Што рабіць і не рабіць, калі вам напісалі з КДБ? Парады юрыста і псіхолага
“Добры дзень, вас турбуюць з Мінску, з праспекта Незалежнасці,17…”

«Добры дзень, гэта з КДБ» / Euroradio/ChatGPT
А вам ужо пісалі з КДБ ці, хутчэй, нейкія незнаёмыя людзі з незнаёмых старонак у сацсетках з прапановамі супрацоўнічаць, пакаяцца і вярнуцца ў Беларусь ці з пагрозамі, што прыйдуць да вашых сваякоў? Сёння з такімі паведамленнямі можа сутыкнуцца амаль кожны чалавек, што не згодзен з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі.
Каб даведацца, як лепей рэагаваць на паведамленні і прапановы спецслужбістаў Лукашэнкі і не з’ехаць з глузду ад страха, Еўрарадыё паразмаўляла з юрысткай праваабарончага цэнтру “Вясна” Святланай Галаўнёвай, а таксама з псіхалагіняй Ганнай Матуляк.
Лепшая рэакцыя — адсутнасць рэакцыі
Праваабаронцы кажуць, што практыка актыўна пісаць і спрабаваць звязвацца з беларусамі ў эміграцыі ў КДБ даволі свежая. Прынамсі, раней людзі так часта пра гэта не распавядалі.

Святлана Галаўнёва / spring96.org
— Я і мае калегі ацэньваем гэта як новую форму ціску як на канкрэтных людзей, з якімі спрабуюць звязвацца, так і агулам на супольнасць, — кажа юрыстка Святлана Галаўнёва. — Калі мы ведаем, што камусьці пішуць і прапануюць супрацоўнічаць, напэўна ж, нехта можа і пагадзіцца? Такім чынам мы адчуваем сябе больш няўпэнена — рэжым спрабуе знізіць давер у супольнасці. Але, я спадзяюся, што гэта не вельмі працуе. Людзі актыўна распавядаюць пра такія выпадкі — публічна ці не. Гэта добра, бо зніжаецца эфектыўнасць такіх спроб супрацоўнікаў КДБ, а таксама паказвае, што гэта не так страшна.
Калі адказваць на пытанне, як рэагаваць на паведамленіі, я б у першую чаргу задумалася, а ці дакладна мы ведаем, хто нам піша? Ці сапраўды гэта супрацоўнік дзяржбяспекі, а не нейкі пранкер ці махляр?
Паколькі мы не можам быць дакладна ўпэўненымі, бо ніякіх дакументаў ці здымкаў тых, хто дасылае нам паведамленні, у нас няма, дык і рэагаваць на гэта мы можам адпаведна — хутчэй не рэагаваць і не ставіцца да гэтага як да таго, што патрабуе нейкай рэакцыі.
Мы заўсёды раім у камунікацыі з міліцыяй, следчымі, любымі дзяржорганамі, калі яна не на тваю карысць і не табой ініцыяваная, мінімізаваць яе ці звесці толькі ў нейкія афіцыйныя, усталяваныя заканадаўствам траекторыі. Нешта трэба? Выклікайце на допыт праз афіцыйны запыт, каб не ўвязвацца ў не зразумела навошта патрэбнае ліставанне з кэдэбэшнікам з незразумелым акаўнтам.
— Дык усё ж не адказваць ці выводзіць на больш афіцыйны ўзровень?
— Ну, тут залежыць ад таго, што вам трэба. Калі вы жадаеце з імі размаўляць, вы можаце папрасіць ліст на бланку. Калі вы не хочаце камунікаваць — у вас няма абавязку рэагаваць на нейкія незразумелыя паведамленні ў сацсетках. Не рэагуйце.
Калі вы хочаце правесці нейкую забаўную камунікацыю, каб пасля зрабіць нейкія скрыншоты — ну, лістуйцеся. Гэта таксама вашае права.
Ваш акаўнт прызналі экстрэмісцкім? Міліцыя Гродна (не) адказала, што зрабіць
— Не ўсе могуць распазнаваць маніпуляцыі і спакойна рэагаваць на такія паведамленні. Калі людзі знаходзяцца за мяжой і чытаюць, што кэдэбэшнік гатовы пайсці да іх сваякоў — гэта як мінімум непрыемна.
— Мне падаецца, што калі вы турбуецеся за магчымы ціск на блізкіх у Беларусі, тут таксама працуе мінімальная рэакцыя на паведамленні. Блакуйце, адпраўляйце ў спам, не паказвайце, што вы неяк рэагуеце. Мэта кэдэбэшнікаў — запужаць вас. Паказаць тое, што пагрозы здзяйсняюцца, можа быць наступным крокам. І калі вы ўваходзіце ў гэтую камунікацыю, супрацоўнікі могуць супраўды даказаць, што яны не проста вам пагражаюць на словах, але і прыйсці да сваякоў ці патэлефанаваць ім.
— Публікаваць скрыншоты паведамленняў магчымых кэдэбэшнікаў — добрая практыка?
— Мне падаецца, што так, бо гэта паказвае іншым людзям, што такое адбываецца і гэта не так страшна. Таксама гэта дае прыклад астатнім, як можна рэагаваць ці не рэагаваць на гэта. Яшчэ раз, адсутнасць адказаў на такія паведамленні — гэта таксама рэакцыя. Ну і так, калі вам прапанавалі супрацоўніцтва і вы апублічылі факт гэтай прапановы, далей, хутчэй за ўсё, супрацоўнікам КДБ ці іншых дзяржорганаў стане не так цікава з вамі размаўляць.
Калі чалавек не баіцца апублічваць інфармацыю — гэта добрая стратэгія. Калі вас ужо запужалі тым, што прыйдуць да сваякоў і вы баіцеся апублічваць гэта — лепей проста ігнаруйце.
— Ці варта пісаць пра такія выпадкі праваабаронцам?
— Заўсёды можна напісаць і параіцца, як сябе лепей паводзіць, калі ёсць нейкія сумневы. Мы не фіксуем спецыяльна ўсе выпадкі, таму гэта па жаданні. Калі вы не хочаце пісаць пра падобныя паведамленні публічна, распавядайце пра гэта калегам і блізкім. Хай усе разумеюцьі, што такая з’ява ёсць, і тут не варта заставацца сам-насам са сваімі страхамі. Увогуле, калі людзі разумеюць, што такія паведамленні прыходзяць шмат каму і мы назіраем за чаргой нейкіх правакацый, то гэта ўжо можа не здавацца такім страшным.
Не проста маніпуляцыі, а жорсткая атака. Не падсаджвайцеся на кручок
Паведамленні, якія супрацоўнікі рэжыму дасылаюць беларусам, спрабуючы ўсіх запужаць, псіхалагіня Ганна Матуляк называе не проста маніпуляцыяй, але сапраўднай жорсткай атакай. Спецыялістка таксама раіць не ўступаць у такія ліставанні і клапаціцца пра сваё здароўе.

Ганна Матуляк / malanka.media
— Тыя, хто пішуць, б’юць і атакуюць у самае ўразлівае — у дарагіх, блізкіх людзей, пачуццё адказнасці за іх. І гэта, вядома ж, ніякая не размова, а натуральная псіхічная атака.
Тут важна разумець, што любая рэакцыя — гэта ўжо сувязь і далейшае раскручванне клубка пачуццяў і перажыванняў. Калі не адказваць, шанцаў захаваць кантроль значна больш.
Маўчанне, фіксацыя фактаў, зварот да юрыстаў, калі гэта магчыма — вось, што трэба рабіць. Калі чалавек уступае ў дыялогі, адказвае «а вось я вас зараз заблакую», «не дачакаецеся», «паглядзім» — з кожным словам ён усё больш апускаецца ў гэтую сувязь і садзіцца на кручок, бо там аргументы не заканчваюцца. Думаць пра тое, што нехта такі моцны і кагосьці могуць тыя маніпуляцыі не зачапіць — я б не стала. Нават калі мы разумеем, што намі маніпулююць, цела і ўся нервовая сістэма рэагуюць на іх. І ўсё — запускаецца ўжо цэлы цыкл вельмі моцных эмацыйных рэакцый, таму што псіхіка актывуецца на атаку. І вось таму чым менш гэтых кручкоў, тым прасцей.
Убачылі, пачулі — усё, не адказвайце. Заблакавалі і ніякіх далейшых высвятленняў.
Віна, страх і бяссілле — гэта асноўныя пачуцці, якія можа перажываць чалавек, атрымаўшы паведамленне з пагрозай. Варта разумець, што гэта нармальная рэакцыя на гвалт, бо тое, пра што мы кажам — гэта менавіта гвалт. Тут важны максімальны кантакт з рэальнасцю: іншыя людзі, размовы з гэтымі людзьмі. Нельга заставацца ў ізаляцыі, бо так страх губляе сваю сілу. Як толькі мы ізалюемся і пачынаем ганяць у сябе гэтыя думкі — ён пачынае нас захопліваць.
«Галоўнае — пасеяць сумневы». Як прапаганда маніпулюе людзьмі і як з гэтым змагацца
— Чаму сілавікі актывізаваліся менавіта цяпер?
— Верагодна, і ў рэжыма таксама ўзмацнілася трывога, губляецца кантроль. Возьмем у прыклад, пратэсты школьнікаў супраць забароны на выкарыстанне мабільных тэлефонаў Ніякія супрацьстаянні на палітычнай аснове сёння ў Беларусі немагчымыя, але тут з’явілася нібыта такая легальная нагода хоць неяк выказаць назапашаны бунт. Школьнікі выказваюць яго як могуць — мабыць, да канца не разумеючы, што робяць. Несвядомае шукае выйсце і знаходзіць, таму што ўсе гэтыя дзеці так ці інакш нават калі не ўцягнутыя ў палітыку, усё роўна жывуць у гэтай няволі, дыхаюць гэтым нявольным паветрам, пры гэтым як больш адчувальная катэгорыя людзей. У іх яшчэ не выраслі такія псіхалагічныя скілы, якія ёсць у многіх дарослых, як, напрыклад, дысацыяцыя і выцясненне.
Назіраючы за такімі праявамі, магчыма, улада разумее, што ўсё ж незадаволенасць нарастае і яе вельмі складана ўжо стрымліваць. Калі губляюцца вонкавыя рычагі ціску, рэжым пачынае руйнаваць гарызантальныя сувязі і давер для таго, каб сутыкнуць людзей, каб нас пасварыць. Прынцып такі: чым менш людзі будуць звязаны адзін з адным, тым менш верагоднасці, што яны змогуць аб’яднацца і даць нейкі адпор. Адзіная сіла, якая застаецца ў супольнасці — гэта давер і сувязь. Вось па гэтаму і б’юць.
@bajmedia