Сяргей Ваганаў: «Народнай Волі» — чвэрць стагоддзя!
З нагоды гэтага ўнікальнага, мяркую, для беларускай журналістыкі юбілея хачу згадаць сваю датычнасць — не, не да газеты — да з'явы па прозвішчу Сярэдзіч. Ды й мо' каму цікава будзе зазнаць пра яе стваральніка і ўладальніка нешта новенькае... Піша Сяргей Ваганаў.
«Я — СЯРЭДЗІЧ!»
…Не тое каб нагой, але вельмі рашуча тая з’ява расчыніла дзверы ў невялічкі пакой на трэцім паверсе самага старога будынку Дома друку, дзе месціўся адзел сельскай моладзі газеты «Знамя юности», які ў адпаведнасці з жартам лёсу я на той час узначальваў.
— Я — Сярэдзіч!, — з парога абвясціла з’ява і працягнула лісток, здаецца, сшытачны:
— Трэба надрукаваць, бо не паставяць залік!
«Народнай Волі» — 25! Юбілейны ліст Іосіфа Сярэдзіча
Прозвішча Сярэдзіч, трэба сказаць, было вельмі вядомым у 1960‑я. Пра камбайнёра, Героя Сацыялістычнай працы Сярэдзіча (забыўся, на жаль, на імя, ці не Ёсіф таксама, альбо Іван), хто толькі не пісаў… Мусіць, сваяк, падумаў я, і вярнуў лісток:
— Прыходзьце, калі штосьці напішыце не дзеля заліку…
Гэта сёння — з’ява. А на той момант даволі нахабны, самаўпэўнены юнак, залік яму падавай… Хто ж ведаў, што ён дамагаўся заліку з такой жа безагляднай рашучасцю, з якой праз гады будзе змагацца за вольную журналістыку і дзяржаву?! А тое, што калісьці падалося нахабствам, станецца ў будучым праяваю волі дасягаць недасяжнай, здавалася б, у нашай краіне мэты — ствараць СВАЮ газету для НАРОДА.
Можна па-рознаму ставіцца да яе зместу, палітыкі, якасці, але што безумоўна, дык гэта тое, што яна — «орган Сярэдзіча», увасабленне ягонай асабістай паляшуцкай волі. Той волі, той прагі вольнасці, што, безумоўна, існуе ў народзе, хаця і не заўжды відавочна. А гэта зусім іншае, чымсьці «орган ЦК» ці ўсім вядомай Адміністрацыі…
Звыш за паўстагоддзе, лічыце, знаёмства, сяброўства, супрацоўніцтва, спрэчак, нават лаянак, сыходжанняў і разыходжанняў… Але я добра памятаю, што нататку тую, палічыўшы выхаваўчы момант дастатковым, я ўсё ж надрукаваў. І залік, урэшце рэшт, быў залічаны…
P.S. А гэта напісана ў 2009‑м, да 60-годдзя з’явы. Што праўда, заўжды маладой…
ЧАГО ЁН МОЖА І НЕ МОЖА
Чаго ён можа, наш Сярэдзіч,
Сярод рэдактараў кароль?
Ён можа душу разбярэдзіць,
А можа і суцішыць боль.
Ён можа зранку, быццам трактар,
Узараць бясконцы стос палос,
Каб надаваць Луке па карку,
Давесці чытачоў да слёз.
Ён можа сутыкнуць ілбамі
Палітыкаў за проста так.
І тэлефанаваць Абаме:
“Дзе грошы? Шлі хутчэй, Барак!”
Ён можа вылаяцца: “Быдла!”
Пра недарэчны свой народ.
Але ж не ўсё яму абрыдла,
Калі глядзіць народу ў рот.
Ён можа за сваю газету
Сяброў і ворагаў «парваць».
І, дасягнуўшы гэтай мэты,
Усё ім можа дараваць.
Аднак хачу вас папярэдзіць
З нагоды радаснай такой:
Адно не можа наш Сярэдзіч —
Не можа выйсці на пакой…
Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч,
Сярод рэдактараў кароль…
Ніхто не можа так СЯРЭДЗІЦЬ.
А ты — СЯРЭДЗЬ!
НАРОДАВОЛЬ!..