У Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў: Кацярына Андрэева і яе апошняе слова
У Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў БАЖ далучыўся да акцыі ініцыятывы «Апошняе слова», што публікуе прамоўленыя ў судзе апошнія словы рэпарцёраў з краін былога СССР, у тым ліку — беларускіх палітвязняў.

Кацярына Андрэева
Прама зараз у беларускіх турмах сядзяць 36 супрацоўнікаў медыяў.
БАЖ публікуе апошняе слова журналісткі Кацярыны Андрэевай, сказанае пасля першага суда.
«Мне ўдавалася ўхіляцца ад гумавых куляў і працягваць весці рэпартаж»
Мне 27 гадоў, 6 з іх я прысвяціла любімай прафесіі — журналістыцы.
Летась я стала рэпарцёрам з гарачай кропкі. Кожны раз, калі я працавала, я рызыкавала не толькі сваёй воляй, але і здароўем, жыццём. Для маёй сям’і гэта азначала, што аднойчы я магу не вярнуцца дахаты. І тым не менш я ішла ў гэты вір падзеяў, каб паказаць гледачу ўсё без межаў. Мне ўдавалася ўхіляцца ад гумавых куляў і працягваць весці рэпартаж, працягваць выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Маім калегам пашчасціла менш. Іх білі ў жываты, ім ламалі насы, у іх стралялі з некалькіх метраў. І дагэтуль па фактах гватлу з журналістаў не заведзена ніводнай крымінальнай справы, як над мірнымі пратэстуючымі грамадзянамі.
15 лістапада людзі, узрушаныя забойствам Рамана Бандарэнкі, выйшлі, каб выказаць свій пратэст. Я паказвала гэтыя падзеі на Плошчы Пераменаў у прамым эфіры тэлеканала «Белсат». За гэта мяне кінулі за краты па выдуманым, сфабрыкаваным абвінавачанні.
Я не прашу, а патрабую апраўдання для сябе і маіх калегаў. Свабоду Дар’і Чульцовай, свабоду Кацярыне Барысевіч, свабоду Ігару Лосіку, Але Шарко, Юліі Слуцкай і астатнім сотням палітычным зняволеным. Дзякую.
17 лютага 2021 года,
Суд Фрунзенскага раёна Мінска, Беларусь.
Двойчы асуджаная
Журналісткі тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года ў шматпавярховіку на знанай «плошчы Перамен» у Мінску за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон сілавікамі мірнай вулічнай акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Іх абвінавацілі паводле арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Бугук асудзіла Кацярыну Бахвалаву і Дар’ю Чульцову на 2 гады пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму. (Дар’я Чульцова цалкам адбыла прысуджаны тэрмін зняволення, выйшла на волю і цяпер знаходзіцца ў бяспецы за мяжой.)
10 лютага 2022 года Кацярыну Андрэеву раптам этапавалі з гомельскай папраўчай калёніі № 4 у гомельскае СІЗА № 3 — без паведамлення прычын родным Кацярыны.
У красавіку стала вядома пра новае абвінавачанне, выстаўленае Кацярыне — здрада дзяржаве (паводле ч.1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса).
У ліпені 2022 года адбыўся суд, на якім суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка вынес жахлівы вырак — 8 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму.
20 верасня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу юрыдычнай абароны Кацярыны Андрэевай і чакана пакінуў рашэнне першай інстанцыі без зменаў. Пры гэтым постфактум стала вядома, што была скарэктавана фармулёўка абвінавачання. Замест «выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі ці дзяржаве» журналісцкую дзейнасць Кацярыны Андрэевай пастанавілі лічыць «шпіянажам». Зрэшты, сутнасная падстава засталася ранейшай, адбылася тэхнічная ратацыя ў межах таго ж арт. 356 Крымінальнага кодэкса.
Неўзабаве пасля рашэння Вярхоўнага суда Кацярыну Андрэеву этапавалі са следчага ізалятара ў калонію № 4 Гомеля. Паралельна Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўключыла палітзняволеную журналістку ў спіс асоб, датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці».
Зараз у Мінскім гарадскім судзе ідзе працэс і над Ігарам Ільяшам – мужам палітвязынкі, таксама журналістам. Яго абвінавачваюць паводле арт. 3691 (дыскрэдытацыя Беларусі) і ч. 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.
Пра праект «Апошняе слова»
Праект «Апошняе слова» збірае і публікуе апошнія словы журналістаў з краін былога СССР. З ягонай ініцыятывы СМІ з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Узбекістана 8 верасня — o Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў — ладзяць адмысловую акцыю і публікуюць апошнія словы палітзняволеных журналістаў у судзе.
