• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ксенія Галубовіч: Я магу назваць сябе феміністкай, але не настолькі радыкальнай, каб не гаварыць з мужчынамі

    Журналістка Ксенія Галубовіч запусціла на YouTube аўтарскі праект Colum­bus Post. Выйшлі ўжо тры відэа. Па-сапраўднаму стрэліла апошняя размова са Святланай Курс, якая змагаецца з анкалогіяй. Тое выдэа абышло ці не ўсе незалежныя медыі. БАЖ пагутарыў з аўтаркай пра YouTube-канал, пра выбар герояў і працу ў дакументальным кіно.

    Columbus Post

    Так выглядае застаўка да YouTube-канала Colum­bus Post

    «Натхняе, калі сябры проста бяруць і дапамагаюць нешта зрабіць»

    — Вы распачалі аўтарскі YouTube-праект Colum­bus Post. Як вы рызыкнулі на такую авантуру ва ўмовах хранічнага фінансавага крызісу і недахопу людскіх рэсурсаў?

    — Мая сяброўка, рэжысёрка Нэла Агрэніч, глядзела-глядзела на ўсё, чым я займаюся, і неяк сказала: зрабі ўжо нешта сваё. І прапанавала дапамогу. Таму першае відэа наогул вялікая яе заслуга, яна дапамагла арганізаваць сустрэчу, сабраць людзей — ўсё бясплатна. 

    Натхняе, калі сябры проста бяруць і дапамагаюць нешта зрабіць абсалютна без грошай. Фатографка ў Варшаве пусціла ў сваю студыю, дызайнерка з ЗША зрабіла відэазастаўку, гукарэжысёрка з Грузіі — гук да застаўкі, аператары знялі прыгожа. Усе беларусы.

    — Якая каманда сёння працуе над праектам?

    — Каманды як такой і няма, дапамагаюць сябры, калі ёсць час. Напрыклад, Нэла падштурхоўвае думаць, куды ісці далей. Мы яшчэ дапрацоўваем канцэпт. Апошняе відэа, можна сказаць, запісвалася на хаду: проста атрымалася злавіць Святлану Курс. Я пазваніла сябру, рэжысёру Максіму Шведу (ён жыве непадалёк ад мяне), і запытала, ці ёсць у яго вольны час. «Максім, бяры камеру і пайшлі!», — прыкладна так праект і робіцца.

     — Вы анансуеце свой праект як «спакойны канал для неспакойнага часу». Можаце расшыфраваць сваю ідэю?

    — Хацелася размаўляць пра важныя рэчы, якія адбываюцца вакол нас, без лішняга папулізму. Не пра тое, што рэжым рухне ці што мы выйграем або прайграем. Проста агучваць нашыя праблемы, не падманваючы людзей неіснуючымі рэцэптамі іх вырашэння. Нашае жыццё сёння ўсім цяжка перажываць, і хацелася б гаварыць пра ўсё, як яно ёсць.

    «Ад гэтых тэм нікуды не дзецца»

    — У вашых гутарках пастаянна ўсплывае боль. З Ганнай Маціеўскай — боль беларускай эміграцыі, з Розай Турарбекавай — геапалітычны, са Святланай Курс — асабісты. А дзе боль, там спакою не бывае…

    — Ад гэтых тэм нікуды не дзецца, пра ўсё трэба гаварыць. Мне здаецца, нашыя размовы атрымаліся даволі спакойныя, наколькі гэта магчыма.

    Святлана Курс і Ксенія Галубовіч

    Выпуск Colum­bus Post са Святланай Курс. Скрыншот відэа

    Як вы выбіраеце сваіх гераінь? 

    — Са Светай я хацела пагаварыць вельмі даўно — не толькі для канала, але і для сябе. Мы жывем у адным горадзе, але і я шмат езджу, і яе здароўе не спрыяла размовам. Як толькі яна адчула сябе лепш, тады і атрымалася сустрэцца.

    У першым відэа, запісаным з Ганнай Маціеўскай, уздымалі тэму, важную для ўсіх, хто знаходзіцца ў эміграцыі: што адбываецца з законамі, з дакументамі, як людзям ездзіць па свеце. Нават калі чалавек сам не з’ехаў з Беларусі, сярод яго блізкіх ці сяброў  абавязкова знойдзецца нехта, хто жыве за мяжой. А Ганна — адна з лепшых юрыстак у гэтай тэме, таму лагічна было паклікаць яе.

    Што да выпуску з Турарбекавай, то я сама вельмі многа працавала ў рэчышчы міграцыйнага крызісу. Гэтая тэма складаная для ўсіх. І праблему нібыта разумееш, але як ставіцца да людзей, у тым ліку і да саміх мігрантаў? Гаварыць пра гэта ўсё цяжэй і цяжэй. А Роза Турарбекава адна з нямногіх экспертак, хто разумее геапалітыку рэгіёна, адкуль у Беларусь прыязджаюць мігранты. Са многімі можна ўзняць еўрапейскія праблемы, але нямногія валодаюць ведамі пра спецыфіку Усходу. З Турарбекавай мы паспрабавалі абмеркаваць сферы, дзе сёння найбольш папулізму і спекуляцый, разабрацца з асаблівасцямі культуры і палітыкі ўсходняга рэгіёна.

    Роза Турарбекава

    Выпуск Colum­bus Post з Розай Турарбекавай. Скрыншот відэа

    — Тры выпускі — тры жанчыны. Гэта свядомы выбар ці глядач пабачыць і герояў-мужчын?

    — Мяркую, што іх варта чакаць. Перада мной не стаяла задачы зрабіць чыста жаночы канал, хаця мне і раілі пакінуць такі фармат. Але, мне падаецца, зараз у беларускай медыяпрасторы дастаткова праектаў для жанчын. Я хаця і магу называць сябе феміністкай, але не з усімі рэчамі згодная, якія адбываюцца ў гэтым кірунку. Я не настолькі радыкальная феміністка.

    Нестабільны па часе занятак

    — Як стварэнне аўтарскага YouTube-канала адбілася на вашым асноўным занятку? Вы ж супрацоўнічаеце са многімі замежнымі медыямі, займаецеся фрылансам.

    — Апошнім часам я займаюся дакументальным кіно. На жаль, пры такім рэжыме цяжка мець нейкае адно пастаяннае месца, бо гэта нестабільны па часе занятак. 

    Адчуваю, калі закончу адзін праект, над якім працую многа гадоў, то падумаю над пастаяннай працай у звычайным рэжыме. Шчыра кажучы, я вельмі стамілася, таму хочацца той самай славутай стабільнасці.

    — Калі не сакрэт, што за ён?

    — Дакументальны фільм на тэму мігранцкага крызісу. Гэты праект нарэшце набліжаецца да фіналу. Спадзяюся, хутка ён будзе гатовы. 

    Маю спадзеў, што дакументальны фільм спачатку трапіць на кінафестываль. Хацелася б верыць, што гледачы змогуць убачыць стужку недзе бліжэй да вясны 2026 года.

    Паралельна працую і з відэа, і з тэкстамі. Хацелася б, канешне, рабіць тое, што падабаецца. Насамрэч мне пашанцавала — апошнія пяць гадоў я сапраўды рабіла толькі тое, што хацела. Але з кожным годам выжываць усё цяжэй і цяжэй, таму разглядаю розныя варыянты для сябе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці