• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маніторынг і «СБ» (+ АПІСАННЕ МЕТАДАЛОГІІ)

    ­

    Шаноўны Павал Ізотавіч, кары­фей нашай «охранительной» журналістыкі, заснавальнікам і тэарэтыкам якой, як вядома, зьяўляецца сп. Зімоўскі, зьвярнуў­ увагу на «мониторинг СМИ» і паведаміў пра гэта чытачам сваёй газэты ў «СБ»№ 212, ад 5.11.2010. (Дарэчы, ­інтэрнэт-вэрсіі гэтага артыкулу чамусьці няма­).

    «Кстати, — піша ён, — упомяну о дилетантской попытке „мониторинга СМИ“, которую смело взвалили на себя некоторые, никем не уполномоченные господа». І далей не без каліва абурэньня адзначае: «Разумеет­ся, н­икому не возбраняется на досуге читать газеты, смотреть телевизор и делать из этого выводы. Но выдавать самодеятельность за почти что официальную аналитику, расставлять оценки, апеллировать фантастическими цифрами… Недавно один „медиаэксперт“ столь глубоко изучил контент „СБ“, что начал чревовещать. Почему это, мол, газета подробно и ежедневно пишет о работе Президента и ничего не сообщает о полезной трудовой деятельности его возможных конкурентов».

    І, сапраўды, а чаму газэта нічога не пісала пра іншых патэнцыйцных кандыдатаў? Мог бы запытацца які-небудзь цікаўны чытач. І пра які такі маніторынг СМІ кажа сп. Якубовіч? І што за фантастычныя лічбы, якімі, дарэчы, «апеллировать» нельга, а можна толькі апэраваць? Усё гэта для неабазнанага чытача — суцэльны змрок. Адказаў на гэтыя пытаньні ў допісе шаноўнага калюмніста, натуральна, няма. Але нічога дзіўнага. Бо зацямненьне сутнасьці справы — адзін з прапагандысцкіх прыёмаў, які напоўніцу выкарыстоўваўся яшчэ ў савецкай журналістыцы.

    Дык пра што ідзе гаворка? А гаворка, сапраўды, ідзе пра маніторынг, прысьвечаны асьвятленьню выбарчай кампаніі 2010 г. ў беларускіх мэдыя. Але ладзяць яго не «никем не уполномоченные господа» і не «один „медиаэксперт“», а ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Дарэчы, падобныя маніторынгі яна ладзіць ажно з 2004 г. І як так можна было не заўважыць маніторынгаў БАЖ раней?! Тым болей, што стыль і манэра асьвятленьня выбараў у «СБ» з тых часоў аніяк істотна не зьмяніліся (тое вынікае з параўнаньня з папярэднімі маніторынгамі — гл. сайт названай арганізацыі). А што да так званых фантастычных лічбаў, дык яны лёгка правяраюцца з дапамогай банальнай лінейкі. І нават калькулятар можа не спатрэбіцца.

    І ўсё ж галоўны рэдактар абнадзеіў: «Разъясню: как только будут официально объявлены кандидаты в Президенты, у редакции „СБ“ немедленно появится к ним инфорационное внимание».

    І дзякуй Богу! А мы, Павал Ізотавіч, адведзеную Вамі кожнаму з прэтэндэнтаў плошчу возьмем ды вымерым пры дапамозе банальнай вучнёўскай лінейкі. Балазе, што гэта, як Вы пішаце, «никому не возбраняется на досуге».

    ­

    P.S. (Ад рэдакцыі):

    Метадалогія маніторынгу

    1. Уводзіны

    Ужываная намі метадалогія была распрацаваная славацкай недзяржаўнай арганізацыяй МЕМО«98, якая знаходзіцца ў Браціславе. З мэтай дапасавання гэтай метадалогіі да беларускай сітуацыі ў яе былі ўнесены невялікія змены. А некаторыя метадалагічныя сродкі мы дапрацавалі і ўдасканалілі.

    Ключавымі паняццямі метадалогіі выступаюць суб’екты выбарчага працэсу і рубрыкі, на якіх базуецца маніторынг зместу СМІ. Яшчэ адным істотным паняццем з’яўляецца аб’ект. Гэта значыць – сродак масавай інфармацыі, які быў абраны маніторцамі дзеля колькаснага і якаснага аналізу яго зместу. Пры гэтым якасны аналіз праводзіцца на падставе адпаведнасці матэрыялаў СМІ прафесійным стандартам і прынцыпам журналісцкай этыкі.

    1. Мэты маніторынгу

    Ацаніць, наколькі эфектыўна і поўна беларускія медыя здольныя адлюстроўваць разнастайныя палітычныя і грамадскія погляды кандыдатаў і іх прыхільнікаў.

    Прыцягнуць увагу журналісцкай супольнасці краіны да таго, што абавязк медыя – усебакова, поўна і ў адпаведнасці з міжнародна прызнанымі прафесійнымі стандартамі і нормамі інфармаваць выбарцаў пра электаральны працэс, палітычныя платформы і погляды кандыдатаў, а таксама ролю іншых яго ўдзельнікаў.

    Даць розным удзельнікам электаральнага працэсу дадзеныя, на падставе якіх можна выявіць, наколькі сумленна і неперадузята асвятлялася выбарчая кампанія ў дзяржаўных і недзяржаўных медыя.

    Садзейнічаць фармаванню поўнай карціны прэзідэнцкай кампаніі.

    2. Каляндарны план выбарчай кампаніі

    Робячы маніторынг, важна ўлічваць рознаэтапнасць выбарчай кампаніі. У Беларусі яна вызначаецца Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па правядзенні выбараў і рэферэндумаў (ЦВК РБ).

    Каляндарны плян (скарочаны варыянт)

    Фармаванне выбарчых камісій
    Абласныя, Мінская гарадская
    да 30 верасня
    раённыя, гарадскія,
    раённыя ў гарадах
    да 30 верасня
    участковыя да 4 лістапада
    Падача дакументаў аб вылучэнні сябраў выбарчай камісіі за 3 дні да тэрміну ўтварэння камісіі
    Падача спісу сябраў ініцыятыўнай групы для збору подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты да 25 верасня
    Рэгістра­цыя ініцыятыўных груп да 30 верасня
    Збор подпісаў з 30 верасня
    да 29 кастрычніка ўключна
    Здача падпісных лістоў да 30 кастрычніка
    Праверка сапраўднасці подпісаў да 9 лістапада
    Рэгістрацыя кандыдатаў з 14 лістапада
    па 23 лістапада ўключна
    Абнародаванне спісаў выбаршчыкаў з 4 снежня
    Датэрміновае галасаванне з 14 снежня па 19 снежня

    ­

    3. Суб’екты выбарчага працэсу
    Суб’ектамі выбарчага працэсу ў гэтым маніторынгу з’яўляюцца найбольш важныя структуры, іх прадстаўнікі альбо асобы, што непасрэдна ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе, забяспечваюць яго альбо ўплываюць на яго ход і вынікі.

    Суб’екты, якія бяруцца пад увагу пры правядзенні маніторынгу:

    1. ЦВК — Цэнтральная выбарчая камісія РБ
    2. ТК — Тэрытарыяльныя камісіі
    3. ТКА — Абласная камісіі
    4. ТКАМГ — Мінская гарадская камісія
    5. ТРК — Тэрытарыяльная раённая камісія
    6. БН — Беларускія назіральнікі
    7. ЗН — Заходнія назіральнікі
    8. НСНД — Назіральнікі з краін СНД
    9. БП — Беларускі парламент
    10. МУ — Мясцовыя ўлады
    11. НДА — Недзяржаўныя арганізацыі
    12. ПРА — Праўрадавыя арганізацыі
    13. НПК — Неперсаніфікаваны Кандыдат
    14. БУ — Беларускі ўрад
    15. АП — Апазіцыя
    16. УЛ — Улада
    17. БНФ
    18. АГП
    19. КПБ
    20. БСДГ
    21. БСДП
    22. ПЗ — Партыя Зялёных
    23. РС — Рух За Свабоду
    24. ЖПН — Жаночая партыя «Надзея»
    25. БПП — Беларуска партыя працы
    26. ЛДП
    27. БАП — Беларуская аграрная партыя
    28. БСДП НГ
    29. КХП-БНФ
    30. БПЛ «СС» – «Справядлівы свет»
    31. ПСП — Партыя свабоды і прагрэсу
    32. РППС — Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці
    33. БР — Белая Русь
    34. БХД — Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя
    35. ГП — Гавары Праўду
    36. ЗСВ — За справедливые выборы
    37. КЕБ — Еўрапейская Беларусь
    38. ЭЛ — Электарат
    39. ББЗ — Беларускі бізнэс
    40. ПП — Палітычныя партыі
    41. РК — Р. Кастусёў
    42. АЛ – А. Лукашэнка
    43. АМ — А. Міхалевіч
    44. УН — Ул. Някляеў
    45. ЯР — Я. Раманчук
    46. АС — А. Саннікаў
    47. МС — М. Статкевіч
    48. СГ — С. Гайдукевіч
    49. ІК — Іван Кулікоў
    50. ДУ — Дзмітрый Ус
    51. СІ — Сяргей Іваноў
    52. ПБ — Пётр Барысаў
    53. ВЦ — Віктар Цярэшчанка
    54. ЮГ — Юрый Глушкоў
    55. ВП — Віктар Правальскі
    56. БСДП

    4. Аб’екты маніторынгу

    Аб’ектамі маніторынгу з’яўляюцца як электронныя, так і друкаваныя медыя. Пры адборы названых ніжэй аб’ектаў маніторынгу ўжытыя тры крытэры. Па-першае, гэта — найбольш уплывовыя дзяржаўныя і недзяржаўныя медыя. Па-другое, гэта дзяржаўныя медыя, на якія ЦВК РБ усклала абавязак прадастаўлення кандыдатам у дэпутаты бясплатнага часу на тэлебачанні і месца ў друкаваных выданнях (у некаторых выпадках выбар паводле гэтых двух крытэраў супадаў). І, нарэшце, гэта рэгіянальныя і мясцовыя медыя, якія ўключаны ў спіс аб’ектаў маніторынгу з мэтай атрымаць найбольш поўную карціну асвятлення выбарчага працэсу па краіне.

    Электронныя медыя
    1. Першы нацыянальны канал, (праграма «Панарама»);
    2. ОНТ (навінная праграма «Наши новости»);
    3. Першы нацыянальны канал, (тыднёвая аналітычная праграма «В центре внимания»);
    4. Нацыянальнае радыё, 1 праграма, «Радыёфакт»;
    5. Первый городской ТБ (Гомель);
    6. Экспрэс 101,3 FM (Гомель);
    7. Навны Рэгіён (Магілёў);
    8. Абласное радыё (Магілёў)

    Інтэрнэт-рэсурсы
    1. www.naviny.by
    2. www.belta.by

    Друкаваныя СМІ
    1. Советская Белоруссия (Беларусь сегодня),
    2. Народная воля,
    3. Рэспубліка,
    4. Белорусы и рынок,
    5. Наша Ніва,
    6. Комсомольская правда в Белоруссии,
    7. Гомельская праўда,
    8. Могилёвская правда.

    5. Рубрыкацыя (тычыцца толькі электронных медыя)

    Каб ацаніць важнасць («вагу») падаванай у розных медыях інфармацыі, уводзіцца рубрыкацыя матэрыялаў. Гэта азначае, што змест тэле- і радыёпраграм класіфікуецца паводле розных рубрык (тэм). Час, адведзены пад тую ці іншую рубрыку, вымяраецца. Гэткім чынам, параўноўваючы час, выдзелены пад рубрыкі, напрыклад, «Спорт» ці «Надвор’е», з часам, адведзеным на асвятленне тэмы выбараў, можна вызначыць, наколькі апошняя з’яўляецца важнай для тых альбо іншых СМІ.

    Рубрыкі:
    • Выбарчы працэс;
    • Спорт;
    • Надвор’е;
    • Іншае.

    6. Колькасны і якасны падыходы

    Выкарыстоўваючы колькасны і якасны падыходы, метадалогія мае на мэце максімальна аб’ектыўна адлюстраваць асвятленне тэмы выбараў у СМІ. Пры гэтым за аснову бяруцца тры асноўныя параметры, паводле якіх праводзіцца маніторынг:

    • час (у электронных медыя) і плошча (у друкаваных медыя), якія адводзяцца ў СМІ розным суб’ектам, іх прадстаўнікам, ці «акторам» выбарчага працэсу;
    • манера рэпрэзентацыі розных суб’ектаў, іх прадстаўнікоў, ці «актораў» выбарчага працэсу;
    • выпадкі непрафесійнага, незбалансаванага асвятлення выбарчага працэсу, скажэння інфармацыі, выяўленне няпраўды ці паклёпу адносна кандыдатаў, іх праграм, паводзін і г.д.

    Першы (колькасны) параметр прадугледжвае падлік часу і плошчы, якія адводзяцца розным суб’ектам выбарчага працэсу. Другі (якасны) параметр маніторынгу фіксуе манеру рэпрэзентацыі суб’ектаў выбарчага працэсу. Ён прадугледжвае ацэнку сюжэтаў (у электронных медыя), матэрыялаў (у друкаваных медыя) на падставе манеры рэпрэзентацыі кожнага канкрэтнага суб’екта выбарчага працэсу, пра якога ідзе гаворка ў адпаведным матэрыяле. Нарэшце, трэці параметр (таксама якасны) базуецца на выяўленні адпаведнасці сюжэтаў / матэрыялаў прафесійным стандартам журналістыкі (аддзяленне інфармацыі ад каментара, усебаковы паказ, незаангажаванасць журналіста і г.д.), а таксама прынцыпам журналісцкай этыкі (роўныя магчымасці для апанентаў, права апанента на адказ у тым жа выданні, якое дапусціла скажэнне інфармацыі, нанесла шкоду іміджу кандыдата і г.д.). Зразумела, што колькасны падыход мае свае асаблівасці ў залежнасці ад таго, пра маніторынг якіх СМІ ідзе гаворка: электронных ці друкаваных. Якасны ж падыход у абодвух выпадках нічым не розніцца.

    7. Маніторынг тэле- і радыёпраграм

    Маніторынг тэлевізійных праграм ажыццяўляецца на падставе «карцінкі» і гукавой інфармацыі, а радыёпраграм – гукавой інфармацыі. У фокусе маніторынгу знаходзіцца сама тэма маніторынгу «Выбары», суб’екты выбарчага працэсу і манера рэпрэзентацыі. Усе іншыя сюжэты і праблемы, у якіх не закранаюцца тэма выбараў ці суб’екты выбарчага працэсу, не трапляюць у поле ўвагі маніторца.

    Першай задачай маніторынгу з’яўляецца адбор тэлевізійных і радыйных сюжэтаў, у якіх асвятляецца ці закранаецца тэма выбараў.

    7.1. Падлік часу

    Другая задача – падлік часу, які ў абраным сюжэце адводзіцца кожнаму з «актораў» / суб’ектаў выбарчага працэсу. Падлік часу фіксуецца ў секундах. Усе абраныя сюжэты падлягаюць маніторынгу; маніторынг кожнага сюжэту выконваецца асобна.

    Падлік часу датычна кожнага суб’екта / «актора» выбарчага працэсу праводзіцца ў выпадках:
    • калі дзеючая асоба («актор») знаходзіцца ў кадры;
    • калі дзеючая асоба наўпрост прамаўляе з экрана ці ў мікрафон (на радыё);
    • калі пра дзеючую асобу апавядае журналіст. На радыё гэта можа быць цытаванне выказванняў дзеючай асобы. На тэлебачанні – гэта сітуацыя, калі дзеючая асоба знаходзіцца ў кадры, а за кадрам гучыць голас журналіста;
    • калі пра дзеючую асобу нешта кажа старонняя асоба (іншы палітык, грамадзянін і г.д.).

    Увага: падчас маніторынгу бярэцца пад увагу прамая ці непрамая «падача» суб’ектаў і адпаведна вымяраецца час прамой ці непрамой «падачы».

    Калі ж пра дзеючую асобу («актора») толькі згадваецца, і гэтяа згадка не паддаецца часаваму вымярэнню, дык яна называецца спасылкай. Кожная спасылка таксама фіксуецца ў анкеце маніторынгу і ў часавым вымярэнні раўняецца 1 секундзе.

    8. Маніторынг друкаваных СМІ

    Маніторынг друкаваных СМІ ладзіцца на падставе тэкставай інфармацыі і «карцінак» (фатаграфіі, карыкатуры, лагатыпы, сцягі партый і г.д.) кожнага асобнага нумару газеты. Як і ў выпадку з маніторынгам тэле- і радыёпраграм, у фокусе маніторынгу знаходзяцца тэма «Выбары», суб’екты выбарчага працэсу і манера рэпрэзентацыі. Усе іншыя матэрыялы, у якіх не закранаюцца ні тэма выбараў, ні суб’екты выбарчага працэсу, не трапляюць у поле ўвагі маніторца.

    Як для электронных СМІ, так і для друкаваных медыя адбор матэрыялаў, у якіх асвятляецца / закранаецца выбарчы працэс, з’яўляецца першай задачай маніторынгу.

    8.1. Падлік плошчы

    Другая задача – падлік плошчы, якая ў абраным матэрыяле адводзіцца кожнаму з суб’ектаў («актораў») выбарчага працэсу. Плошча падлічваецца ў квадратных сантыметрах. Усе адабраныя матэрыялы падлягаюць маніторынгу, пры гэтым маніторынг кожнага з іх праводзіцца асобна. Нумар газеты аналізуецца ў асобнай анкеце і пастаронкава. Асаблівая ўвага надаецца першай паласе, бо гэта самая чытэльная старонка газеты. Даволі часта артыкул з першай старонкі працягваецца на наступных. У такіх выпадках аналізуецца ўвесь артыкул з пазначэннем старонак працягу і плошчы, якую ён займае цалкам, а таксама плошча кожнага фрагменту на канкрэтнай старонцы выдання.

    Пры падліку плошчы артыкула важна выявіць, хто яго галоўны «актор» / дзеючая асоба, а хто – не. Калі ў артыкуле падаецца інфармацыя пра адну дзеючую асобу, уся плошча артыкула прыпісваецца гэтай асобе. Калі ж у артыкуле закранаюцца і іншыя дзеючыя асобы, яны пазначаюцца як спасылкі, і кожнаму з іх прыпісваецца плошча, роўная 1 см2.

    Калі ж у артыкуле ёсць два «акторы» (напрыклад, больш ці менш прафесійна параўноўваюцца праграмы двух кандыдатаў), тады тэкст дзеліцца на 2 і кожнаму з «актораў» прыпісваецца роўная плошча.

    Калі ж у артыкуле падаецца нейтральная інфармацыя і ёсць некалькі роўных актораў – усе яны пазначаюцца як спасылкі і кожны атрымлівае нейтральную адзнаку.

    9. Маніторынг інтэрнэт-рэсурсаў

    Агульная плошча матэрыялу, а таксама плошча, адведзеная кожнаму суб’екту, вымяраецца ў знаках (разам з прабеламі). Згадка вымяраецца 20‑ю знакамі.

    10. Ацэнка манеры рэпрэзентацыі

    Падыход да ацэнкі манеры рэпрэзентацыі з’яўляецца аднолькавым як у выпадку з электроннымі, так і ў выпадку з друкаванымі медыя. Крытэры ацэнкі базуюцца на прафесійных стандартах і прынцыпах журналісцкай этыкі, такіх, як аб’ектыўнасць, збалансаваны падыход, сумленнасць, адсутнасць перадузятасці і інш. Адхіленне ад гэтых прынцыпаў пры асвятленні таго ці іншага суб’екта выбарчага працэсу падлягае пазітыўнай, негатыўнай ці нейтральнай ацэнцы.

    Ацэнка манеры рэпрэзентацыі фіксуецца ў дыяпазоне адзнак ад 1 да 5.

    1=(+)
    Вельмі станоўчая
    2=(+)
    Станоўчая
    3=(0)
    Нейтральная
    4=(—)
    Негатыўная
    5=(—)
    Вельмі адмоўная

    ­

    Адзнака 2 (станоўчая) азначае, што інфармацыя пра суб’екта ўхваляе яго. Адзнака 1 (вельмі станоўчая) сведчыць пра надзвычайную ўхвалу, звязаную з рэальнымі альбо ўяўнымі здзяйсненнямі.

    Адзнака 4 (негатыўная) паказвае, што суб’ект падаецца ў непрывабным святле. А адзнака 5 (вельмі адмоўная) кажа пра цалкам негатыўнае і нават варожае стаўленне да суб’екта. Даволі часта гэты эфект узмацняецца сістэматычнай пазітыўнай рэпрэзентацыяй аднаго актора на фоне негатыўнай рэпрэзентацыі іншых.

    На тэлебачанні манера рэпрэзентацыі вызначаецца з улікам і такіх параметраў, як фонавая карцінка, гукавыя эфекты, інтанацыя вядучага, а таксама стылістыка тэксту.

    У друкаваных медыя манера рэпрэзентацыі дадаткова вызначаецца прамымі ці прыхаванымі ацэнкамі дзеючай асобы, спасылкамі на іншыя пазітыўныя альбо негатыўныя кантэксты, гістарычныя асобы, стылёвымі асаблівасцямі матэрыялу і г.д.

    11. «Эфекты медыя»

    «Эфекты медыя» – гэта выпадкі сур’ёзных адхіленняў ад прафесійных стандартаў і прынцыпаў журналісцкай этыкі пры асвятленні грамадска значных праблем, тэм ці асоб. Колькасць такіх выпадкаў сведчыць пра ступень заангажаванасці СМІ ў працэс маніпуляцыі грамадскай думкай, што можа адбывацца на карысць ўраду, таго ці іншага палітычнага блоку, партыі альбо асобнага кандыдата. У той жа час, гэта паказчык таго, у якой ступені розныя медыя з’яўляюцца незалежнымі і ў якой ступені свабода выказвання ёсць рэальнай грамадскай каштоўнасцю.

    7. Анкеты для правядзення маніторынгу (формы)
    Дадзеныя маніторынгу заносяцца ў формы. Запаўненне формаў з’яўляецца абавязковым. Для правядзення маніторынгу электронных медыя выкарыстоўваюцца 3 розныя формы.

    Форма № 1 прызначана для вызначэння колькасці сюжэтаў у праграме, агульнага часу праграмы, парадкавай нумарацыі сюжэтаў праграмы, кароткага апісання сюжэту (напрыклад: тэма, праблема, працягласць сюжэту).

    Форма № 2 прызначана для вызначэння часу і ацэнкі манеры рэпрэзентацыі суб’ектаў / «актораў» выбарчага працэсу ў тых сюжэтах навінавай праграмы, якія абраныя маніторцам, ці перадачы, прысвечанай аднаму альбо некалькім суб’ектам.

    У форме № 3 фіксуюцца «эфекты медыя», г.зн. выпадкі скажэння інфармацыі, замоўчвання важных тэм і праблем, датычных выбарчага працэсу, выпадкі дэзінфармацыі, паклёпу і г.д. Гэта форма выкарыстоўваецца пры маніторынгу як электронных, так і друкаваных СМІ, калі выяўлены выпадкі адхіленняў ад журналісцкай этыкі.

    Для правядзення маніторынгу друкаваных медыя існуе асобная форма, дзе фіксуюцца нумар­ старонкі, назва матэрыялу, плошча і г.д.

    Пры запаўненні форм ужываюцца скарачэнні назваў аб’ектаў маніторынгу і суб’ектаў выбарчага працэсу. Прозвішчы канкрэтных асоб, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі канкрэтных суб’ектаў выбарчага працэсу, не скарачаюцца.

    Зафіксаваныя ў формах дадзеныя маніторынгу канкрэтнага СМІ заносяцца ў камп’ютар і апрацоўваюцца ў праграме Excel.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці