• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Твітар пачаў паказваць краіны паходжання акаўнтаў. Ці гэта небяспечна і як схаваць сваю краіну?

    У твітары сталі паказваць, з якой лакацыі, меркавана, вядуцца тыя ці іншыя акаўнты. Гэта стала дрэннай навіной для актывістаў з аўтарытарных краін, якія стараюцца не свяціць сваё рэальнае месцазнаходжанне. Але насамрэч даволі лёгка амаль схаваць, адкуль ты вядзеш акаўнт — «Наша Ніва» тлумачыць як.

    як схаваць сваю краіну ў Х

    Уладальнік X Ілан Маск. Фота: Bea­ta Zawrzel / Nur­Pho­to via Get­ty Images

    Як працуе гэтая функцыя і ці яна небяспечная?

    21 лістапада на платформе X з’явілася новая функцыя — калі націснуць на дату далучэння да платформы, то ў меню будзе відаць не толькі агульная інфармацыя, але і краіна паходжання акаўнта, і кліент, праз які карыстальнік яго вядзе. Выглядае гэта так:

    Сюды трэба націснуць, каб паказалася меню (у чырвонай рамцы)

    Вось якая інфармацыя паказваецца — акрамя публічных звестак, яшчэ і тое, дзе базуецца акаўнт і праз што яго вядуць (БелТА вядзе яго праз сайт)

    Першы і найбольшы скандал пасля ўзнік з акаўнтамі, якія падтрымлівалі Дональда Трампа. Напрыклад, высветлілася, што адзін з буйных каналаў MAGA-тэматыкі (больш за 400 тысяч падпісчыкаў) вядуць з Усходняй Еўропы, фан-акаўнт дачкі Трампа Ivan­ka News з мільёнам падпісантаў — з Нігерыі, а адзін з каналаў Trump Fan Army (500+ тысяч) — з Індыі.

    Актывісты з аўтарытарных краін выказалі занепакоенасць, некаторыя нават называюць гэта прымусовым раскрыццём даных і перажываюць за сваю бяспеку. Некаторыя людзі таксама мяркуюць, што твітар будзе раскрываць даныя іхніх падарожжаў і засвеціць перамяшчэнні. Адміністрацыя платформы кажа, што падставаў для трывогі няма — маўляў, усе рызыкі ўлічаныя.

    Яшчэ адна праблема ў тым, што калі ты выкарыстоўваеш VPN, то лакацыя будзе недакладнай. Праўда, твітар усё роўна будзе паказваць, з маркета якой краіны вы спампавалі праграму. І гэта дадатковая рызыка раскрыцця вашага рэальнага месцазнаходжання.

    Напрыклад, так выглядае канал папулярнай расійскай блогеркі «полин, переведи?» (@vs_polia). Яна сядзіць праз ВПН, таму яе акаўнт «базуецца» ў Нідэрландах. Але бачна, што яна сядзіць праз кліент з расійскага App Store, праз што нескладана вылічыць, што яна з Расіі.

    як схаваць сваю краіну ў Х

    Так выглядае акаўнт блогеркі @vs_polia

    Насамрэч, да канца незразумела, ці дапаможа гэта пазбягаць распаўсюду дэзынфармацыі. Большая частка такіх акаўнтаў не блакуецца. А папулярнасці яны часцяком дасягаюць колькасцю каментароў, а не якасцю. Прынамсі пра нейкія магчымыя меры супраць такіх акаўнтаў не паведамлялася.

    Як схаваць краіну паходжання акаўнта ў твітары?

    Але ёсць налада, якая дазваляе зрабіць ваша месцазнаходжанне больш абстрактным. Каб яе ўключыць, трэба ўвайсці ў настройкі праз браўзер на камп’ютары або смартфоне ці абноўленую праграму для смартфонаў.

    Меню настроек у твітары

    Там выберыце пункт Pri­va­cy and safe­ty. Адкрыецца гэты пункт меню.

    як схаваць сваю краіну ў Х

    Верхняя частка меню Pri­va­cy and safe­ty

    Там націсніце пункт About your account. Адкрыецца новае меню

    Меню About your account

    Далей варта выбраць Use Region/Continent. Пасля гэтага звесткі пра лакалізацыю будуць больш агульнымі. Вось, напрыклад, як выглядае акаўнт, які вядзецца з Польшчы, пасля ўключэння налады:

    Акаўнт X з уключанай наладай Use Region/Continent

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці