Калегам з «Суспільне Херсон» патрэбна дапамога на аднаўленне студыі
Каб даносіць праўду, якая найперш патрэбна жыхарам тэрыторыяў, якія пакуль яшчэ пад акупацыяй, тэлерадыёкампанія «Суспільне Херсон» просіць дапамогі. Пра тое, як працавала Украінскае радыё ў акупаваным Херсоне і што цяпер патрэбна для аднаўлення нармальнай работы радыё Ўнет распавяла супрацоўніца тэлерадыёкампаніі «Суспільне Херсон» і Украінскага радыё Маргарыта Лазнык.
Супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі «Суспільне Херсон» да самага апошняга дня перад расійскай акупацыяй Херсона выходзілі на працу і асвятлялі падзеі ў Херсонскай вобласці. А, калі акупанты занялі горад, працягнулі працу фактычна падпольна. Калі ў памяшканнях кампаніі гаспадарылі расійскія прапагандысты, украінскія журналісты рабілі праўдзівыя радыйныя сюжэты і распавядалі свету пра тое, што адбываецца ў акупаваным Херсоне, а херсонцам пра тое, як мужна абараняецца Украіна. Калі ж расійцаў выганялі з абласнога цэнтра, яны раскралі і звезлі маёмасць тэлерадыёкампаніі.
— Апошні раз у сваім ньюс-руме я была 24 лютага. Менавіта 24 лютага зранку ўжо пачаліся ракетныя ўдары, пачаўся наступ з часова акупаванай тэрыторыі Крыму. Прачнуліся мы ад выбухаў у Херсоне. Ужо каля Херсону гарэў наш аэрапорт Чарнабаеўка. Былі на левым беразе чутныя выбухі. Мы адразу спісаліся ў працоўным чаце, усе з’ехаліся на нашу філію «Суспільного» і пачалі размаўляць пра тое, як мы будзем працаваць далей, што ўвогуле адбываецца. Мы не былі разгубленыя, але ўсё роўна была сітуацыя трохі незразумелая: што будзе далей, ці будуць баі за Херсон. Мы пачалі тэлефанаваць прадстаўнікам аблдзяржадміністрацыі, каб атрымаць каментары, каб адразу выйсці ў эфір і штосьці распавесці. Мы пачалі тэлефанаваць усім знаёмым, якія знаходзяцца на левым беразе і бліжэй да часова акупаванай тэрыторыі Крыму. І, калі ужо стэлефанаваўшыся з людзьмі, якія былі ў Чаплінцы – гэта проста побач з Крымам, мы даведаліся, што расійскія танкі заехалі і паехалі далей на Херсон, вырашылі разысціся і працаваць дыстанцыйна.
Пасля таго, як у Херсон увайшлі акупанты, працаваць стала страшна, але мы ўсё роўна выходзілі ў эфір. Я распавядала ў радыёэфіры тое, што адбываецца ў Херсоне, тое, што я бачу, тое, што мне распавядаюць мае калегі, тое, што кажуць жыхары Херсона. Калі атрымлівалася, мы, вядома ж, запісвалі невялікія фрагменты аповядаў людзей, якія дазвалялі гэта рабіць. Бо, разумееце, акупацыя – гэта нават, калі па голасе цябе могуць пазнаць і прыйсці па цябе.
Слухаць Украінскае радыё, глядзець каналы «Суспільного» можна было і на акупаванай тэрыторыі. Даволі працяглы час акупанты не шкодзілі перадавальнікі, яны іх не захоплівалі і трансляцыя была. Недзе праз паўтара месяца пасля пачатку акупацыі трансляцыю гэтую спынілі. Але нас можна было глядзець і слухаць праз інтэрнэт.
Акупанты даволі хутка захапілі нашу тэлестудыю, нашыя памяшканні «Суспільного». Дужа доўга давалі абвесткі пра тое, каб журналісты прыйшлі і пачалі працаваць на тым прапагандысцкім тэлерадыёканале, але ахвочых не было. Тады яны зрабілі такую медыя-школу, з гэтай медыя-школы адабралі некалькі чалавек. Гэта нават не дарослыя, гэта амаль дзеці.
11 лістапада нашыя войскі вызвалілі Херсон. Перад гэтым акупанты вывезлі ўшчэнт усё. Проста ўсё! Не пакінуўшы ў нашых студыях нічога: мікрафоны, камеры, пульты – яны ўсё гэта вывезлі. Тым больш, яшчэ і на нашых аўтамабілях, якія былі ў нашай тэлерадыёкампаніі.
Зараз адкрыты збор за патрэбы аднаўлення нашай філіі «Суспільне Херсон». Грамадская арганізацыя «Львоўскі медыяфорум» задала такі тон – хоча сабраць 1 мільён грыўняў на тое, каб аднавіць работу нашай філіі, каб мы маглі і надалей працаваць і рабіць сапраўдны кантэнт, які дужа патрэбны нашым слухачам, нашым гледачам, нашым чытачам. Бо нашыя журналісты, часам рызыкуючы жыццём, застаюцца голасам для мясцовых жахыроў, даносяць праўду пра тое, што адбываецца ў горадзе. Але вялікая частка Херсоншчыны застаецца акупаванай. Патрохі нас там таксама можна чуць, бачыць. І для тых, хто зараз знаходзіцца ў акупацыі на левым беразе, мы ёсць голасам надзеі, што Узброеныя Сілы Украіны побач.
Працаваць мы працягваем дыстанцыйна. Мабільныя тэлефоны, дыктафоны, ноўтбукі – гэта ўсё, што зараз патрэбна нам. Вярнуцца пакуль у свае працоўныя кабінеты, у свае студыі мы не можам, бо яны разрабаваныя.
Для ўсіх, хто хоча далучыцца, у нас ёсць адмысловы сайт, яго стварылі для таго, каб можна было камфортным чынам зрабіць унёсак. Вельмі проста знайсці гэты сайт і там кожны можа ўнесці любую суму. Таму заходзьце, далучайцеся, падтрымлівайце нас, бо мы хочам, каб Херсон і Херсонскую вобласць чулі.
Цалкам размову са спадарыняй Маргарытай Лазнык слухайце ў плэеры:
Чытайце яшчэ:
“Гэта свята без пафасу, аднак свята…” Алег Груздзіловіч пра тое, як палітвязні адзначаюць Новы год у СІЗА
Не успел открыть дверь проверяющим — отправили в изолятор. Как отбывают домашнюю химию в Беларуси
Рэдактар прафсаюзнага бюлетэня Вацлаў Арэшка пакараны 8 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму