• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як правільна карыстацца праграмамі мабільнасці? Парады журналіста

    Што такое праграмы мабільнасці? Ці варта імі карыстацца? Як правільна пісаць заяўкі, каб атрымаць грант? Тарас Тарналіцкі ўпэўнены,  што галоўны складнік поспеху — гэта настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты і выкананне ўсіх патрабаванняў грантадаўцаў. Асабістым досведам журналіст і кінакрытык падзяліўся з БАЖам.

    Тарас Тарналіцкі

    Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на кінафестывалі ў іспанскім Сан-Себасцьяне. Верасень 2025 года. Фота: з асабістага архіва журналіста

    Дзе шукаць магчымасці?

    За апошнія два гады кінакрытык Тарас Тарналіцкі тройчы скарыстаўся магчымасцямі патрапіць на знакамітыя мерапрыемствы. Для гэтага ён спрабаваў розныя праграмы мабільнасці. 

    — Прынамсі двойчы я ўдзельнічаў у праграме мабільнасці MOST. У 2024 годзе падчас Еўрапейскага кінарынку, што праходзіў у межах Берлінале, мы праводзілі цырымонію ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Пад гэты фестываль мы бралі першы грант мабільнасці. Сёлета я скарыстаўся гэтай праграмай у другі раз: паехаў як акрэдытаваны журналіст на кінафестываль у Сан-Себасцьяне. А летась праз іншую праграму выпраўляўся на фестываль у Венецыю. 

    Магчымасці я шукаю на пляцоўках, якія працуюць альбо для дзеячоў культуры, або для журналістаў. Пераважна гэта сайт БАЖ, агрэгатар Sekk­tor і яшчэ шэраг Telegram-каналаў, якія збіраюць розныя грантавыя прапановы.

    Таксама існуе праграма Art­Pow­er Belarus, якая раней прапаноўвала беларускім культурным дзеячам трэк па мабільнасці. Сярод маіх знаёмых некалькі чалавек скарысталіся гэтай магчымасцю, але асабіста я не падаваўся.

    Даведка БАЖ: у новай праграме Art­Pow­er ужо няма асобнага трэка мабільнасці. Але творцы могуць уключаць выдаткі на мабільнасць у заяўку свайго творчага праекта.

    Як правільна падаць заяўку на грант

    — Усё залежыць ад таго, куды вы падаяце заяўку. Паўсюль неабходна падаваць прыкладна адно і тое ж, але ўзровень патрабаванняў розны. Бываюць вельмі забюракратызаваныя праграмы: трэба дакладна разумець, куды вы едзеце, што вы будзеце рабіць, што гэта дасць вам у плане развіцця. Ды яшчэ неабходна, каб на руках мелася запрашэнне ад арганізатараў.

    У Венецыю я ездзіў па праграме, дзе трэба было падаць акрэдытацыю і дазвол рэдакцыі, на якую журналіст працуе як фрылансер ці як штатны супрацоўнік. І дадаць свой бюджэт.

    Пры гэтым не запрошвалі вялікіх справаздач. Я выслаў дакументы, колькі сышло грошай на набыццё квіткоў, пражыванне, на часовыя расходы, страхоўку. Практычна ўсе гэтыя выдаткі праграма мне кампенсавала.

    Тарас Тарналіцкі Міжнародны кінафестываль

    Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на кінафестывалі ў іспанскім Сан-Себасцьяне. Верасень 2025 года. Фота: з асабістага архіва журналіста

    Больш скрупулёзны падыход практыкуюць Інстытут Гётэ і праграма MOST. Трэба будзе сабраць шмат дакументаў:  і пра пералёт, і пра пражыванне, і пра транспарт. Дадаць справаздачу па самім фестывалі (ці той імпрэзе, куды вы едзеце). І гэта яшчэ не канец: праз паўгода давядзецца напісаць яшчэ адну справаздачу пра тое, як атрыманы досвед паспрыяў вашаму прафесійнаму росту.

    Таму вашу заўку з першага разу могуць і не адобрыць. Асабіста мне той жа MOST тры разы адмаўляў — то не паспеў своечасова падаць заяўку, то недастаткова дэталёва прапісаны план, не адно, дык другое. І толькі чацвёртая спроба аказалася паспяховай. 

    Нагадаю, што калі вам адмаўляюць, заўсёды ёсць магчымасць удакладніць, у чым была праблема. Мне на такія запыты заўсёды адказвалі і тлумачылі. І калі я напісаў усё, што ад мяне патрабавалі, толькі тады мне ўхвалілі заяўку на фестываль у Сан-Себасцьян.

    Таму раю заўсёды вельмі скрупулёзна прапісваць усё, што ад вас патрабуе праграма, — і тады будзе поспех.

    Напрыклад, для паездкі ў Іспанію я падаваўся менавіта як акрэдытаваны журналіст.

    То бок мне ніхто не даваў запрашэнняў, проста ў сваёй заяўцы я ўказваў, што я еду па акрэдытацыі і мне патрэбныя грошы на рэалізацыю магчымасці. Падаваць заяўку на грант трэба як мінімум за тры месяцы да падзеі. Не забывайце, што неабходна запланаваць пакупку квіткоў, арэнду жылля — на чыста тэхнічныя працэдуры патрэбен час. Але акрэдытацыя даецца значна пазней, за месяц-паўтара да падзеі.

    У тым і палягае праблема, што большасць калег не разумела, як ім дзейнічаць. Я таксама меў перасцярогі, што з маёй спробы нічога не выйдзе. Але мяне акрэдытавалі, я аплаціў бягучыя расходы і атрымаў грошы на паездку.

    Вельмі добра, калі вы хочаце наведаць пэўную інстытуцыю ці паўдзельнічаць у нейкай канферэнцыі. Аднак патрэбнае не толькі рэдакцыйнае заданне, але і ўсведамленне, што вы будзеце рабіць і навошта гэта вам. 

    Як даюць гранты?

    — Мне давалі на выбар два варыянты. Спачатку  аплаціць 70% расходаў, а астатнія 30% кампенсуюць пасля таго, як ты вернешся, напішаш справаздачу і прыкладзеш усе квіткі. Альбо ты сам усё аплочваеш, а пасля табе вяртаюць усю запрошаную суму.

    Я звычайна абіраў опцыю атрымаць грошы адразу, таму што любая паездка — гэта дарога, дзе ўсялякае можа здарыцца. Мы ўсе ў эміграцыі, і мы не маем лішняй капейчыны. Прынамсі, у мяне існуе такая праблема. Але можна рабіць па-іншаму. Звычайна арганізатары ідуць насустрач аплікатарам.

    Ці існуюць рызыкі, што грошы не вернуць?

    — Са мной такога не здаралася, мне кожны раз кампенсавалі выдаткі. Толькі аднойчы, калі я ездзіў на фестываль у Венецыю, мне не даплацілі каля 30 еўра. Ці то банк забраў сабе камісійныя за перавод грошай, ці што іншае здарылася, але на такую невялікую суму можна было і заплюшчыць вочы.

    Грантадаўцы і я падпісвалі пагадненне, калі б арганізатары парушылі яго, то на іх можна было б нават і ў суд падаць. У нас ёсць дамова, ёсць прапісаныя тэрміны дзеяння дамовы: парушальнік дамовы мусіць плаціць штраф.

    Тарас Тарналіцкі Міжнародны кінафестываль

    Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на кінафестывалі ў іспанскім Сан-Себасцьяне. Верасень 2025 года. Фота: з асабістага архіва журналіста

    З затрымкай выплат сапраўды часам сутыкаешся. У мяне была падобная сітуацыя, праўда, не з праграмай мабільнасці, а з адным з праектаў. Мы з арганізатарамі чакалі каля трох месяцаў, пакуль нам выдадуць абяцанае фінансаванне. Многія ўжо паспелі зрабіць свае праекты за ўласныя грошы, а гарантаваных грантам сум так і не пабачылі.

    Аднак у выніку пытанне вырашылася пазітыўна. Са спазненнем, але свае грошы мы атрымалі.

    Ці варта траціць час і сілы на праграмы мабільнасці?

    — Канешне. Паездкі на фестывалі ці канферэнцыі для многіх беларусаў проста недаступныя, бо патрабуюць вялікіх выдаткаў. Рэдкі працадаўца ў экзайле гатовы выправіць вас у такую камандзіроўку. Напрыклад, мой грант у Сан-Себасцьян складаў каля 2 тысяч еўра, і гэта без уліку квіткоў на самалёт. Пералёт — асобны артыкул выдаткаў, які cукупна з асноўнай заяўкай мог сягаць да 3 тысяч еўра.

    Вядома, грантавая заяўка вымагае багата высілкаў, сама па сабе працэдура складаная, многа бюракратыі. Але калі іншых магчымасцей няма, то лепш паспрабаваць узяць грант, чым сядзець на месцы. Таму я заклікаю калег падавацца на такія праграмы, бо любая паездка — гэта новыя месцы, досвед, эмоцыі, знаёмствы.

    Калі паставіць перад сабой задачу і мэтанакіравана да яе ісці, выконваць усе патрабаванні, то ўсё магчыма.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці