• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Галоўнае — пасеяць сумневы». Як прапаганда маніпулюе людзьмі і як з гэтым змагацца

    Журналістка Надзея Белахвосцік прафесійна вывучае прапаганду амаль 6 гадоў у межах праекта Medi­aIQ. Пра тое, якая канчатковая мэта прапагандыстаў і чаму людзі робяцца безабароннымі перад афіцыйнай агітінфармацыяй, экспертка распавяла падчас аўтарскага вэбінара «Не ўсё так адназначна». Як выявіць маніпуляцыю ў медыях з першай фразы».

    Надзея Белахвосцік

    Надзея Белахвосцік на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    «Не ўсё так адназначна». Дзе тоіцца небяспека?

    Для вэбінара Надзея Белахвосцік выбрала досыць папулярную фразу: «Не ўсё так адназначна». Чым яна адметная?

    Фраза здаецца бяскрыўднай, але з’яўляецца небяспечным інструментам прапаганды.

    На маю думку, гэтая вяршыня маніпуляцыйнай канструкцыі, найбольш небяспечная. Яна падрывае давер агулам да інфармацыі. Вельмі часта ўжываецца ў складаным інфаасяроддзі, калі наўпроставая хлусня можа быць выкрытая вельмі хутка. Тады ў гульню ўступаюць адмысловыя прыёмы.

    Экспертка прывяла прыклад са сваёй практыкі. Недзе за месяц да поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну на адным з YouTube-каналаў адбылася гутарка прапагандыстаў Ігара Тура з Марыяй Пятрашка. Пятрашка казала: «Вайна ў нейкай ступені патрэбная, каб стабілізаваць на пэўны час у свеце сітуацыю, якая накаляецца. Гісторыя цыклічная і такія канфлікты перыядычна ўзнікаюць». На што Тур адказвае: «Якая ў вас радыкальная думка! Але ў мяне даўно ёсць іншая радыкальная думка: у свеце цыклічна адбываюцца войны, бо мы набліжаемся да народанасельніцтва (напэўна, ён хацеў сказаць пра перанаселенасць планеты). І чалавецтва, каб рэсурсы не былі абмежаваныя, калектыўны розум прыдумляе новую вайнушку, каб далей жылося неяк лепш».

    Пры ўсім цынізме гэтай размовы, яна і ёсць тое самае «не ўсё так адназначна».  Было дзіўна гэта слухаць у беларускім кантэксце, бо мне здавалася, што ў Беларусі прышчэпка «абы не было вайны» вельмі моцная. А праз месяц Расія ўварвалася ва Украіну.

    «Не ўсё так адназначна» працуе як стопар, які штурхае беларусаў да складаных рашэнняў. Мы не даем доказаў, а ўводзім сумненне, якое нічым не абгрунтаванае. Маўляў, ёсць больш складаная праўда, якая не ўсім даступная. І гэта прымушае чалавека сумнявацца ў сваіх высновах.

    Чалавек трапляе ў эмацыйную пастку, у думках далучае сябе да нейкай элітарнай групы, якая верыць, што ўсё складана. Наступны крок чалавек паралізаваны. Ён нічога не робіць, бо гэта можа быць памылка, таму што не ўлічылі ўсе абставіны. Менавіта гэта і ёсць мэта прапагандыстаў — калі не могуць пераканаць, яны сеюць сумневы і дабіваюцца, каб мы не прымалі канкрэтных рашэнняў, адзначае Надзея Белахвосцік.

    Ігар Тур

    Прапагандыст Ігар Тур. Скрыншот відэа яго аўтарскай праграмы «Прапаганда»

    Што робяць прапагандысты, сеючы сумненні? Яны змяняюць фокус:

    Ён прымушае глядзець не на факты (смерці людзей, бамбардзіроўкі), а на недаказаныя прычыны (хто каго правакаваў).

    Маральная і юрыдычная ацэнка агрэсіі змяшчаецца ў сферу канспіралогіі. Агрэсар і ахвяра становяцца на дзін узровень, тым самым здымаецца адказнасць з агрэсара.

    «Мы вымушаныя былі напасці», — кажуць расіяне. Гэта абсурд, але такая рыторыка працуе, і шмат людзей  у гэта верыць, падкрэслівае экспертка. І чым далей краіна знаходзіцца ад межаў Беларусі і Расіі, тым большую папулярнасць маюць такія ідэі.

    Ці яшчэ адзін прыклад, цяпер з беларускай рэчаіснасці. Журналісты правялі расследаванне і паказалі карупцыю. Нам кажуць: не ўсё так адназначна. Маўляў, мы не ведаем, хто заказаў, хто аплачваў, на якія гранты існуюць журналісты-расследавальнікі.

    Ідзе атака на крыніцу, на таго, хто сабраў факты, на яго матывы, сумленнасць. Гэты прыём называецца «атручванне студні».

    Наступны крок пачынаюць даказваць, што «праўды ўвогуле не існуе», «ёсць розныя бакі, таму трэба шукаць, каму гэта выгадна, а каму не», і ўвогуле «ўсё не так адназначна».

    Канчатковая мэта — знішчыць давер да незалежнай журналістыкі. Людзі становяцца безабароннымі перад афіцыйнай прапагандай, кажа экспертка.

    Як прапаганда маніпулюе людзьмі

    Надзея Белахвосцік прывяла некалькі параўнальных цытат, з руандзійскага «Радыё тысячы ўзгоркаў» і беларускіх дзяржаўных СМІ. Паралелі сапраўды наводзяць жах — беларуская прапаганда ледзь не адзін у адзін паўтарае наратывы руандзійскай прапаганды. Параўнайце самі:

    РТУ: «Займется тот день, когда не останется больше тараканов на земле Руанды. Слово тараканы будет забыто навсегда».

    СБ. Беларусь сегодня: «Воспитание бандеровщиной неизбежно приводит к нацизму, особенно если бандерам еще удалось и власть захватить. Поэтому нужна денацификация, это будет долго, это будет непросто, но укронацистов нужно вывести как тараканов раз и навсегда».

    «Маніпуляцыя — гэта від прымянення ўлады, пры якім нехта ўплывае на паводзіны іншых, не раскрываючы свае сапраўдныя намеры. Гэта схаванае ўздзеянне, факт якога не павінен быць заўважаны», — прыводзіць спікерка выказванне медыякрытыка Герберт Шылер.

    Надзея Белахвосцік

    Надзея Белахвосцік на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Сапраўды, маніпуляцыя — гэта заўсёды таемны ўплыў. Медыяэксперты адзначаюць 37 маркераў, паводле якіх можна вызначыць маніпуляцыю.

    • «Гульня на эмоцыях»: выкарыстанне страху, гневу, абурэння, каб выключыць логіку. Варта дабіцца ўключэння любой эмоцыі — абы выключыць логіку.
    • «Чорна-белае мысленне», «мы і яны»: падзел свету на дзве крайнасці.
    • «Ілжывая дылема»: выбар паміж двума няслушнымі варыянтамі (напрыклад, беларускія ўлады любяць прапаноўваць выбраць, чый бок заняць: «беглых» альбо «патрыётаў»).
    • «Падмена паняццяў»: калі звыклым словам надаюць новы, скажоны сэнс (наш — разведчык, у іх — шпіён).
    • «Дэгуманізацыя»: абязлічванне апанентаў («укропы», «беглыя», «паразіты»).
    • «Лозунгі»: расійскі «Можам паўтарыць» ці чыста беларускі «Абы не было вайны».
    • «Ацэначныя выказванні»: Выдача эмоцый і меркаванняў за факты: («Як справядліва падкрэслівае прэзідэнт…», «Зрэшты, своечасовая работа ўжо выканана»).
    • «Апеляцыя да аўтарытэтаў» / «Псеўдааўтарытэт»: Выкарыстанне псеўдакрыніц.
    • «Выбарачнасць фактаў» / «Замоўчванне»: Утойванне нязручнай інфармацыі.
    • «Падтасоўка / селекцыя»: Выбар толькі тых фактаў, якія ўпісваюцца ў зададзеную схему («Беларусь — лідар па IQ ў Еўропе»).

    Государственная пропаганда: как избежать ее в Новой Беларуси

    Як не паддацца на маніпуляцыю прапаганды

    Надзея Белахвосцік прывяла «залатыя правілы крытычнага мыслення», якія не дазволяць прапагандзе маніпуляваць вамі.

    • Спыніцеся. Падумайце і не паддавайцеся першым эмоцыям.
    • Праверце крыніцы інфармацыі. Хто сказаў? Якая крыніца? Ці варта ёй давяраць?
    • Шукайце альтэрнатыўныя меркаванні. Ці ёсць іншыя пункты гледжання?
    • Адрознівайце факты і меркаванні. Факт можна праверыць, меркаванне — гэта заўсёды інтэрпрэтацыя.
    • Давярайце, але правярайце. Здаровы скепсіс мусіць заўсёды прысутнічаць.

    Як шукаць маніпуляцыю?

    Заўсёды трэба разбіваць тэкст на маркеры. Факты правяраць, а хлусню прапаганды абвяргаць.

    Але гэтага мала, трэба растлумачыць чытачу, які прыём прапаганда спрабавала выкарыстаць супраць яго.

    Абавязкова трэба паказаць людзям, што іх не толькі спрабавалі падмануць, але і як іх спрабавалі падмануць.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці