• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вы за мяжой, а да вашых сваякоў прыйшлі з ператрусам — парады юрыста

    Як сябе паводзіць сваякам журналістаў-эмірантаў, калі да іх з ператрусам або роспытамі пра ваша замежнае жыццё яўляюцца сілавікі. Такія інцыдэнты трансмежнага пераследу журналістаў — далёка не рэдкасць у сённяшняй Беларусі. Таму мы папрасілі юрыста БАЖ Яўгена Пыльчанку даць некалькі парад, як паводзіць сябе сваякам у падобных выпадках, каб не нашкодзіць ні сабе, ні сваім родным у замежжы.

    Перадайце гэтыя рэкамендацыі вашым блізкім у Беларусі.

    да сваякоў прыйшлі з ператрусам — парады юрыста

    Яўген Пыльчанка. Вільня, 11 чэрвеня 2024 года. Фота: Літоўская калегія адвакатаў

    Прыйшлі з ператрусам

    Як сябе паводзіць, калі ў ваша жыллё прыходзяць сілавікі і паведамляюць, што супраць блізкага чалавека, якога ўжо некалькі гадоў няма ў Беларусі, распачатая крымінальная справа і ператрус непасрэдна з ёй звязаны?  

    — Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (артыкул 210, частка 5), гаспадару кватэры мусяць паказаць пастанову аб правядзенні ператрусу (выдаваць копію не абавязаныя). Пратэставаць супраць правядзення ператрусу немэтазгодна — КПК не прадугледжвае магчымасці запярэчыць на дзеянні следчага. Максімум — пастанову на ператрус можна абскардзіць, але гэта адбудзецца ўжо постфактум.

    Тым не менш, вы маеце права выказаць сваю нязгоду з правядзеннем ператрусу, і гэта нават можа паўплываць на яго ход. Напрыклад, адразу паведаміць, што вашы сваякі, якія з’ехалі за мяжу, ужо даўно жывуць асобна.

    Часта ператрус — гэта проста абавязковае мерапрыемства ў межах так званага следства, калі самі следчыя не чакаюць, што нешта знойдуць. Або яны нянадта абазнаныя ў сітуацыі і не ведаюць, дзе фактычна пражывалі сваякі да ад’езду. У такім выпадку вашыя папярэднія заўвагі могуць схіліць іх да менш заўзятых пошукаў «слядоў злачынства» ці ўвогуле звесці ператрус да фармальнасці. Гэта, вядома, не тычыцца тых выпадкаў, калі ператрус праводзяць паводле «жорсткага сцэнара» з разгромам кватэры, адмыслова каб запужаць сваякоў.

    Ці мае права гаспадар кватэры даведацца, якая канкрэтна крымінальная справа маецца на ўвазе: артыкул, фармулёўка, статус сваяка і свой уласны?

    — Крымінальна-працэсуальны кодэкс не рэгламентуе, што мусіць змяшчацца ў пастанове на ператрус. І, як правіла, там стараюцца пазначыць як мага менш звестак. Але ў гэтым дакуменце вы дакладна ўбачыце назву органа, які вынес пастанову, нумар справы, які сам па сабе вам амаль нічога не скажа, і нумар артыкула Крымінальнага кодэкса, на падставе якога распачатая справа.

    А вось фармулёўкі падазрэння/абвінавачання, і ў дачынненні да каго яно выстаўленае, хутчэй за ўсё, не будзе. Як і звестак пра статус чалавека, у якога праводзяць ператрус: ён можа праводзіцца нават на падставе таго, што ў жыллі «могуць быць прадметы і дакументы, якія маюць значэнне для крымінальнай справы».

    То бок статус уладальніка жылля не мае значэння, гэта можа быць як падазраваны ці абвінавачаны, так і ўвогуле любы чалавек, у тым ліку не датычны да крымінальнай справы.

    Але заўжды варта памятаць, што нават тыя драбніцы інфармацыі, якія вы зможаце атрымаць з пастановы, могуць быць карыснымі пазней, таму іх варта запісаць.

    Канешне, гэта ў выпадку, калі пастанову пакажуць. На практыцы гэтага можа не адбыцца, і вы маеце права яе запатрабаваць да агляду. Можа здарыцца і так, што пастанову пакажуць вельмі хутка, а чалавек, які і так усхваляваны нечаканым «візітам», не зарыентуецца і нават не зразумее, што там напісана.

    да сваякоў прыйшлі з ператрусам — што рабіць

    Фота: sb.by

    Ператрус скончаны. Што пасля?

    — Пасля сканчэння ператрусу вам дадуць падпісаць пратакол. У гэты момант вы можаце пісьмова пазначыць, што падстаў для правядзення ператрусу, на вашую думку, не было. Хоць следчыя, найхутчэй, будуць супраць такіх заўваг. Нарэшце, вас, хутчэй за ўсё, дадаткова апытаюць, і падчас гэтага ў вас дакладна будзе магчымасць патлумачыць, чаму ператрусу не мусіла быць.

    Важны наступны момант: усё, што следчыя палічаць датычным да справы і будуць забіраць з кватэры, мусіць быць запісана ў пратакол ператрусу. Вам абавязаныя выдаць яго копію. Таму, калі сам следчы гэтага не зрабіў, патрабуйце гэты дакумент.

    Памятайце: адабраныя рэчы мусяць быць на месцы запакаваныя і запячатаныя. Варта сачыць за тым, каб у пакеты траплялі толькі і менавіта тыя рэчы, які знайшлі дома, каб ён быў правільна запячатаны, каб следчы і панятыя паставілі подпісы. Увогуле, сачыць — гэта акурат абавязак панятых, але ніхто гэтага не зробіць лепш за гаспадара кватэры.

    Калі раптам следчыя вырашаць забраць рэчы, якія ніколі не належалі вашаму сваяку — фігуранту справы, варта адразу звярнуць на гэта ўвагу. А пасля пазначыць у пратаколе ператрусу. Калі будзе праводзіцца допыт — пра гэта зноўку трэба нагадаць, і калі следчы не запісаў — зрабіць гэта самастойна ад рукі ў канцы пратакола допыту.

    Пасля можна падаць скаргу на дзеянні следчага, у якой выкласці ўсе свае аргументы і патрабаванне вярнуць рэчы. Такую скаргу трэба падаваць начальніку следчага падраздзялення або пракурору.

    Калі за вамі «прыйшлі»: базавая інструкцыя для журналіста ў Беларусі

    Дапытваюць пасля ператрусу або выклікаюць на допыт

    Звычайна пытанні пра сваяка, які  з’ехаў за мяжу, у асноўным стандартныя. Следчых можа цікавіць хатні адрас і род заняткаў, а таксама спосаб падтрымання сувязі. Ці родныя абавязаныя ўсё гэта паведамляць?  

    — Паводле Канстытуцыі (артыкул 27) ніхто не павінен прымусова даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, членаў сваёй сям’і, блізкіх родных. Такое ж права прадугледжана ў КПК, у тым ліку для сведак (артыкул 60, частка 3, пункт 1).

    Блізкія родныя — гэта бацькі, дзеці, усынаўляльнікі, усыноўленыя, родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, муж ці жонка. Члены сям’і — гэта блізкія родныя, іншыя родзічы, непрацаздольныя ўтрыманцы і іншыя асобы, калі яны пражываюць сумесна са сведкам і вядуць з ім агульную гаспадарку.

    Адпаведна, калі пытанні следчага тычацца кагосьці з пералічаных асоб, можна проста адмовіцца даваць якія-кольвек паказанні на падставе артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

    Пра гэта так і трэба заявіць: адмаўляюся даваць паказанні ў дачыненні да майго сына /маёй дачкі /…

    Адказы на ўсе пералічаныя вышэй пытанні можна разглядаць як паказанні. Таму любыя спробы следчага пераканаць, што на некаторыя з іх вы абавязаныя адказваць, трэба спыняць катэгарычнай адмовай. Калі, вядома, вы загадзя не дамаўляліся з вашым сваяком за мяжой, што можна адкрыта казаць усё, як ёсць.

    Дарэчы, адмова ад паказанняў — гэта не адзіная тактыка. Сваякі маюць права проста не ведаць, куды з’ехаў шуканы следствам чалавек і чым ён займаецца, могуць не падтрымліваць кантакты і г. д. Можна менавіта так і адказваць следчаму: «Не ведаю» або «Не памятаю». 

    Але ў такім выпадку важна, каб у адабраных падчас ператрусу рэчах (у тых жа тэлефонах) не знайшлося інфармацыі, якая будзе супярэчыць вашым словам — іх тады могуць расцаніць як ілжывыя паказанні.

    Сапраўды, часта бывае так, што следчыя патрабуюць паказаць перапіску з вашым сваяком у месенджарах. Гэта рабіць абавязкова?

    — Паводле закона, ад гэтага таксама можна адмовіцца. Але цалкам верагодна, што следчы можа забраць ваш тэлефон або камп’ютар у межах ператрусу. У такім выпадку ён самастойна правядзе агляд ці прызначыць экспертызу. Таму на практыцы эфектыўна супраціўляцца агляду перапіскі наўрад ці атрымаецца.

    Адзінае, што можна зрабіць — адмовіцца называць пароль доступу (гэта, вядома, не гарантуе, што тэлефон ці камп’ютар не ўскрыюць). Адпаведна,  найлепш рабіць прэвентыўныя захады: рэгулярна чысціць перапіску, паставіць аўтавыдаленне, выдаляць небяспечныя ці проста непатрэбныя файлы, атрыманыя ад сваякоў з‑за мяжы.

    Прафілактычная гутарка: што трэба ведаць, каб абараніць свае правы

    У вас хочуць адабраць генетычны матэрыял

    Ужо неаднаразова зафіксаваныя выпадкі, калі сілавікі бяруць узоры генетычнага матэрыялу (сліну) у сваякоў журналістаў, якія вымушана з’ехалі за мяжу. Тлумачэнні гэтага гучаць правакацыйна: «Каб апазнаць цела, калі спатрэбіцца».  Ці ёсць законныя падставы ў супрацоўнікаў сілавых структур для адбору генетычнага матэрыялу ў такіх выпадках?

    — Афіцыйна гэтая працэдура называецца «атрыманне ўзораў для параўнальнага даследавання». Паводле КПК, гэта робіцца, каб праверыць, ці не пакінуў чалавек сляды на месцы здарэння або на рэчавых доказах.

    Падаецца, што пераважная большасць тых «злачынстваў», з нагоды якіх прыходзяць з ператрусам да сваякоў журналістаў, у прынцыпе не можа быць звязаная з нейкімі фізічнымі слядамі, і ніякіх прычын атрымліваць узоры ад сваякоў няма. Але выкарыстанне такой аргументацыі, каб нешта давесці следчаму ці абскардзіць яго дзеянні, на практыцы будзе малапрадуктыўным: следчы слухаць не стане, а ягоны начальнік ці пракурор, якому трапіць скарга, не стане прызнаваць дзеянні следчага незаконнымі.

    Фота: pexels.com

    Ці можна адмовіцца ад забору генетычнага матэрыялу?

    — КПК прадугледжвае, што следчы мае безумоўнае права атрымаць узоры толькі ад падазраванага/абвінавачанага і пацярпелага. А вось ад сведкі — толькі ў выпадку яго ці яе згоды (артыкул 234, частка 2). Калі ж чалавек ніякага працэсуальнага статусу не мае, то такія дзеянні тым больш немагчымыя.

    Таму можна проста не згадзіцца даваць узоры генетычнага матэрыялу ці любыя іншыя (напрыклад, узоры почырку). Паводле закона, прымусіць гэта зрабіць нельга. 

    «Праслушка»: асцерагацца ці не?

    Ці ёсць верагоднасць таго, што размовы са сваякамі за мяжой будуць праслухоўвацца ў межах распачатай супраць яго крымінальнай справы? Або дзеля таго, каб такую справу распачаць?

    Вядома, ёсць. Ступень такой верагоднасці залежыць толькі ад тэхнічных магчымасцяў органа пераследу і яго «цікавасці» да канкрэтнага чалавека.

    Нават калі сам месенджар лічыцца бяспечным і яго немагчыма праслухаць, гэта можна зрабіць праз шпіёнскія праграмы, усталяваныя наўпрост на тэлефон ці камп’ютар. І яшчэ прасцей атрымаць доступ да перапіскі і гукавых паведамленняў (у тым ліку — проста фізічна забраўшы вашыя прылады). Таксама трэба ўлічваць, што падчас ператрусу ў кватэры могуць усталяваць прылады для праслухоўвання.

    Магу толькі параіць пільна прытрымлівацца правілаў лічбавай бяспекі, прычым незалежна ад таго, быў у вас ператрус ці не.

    «Записываются все звонки без исключения». Как устроена прослушка телефонов в Беларуси

    Чаго ўвогуле не варта рабіць або казаць падчас следчых дзеянняў

    Многія проста губляюцца, калі да іх упершыню прыходзяць з ператрусам ці выклікаюць на допыт, і часта паводзяць сябе агрэсіўна ці, наадварот, абсалютна разгублена. Чаго варта пазбягаць у сваіх паводзінах у такіх выпадках?

    — Сітуацыі адрозніваюцца і залежаць як ад справы і асобы падазраванага/абвінавачанага, так і ад асобы следчага, які прыйшоў, да прыкладу, з ператрусам. Часам гэта можа быць фармальнасць, часам — наўмысная аперацыя па запалохванні. Таму паводзіць сябе варта ў залежнасці ад абставін.

    Але ў любым выпадку простая канфрантацыя ад самага пачатку не будзе вельмі прадуктыўнай. Магчымасці паўплываць на дзеянні следчых практычна няма, тым больш на месцы, падчас самога ператрусу ці допыту. Таму варта выконваць іх патрабаванні, якія адпавядаюць заканадаўству, але не больш.

    Падчас ператрусу ці допыту не варта весці са следчымі шчырых размоў, можна адказваць на «тэхнічныя» пытанні, але не паведамляць лішняй інфармацыі.

    На заканадаўства спасылацца можна таксама, напрыклад, на артыкулы, якія пазначаныя вышэй. Але не для таго, каб паведаміць нешта новае следчаму, а каб паказаць, што вы самі ведаеце заканадаўства і перакананыя ў сваіх дзеяннях.

    Напрыклад, вы дакладна ведаеце, што закон дазваляе вам адмовіцца даваць паказанні.

    Нагадаю, што нават калі прыйшлі па канкрэтнага чалавека, які з’ехаў, небяспека існуе і для тых, хто застаецца ў Беларусі. Рэчы, якія знойдуць у кватэры, інфармацыя на лічбавых прыладах могуць стаць нагодай для пераследу іх уладальнікаў, нават калі гэта не тычыцца гэтай крымінальнай справы.

    Напрыклад, знойдзеная ў вас спасылка на «экстрэмісцкі» рэсурс можа стаць падставай для адміністрацыйнага арышту. Не кажучы пра тое, што пэўныя «знаходкі» падчас ператрусу могуць спарадзіць новую крымінальную справу.

    Таксама трэба ўлічваць, што, напрыклад, перапіска ў месенджары з іншымі людзьмі ў Беларусі — гэта небяспека яшчэ і для іх. Таму з усім, што захоўваецца ў лічбавым выглядзе, трэба абыходзіцца вельмі асцярожна.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў падлічыла, што на канец 2025 года за кратамі ў Беларусі ўтрымліваюць 28 прадстаўнікоў і прадстаўніц медыя. Вядома як мінімум пра 34 ператрусы і агляды памяшканняў цягам гэтага года і пра больш як 100 выпадкаў завочнага пераследу журналістаў і медыясупрацоўнікаў. Колькасць выпадкаў трансмежнага ціску на журналістаў праз іх сваякоў у Беларусі таксама сягае многіх дзясяткаў — прычым гэта толькі тыя сітуацыі, пра якія прадстаўнікі СМІ і іх сваякі паведамляюць, не хаваючыся.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці