«Сумнеўна, што людзі туды пойдуць і панясуць тое, што самі здымаюць». Эксперты — пра «беларускі youtube»
Беларускія ўлады абяцаюць, што ўжо 12 верасня пачне працаваць нацыянальная відэаплатформа videobel.by – замена youtube, які не дагадзіў тым, што блакуе пэўны прапагандысцкі кантэнт. Новы сэрвіс робіцца, каб захаваць відэа дзяржаўных тэлеканалаў у адным месцы і даць магчымасць глядзець іх з любой кропкі свету. «Белсат» запытаўся ў экспертаў у галіне ІТ і медыя, ці сапраўды краіна можа стварыць праект, які заменіць youtube, і ці пойдуць туды гледачы і стваральнікі кантэнту.
Videobel.by: навошта?
Навіна пра тое, што ў Беларусі распрацоўваюць уласную медыяпляцоўку, з’явілася напрыканцы траўня 2024 года. Генеральная дырэктарка дзяржаўнай навінавай агенцыі БелТА Ірына Акуловіч заявіла, што адпаведны загад даў асабіста Лукашэнка.
На новым сэрвісе плануецца размяшчаць спачатку сюжэты рэспубліканскіх тэлеканаў, матэрыялы СБ Беларусь сегодня і БелТА. Пазней будуць прыцягвацца таксама рэгіянальныя СМІ, якія працуюць на афіцыйную прапаганду.
«Кіберпартызаны» праніклі ва ўнутраную сетку БелТА і знайшлі дакументы, з якіх сталі вядомымі дэталі праекту, у тым ліку, кошты на яго рэалізацыю.
У канцэпцыі стварэння Videobel.by гаворыцца, што сёння размяшчэнне відэкантэнту на Youtube робіць дзяржаўны беларускі медыясегмент уразлівым, таму што яго рэгулярна блакуюць і выдаляюць. Таму, паводле аўтараў канцэпцыі, неабходна стварыць уласны рэсурс, дзе б матэрыялы захоўваліся пастаянна і заўсёды былі даступнымі.
Пасля запуску сэрвісу ў першы год на ім мусяць прысутнічаць адначасова 3 тысячы гледачоў. На другі год працы разлічваецца не больш за 20 тысяч адначасовых падключэнняў, на піку падчас грамадска значных падзеяў – да 50 тысяч.
У пошуках распрацоўшчыка, які і зробіць «беларускі youtube» , БелТА з лета 2023 года вяла перамовы з ААТ «ИнДев Солюшенс» і правайдарам «А1» (а менавіта – з тагачасным намеснікам гендырэктара па лічбавых платформах і кантэнту «А1» Антонам Бладзікам, які яшчэ раней працаваў галоўным спецыялістам у дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі).
Ці каштуе праект 2 мільёны долараў?
«А1» ацанілі стварэнне, запуск і абслугоўванне відэахостынгу цягам году ў 600 – 700 тысяч долараў ЗША, калі браць гатовае рашэнне на базе праграмнага забяспечання «VOKA» . Аднак ужо праз месяц перамоваў «БелТА» павялічыла неабходную для запуску і эксплуатацыі медыяплатформы ў першы год суму да 1,5 – 2 мільёнаў долараў, а штогадовыя выдаткі, пачынаючы з другога года – да прыкладна 1 мільёну долараў.
Міхаіл Клімароў, ІТ-спецыяліст, дырэктар расейскай некамерцыйнай арганізацыі «Общество защиты интернета» , зазначае, што гэтая ідэя беларускіх уладаў – ужо «шосты ці сёмы забойца youtube» на ягонай памяці.
«У паветры павісае пытанне – навошта? Відавочна, каб уздзейнічаць на жыхароў Беларусі і абараніць іх ад шкоднага ўплыву Захаду. Упэўнены, што не атрымаецца. У Расеі дагэтуль не атрымлася, хоць там больш рэсурсу, людзей, магчымасцяў».
Кошт распрацоўкі відэахостынгу Міхаіл Клімароў ацэньвае ў прыкладна 100 тысяч долараў.
«Ведаючы ўсе бюракратычныя рэчы, давайце памножым на 2. Астатняе, я так разумею, будзе раскіданае па кішэнях», — мяркуе эксперт.
Датычна коштаў гадавога ўтрымання платформы, іх памер залежыць ад мэтаў праекту, зазначае спадар Міхаіл:
«Патрэбныя серверы, тэлекамунікацыйнае абсталяванне, каб туды падключаліся людзі. <…> Калі на аднаго карыстальніка будзе траціцца цэнтаў 50, тады на гэтую суму павінна быць 2 мільёны карыстальнікаў у месяц. Але гледзячы як лічыць. Для сур’ёзнага праекту, які б прэтэндаваў на нацыянальны характар, я думаю, што гэтага малавата. Каб зрабіць чарговы непрацоўны праект з незразумелымі мэтамі і задачамі, то, напэўна, гэта зашмат».
«Стварэнне за 2 мільёны долараў забойцы ютубу – гэта вельмі смешна»
Міхаіл Клімароў упэўнены – Videobel не заменіць Youtube.
«Youtube быў створаны амаль 20 гадоў таму буйнейшай ІТ-карпарацыяй у свеце, каб працаваць глабальна на ўвесь свет. І ў гэтым яго моц. Такой колькасці кантэнту, як цяпер ёсць на ютубе, вы не знойдзеце больш нідзе» .
Паводле ІТ-эксперта, сёння ніводная краіна, якая б паспрабавала стварыць свой суверэнны ютуб, не зможа гэтага зрабіць, бо не здолее агрэгаваць у сябе ўвесь кантэнт.
«Застанецца толькі красці, як робіць большасць расейскіх платформаў – пірацяць кантэнт з ютубу. Але калі кантэнт пірацяць, нейкія арыгінальныя творцы кантэнту на гэтую платформу не пойдуць. І гэта я не кажу пра рэчы, звязаныя са штучным інтэлектам, калі ў рэжыме рэальнага часу ідзе мадэрацыя відэа – гэта вельмі сур’ёзная гісторыя — пра плацяжы, прававыя формы і т.п. І гэта ж вялізная інфраструктура, якую таксама трэба пабудаваць. Таму стварэнне за 2 мільёны долараў забойцы ютубу – гэта вельмі смешна» , — кажа наш суразмоўца.
Канешне, улады могуць заблакаваць youtube, але гэта не будзе азначаць, што ў такім выпадку карыстальнікі пойдуць на праўладны прадукт.
«Я думаю, што хутчэй людзі пойдуць усталёўваць сабе vpn. Бо па тэлебачанні паказваюць тое самае. Навошта глядзець гэта яшчэ раз у інтэрнэце?» , — подсумоўвае спадар Міхаіл.
У беларускім адказе youtube не прадугледжана нічога, каб там узнікла аўдыторыя
Беларускі медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што па замове ўладаў цалкам можа быць створаны відэахостынг, больш ці менш якасна, але самае галоўнае ў такіх праектах, якія ўяўляюць сабой цэлую экасістэму, — папулярныя яны ці не.
«Напрыклад, калісьці Google зрабіў сацыяльную сетку Google+, у якой было шмат функцяў, якіх не было ў іншых сацыяльных сетках, ці яны былі зробленыя іншым чынам і тэхнічна лепш, — кажа спадар Павел. — Але яна не стала заменай ні Фэйсбуку, ні Інстаграму, ні іншым сацсеткам, і праз некаторы час Google закрыў Google+.
Яны зрабілі добрае тэхнічнае рашэнне, але яно не стала папулярным, бо людзі не адгукнуліся на гэта. У бізнесе такое бывае, і прапанова, нават калі яна файная, не абавязкова атрымае водгук».
Медыяэксперт сумняецца, што беларуская відэаплатформа будзе такой жа якаснай, але дапускае, што можа быць. Але пасля яе запуску ўзнікае пытанне – ці стане яна папулярнай і запатрабаванай?
«У Беларусі быў перыяд, калі ствараліся свае сацыяльныя сеткі – Face.by, I.Tut і іншыя, але яны прайгралі сацыяльным сеткам, папулярным на той момант» , — прыгадвае Павел Быкоўскі.
У беларускім адказе youtube не прадугледжана нічога, каб там узнікла аўдыторыя, падкрэслівае суразмоўца «Белсату»:
«Навошта людзі прыходзяць у youtube? Хтосьці сапраўды, каб паглядзець навіны. Але я думаю, што гэта нязначная частка аўдыторыі. Большая частка аўдыторыі прыходзіць, каб паглядзець мультфільмы са сваімі дзецьмі, як рамантаваць сваю машыну, як прыгатаваць нейкую страву, сочыць за кулінарнымі блогерамі. І далёка не ўсё з гэтага ствараеца інстытуцыяналізаванымі медыямі, рэдакцыямі. Шмат што робяць людзі, якія маюць смартфон і могуць зрабіць».
Падобныя праекты ў Расеі не сталі заменай youtube
Паводле Паўла Быкоўскага, кантэнт, за якім людзі ідуць у youtube, неабавязкова павінен быць зроблены на высокім тэхнічным узроўні – у ім мусяць утрымлівацца цікавыя і патрэбныя рэчы.
«У гэтай сітуацыі, паверыць у тое, што людзі, якія распавядаюць, як яны гатуюць ежу, пабягуць у месца, дзе няма нічога, акрамя выпускаў навінаў ці прапагандысцкага прадукту дзяржаўных СМІ, цяжка. Магчыма, калі б ніякай іншай магчымасці не было б, людзі б туды пайшлі. Але прынамсі расейскі досвед не паказаў, каб людзі актыўна пайшлі на створаныя аналагі youtube. Такія праекты ў Расеі існуюць, але яны не сталі заменай youtube. І я не думаю, што штосьці іншае будзе ў нашай сітуацыі», — лічыць эксперт.
Паводле Паўлюка Быкоўскага, беларускі відэахостынг, хутчэй за ўсё, будзе створаны, на ім будуць размешчаныя відэа з дзяржаўных тэлеканалаў, БелТА, СБ Беларусь сегодня і т.п.
«Але сумнеўна, што там будзе рэальнае жыццё, што туды пойдзе шмат людзей і яны прынясуць з сабой тое, што самі здымаюць і што цікавіць іншых», — перакананы медыяэксперт.