Кацярына Ваданосава: «Я не гераізавала Вільгельма Кубэ. Проста гэтая тэма — табу ў Беларусі»
Супраць блогеркі Кацярыны Ваданосавай распачалі крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму». Пра гэта 11 сакавіка паведаміла Генпракуратура Беларусі. Нагодай для крымінальнага пераследу стала відэалекцыя «Галоўны міф Другой сусветнай — забойства гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Што не так?»

Кацярына Ваданосава. Скрыншот відэалекцыі
Вядоўцай гэтага відэароліка на YouTube-канале «Будзьма Беларусамі!» была Кацярына Ваданосава — блогерка і тэлевядоўца, выпускніца гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка, які яна скончыла, да слова, з чырвоным дыпломам.
Генпракуратура заяўляе, што гэтыя відэалекцыі былі створаныя «з мэтай рэабілітацыі нацызму», дзе «падазраваная гераізавала нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, уключна з прадстаўнікамі нацыяналістычных калабарацыянісцкіх фармаванняў», такім чынам «наўмысна праслаўляла іх, а таксама здзейсненыя імі злачынствы супраць мірнага насельніцтва БССР».
На падставе гэтага, паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка Генпракуратуры Дзмітрыя Брылёва, супраць Кацярыны Ваданосавай распачатая крымінальная справа за «наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму» (паводле ч. 3 арт. 130–1 Крымінальнага Кодэкса РБ). Справа накіраваная для расследавання ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта Беларусі.
Кацярына Ваданосава зазначае, што пра чарговую крымінальную справу ў дачыненні да яе даведалася сёння раніцай з «Нашай Нівы», бо інфармацыя з афіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў Генпракуратуры знаходзіцца «далёка па-за колам яе інтарэсаў».
«Два гады таму, калі яшчэ была жывая мая маці, да яе прыходзілі са Следчага камітэта і казалі, што супраць мяне завялі крымінальную справу за сяброўства ў Каардынацыйнай радзе. І я дагэтуль не ведаю, што за справа, ці быў суд, і чым усё скончылася. Цяпер вось “крыміналка” за “рэабілітацыю нацызму”. Але на маю пазіцыю гэта не паўплывае: што рабіла, тое і буду працягваць», — кажа Кацярына Ваданосава.
«Еду на лекцыю і шыю панталоны». Кацярына Ваданосава расказала пра новы аўтарскі праект
Асветніцкай дзейнасцю яна займаецца даўно і ў розных фарматах — ад рэстаўрацыі гістарычных строяў да тых самых лекцый пра вострыя моманты ў беларускай гісторыі. І Кацярына катэгарычна не згодная з абвінавачаннямі пракуратуры:
«Вядома, ніякай рэабілітацыі нацызму не было. Ёсць курс адукацыйных лекцый, як яны выказаліся, “падкасты”. Мы на “Будзьме” спрабуем падысці да любой гістарычнай тэмы ўсебакова і як мага больш аб’ектыўна. І гераізацыі Вільгельма Кубэ я не праводзіла (смяецца. — Рэд.)!
Проста зараз усё, што закранае тэмы Другой сусветнай ці Вялікай Айчыннай вайны, калі гэта не афіцыйнае славаслоўе, можа падпасці пад такі самы крымінальны артыкул. Гэтая тэма ў Беларусі зараз настолькі табуяваная, што любыя спробы гістарычнага аналізу расцэньваюцца як злачынства. Гэта абсалютна забаронены від дзейнасці, і сталася так, што ў шэраг “нязручных” гістарычных тэм трапіла ўсё, што не стасуецца з цяперашнім рэжымам».
Сваім апанентам Кацярына Ваданосава параіла вывучаць гісторыю, але спадзеваў на справядлівае судовае разбіральніцтва блогерка не мае. Тое, што яе асветніцкая дзейнасць «заўважаная» на дзяржаўным узроўні, Кацярына ўспрымае ўскосным пацверджаннем высокай якасці яе працы.
@bajmedia