• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    8 папулярных пытанняў пра міжнародную абарону ў Польшчы

    Апошнім часам міжнародная абарона – у топе пытанняў сярод беларусаў Польшчы. Шмат хто ў свой час прыехаў у гэтую краіну паводле гуманітарных візаў, потым атрымаў на іх падставе ВНЖ. Але дзейнае заканадаўства не дазваляе прэтэндаваць на другі гуманітарны ВНЖ, таму асобы, якія пражылі ў Польшчы 3–4 гады, шукаюць спосабы падоўжыць легалізацыю. Самым відавочным выглядае менавіта міжнародная абарона.

    міжнародная абарона ў Польшчы

    Беларускія пашпарты. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

    Як атрымаць міжнародную абарону, напісалі ўжо нямала парадаў, але часам яны зводзяцца да простага перакладу з польскай мовы складаных інструкцыяў, што больш заблытваюць, чымся дапамагаюць. Таму «Белсат» сабраў самыя частыя пытанні пра міжнародную абарону, з дапамогай юрыстаў вывучыў польскае заканадаўства і адказаў на іх максімальна простаю моваю.

    1. Што такое міжнародная абарона і хто можа на яе прэтэндаваць?

    Калі спрасціць, міжнародная абарона (далей МА) – гэта падстава для легалізацыі ў краіне замежніка, які асцерагаецца неабгрунтаванага пераследу ў сябе на радзіме.

    Замежнік мае права звярнуцца па МА ў Польшчы пры выкананні двух крытэраў:

    1) перабывае на тэрыторыі Польшчы (у тым ліку месцы пазбаўлення волі) ці на польскай мяжы;

    Выключэнні ёсць у Дублінскім рэгламенце № 604/2013. Напрыклад, калі замежнік, які жыве ў Польшчы, на момант падачы мае дзве візы розных тыпаў, падавацца трэба будзе праз краіну з больш працяглаю візаю.

    2) страх пераследу на радзіме з наступных прычынаў:

    – праз расу, веравызнанне, грамадзянства, прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы або прыхільнасць палітычным перакананням;

    – у выпадку вяртання імаверныя прысуд, катаванні, бесчалавечнае абыходжанне;

    – прыгаварылі або могуць прыгаварыць да смяротнага пакарання на радзіме;

    – узнікне значная пагроза жыццю праз шырокамаштабны гвалт або ўзброены канфлікт.

    Міжнародная абарона, гуманітарны і працоўны дазвол на жыхарства ў Польшчы: у чым розніца?

    Адсюль выцякаюць асноўныя наступствы для ўладальніка міжнароднай абароны.

    Па-першае, у адрозненне ад большасці відаў на жыхарства, МА выдаецца бестэрмінова, трэба будзе толькі перыядычна абнаўляць дакументы: карту побыту, праязны дакумент ды іншыя.

    Па-другое, лепш забыцца пра паездкі ў Беларусь з МА: гэта прывядзе да яе анулявання. Як і кантакты з беларускай амбасадай.

    Па-трэцяе, міжнародная абарона мае на ўвазе, што дэпартаваць вас на радзіму нельга. Гэта можа адбыцца толькі ў выпадку, калі вас пазбавяць статусу ўцекача ці дадатковай абароны.

    2. Міжнародная абарона і гуманітарны від на жыхарства – адно і тое ж?

    Не. Хоць абодва дакументы выдаюцца праз небяспеку пераследу на радзіме, гэта розныя спосабы легалізацыі з рознымі наступствамі. Напрыклад, гуманітарны ВНЖ даецца на 3 гады, а міжнародная абарона – бестэрмінова. З гуманітарным ВНЖ нельга адкрываць ІП у Польшчы, а з міжнароднай абаронай можна.

    Атрымаць карту побыту паводле абароны можна хутчэй і прасцей, чымся з іншых прычынаў. Калі выдача карты побыту паводле МА абмежаваная паўгоддзем, то чакаць яе з любых іншых прычынаў можна хоць два гады. Гэта не жарт: прыкладна столькі разглядаюцца справы ў марудлівым Вроцлаве.

    міжнародная абарона ў Польшчы

    Удзельнікі маршу з нагоды чацвёртай гадавіны фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, Польшча. 9 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

    3. Мне трэба даказваць небяспеку вяртання ў Беларусь?

    Так, цяжар даказвання ляжыць на замежніку, таму ў вашых інтарэсах будзе сабраць усё магчымае: здымкі з пратэстаў, артыкулы ў інтэрнэце з вамі, медычныя даведкі пра пабоі, дакументы з суда, сілавых структураў і гэтак далей. Але нават калі ў вас няма нічога, падавацца на міжнародную абарону варта: сітуацыя з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі настолькі дрэнная, што адмовы атрымліваюць не больш за 3 % беларусаў, якія звярнуліся па МА.

    Звычайна адмовы звязаныя з нескладнымі, супярэчлівымі ці неверагоднымі паказаннямі, а таксама калі вас палічылі «пагрозаю бяспецы дзяржавы» (апошняе можа быць у былых вайскоўцаў, сілавікоў і ў некаторых іншых выпадках).

    Калі вам усё ж адмовілі ў МА і вы лічыце адмову несправядлівай, яе можна абскардзіць на працягу тэрміну, указанага ў пастанове (як правіла, на гэта даюць 14 дзён) у Радзе ў справе ўцекачоў. Калі і там выдалі адмову, то яе можна на працягу 30 дзён абскардзіць у Ваяводскім адміністрацыйным судзе. Пры абскарджанні адмовы вы маеце права на бясплатную юрыдычную дапамогу.

    Как получить польский проездной документ иностранца: опыт журналиста MOST

    4. Ці магу я працаваць, пакуль чакаю пастановы ў справе абароны?

    Ад падачы заявы да выдачы пастановы звычайна праходзіць не больш за шэсць месяцаў. У рэдкіх выпадках (напрыклад, калі трэба зрабіць запыты ў іншыя органы, каб праверыць інфармацыю) працэс можа зацягнуцца да 15 месяцаў.

    Ці можна працаваць, залежыць ад таго, ці быў у вас доступ да рынку працы ў Польшчы на ​​момант падачы заявы на МА. Калі быў, можаце працягваць працаваць на тых жа ўмовах. Напрыклад, калі ў вас падчас падачы на ​​абарону была дзейная гуманітарная віза ці ВНЖ, што даюць доступ да рынку працы ў Польшчы, то можаце і падчас чакання пастановы працягваць працаваць. Але калі падчас чакання віза скончыцца, вы страціце права працаваць да атрымання станоўчай пастановы.

    А вось калі чалавек прыехаў паводле турыстычнай візы (не дае права на працу) і падаўся на абарону, працаваць у гэты перыяд нельга.

    міжнародная абарона ў Польшчы для беларусаў

    Заява на прадастаўленне міжнароднай абароны. Фота: uainkrakow.pl

    5. Ці магу я выязджаць з Польшчы, чакаючы пастанову?

    У Беларусь дакладна лепш не выязджаць, а вось з іншымі краінамі ўсё туманна. Практычна ўсе каментары на гэтую тэму зводзяцца да простых прыкладаў: чалавек прыехаў у Польшчу ў найлепшым выпадку паводле візы, блізка да яе заканчэння падаўся на абарону, а потым без пашпарта чакае сваю карту побыту. Тым часам, відавочна, выязджаць за межы Польшчы замежнік не мае права.

    Але калі чалавек падаўся на міжнародную абарону і пры гэтым мае яшчэ дзейную карту побыту на іншай падставе? Практыка сведчыць, што пашпарта і карты побыту ў замежніка ў гэтым выпадку могуць не забраць, але ён усё роўна не можа выязджаць за межы Польшчы. У артыкуле 40 Закону аб наданні абароны замежнікам на тэрыторыі Польшчы ўказана: калі вы падчас працэдуры пакінеце Польшчу, то вам анулююць працэдуру цалкам. І выключэнні не прадугледжаныя.

    6. Ці можна атрымаць міжнародную абарону адразу на ўсю сям’ю?

    Так, тут дзеіць прынцып непадзельнай сям’і. Каб падацца на абарону з сям’ёй, трэба ўсім разам прыехаць у аддзел асабіста і падаць заявы ва Управу ў справе замежнікаў (офіс адзін – у Варшаве на вуліцы Табаровай 33). Калі зрабіць гэта ў адзін дзень немагчыма або ў сямейнікаў розныя прычыны для легалізацыі ці надання абароны, кожны можа падаваць асобную заяву.

    7. Ці праўда, што я маю права на дапамогу ад дзяржавы?

    Так, на час разгляду заявы аб наданні абароны замежнік можа прэтэндаваць на матэрыяльную, медычную ды інтэграцыйную дапамогу. Матэрыяльная дапамога залежыць ад таго, пры якіх абставінах вы звярталіся па абарону. Калі вы запыталі яе на мяжы і потым апынуліся ў цэнтры для ўцекачоў, дапамога будзе шырэйшая: харчаванне, грошы на адзенне і сродкі першай неабходнасці, праезд. Калі ж вы запыталі абарону ўжо ў Польшчы, можна разлічваць на грашовую ды іншую дапамогу ў залежнасці ад колькасці сямейнікаў і іншых абставін. Калі гэта адзін чалавек, то сума дапамогі на месяц складзе 750 злотых, калі чатыры – па 375 злотых на кожнага на месяц. Але дапамогу могуць скараціць ці адмяніць пры высокім заробке.

    Акрамя таго, грамадзянін, які звярнуўся па абарону, можа прэтэндаваць на забеспячэнне доступу да грамадскіх школаў, моўныя курсы, медычную, псіхалагічную і стаматалагічную дапамогу.

    Для атрымання любога віду дапамогі трэба будзе падаць адпаведную заяву.

    міжнародная абарона ў Польшчы для беларусаў

    Упраўленне па справах замежнікаў на вуліцы Табарава 33. Варшава, Польшча. 14 верасня 2023 года. Фота: Woj­ciech Olkus­nik / East News

    8. У мяне ёсць працоўны/гуманітарны ВНЖ і пашпарт, тэрмін дзеяння якога хутка скончыцца. Я маю права на міжнародную абарону?

    Нават калі вы прыехалі ў Польшчу паводле працоўнай візы і ўжо атрымалі адпаведны від на жыхарства, гэта не пазбаўляе вас права легалізавацца потым з дапамогаю міжнароднай абароны. Галоўнае – наяўнасць абгрунтаваных асцярог пераследу на радзіме. Шмат у каго яны з’явіліся ўжо пасля пераезду.

    Як зарэгістраваць беларускі аўтамабіль у Польшчы? Чэк-ліст

    Калі ў вас скончыўся пашпарт і пры гэтым яшчэ дзеіць карта побыту, раім звярнуцца па праязны дакумент замежніка (замена пашпарта для тых, хто не можа атрымаць новага), а ўжо потым з ім атрымліваць абарону. Гэта спросціць працэс, бо карта побыту адначасова сведчыць вашую асобу і легальнасць перабывання ў Польшчы. Акрамя таго, PESEL, рэгістрацыю на месцы жыхарства і рахунак у банку (калі іх яшчэ няма) таксама лепш атрымаць загадзя, да звароту па міжнародную абарону. Без пашпарта зрабіць гэта будзе куды больш складана.

    У крайніх выпадках на міжнародную абарону могуць падавацца нават тыя, хто знаходзіцца ў краіне нелегальна. Але пры магчымасці лепш да такога не даводзіць.

    Каб максімальна спрасціць разуменне, журналісты апусцілі некаторыя выключэнні з правілаў і рэдкія выпадкі. Калі ваш выпадак не ўпісваецца ў агульныя, можна пашукаць афіцыйныя адказы тут ці на гарачай лініі для замежнікаў (477–217-675 або infolinia@udsc.gov.pl.).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці