• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як пачаць YouTube-канал з нуля: лайфхакі ад экспертаў

    «Сваёй працай трэба гарэць, бо менавіта шчырасць выклікае задавальненне аўдыторыі», —  з гэтым выказваннем прадзюсара многіх беларускіх YouTube-праектаў Віталя Зыблюка, што прагучала падчас канферэнцыі па беларускім YouTube, пагадзіліся ўсе прысутныя.  Якія яшчэ прынцыпы неабходна ўлічыць пры стварэнні новай пляцоўкі? БАЖ занатаваў парады і лайфхакі ад эксперта.

    ютуб як пачаць з нуля

    Фота: green­wish _ для pexels.com

    Выбар тэматыкі. Што важна ўлічыць напачатку?

    Важная экспертнасць. Гэта значыць варта абіраць тэму, якая вас цікавіць і ў якой вы разбіраецеся. Гэта можа быць усё, ад гульняў да кухарскага майстэрства ці нават вашага ўласнага брэнду.

    — Калі вы не разбіраецеся ў абранай тэме, калі вас не захоплівае гэтая ідэя, то наўрад у вас атрымаецца захапіць ёю патынцыйную аўдыторыю,  — гаворыць спадар Зыблюк.

    Але ж калі вы не эксперт, а вам цікавая тэма, то гэта таксама можа быць спрацаваць. Напрыклад, па словах Мікіты Мелказёрава, перад запускам канала «Загляне сонца» ён нічога не ведаў пра беларускую гісторыю. Ён пачаў высвятляць, размаўляць з гісторыкамі. Тым, што даведаўся сам, ён цяпер дзеліцца са сваімі гледачамі.

    Мікіта Мелкаазёраў. Скрыншот аднаго з выпускаў яго YouTube-канала «Загляне сонца»

    Такім таксама можа быць шлях да папулярнага YouTube-канала.

    Не менш важная вашая шчырасць. Аўдыторыя вельмі лёгка счытвае наколькі вы з ёй адкрыты, наколькі шчыра вы хочаце падзяліцца тэмай і сваімі меркаваннямі.

    Не забывайцеся на рэгулярнасць выкладвання ролікаў! Перш чым ствараць канал, трэба падумаць, ці хопіць сілаў і тэм, каб рабіць яго не час ад часу, а на пастаяннай аснове. Тут дапаможа, калі вы складзеце доўгатэрміновы план. Выходзіць можна, як вы вырашыце самі: раз на тыдзень, два разы на месяц, кожны дзень, раз у месяц.

    Частата не так важная, галоўнае, каб была рэгулярнасць.

    Як адшукаць тэму для YouTube-канала?

    • Імпартазамяшчэнне.

    Існуюць папулярныя расійскія, украінскія YouTube-каналы, у якіх ёсць беларуская аўдыторыя. Гэтак, у Дудзя каля 25 адсоткаў гледачоў — нашыя суайчыннікі. Таму можна ствараць падобныя праекты ўжо сваімі сіламі і мэтанакіравана для  беларусаў.

    • Адкрываць сваіх экспертаў.

    Каб забіраць беларускага гледача ад расійскага YouTube і пераносіць у свой, дапаможа ўдзел менавіта беларускіх экспертаў. Калі рабіць цікавы і якасны кантэнт, то яго будуць глядзець не толькі ў Беларусі, але і ў Казахстане, Украіне ці іншых краінах, дзе ёсць рускамоўнае насельніцтва. Гэтак можна захапіць частку замежнай аўдыторыі, упэўнены Віталь Зыблюк.

    • Шукаць свабодныя нішы.

     У прыватнасці эксперт звяртае ўвагу на ранішнія эфіры. «Обычное утро» — адзін з добрых прыкладаў. Ёсць яшчэ  тэматычныя праграмы на «Белсаце».

    Канстанцін Каверын і Людміла Міласлаўская падчас эфіру. Скрыншот YouTube-канала «Обычное утро»

    А яшчэ лічыць Віталь, на прасторы YouTube вельмі мала гумарыстычнага кантэнту па-беларуску, як і пазнавальнага і забаўляльнага.

    І ўвогуле, па меркаванні Зыблюка, беларускі YouTube даволі пусты. Ён распавёў, што неяк з калегамі паспрабаваў зрабіць кшталту «праграмы перадач» – YouTube-каналаў не набралося на паўтыдня. Менавіта прабеларускіх, накіраваных на беларускую аўдыторыю.

    • Лакальны кантэнт.

    Яшчэ як прапанова па выбару тэматыцы — гэта лакальны кантэнт па-беларуску альбо па-руску: навіны канкрэтнага рэгіёну, гісторыя пэўных мясцін, здарэнні – усё, што тычыцца найперш саміх беларусаў.

    Таму што, калі вы ствараеце ўніверсальны кантэнт, напрыклад, пра жыццё дзяцей-інвалідаў ці пра птушак, то ён улятае ў рускакамоўную аўдыторыю. З аднаго боку, гэта добра, бо аўтар адразу атрымлівае вялікія прагляды і мноства падпісак. Але на гэтым няма магчымасці зарабляць, бо, напрыклад, у Расіі адключана манетызацыя.

    — Калі мы хочам, каб нас глядзелі ўнутры Беларусі, то трэба лакальныя навіны, — упэўнены выступоўца.  — У прыклад магу прывесці канал «Пра Віцебск». Ён хутка развіваецца, каманда пачала ўжо рабіць шортсы. Як вынік  — аўдыторыя налічвае 250 тысяч наведвальнікаў у месяц. Ці «Сильные новости», з якімі не можа параўнацца ніводная раёнка.

    YouTube-канал «Пра Віцебск»

    Скрыншот выпуску YouTube-канала «Пра Віцебск»

    Лайфхак: калі расказваць пра здарэнні, то можна выкарыстоўваць відэа ў тым ліку з тэлеграм-каналаў МУС, ДАІ, МНС і пераўпакоўваць іх у шортсы. То-бок, такі кантэнт можна пазычаць, бо за шортсы банаў ад YouTube няма.

    • Беларускамоўны кантэнт

    Віталь Зыблюк заўважае, што ва ўмовах вайны Расіі супраць Украіны беларускамоўныя эфіры сталі своеасаблівым маркерам таго, што беларусы супраць вайны, сімвалам пратэсту, унутранага змагання. Таму варта ствараць і непалітычны кантэнт па-беларуску. 

    Парада: калі медыя хоча ствараць новыя YouTube-каналы менавіта не навінавыя, а, напрыклад, пра літаратуру, то лепей, каб яны не былі візуальна звязаныя з гэтым медыя. Не будзе ніякага экстрэмізму адразу на пачатку, не будзе асацыяцыі з медыя, будзе ўспрымацца, што нібы нейкі новы блогер стварыў свой канал.

    Беларуская мова і Google: як быць?

    Ёсць цяжкасці з прасоўваннем кантэнту па-беларуску, бо  нашая мова дагэтуль не падтрымліваецца Google. Справа ў тым, што рэкламны кабінет не належыць наўпрост Google.Той сваю чаргу гаворыць, што не будзе ціснуць на ўладальнікаў толькі з‑за таго, што беларусам хочацца рэкламаваць па-беларуску. І тлумачаць гэта  вельмі малым рэкламным рынкам.

    Якое выйсце? Неабходна ствараць як мага больш беларускага кантэнту, каб YouTube пачаў разумець, што ёсць беларуская мова і ёсць такая краіна.

    петыцыя дадаць беларускую мову Google Ads

    Скрыншот петыцыі, у якой беларусы прасілі дадаць беларускую мову Google Ads

    І з беларускай мовай мы дакладна трапляем у беларускую аўдыторыю, а не ў расійскую ці іншую. Бо алгарытмы YouTube беларускамоўны кантэнт імкнуцца паказваць менавіта беларускай аўдыторыі. Навіны пра Беларусь, але па-расійску YouTube пакажа не толькі беларусам. Аднак расейцам яны будуць нецікавыя і ахопы вашага канала будуць зніжацца. YouTube будзе гэта бачыць і менш пашыраць відэа, у выніку ахоп не падымецца. 

    Важна ўлічваць:  Першая вашая аўдыторыя, якая падпішацца на ваш канал, і будзе асноўным бустам для далейшага набору аўдыторыі.

    Як працуе алгарытм YouTube? Вы публікуеце відэа, ён пачынае паказваць рознай аўдыторыі, нейкая аўдыторыя пачынае глядзець і YouTube разумее, што відэа прызначана гэтай аўдыторыі. У вас з’яўляюцца падпісчыкі. Далей вы павінны працаваць з гэтымі падпісчыкамі, што значыць ствараць такія відэа, якія не расчаруюць іх. YouTube будзе паказваць наступныя вашыя відэа найперш вашым падпісчыкам, калі яны глядзяць іх, то ён робіць большы ахоп, такім чынам канал працягвае расці. Калі вы расчаравалі вашых першых падпісчыкаў, YouTube зразумеў, што кантэнт не цікавы і яго пашыраць не будзе.

     Прасоўванне відэа. Як зрабіць ваш youtube-канал больш вядомым?

    • Аптымізацыя для пошуку.

    Пры загрузцы відэа выкарыстоўвайце ключавыя словы і фразы ў назвах, апісаннях і тэгах, каб павялічыць іх адлюстраванне ў выніках пошуку.

    • Актыўнае прасоўванне.

    Пашырайце вашы відэа праз сацыяльныя сеткі, блогі, форумы, групы і іншыя каналы, якія могуць зацікавіць вашую аўдыторыю. Падтрымлівайце адно аднаго рэпостамі, а таксама расповедамі пра новыя каналы. І такім чынам проста праз падтрымку можна раскачваць беларускі YouTube.

    • Узаемадзеянне з гледачамі.

    Адказвайце на каментары, праводзьце апытанні, запісвайце відэа, якія рэагуюць на запыты і каментары вашых гледачоў. Гэта дапаможа замацаваць аўдыторыю і стварыць супольнасць.

    • Аналіз вынікаў.

    Выкарыстоўвайце аналітыку YouTube, каб вызначыць, якія тыпы відэа працуюць лепш, і адаптуйце адпаведна ваш план кантэнту.

    Парада: не пераймайцеся з‑за невялікай колькасці праглядаў на старце. Трэба разумець, што наш рынак такі невялікі і праглядаў як на расійскім не можа быць. Гэта наша аўдыторыя і трэба працаваць на яе.

    Рэклама новага ютуб-канала: плаціць ці не плаціць?

    Напачатку ў многіх стваральнікаў  YouTube-каналаў можа ўзнікаць спакуса пашыраць яго праз платную рэкламу. Але тут ёсць нюансы. Віталь Зыблюк лічыць, што лепш не ставіць ролік на рэкламу ў першыя тры дні пасля выхаду. Гэты час патрэбны, каб YouTube зразумеў вашую аўдыторыю і пачаў даваць ахоп. 

    Калі глыбіня праглядаў нават з рэкламай маленькая, то прасцей яе выключыць, інакш можна сапсаваць сабе прагляды.

    Калі глыбіня хаця б 30 адсоткаў у першыя 30 хвілін прагляду, то такую рэкламу можна рабіць. Яшчэ памятайце, што YouTube можа спыніць арганічны прагляд пасля таго, як вы перастанеце ўкідваць грошы ў рэкламу.

    Віталь Зыблюк беларускі YouTube

    Віталь Зыблюк падчас выступу на канферэнцыі па беларускім YouTube. 2024 год. Фота: аўтара БАЖ

    Лайфхак: калі загрузілі відэа і бачыце, што не пайшло, то можна смела мяняць карцінку, загаловак і не адзін раз. Такія захады дапамогуць YouTube лепш зразумець аўдыторыю вашага кантэнту.

    Для папулярызацыі свайго YouTube-канала можна выкарыстоўваць шортсы. Кароткія відэа дазваляюць шырэйшаму колу гледачоў атрымаць доступ да кантэнту вашага брэнда. У выніку ў вас можа істотна пашырыцца аўдыторыя.

    Такія практыкі могуць дапамагчы ўзмацніць вашу прысутнасць на YouTube і зрабіць ваш канал болей вядомым. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці