«Хацеў бы выйсці — напісаў бы прашэнне». Лукашысты працягваюць спробы зламаць Пачобута
У тэлеграм-канале «Графач», звязаным з міністрам інфармацыі Маратам Маркавым, з’явілася рэпліка наконт палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута. Яе прыкмеціла «Наша Ніва».
Аўтар згадвае калапс на беларуска-польскім грузавым пункце пропуску «Казловічы» і фактычна прызнае, што яго прычынай з’яўляецца сітуацыя з Пачобутам.
«Шмат хто кажа, ім, маўляў, патрэбны Пачобут, які адбывае пакаранне. За экстрэмісцкія артыкулы не прадугледжаная амністыя, а для памілавання трэба пісаць прашэнне. Такія законныя працэдуры. Хацеў бы выйсці — напісаў бы, а не ламаўся», — адзначае «Графач».
Ён прыходзіць да высновы, што адмова Пачобута пісаць прашэнне аб памілаванні — «наўмысная эскалацыя па загадзе польскіх куратараў».
Анджэй Пачобут
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобласці. Скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1998), працаваў выкладчыкам, а з 2002 года стаў займацца журналістыкай.
У 1993 годзе разам з братам Стасам заснаваў панк-рок гурт Deviation.
З 2006 года з’яўляецца карэспандэнтам польскага выдання Gazeta Wyborcza, сябра Саюза палякаў Беларусі.
У ліпені 2011 года Пачобут быў прысуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, суд апраўдаў журналіста па артыкуле за абразу Лукашэнкі, але прызнаў вінаватым у паклёпе. У той жа дзень яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.
Улетку 2012 года на Пачобута была заведзена яшчэ адна крымінальная справа (паўторнае абвінавачанне ў паклёпе на Лукашэнку). 30 чэрвеня 2012 года яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, а 15 сакавіка 2013 года крымінальная справа супраць журналіста была закрыта за адсутнасцю складу злачынства.
Затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Гродзенскі абласны суд 8 лютага 2023 года асудзіў журналіста на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па двух артыкулах КК: 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і 130 (распальванне варожасці ці варажнечы).