• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісцкія байкі: Як журналіст ледзьве не стаў старшынём калгаса

    «Было гэта ў сярэдзіне 1990-х. Тады я працаваў уласным карэспандэнтам “Народнай газеты” – самай масавай і ўплывовай на той час у Беларусі.

    Недзе напрыканцы лютага мне патэлефанавалі з вёскі Заходы Рэчыцкага раёна. Папрасілі прыехаць на справаздачна-выбарчы сход “падтрымаць перамены”. Вяскоўцы вырашылі пазбавіцца ад старшыні калгаса, які не апраўдаў іхняга даверу. І, каб не было ціску “зверху”, запрасілі журналіста. У нейкім сэнсе — як гаранта справядлівых памкненняў.

    Адкуль такі розгалас, я не дапытваўся. Але на сход паехаў, бо ўранку вяскоўцы прыслалі нават легкавік.

    Няўгоднага старшыню калгаса заходаўцы выгналі з трэскам. Прагаласавалі дружна за недавер. Былы кіраўнік, які пасля Чарнобылю з’ехаў на Віцебшчыну і дэклараваў вярнуцца, чамусьці на сход не прыехаў. Наступіла гэткае бязуладдзе. Прагнаць старшыню прагналі, а выбраць новага кіраўніка не атрымалася. Не было каго!

    Аб’явілі перапынак.

    З клуба мы ўсе выйшлі на вуліцу. Хто папаліць, а хто проста перадыхнуць ад дэбатаў. І тут з дзесятак вясковых мужыкоў і спецыялістаў — у тым ліку і тыя, хто запрасіў мяне на сход, — сталі ўсур’ёз прапапаноўваць мне пасаду старшыні калгаса. Скончыцца перапынак – і яны прапануюць маю кандыдатуру сходу…

    Я напачатку ўспрыняў прапанову як жарт і, блазнуючы, пытаўся: а дзе мне жыць? А што рабіць ў калгасе маёй жонцы, таксама журналісту?

    Вяскоўцы хутка ўсё размеркавалі: дадуць нам калгасны дом, карову, парсюка. Жонка будзе выпускаць у калгасе насценгазету…

    Сярод вяскоўцаў быў і намеснік начальніка райсельгасхарчу Рэчыцкага райвыканкаму спадар Мазур. Калгаснікі да яго за парадай: як паставіцца сельгасуправа да абрання журналіста старшынём калгаса? І калі раённы начальнік усур’ёз адказаў: за каго прагаласуеце, той і будзе ў вас кіраўніком, мне стала ніякавата.

    Пачынаю аднеквацца: вам жа трэба аграном, заатэхнік ці які ветэрынар. А я – журналіст, няпрофільны для вёскі спецыяліст.

    Вяскоўцы тым часам насядалі: не дрэйфі, дапаможам, падкажам, калі што.

    З горам папалам я адбіўся ад старшынёўства.

    У той дзень старшыню ў Заходах так і не абралі. Гэта здарылася праз два тыдні. Нашмат раней ў “Народнай газеце” з’явіўся мой артыкул пра тое, як журналіста выбіралі старшынём калгаса».

    Анатоль Гатоўчыц

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці