«Вельмі прыстойны медыяландшафт». Акуловіч расказала, колькі СМІ засталося ў Беларусі
За чатыры гады колькасць СМІ ў Беларусі скарацілася больш чым на траціну.
У Беларусі на 1 лістапада 2024 года было прадстаўлена 1146 СМІ, і гэта «вельмі прыстойны медыяландшафт». Такую заяву зрабіла генеральная дырэктарка Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч на «Знакавай сустрэчы» з журналістамі ў Віцебску.
Чыноўніца падзялілася дадзенымі Міністэрства інфармацыі. Пры гэтым яна падкрэсліла, што большасць СМІ ў Беларусі — недзяржаўныя:
«На 1 лістапада ў нас было прадстаўлена 1146 СМІ. Пры гэтым 603 недзяржаўныя. У нас у краіне 88 зарэгістраваных тэлепраграм, і толькі 40 — дзяржаўныя. Яшчэ ёсць 76 радыёпраграм, 909 друкаваных выданняў, уключаючы 397 дзяржаўных. Акрамя таго, ёсць сем інфармацыйных агенцтваў, з іх толькі два дзяржаўныя», — распавяла Ірына Акуловіч».
Разам з тым гэтыя лічбы паказваюць, што за чатыры гады колькасць СМІ ў Беларусі скарацілася больш, як на траціну, заўважыла Еўрарадыё.
Гэта пацвярджае хуткі аналіз статыстыкі на сайце Міністэрства інфармацыі. Так, на 1 мая 2020 года ў Беларусі было зарэгістравана 1922 СМІ. На 1 снежня 2024 года іх засталося 1143. Усяго за чатыры з паловай гады «зніклі» 779 СМІ. За апошні месяц у Беларусі стала на 3 СМІ менш (калі параўноўваць апошнія дадзеныя Мінінфарма за снежань са статыстыкай за лістапад, прыведзенай Акуловіч).
Статыстыка Мінінфарма таксама паказвае, што скарачэнне СМІ ў Беларусі ў асноўным адбываецца за кошт змяншэння колькасці недзяржаўных выданняў. Напрыклад, у маі 2020 года ў Беларусі было 435 дзяржаўных і 1190 недзяржаўных друкаваных СМІ. У снежні 2024-га засталося 397 дзяржаўных і 511 недзяржаўных друкаваных СМІ.
Пасля 2020 года абсалютная большасць беларускіх незалежных медыяў прызнаная «экстрэмісцкімі» матэрыяламі ці фармаваннямі і працуе ў эміграцыі. Недзяржаўныя СМІ, якія засталіся ў краіне, вымушаныя трымацца прадзяржаўнай ці нейтральнай тэматыкі, каб не патрапіць пад рэпрэсіі.