• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марат Маркаў прызначаны новым міністрам інфармацыі, Ігар Луцкі узначаліць АНТ

    13 чэрвеня ў Беларусі ва ўладных шэрагах адбыліся ракіроўкі. На загад Аляксандра Лукашэнкі міністрам інфармацыі стаў ужо былы кіраўнік тэлеканала АНТ Марат Маркаў. На яго месца прызначаны экс-міністр Ігар Луцкі.

    Новы міністр Інфармацыі Марат Маркаў і кіраўнік АНТ Ігар Луцкі

    Новы міністр інфармацыі Беларусі Марат Маркаў і кіраўнік АНТ Ігар Луцкі

    Марат Маркаў да гэтага часу ўзначальваў тэлеканал АНТ. Ігар Луцкі — колішні міністр інфармацыі, праўда, гэтым ведамствам ён кіраваў нядоўга, з 4 чэрвеня 2020 года па 5 красавіка 2021 года. Потым Луцкі займаў пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і сышоў у адстаўку, калі абраўся у Савет Рэспублікі 8‑га склікання.

    Абодва — ураджэнцы Брэсцкай вобласці, і абодва — у санкцыйным спісе асоб, якія падтрымліваюць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

    13 гадоў праслужыў у войску, напісаў даследаванне пра выбарчыя тэхналогіі, пагражаў калегам «кампраматам»

    Марат Маркаў нарадзіўся ў 1969 годзе ў Лунінцы. У 1991 годзе скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча супрацьпаветранай абароны, якое неаднаразова называў «адной з найлепшых ВНУ Беларусі». У 1998‑м стаў выпускніком Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «правазнаўства». У 2013‑м  завяршыў навучанне ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне нацыянальнай эканомікай». 

    Марат Маркаў новы міністр інфармацыі

    Марат Маркаў назвай сваёй прэзентацыі падчас Х Форуму маладых журналістаў нарэшце прызнаў відавочнае. Фота: Telegram-канал Міністэрства інфармацыі

    На пачатку працоўнай кар’еры служыў на розных вайсковых пасадах, у тым ліку ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. З 2003 па 2011 год працаваў у Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. У 2011—2017 гадах быў намеснікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. З 2017 года па чэрвень 2024 года — старшынём праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал», гэтае акцыянернае таварыства ёсць заснавальнікам тэлеканала АНТ.

    Маркаў быў аўтарам і вядоўцам перадачы «Крупным планом» на тэлеканале «Беларусь 1». У лістападзе 2018 года пачаў весці аўтарскую праграму «Ничего личного» на канале АНТ.  Адным з выпускаў гэтай праграмы стала інтэрв’ю з блогерам Раманам Пратасевічам, затрыманым у Мінску пасля прымусовай пасадкі замежнага самалёта. Інтэрв’ю запісвалася цягам чатырох гадзін, у эфір выйшла паўтары гадзіны размовы, падчас якой Пратасевіч прызнаваў сваю віну за ўдзел у праекце «Nex­ta», абяцаў больш не займацца палітыкай і нават плакаў. На думку праваабаронцаў, гэтае інтэрв’ю было запісана пад ціскам, а ягоны змест — гэта выключна прапаганда. 

    Журналісты тэлеканала АНТ, якія звольніліся ў 2020 годзе на знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў, пазней распавядалі, што гендырэктар Марат Маркаў не грэбаваў пагрозамі і шантажом. Сваім былым калегам ён асабіста пагражаў «кампраматам, якога дастаткова для крымінальнай справы». Былая прапагандыстка беларускага тэлебачання Інга Хрушчова ў інтэрвʼю «Звычайнаму ранку» казала пра Маркава, што ён «вельмі пыхлівы чалавек», далёкі ад сапраўднай журналістыкі:

    «Ён калісьці пачынаў працу следчым, па-мойму, у сілавых структурах. І па сваім менталітэце ён такім і застаўся. Якім ветрам яго выдзьмула на тэлебачанне, я не ведаю, гэта міжкланавыя пытанні тады былі. Але гэты чалавек і журналістыка ідуць паралельнымі шляхамі».

    Раман Пратасевіч інтэрв'ю Марат Маркаў

    Раман Пратасевіч падчас размовы з Маратам Маркавым. Скрыншот праграмы АНТ

    Намаганні Марата Маркава былі заўважаныя і ацэненыя: у снежні 2020 года ён быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Лукашэнкі «за стварэнне аўтарскіх тэлеперадач аб людзях, падзеях і дасягненнях суверэннай Беларусі».

    Цяпер Марат Маркаў уваходзіць у Міжведамасную камісію бяспекі ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі РБ, якая з 29 жніўня 2020 года пазбавіла акрэдытацыі практычна ўсіх журналістаў замежных медыяў, што працавалі ў Беларусі.

    Таксама прапагандыст уключаны ў склад так званай Камісіі па вяртанні ў Беларусь, створанай на загад Лукашэнкі, каб заахвоціць вярнуцца ў краіну беларускіх грамадзян, што былі вымушаныя з’ехаць за мяжу ў выніку маштабных рэпрэсій пасля падзей 2020 года.

    Змагаўся супраць TUT.BY, заклікаў дзяржаўныя выданні працаваць, «сціснуўшы зубы і кулакі»

    Ігар Луцкі нарадзіўся ў 1972 годзе ў Століне. Скончыў факультэт радыёфізікі і электронікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2004—2006 гадах Луцкі займаў пасаду намесніка дырэктара інфармагенцтва БелТА. Пасля гэтага быў дырэктарам «Новага радыё» (2006–2008), заснавальнікам якога з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. У 2008 годзе ён вярнуўся ў БелТА на пасаду першага намесніка дырэктара і адпрацаваў каля шасці гадоў. У 2014 годзе Ігара Луцкага прызначылі першым намеснікам міністра інфармацыі Беларусі, а яшчэ праз чатыры гады чыноўнік стаў генеральным дырэктарам тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне» (СТБ). 

    Новы кіраўнік АНТ Ігар Луцкі

    Ігар Луцкі. Фота: «Гродзенская праўда»

    За дзесяць месяцаў на пасадзе міністра інфармацыі Луцкі зрабіў некалькі захадаў па знішчэнні недзяржаўнай прэсы.

    Гэта закрыццё папяровых версій шэрагу рэгіянальных медыяў, блакаванне інфармацыйных сайтаў, сярод якіх і старонка «Белсата», адмова ў друку для «Народнай волі» і «Комсомольской правды» в Беларуси», адмова распаўсюду для беларускамоўных часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!».

    Пры ім у першым чытанні былі прынятыя папраўкі ў Закон аб СМІ, якія зрабілі больш складанай, а часам і немагчымай працу незалежных журналістаў.

    У чэрвені 2022 года Ігар Луцкі адкрыта заявіў пра асабісты ўнёсак у справу, паводле якой інтэрнэт-партал TUT.BY быў разгромлены і прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй». На пытанні пра тое, ці турбуюць яго лёсы зняволеных журналістаў, ён адказваў: «Турбуюць. Лёсы журналістаў, якія законапаслухмяныя».

    Увогуле за той час, пакуль Ігар Луцкі быў міністрам інфармацыі Беларусі, супрацоўнікаў медыя затрымлівалі каля 400 разоў.

    На пасадзе намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Ігар Луцкі часта сустракаўся з калектывамі рэдакцый дзяржаўных СМІ. Галоўным пасылам ягонай рыторыкі былі заклікі змагацца з іншадумствам у лічбавым асяродку, ствараючы сацыяльныя сеткі выданняў. «Няма чаго баяцца. Мы справімся з усім. Кожны павінны на сваім месцы рабіць якасную працу, дзесьці, можа,  упіраючыся, сціснуўшы кулакі і зубы, але генеруючы станоўчыя інфармацыйныя нагоды», — казаў  падначаленым Ігар Луцкі.

    Абраўшыся ў Савет Рэспублікі, Луцкі быў прызначаны старшынём Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю. У складзе камісіі ён браў удзел у падрыхтоўцы адной з апошніх ідэалагічных імпрэзаў — уваходзіў у склад аргкамітэта беларуска-расійскага праекта «Цягнік памяці»,  прымеркаванага да сёлетняга Дня перамогі 9 траўня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці