Маці Кацярыны Ваданосавай застанецца ў Польшчы да суда, які адбудзецца 28 кастрычніка
30 верасня маці журналісткі Кацярыны Ваданосавай атрымала апавяшчэнне, што яе 6 кастрычніка самалётам дэпартуюць у Літву. Дзякуючы намаганням прадстаўнікоў беларускіх дэмсіл і польскай грамадскасці, улады ваяводства перагледзілі гэтае рашэнне.

Кацярына Ваданосава з маці. Фота: з асабістага архіва
На сваёй старонцы ў Facebook беларуская журналістка Кацярына Ваданосава паведаміла, што маці зможа чакаць суда, прызначанага на 28 кастрычніка, у Польшчы.
«Я хачу выказаць агромністую падзяку перадусім нашай цудоўнай адвакатцы Ганне Маціеўскай, а таксама Паўлу Латушку і ўсёй яго камандзе. Гэта тыя людзі, якія з самага пачатку, ужо год, занураныя ў нашую праблему, якія дапамагаюць, прыкладаюць неймаверныя высілкі і змагаюцца за тое, каб мая маці засталася з намі ў Польшчы.
Таксама я хачу выказаць шчырую падзяку ўсім, хто не застаўся абыякавым, хто дапамагаў нам, пачынаючы з 30 верасня, з моманту, калі нам уручылі ліст аб дэпартацыі, і я дала розгалас справе. Я ніколі не думала, што падобная хваля дапамогі ўвогуле магчымая.
Не ведаю, чым мы гэта заслужылі, але я не забудуся, я — вашая пакорлівая служка.
Прычым дапамога прыходзіла не толькі ад сяброў, але і ад людзей, якія маглі проста спакойна прайсці міма. Я ніколі не забудуся, як кіраўнічка Тыкоцінскага аматарскага тэатру, дзе я служу, пані Ewa Wroczyńska , хадзіла на прыём да ваяводы, а адзін з маіх калегаў-акцёраў, пан Тадэвуш, з якім у нас было ўсяго дзьве рэпетыцыі, тэлефанаваў сенатарам і маршалкам і распавядаў пра маю справу.
Я ўдзячная Маршалку Сейму пану Шымону Галаўні, я ўдзячная Віцэмаршалку Сенату пану Мацею Жыўна, я ўдзячная офісу Святланы Ціханоўскай, я ўдзячная ўсім медыя, якія пісалі пра нашую бяду.
Я ўдзячная за ўсе вашыя парады, за неабыякавасць, за дапамогу, за рэпосты, за малітвы, за добрыя словы і падтрымку. Я вельмі цаню, і хацела б абняць кожнага і кожную.
Змагаемся далей. Наступная і вырашальная бітва — суд 28 кастрычніка. На ім нельга быць сведкамі ці выступаць па справе, але ён будзе адкрыты, а значыць, на яго можна патрапіць.
А зараз мы з мамай мусім трохі падлячыцца. Апошнія дні дорага даліся што мне, што ёй. Трэба выдыхнуць», — распавяла спадарыня Кацярына.
Нагадаем, пасля таго, як у Беларусі да маці Кацярыны Ваданосавай прыйшло КДБ, журналістка забрала яе да сябе ў Польшчу. Жанчына падалася тут на міжнародную ахову. Але так, як яна ўязджала ў Еўрасаюз па візе, выдадзенай Літвой, Польшча адмаўляе жанчыне ў прадастаўленні аховы і патрабуе, каб тая вярнулася ў Літву. Зараз беларуска звярнулася ў апошнюю інстанцыю — ў суд.
