• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як напісаць план на год і дабівацца пастаўленых мэтаў? Парады псіхолага

    З набліжэннем Новага года многія задумваюцца пра тое, як пражылі папярэднія 12 месяцаў і што можна змяніць у будучыні. Гэта час, калі лёгка адчуць як натхненне, так і расчараванне. Каб атрымліваць ад жыцця задавальненне, быць больш актыўнымі і паспяховымі, псіхолагі раяць складаць планы на год і рабіць гэта нават тады, калі незразумела, што будзе заўтра.

    Навошта займацца планаваннем і як правільна гэта рабіць, чытачам Еўрарадыё расказвае псіхолаг і спецыялістка па метадзе КПТ Лілія Хедзіна.

    Як напісаць план на год: парады псіхолага

    Псіхолаг і спецыялістка па метадзе КПТ Лілія Хедзіна / facebook.com/lilixtaryk

    Навошта наогул планаваць?

    У наш турбулентны час можа падацца, што будаваць планы бессэнсоўна: жыццё непрадказальнае, і падзеі могуць абрынуцца нечакана. Аднак менавіта наяўнасць плана дазваляе нам заставацца псіхалагічна ўстойлівымі і адчуваць, што ў нас ёсць пэўны ўзровень валодання сітуацыяй.

    Калі наперадзе ветлым маяком свецяць мэты і арыенціры, мы лягчэй адаптуемся да абставін, бо разумеем, да чаго рухаемся тут і цяпер. Калі ўсё зменіцца, мы зменім план дзеянняў і перагледзім мэты, але важна зрабіць сваё жыццё нават у перыяд пераменаў і крызісаў асэнсаваным.

    Тут хочацца ўспомніць карцінку пра кветкі, што завірусілася ў 2021‑м, а таксама працытаваць Віктара Франкля, які пісаў пра жыццё і выжыванне людзей у канцлагеры:

    “Першымі зламаліся тыя, хто верыў, што ўсё хутка скончыцца. Потым — тыя, хто не верыў, што гэта калісьці скончыцца. Выжылі тыя, хто сфакусаваўся на сваіх справах, без чаканняў таго, што яшчэ можа здарыцца» (В. Франкль, «Сказаць жыццю «Так!»: псіхолаг у канцлагеры»).

    Наогул, псіхалогія сцвярджае, што рэалістычнае і структураванае планаванне дапамагае стварыць унутраную апору, а таксама зніжае трывожнасць перад будучыняй. Гэта спосаб растлумачыць свае жаданні і прыярытэты, скіраваць энергію ў канкрэтнае рэчышча.

    Нават тады, калі здаецца, што вы дасягнулі ўсяго і прыйшлі да пункта, у якім хацелася б зафіксавацца, патрэбны план таго, як забяспечваць устойлівасць ва ўсіх важных каштоўнасных сферах. Вось у гэтым, па сутнасці, і заключаецца ўсвядомленае планаванне: убачыць, як выглядае ва ўсіх сферах тое жыццё, якое цяпер табе бачыцца шчаслівым — і спраўдзіць, дзе ты цяпер у кожнай з гэтых сфер і што рабіць, каб вырасці ці хаця б не скаціцца. Але пра ўсё па парадку.

    Як скласці «дарожную карту» на год

    Намалюйце сваё «Кола балансу».

    Гэтая коўчынгавая тэхніка — самая наглядная, комплексная і таму папулярная методыка аналізу. Кола дзеліцца на некалькі сегментаў, кожны з якіх уяўляе важную для канкрэтнага чалавека сферу жыцця.

    Часцей за ўсё гэта:

    • здароўе;
    • кар’ера і бізнес;
    • фінансы;
    • асабістыя адносіны (сям’я, сябры);
    • асабістая эфектыўнасць (рост, навучанне);
    • адпачынак і вольны час (ох, як часта гэтую сферу забываюць уключыць у важныя нашыя працаголікі дасягатары);
    • творчасць;
    • самаразвіццё і духоўнасць;
    • навакольнае асяроддзе (камфорт, утульнасць).

    Ствараем кола жыццёвага балансу

    10 балаў па кожнай каштоўнаснай сферы — гэта той максімум, якога вы б на гэты момант хацелі. На гэтай шкале неабходна вызначыць свой цяперашні ўзровень задаволенасці і потым злучыць атрыманыя кропкі. Чым круглейшае вашае кола, тым больш збалансаванае вашае жыццё.

    «Правалы» ў малюнку будуць падсвятляць сферы, на якія трэба звярнуць найбольшую ўвагу і разгледзець для ўлівання туды рэсурсаў: час, грошы, намаганні, спробы і да таго падобнае.

    Што вельмі важна падчас выканання методыкі самастойна: паспрабуйце аб’ектыўна ўбачыць кропку, якую вы рэальна ацанілі б на 1. Калі мы знаходзімся ў дэфіцыце ў якой-небудзь са сфер, мы схільныя заніжаць свае паказчыкі, бо працуе прынцып «чорна-белага мыслення», то-бок «я незадаволены — значыць, 3 ці ўвогуле адзінка». Шкалу варта аб’ектыўна ранжыраваць, дзе 1 — гэта самае дрэннае, што ў гэтай сферы наогул можа, на вашую думку, здарыцца. 

    Зрабіце аналіз мінулага года

    Выпішыце, што вы зрабілі па кожным з сегментаў, што выклікала гонар, а што не ўдалося завяршыць. Не вінавацьце сябе за прамашкі: важна глядзець на іх як на ўрокі, пасля якіх варта выканаць працу над памылкамі.

    Задайце сабе пытанні:

    • Якія моманты прынеслі радасць?
    • Што я хацеў(ла) зрабіць, але адклаў(ла)?
    • Што я зрабіў бы па-іншаму і якія высновы на будучыню магу з сабой забраць?

    Вызначце прыярытэты

    Ваш прыярытэт па каштоўнасных сферах ужо зразумелы: трэба «падымаць» тыя, што паказваюць найбольшую прасадку, і не даць «зваліцца» тым, што цяпер у парадку. Але цяпер важна вызначыць, якія канкрэтныя крокі могуць істотна зрушыць ступень задаволенасці.

    Зрабіць гэта можна, спачатку склаўшы інтуітыўны спіс жаданняў па кожнай сферы ў рэжыме «мазгаштурму», а потым адфільтраваць яго праз наступныя пытанні: 
    Што з гэтага сапраўды важнае для вас?
    Што сугучнае вашым каштоўнасцям?

    Пераўтварыце жаданні ў канкрэтныя мэты

    Пастаноўка мэты па метадзе SMART (канкрэтная, вымяральная, дасягальная, актуальная, абмежаваная ў часе) дапаможа зрабіць яе рэальнайшае. Напрыклад, замест «хачу больш зарабляць» сфармулюйце: «Праз 1 год зарабляць 50 еўра за дзень, аддаючы працы не больш за 8 гадзін штодня».

    Разбіце мэты на этапы

    Падзяліце шлях да мэты на крокі. Напрыклад:

    Мэта: «Прабегчы паўмарафон».

    Этапы: купіць спартыўны абутак; пачаць з лёгкіх прабежак па 10 хвілін; паступова павялічваць дыстанцыю на 1 км за тыдзень.

    Улічвайце гнуткасць

    Планы не мусяць быць жорсткімі. Важна пераглядаць іх кожныя 2–3 месяцы і ўносіць карэктывы. Гэта нармальна — жыццё дынамічнае, і вы таксама можаце мяняцца.

    Чаго лепш пазбягаць?

    Ідэалізаваных чаканняў. Не будуйце планаў зыходзячы з таго, як «мусіць быць». Арыентуйцеся на рэальнасць і свае магчымасці.

    Перагружанасці або расфокусу. Калі спіс мэтаў занадта вялікі, вы рызыкуеце страціць матывацыю. Сканцэнтруйцеся на адной найбліжэйшай мэце ў кожнай са сфер.  

    Самакрытыкі за няўдачы. Планы — гэта арыенцір, а не строгі прысуд. Нават калі не ўсё атрымалася, важна адзначыць свае намаганні.

    Вынік

    Планаванне — гэта акт клопату пра сябе. Ствараючы «дарожную карту», вы даяце сабе шанец пражыць год сугучна сваім каштоўнасцям, свядома, з пачуццём напрамку і ўнутранай гармоніі. І памятайце: самае важнае — не ідэальны план, а вашыя маленькія крокі да вялікіх зменаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці