску. Але, як яна сама прызнаецца, на пераклад матэрыялаў у бягучых умовах рэсурсаў не стае, таму была абрана наступная стратэгія: інтэрв’ю і матэрыялы пра канкрэтных герояў публікуюцца непасрэдна на той мове, якую абірае сам чалавек.
— У нейкім сэнсе гэта такое даследаванне, хто як размаўляе ў публічнай прасторы: можна нават адсотак падлічыць і зрабіць пэўныя высновы — усміхаецца журналістка.
«У выніку да нас нават прыйшоў і першы хэйтар»
У сацыяльных сетках найбольшая аўдыторыя ў медыя — у Instagram. Марта адзначае, што менавіта артыкулы на вострыя тэмы матывуюць людзей уступаць у дыскусіі, каментаваць.
— Калі мы напрыклад пісалі пра падтрымку анархістаў на фронце, пост даволі шырока разышоўся, шмат хто ім дзяліўся, набралася больш за тысячу праглядаў. У выніку да нас нават прыйшоў і першы хэйтар — не ведаю, бот ці не бот. Я не вельмі моцна разбіраюся ў алгарытмах Instagram, але, здаецца, ён лепей паказвае пасты, калі маецца высокая перыядычнасць публікацый. Таму для прасоўвання важна мець тэмп.
Ці ёсць у Марты план на час, калі скончыцца цяперашняя праграма фінансавання? Дзяўчына запэўнівае, што будзе далей нешта шукаць яшчэ.
— Як мне казалі, самае цяжкае — знайсці першае фінансаванне: цябе ніхто не ведае, табе ніхто не давярае. А калі ўжо ёсць бэкграўнд, то крышачку прасцей. Вядома, што гэта не буйныя гранты, але ўсё адно падтрымка істотная. Таксама ёсць ідэя зрабіць пэўныя калабы, бо гэта можа дапамагчы: ёсць класныя праекты, з якімі ў нас сумежныя ці агульныя тэмы, таму важна наладжваць супрацу.
Разважаючы пра перспектывы праекта, Марта адзначае, што хоча захаваць абраны фармат: не стужка навінаў, а людскія гісторыі, лонгрыды.
— Я лічу важным, каб кожная тэма была максімальна раскрытая з усіх бакоў. Калі ўмоўна бярэм нейкую ментальную хваробу, каб чытач мог з розных бакоў на гэта паглядзець: і ад асобы тых, хто перажыў, і пачуць меркаванне дактароў, экспертаў, цэнтраў дапамогі. Хацелася б публікаваць пераклады нейкіх навуковых артыкулаў — хоць пакуль на гэта няма рэсурсаў — каб быў такі навуковы аспект. Таксама для нас важна далучаць аўтараў, якія пішуць не абстрактна, а спасылаючыся на свой уласны досвед.