• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маніпуляцыя замест фактаў: як у Гродне перапісваюць польскія навіны

    Журналісты дзяржаўнай «Гродзенскай праўды» адцягваюць увагу чытачоў на праблемы ў Польшчы. Яны скажаюць факты з польскіх навін і ствараюць адчуванне катастрофы за мяжой. Hrodna.life разбіраецца, як прыёмы маніпуляцыі схіляюць чытачоў да пэўнай інтэрпрэтацыі.

    Маніпуляцыя замест фактаў: як у Гродне перапісваюць польскія навіны

    «Гродзенская праўда» ператварае польскія навіны ў беларускія маніпуляцыі. Ілюстрацыя створана з дапамогай Chat­G­PT

    Дэзынфармацыя коштам у дзіцячы садок

    Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі палічыла прыблізныя страты, якія панесла Беларуская чыгунка (БЧ) падчас закрытай мяжы. Атрымалася $ 500 — 600 тыс. Штодня.

    Даведка Hrodna.life: Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі — гэта ініцыятыва, якая была заснаваная ў 2020 годзе на хвалі масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. Зараз гэта незалежная арганізацыя праводзіць маніторынг і асвятляе падзеі на Беларускай чыгунцы.

    За 13 дзён прастою БЧ страціла ад $ 6,5 да $ 7,8 млн. Каб ацаніць маштаб, дастаткова паглядзець на гродзенскі мікрараён Грандзічы‑3. Там пабудаваны самы вялікі дзіцячы садок у Гродзенскай вобласці. Яго будаўніцтва каштавала каля $ 5 млн.

    Інакш кажучы, за час закрытай мяжы толькі наша чыгунка страціла столькі, колькі б хапіла на новы садок — з ліфтам, басейнам і ўсім, што патрэбна дзецям.

    Маніпуляцыя № 1: гучнае абагульненне і эфект глабальнага крызісу

    Артыкул у «Гродзенскай праўдзе», які абяцаў расказаць пра наступствы закрытай мяжы, пачынаецца з гучнага абагульнення:

    «Закрыццё мяжы з Беларуссю стала моцным ударам для польскай і еўрапейскай эканомік», — пішуць дзяржаўныя журналісты.

    Маніпуляцыя замест фактаў

    Ілюстрацыя створана Hrodna.life з дапамогай Chat­G­PT

    Гэты сказ узяты з матэрыялу на сайце trans.info — еўрапейскага медыя пра транспарт і лагістыку. Там гэта былі толькі меркаванні эксперткі ў сферы знешняга гандлю, а не дакладныя дадзеныя.

    Першы крок маніпуляцыі: стварыць уражанне агульнаеўрапейскай катастрофы, якая нас нібыта не закранула.

    Маніпуляцыя № 2: лічбы не хлусяць, але хлусяць тыя, хто іх тлумачыць

    У артыкуле «Гродзенскай праўды» лічбы сапраўдныя. Яны ўзятыя з польскіх артыкулаў па гэтай тэме. Але журналісты тлумачаць іх іншымі словамі. У выніку скажаецца сэнс паведамлення.

    Маніпуляцыя замест фактаў

    Ілюстрацыя створана Hrodna.life з дапамогай Chat­G­PT

    «У сярэднім на працягу двух тыдняў, пакуль мяжа была закрытая, у чарзе стаяла некалькі тысяч транспартных сродкаў, страты транспартнай галіны дасягнулі прыблізна 100−200 млн еўра», — сцвярджаюць журналісты «Гродзенскай праўды».

    Гэты не арыгінал, а вольны пераклад з артыкула на сайце trans.info. У першакрыніцы экспертка ў галіне знешняга гандлю толькі выказвае дапушчэнне: калі на мяжы сапраўды стаялі некалькі тысяч машын, страты маглі б дасягнуць 100−200 мільёнаў еўра. Гэта меркаванне, а не дакладны факт.

    Журналісты «Гродзенскай праўды» сказілі пераклад. Яны перадалі словы эксперткі як правераныя дадзеныя. Такім чынам меркаванне ператварылася ў «праўду».

    Другі крок маніпуляцыі: з’яўляецца ўражваючая лічба, якая павінна прымусіць нас паверыць у маштаб страт у Польшчы.

    Маніпуляцыя № 3: як адзін голас ператварыўся ў патрабаванне ўсіх палякаў

    Журналісты «Гродзенскай праўды» працягваюць узмацняць сваю гісторыю праз перабольшванні. Пад загалоўкам «Палякі патрабуюць справаздачы аб стратах» тэкст апісвае рэакцыю дэпутатаў Сейма:

    «Паводле звестак польскіх СМІ, у Сейме раскрытыкавалі прэм’ера Туска за закрыццё мяжы з Беларуссю».

    Маніпуляцыя замест фактаў

    Ілюстрацыя створана Hrodna.life з дапамогай Chat­G­PT

    Здаецца, што ў Сейме ўзнялася хваля абурэння. На самой справе ўсё абмежавалася выступленнем дэпутата ад апазіцыйнай крайне правай партыі «Канфедэрацыя» Вітольда Тумановіча (Witold Tumanow­icz). Пра гэта піша польскае выданне DoRzeczy.pl (да слова, таксама кансерватыўнае ў сваёй рэдакцыйнай палітыцы).

    У польскім Сейме 460 дэпутатаў. З іх толькі 18 прадстаўляюць партыю «Канфедэрацыя». У журналістаў «Гродзенскай праўды» выказванні прадстаўніка нешматлікай партыі ператварыліся ва «ў Сейме раскрытыкавалі», што гучыць як пазіцыя большасці.

    Далей у артыкуле ўдакладняецца:

    «Парламентарыі запатрабавалі ад кіраўніка ўрада адсправаздачыцца, колькі страціла польская эканоміка з‑за гэтага кроку і ў чыіх інтарэсах прымалася рашэнне».

    На самой справе гэта быў заклік ад таго ж самага дэпутата Вітольда Тумановіча. Ён падкрэсліў, што польскія перавозчыкі і польскія прадпрымальнікі шмат страцілі, таму варта б было ведаць агульныя страты ад закрыцця памежных пераходаў.

    Журналісты «Гродзенскай праўды» заклік ператварылі ў патрабаванне, а голас прадстаўніка 18 дэпутатаў у пазіцыю ўсяго Сейма.

    Трэці крок маніпуляцыі: стварыць уражанне, што дзеянні польскага ўрада былі непапулярнымі і шкоднымі. Іх нібыта асудзілі нават «свае».

    Маніпуляцыя № 4: эмоцыі замест фактаў: як «простыя людзі» становяцца элементам маніпуляцыі

    Наступны фрагмент артыкула «Гродзенскай праўды» пераходзіць ад фактаў да эмоцый:

    «За час закрыцця мяжы пацярпелі не толькі перавозчыкі і буйныя кампаніі, а ў першую чаргу малы бізнес паблізу памежных пераходаў на ўсходзе Польшчы (бары, запраўкі, абменнікі валюты, што штодзённа абслугоўваюць тысячы кіроўцаў і турыстаў)», — піша «Гродзенская праўда».

    Маніпуляцыя замест фактаў

    Ілюстрацыя створана Hrodna.life з дапамогай Chat­G­PT

    Гэты сказ перапісаны з матэрыялу на trans.info, але ў яго дадалі новую дэталь: словы «ў першую чаргу», якіх няма ў арыгінале. Менавіта яны пераносяць акцэнт на самых безабаронных: уладальнікаў кавярняў, заправак, людзей «з зямлі». Пры гэтым ніякіх канкрэтных лічбаў або прыкладаў няма.

    Напрыканцы тэксту аўтары робяць высновы:

    «Непрадбачлівыя палітычныя меры б’юць не толькі па эканоміцы, але і па жыцці простых людзей па абодва бакі мяжы».

    Фраза «непрадбачлівыя палітычныя меры» — гэта ацэнка без доказаў, якая гучыць як безальтэрнатыўная праўда.

    Словы «па абодва бакі мяжы» ствараюць ілюзію баланса: нібыта аўтары памятаюць і пра беларускі бізнес, які пацярпеў ад закрыцця мяжы, хоць у тэксце пра яго няма ні слова.

    Чацвёрты крок маніпуляцыі: прымусіць нас спачуваць праблемам простых палякаў, каб адцягнуць увагу ад беларускіх страт.

    Як выкрыць маніпуляцыю

    Амаль увесь тэкст у «Гродзенскай праўдзе» — гэта «перапісаныя» сказы з польскіх медыя. Аўтары артыкула то дадалі ў іх эмацыйныя словы, то выдралі фразы з кантэксту, то змянілі пераклад так, што сказ страціў сэнс. Нам прапануюць абмяркоўваць не сваё, а чужое. Скажонае чужое.

    З дапамогай перабольшвання, падтасовак і гульні на эмоцыях нас правялі ад «агульнаеўрапейскай» катастрофы да «пакут» звычайных людзей, такіх як мы.

    Мэта артыкула ў «Гродзенскай праўдзе» — сфармаваць уражанне, што Польшча на мяжы эканамічнага калапсу, а ў Беларусі пануе цішыня і спакой.

    Маніпуляцыя замест фактаў

    Ілюстрацыя створана Hrodna.life з дапамогай Chat­G­PT

    Парада Hrodna.life, як выкрываць маніпуляцыю ў такіх тэкстах:

    • аналізуйце мову, звяртайце ўвагу на ацэначныя фармулёўкі і гучныя абагульненні;
    • правярайце цытаты ў першакрыніцах;
    • шукайце пацвярджэнне інфармацыі ў незалежных медыя.

    Маніпуляцыя працуе толькі тады, калі ёй верыш на слова. Верыш і пачынаеш абмяркоўваць чужыя страты, забываючы, што толькі на страты Беларускай чыгункі можна было б пабудаваць новы дзіцячы садок.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці