Суд дазволіў маці Кацярыны Ваданосавай застацца ў Польшчы
Нэлі Ваданосава застанецца ў Польшчы, нягледзячы на Дублінскі рэгламент, згодна з якім яе мусілі адправіць у Літву, бо ў жанчыны літоўская віза, а міжнароднай абароны яна просіць у Польшчы. Такую пастанову прыняў 28 кастрычніка Варшаўскі адміністрацыйны суд, паведамляе журналіст «Белсату» з залі суда.

Нэлі Ваданосава (справа) разам з дачкой Кацярынай Ваданосавай, ейным мужам і дзецьмі ў будынку суда ў Варшаве 28 кастрычніка. Сям’я прыйшла туды, каб даведацца, ці зможа спадарыня Нэлі застацца ў Польшчы, ці будзе вымушаная адна паехаць у Літву. Фота: Белсат
Маці музыкі і культурніцкай дзяячкі Кацярыны Ваданосавай, Нэлі Ваданосавай, усё ж дазволілі застацца ў Польшчы – суд прызнаў, што папярэдняя пастанова аб яе высылцы ў Літву не адпавядае праву і была вынесеная з парушэннямі.
Пасля выезду з Беларусі жанчына падалася на міжнародную абарону ў Польшчы, але польская Памежная ахова 30 верасня апавясціла сям’ю, што Нэлі Ваданосаву збіраюцца адправіць у Літву ўжо 6 кастрычніка, бо яна заехала ў ЕЗ паводле літоўскай візы.

Сям’я Нэлі Ваданосавай і людзі, якія прыйшлі падтрымаць яе на судзе, а таксама сама Нэлі Ваданосава (справа) побач з галоўнай рэдактаркай «Белсату» Алінай Коўшык на судзе 28 кастрычніка ў Варшаве. Фота: Белсат
Кацярына Ваданосава адзначала, што ейнай маці ўжо 74 гады і яна мае мноства хваробаў. Падчас ператрусу і допыту ў Менску ў Нэлі Ваданосавай здарыўся інфаркт. У Літве ў жанчыны нікога няма. Кацярына Ваданосава ў каментары «Белсату» адзначала, што ейная маці проста не выжыве без яе.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду»» ў Каардынацыйнай радзе Павел Латушка звяртаўся да польскіх уладаў з просьбай не дэпартаваць Нэлі Ваданосавай.

Нэлі Ваданосава абдымае ўнука пасля абвяшчэння рашэння суда аб тым, што яна можа застацца ў Польшчы, а пабач з імі Кацярына Ваданосава. Фота: Белсат
Варшаўскі адміністрацыйны суд прыпыніў выкананне пастановы аб высылцы ў Літву да канца кастрычніка, разгляд справы быў перанесены на 28 кастрычніка.
Пры гэтым адвакатка Ганна Маціеўская распавядала, што пастанова суда не звязаная з розгаласам і просьбамі палітыкаў: «Усё вырашае выключна суд. Палітычныя структуры не маюць ніякага ўплыву на яго, бо Польшча – дэмакратычная краіна».
@bajmedia