• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Літве набылі сілу змены падатковага заканадаўства. Тлумачым, на што беларусам трэба звярнуць увагу

    З 1 траўня 2025 года ў Літве набылі сілу змены падатковага заканадаўства, якія, сярод іншага, тычацца асоб, што ажыццяўляюць індывідуальную дзейнасць. Павялічылася колькасць выпадкаў, калі такая асоба мусіць рэгістравацца ў якасці платніка падатку на даданую вартасць (pridėt­inės vertės moke­stis, PVM). Тлумачым, для каго цяпер абавязковая такая рэгістрацыя.

    падаткі

    Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Nataliya Vaitke­vichдля pexels.com

    У якіх выпадках трэба рэгістравацца платнікам ПДВ?

    Такіх выпадкаў пяць:

    • Калі памер даходу за мінулы ці бягучы год перавышае 45 000 еўра;
    • Калі агульны кошт тавараў, набытых у іншых краінах ЕЗ і ўвезеных у Літву за мінулы ці бягучы год, перавышае 14 000 еўра;
    • Калі адзін чалавек кантралюе дзве ці болей юрыдычныя асобы, агульны даход якіх перавысіў 45 000 еўра або яны разам ўвезлі ў Літву тавары больш чым на 14 000 еўра;
    • Калі асоба набывае паслугі ў суб’ектаў з замежных краін;
    • Калі асоба аказвае паслугі суб’ектам у іншых краінах ЕЗ.

    Сярод пералічанага новыя выпадкі — чацвёрты і пяты. Іх, а таксама першы, падрабязна разгледзім ніжэй. Другі і трэці выпадкі для журналістаў не характэрныя, а да таго ж патрабуюць больш глыбокага аналізу ў канкрэтных сітуацыях, таму ў гэтым матэрыяле яны пакінутыя па-за ўвагай.

    1. Гадавы даход большы за 45 000 еўра

    Калі агульная сума даходу за год складае больш за 45 000 еўра, вы мусіце зарэгістравацца як платнік ПДВ. У такіх выпадках не мае значэння, адкуль вы атрымліваеце даход: ад літоўскіх арганізацый і фізічных асоб ці ад замежных. У любым выпадку рэгістрацыя абавязковая.

    Звяртаем увагу: даход — гэта агульная сума грошай, што паступілі як аплата за вашую дзейнасць, а не тая сума, якая засталася пасля адымання фактычных выдаткаў або 30% ад агульнай сумы.

    У які момант узнікае абавязак рэгістравацца?

    Калі даход за мінулы год склаў 45 000 еўра, вы мусіце зарэгістравацца як платнік ПДВ з пачатку бягучага года.

    Калі даход за мінулы год меншы, абавязак рэгістравацца ўзнікае як толькі агульная сума даходу за бягучы год перавысіць 45 000 еўра. Напрыклад, за першае паўгоддзе вы атрымалі 40 000 еўра, а ў ліпені — яшчэ 6 000. Адпаведна, пасля атрымання апошняй сумы ваш агульны даход перавышае 45 000, і вы мусіце зарэгістравацца платнікам ПДВ.

    1. Набыццё паслуг з іншых краін

     Калі для сваёй эканамічнай дзейнасці вы набываеце паслугі ад суб’ектаў з іншых краін (не толькі ЕЗ), гэта патрабуе рэгістрацыі ў якасці платніка ПДВ.

    Facebook

    Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Tobias Dzi­u­ba для pexels.com

    У прыватнасці, гэта тычыцца паслуг Book­ing, Bolt, Face­book, Google і іншых падобных платформ. Напрыклад, Bolt зарэгістраваны ў Эстоніі, таму кіроўцы, якія працуюць у Літве праз гэтую платформу (г. зн. набываюць у яе паслугі), мусяць рэгістравацца як платнікі ПДВ. Такі ж абавязак узнікае, калі вы для сваёй дзейнасці купляеце рэкламу ў Google ці Face­book.

    Гэтае правіла дзейнічае незалежна ад сумы даходу — нават калі ён меншы за 45 000 еўра, вы ўсё роўна абавязаны рэгістравацца. Аналагічна не мае значэння колькасць набытых паслуг, нават калі такая паслуга была адна за год, рэгістрацыя становіцца абавязковай.

    1. Аказанне паслуг у іншых краінах ЕЗ

    Паводле агульнага правіла паслуга аказваецца ў той краіне, дзе знаходзіцца яе пакупнік (для юрыдычнай асобы — гэта краіна рэгістрацыі, для фізічнай — краіна сталага пражывання). Не істотна, дзе вы будзеце фізічна выконваць паслугу – значэнне мае менавіта месца рэгістрацыі ці сталага пражывання пакупніка. Ад гэтага залежыць і адказ на пытанне, ці трэба рэгістравацца платнікам ПДВ.

    • Калі пакупнік знаходзіцца ў Літве — рэгістрацыя не патрабуецца.
    • Калі пакупнік знаходзіцца ў краіне ЕЗ — рэгістрацыя можа спатрэбіцца (у якіх выпадках — гл. далей).
    • Калі пакупнік знаходзіцца ў іншай краіне, але па-за межамі ЕЗ (Грузія, ЗША, Аб’яднанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Турцыя, Сербія, Швейцарыя, Нарвегія і г. д.) — рэгістрацыя не патрабуецца.
    монеты

    Фота: Pix­abay

    Ад чаго залежыць, ці абавязаная асоба рэгістравацца платнікам ПДВ?

    Рэгістрацыя платнікам ПДВ залежыць ад таго, ці ажыццяўляе пакупнік паслуг эканамічную дзейнасць, і, адпаведна, прызнаецца платнікам ПДВ у сваёй краіне. У розных дзяржавах сэнс гэтага паняцця можа адрознівацца, але ў найбольш агульным выглядзе эканамічная дзейнасць характарызуецца атрыманнем даходу ад аказання паслуг, продажу тавараў і г.д.

    Калі гэта так, вы абавязаны рэгістравацца.

    Калі паслугі аказваюцца прыватным асобам (не прадпрымальнікам) ці некамерцыйным арганізацыям — рэгістрацыя, як правіла, не патрабуецца.

    Але канчаткова вызначыць гэта можна толькі на падставе заканадаўства канкрэтнай краіны і статусу канкрэтнай арганізацыі, з якой вы заключаеце дамову. Напрыклад, польскія фундацыі паводле агульнага правіла не ажыццяўляюць эканамічную дзейнасць, але ў шэрагу выпадкаў яны могуць прызнавацца такімі ў мэтах падаткаабкладання. І ў такой сітуацыі для вас узнікне абавязак рэгістравацца платнікам ПДВ.

    Такім чынам, пры аказанні паслуг канкрэтнай арганізацыі варта ўдакладняць у яе, ці ажыццяўляе яна эканамічную дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам уласнай краіны.

    Якія паслугі маюцца на ўвазе і ці мае значэнне іх від для рэгістрацыі ПДВ?

    Сказанае вышэй тычыцца любых магчымых паслуг. У гэтым кантэксце да паслуг трэба адносіць і напісанне тэкстаў, фатаграфаванне, аналітычныя даследванні, кансультаванне і іншую дзейнасць такога кшталту.

    У якасці выключэння закон прадугледжвае, што рэгістрацыя не патрабуецца, калі ў краіне пакупніка аказаныя паслугі не абкладаюцца ПДВ. У дадзеным выпадку трэба зноў звяртацца да замежнага заканадаўства. Але найбольш імаверна, што праца, якую выконвае журналіст, у гэты пералік не трапіць.

    Для параўнання можна пазнаёміцца са спісам не абкладзеных ПДВ паслуг у літоўскім заканадаўстве: ахова здароўя, адукацыя, страхаванне і г. д. 

    Падыходы ў іншых краінах ЕЗ наўрад ці будуць прынцыпова адрознівацца.

    Таму праца журналіста для медыя ў іншых краінах ЕЗ мусіць разглядацца паводле агульнага правіла: калі лічыцца, што медыя ў сваёй краіне ажыццяўляе эканамічную дзейнасць, рэгістрацыя патрэбная, у адваротным выпадку — не.

    Калі ўзнікае абавязак зарэгістравацца?

    Абавязак зарэгістравацца ўзнікае разам з аказаннем першай паслугі пакупніку з іншай краіны ЕЗ. Таму як толькі вы дамаўляецеся пра такую паслугу, трэба адначасова правесці рэгістрацыю.

    Фота: Tow­fiqu barb­huiya для pexels.com

    Што рабіць, калі ўжо былі выпадкі аказання паслуг у іншых краінах ЕЗ, але платнікам ПДВ дагэтуль не зарэгістраваўся?

    Канкрэтных дзеянняў, якія трэба выканаць у сувязі с гэтый сітуацыяй (напрыклад, падачы дадатковых дэкларацый ці іншай дакументацыі), не прадугледжана. Аднак для далейшай дзейнасці зарэгістравацца ўсё ж варта.

    Як змяняюцца ўмовы працы пасля рэгістрацыі платнікам ПДВ?

     Пасля рэгістрацыі платнікам ПДВ асоба абавязана вылічваць і аплочваць у бюджэт ПДВ пры аказанні любых паслуг, у тым ліку ўнутры Літвы, выстаўляць «рахункі-фактуры ПВД», а таксама з пэўнай перыядычнасцю падаваць дэкларацыі і справаздачы і ўносіць звесткі пра выпісаныя рахункі-фактуры ў адпаведны рэгістр.

    Аднак літоўскае заканадаўства дазваляе пазбегнуць гэтых складанасцяў. Калі ваш даход за год не перавышае 45 000 еўра, вы можаце прымяніць схему малога бізнесу (smulkio­jo ver­s­lo schema, SVS). У такім выпадку:

    • вылічваць ПДВ і аплочваць яго ў бюджэт не патрабуецца;
    • неабходна выстаўляць «рахункі-фактуры ПДВ», але дазваляецца карыстацца спрошчанай формай. У ёй пазначаюцца толькі коды платнікаў ПДВ (ваш і пакупніка, калі ў яго ёсць такі код), а стаўку і суму ПДВ пазначаць не трэба (калі паслуга аказваецца замежнай арганізацыі, якая ажыццяўляе эканамічную дзейнасць, у рахунку-фактуры трэба дадаткова пазначыць atvirkš­ti­nis apmoke­stin­i­mas – «зваротнае падаткаабкладанне»). Такім чынам, спрошчаны рахунак-фактура ПДВ не моцна адрозніваецца ад тых рахункаў, якія выстаўляюцца да рэгістрацыі платнікам ПДВ; 
    • дэкларацыя па ПДВ і справаздача падаюцца толькі за тыя месяцы, калі паслугі аказваліся замежнай арганізацыі, што ажыццяўляе эканамічную дзейнасць (гэта трэба рабіць не пазней за 25‑е наступнага месяца);
    • уносіць звесткі пра рахункі-фактуры ў рэгістр увогуле не патрэбна.

    Такім чынам, пры неабходнасці рэгістравацца платнікам ПДВ выкарыстанне схемы малога бізнесу падаецца найбольш зручным варыянтам: умовы працы з контрагентамі ў Літве практычна не змяняюцца (за выключэннем выстаўлення рахункаў-фактур ПДВ), а ўзаемадзеянне з замежнымі пакупнікамі значна спрошчанае.

    Для прымянення схемы малога бізнесу папярэдняя рэгістрацыя «платнікам ПДВ» не патрабуецца, можна адразу зарэгістравацца на сайце VMI «платнікам ПДВ і ўдзельнікам схемы малога бізнесу».

    Звяртаем увагу, калі ваш даход перавысіць 45 000 еўра, далейшае прымяненне схемы малога бізнесу немагчымае і вы мусіце рэгістравацца звычайным платнікам ПДВ з усімі адпаведнымі абавязаннямі.

    падаткі грошы

    Фота: pexels.com

    Такім чынам, калі вы аказваеце паслугі пакупніку ў іншых краінах ЕЗ, найперш трэба вызначыць (даведацца ў яго самога), ці ажыццяўляе ён эканамічную дзейнасць. Калі не — вы можаце працягваць сваю дзейнасць як дагэтуль. Калі так — вы мусіце зарэгістравацца платнікам ПДВ.

    Найбольш зручнай будзе рэгістрацыя ў якасці платніка ПДВ, які ўдзельнічае ў схеме малога бізнесу, паколькі ў такім выпадку вам па-ранейшаму не трэба будзе вылічваць ПДВ. Умовы аказання паслуг для літоўскіх пакупнікоў для вас амаль не зменяцца (нязначна зменіцца форма рахунка-фактуры), але з’явіцца абавязак запаўняць дадатковыя дакументы (дэкларацыя, справаздача) пры аказанні паслуг пакупнікам у еўрапейскіх краінах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці