• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Леанід Міндлін: “Спакойны Мінск аказаўся для Дзімы “гарачай кропкай” страшней за Чачню…”

    Леанід Міндлін: “Выбар прафесіі для Дзімы быў абсалютна не выпадковым. Яго родная цёця Ганна Басава была тэлевізійным рэжысёрам, а яе муж – цяпер нябожчык Валер Басаў – вядомы беларускі кінадакументаліст. Так што Дзіма, можна сказаць, працягваў “сямейную справу”.


    Фота svaboda.org

    Спачатку ён працаваў у навінавай рэдакцыі і нават трапіў у пул першага прэзідэнта: працуючы на АТН, ён суправаджаў Лукашэнку ва ўсіх паездках і здымаў яго. Казалі, што ён “асабісты аператар”, але гэта не так – проста ён быў у пуле. Калі Дзіма знік, памятаеце, Лукашэнка сказаў: “Знайдзіце мне Дзіму!” Кажуць, што, калі Завадскі сышоў на ОРТ, той быў вельмі незадаволены.

    На ОРТ Дзіма адразу ж трапіў “у добрыя рукі” – да Сяргея Паўлавіча Гельбаха, і я думаю, што гэта шмат у чым вызначыла яго прафесійны ўзровень.

    Кажуць, кожны чалавек у стане напісаць адзін геніяльны радок, кожны можа зняць адзін геніяльны кадр. Для майго фільма Дзіма неяк зняў кадр: вуліца Камсамольская, помнік Дзяржынскаму, і праз профіль Дзяржынскага – выхад на гадзіннік. Вось такі нейкі вобраз часу атрымаўся… Бывае, сто разоў ходзіш каля нейкага месца і не звяртаеш увагі на яго адметнасць. А Дзіма знайшоў і ўбачыў.

    Тады я зразумеў, што з’явіўся аператар з вялікімі перспектывамі. Калі яны з Паўлам Шараметам ужо з’ехалі ў Маскву (ім жа тут не дазвалялі працаваць, не давалі акрэдытацыі), яны паехалі здымаць на Далёкі Усход. Стужкі, знятыя Дзімам там, былі ўжо працай сур’ёзнага майстра.

    А далей была Чачня, дзе выявіліся яго новыя якасці. Вайсковы аператар у гарачай кропцы – гэта ўжо асаблівая прафесія. Салдат ідзе ў бой з аўтаматам, прыгнуўшыся, а аператар – з камерай. Пры росце Дзімы, які здымаў на камеру Beta­cam, што глядзіцца як гранатамет і ў якую вельмі хочацца пальнуць, – гэта было вельмі небяспечна…  

    Мне расказваў афіцэр Федэральных войскаў, што Дзіма ніколі не займаўся інсцэніроўкамі, якімі часам грашылі ў Чачні тэлевізійшчыкі, асабліва расійскіх каналаў. Дзіма здымаў сумленна.

    Вярнуўшыся з гэтай апошняй сваёй камандзіроўкі ў гарачую кропку,  у сакавіку 2000 года ён здымаў у Мінску Дзень волі. Тады іх здымачную групу – яго, Сяргея Гельбаха і Дзмітрыя Наважылава – два разы забіралі. Першы раз – людзі ў чорных масках на плошчы Якуба Коласа, а потым на вуліцы Чырвонай – “касманаўты” так званыя. На тых кадрах відаць, як ён адной рукой спрабуе захінуць апаратуру і спакойна так кажа: “Не чапай камеру!”

    А праз некалькі месяцаў Дзіма знік. Вось табе і Мінск, дзе ніякіх баявых дзеянняў, ніякай грамадзянскай вайны, ніякага супрацьстаяння… Тым не менш, аказалася, што гэтая “гарачая кропка” для яго аказалася страшней за Чачню.

    Гэта быў прыемны хлопец, вельмі прывабны, высокі. І пры гэтым заўсёды трымаўся крыху ўбаку, ніколі не выпячваў сябе.

    Натуральна, у дзень знікнення ў нас быў шок. Увечары мне патэлфанаваў Сяргей Паўлавіч Гельбах і сказаў, што Дзіма знік. Менавіта ён патэлефанаваў тады памочніку Лукашэнкі Барысевічу і  дамогся, каб у той жа дзень Дзіму пачалі шукаць. Хаця, паводле закона, толькі праз 3 дні пасля знікнення чалавека пачынаецца яго вышук…

    Наколькі далёка зайшоў той пошук, што яны ведаюць – цяжка сказаць…

    У мяне чамусьці ўзнікае аналогія з забойствам Веранікі Чаркасавай. Справа ў тым, што і Дзіма, і Вераніка – яны да нейкіх там “экстрэмальных” падзеяў не мелі дачынення. Адна пісала, другі здымаў. Але нехта мог меркаваць, што ў іх ёсць нейкія дакументы, відэадакументы, тэкставыя дакументы і г.д. Тобок, прыбралі іх на ўсялякі выпадак…”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Навіны

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці