• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Распаўсюд персанальных дадзеных і звестак аб прыватным жыцці ў СМІ

    По-русски: Распространение персональных данных и сведений о частной жизни в СМИ

    Звесткі аб прыватным жыцці і персанальныя дадзеныя: змест паняццяў і заканадаўства

    Журналісты штодня рыхтуюць матэрыялы, у якіх утрымліваюцца дадзеныя пра іх герояў: імёны, прозвішчы, месца працы і пасады, фотаздымкі і інш. Усё гэта неад’емныя элементы публікацый СМІ, але яны ж і персанальныя дадзеныя грамадзян, якія абараняюцца законам. У той жа час частка інфармацыі пра герояў публікацый абараняецца таксама ў межах недатыкальнасці прыватнага жыцця.

    Звесткі аб прыватным жыцці і персанальныя дадзеныя — розныя юрыдычныя паняцці, хоць межы паміж імі не заўсёды выразна адрозныя. Пры гэтым абодва гэтыя паняцці ствараюць аснову забеспячэння аднаго канстытуцыйнага права: «на абарону ад незаконнага ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё» — артыкул 28 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

    Згодна з Канстытуцыяй, чалавек абаронены «ў тым ліку ад замаху на таямніцу яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць».

     

    Звесткі пра асабістае (прыватнае) жыццё

    У сусветнай практыцы, калі кажуць пра абарону прыватнага жыцця, часцей за ўсё карыстаюцца паняццем «Pri­va­cy» (прайвесі), што ў перакладзе з англійскай мовы азначае недатыкальнасць асабістага і сямейнага жыцця, прыватнасць. Іншымі словамі — гаворка ідзе пра забеспячэнне забароны ўварвання ў прыватную сферу асобы, забарона разгалошваць асабістыя і сямейныя таямніцы іншых асоб.

    У беларускім заканадаўстве азначэнне «таямніцы прыватнага (асабістага) жыцця» адсутнічае, яго змест можна «сабраць па кавалачках» з розных прававых дакументаў. Паўней за ўсё пра таямніцу асабістага жыцця напісана ў старой (1996 года) «Інструкцыі аб рэжыме доступу да дакументаў, якія ўтрымліваюць звесткі, што адносяцца да таямніцы асабістага жыцця грамадзян». І хоць дзеянне дадзенага дакумента страціла моц, ён дае ўяўленне пра тое, якія звесткі пра чалавека дзяржава адносіць да таямніцы яго асабістага жыцця, а менавіта:

    - пра здароўе, сямейныя і інтымныя адносіны;

    - пра абставіны нараджэння, усынаўлення, разводу;

    - пра асабістыя звычкі і схільнасці;

    - асабістая перапіска і карэспандэнцыя, дзённікавыя, тэлефонныя, тэлеграфныя, відэа‑, аўдыя- і іншыя віды захавання інфармацыі;

    - пра маёмаснае становішча, крыніцы прыбытку;

    - пра дзейнасць, якая змяшчае камерцыйную таямніцу;

    - пра інтэлектуальную ўласнасць (аўтарскае права, вынаходніцкае і патэнтнае права, права на навуковыя адкрыцці, а таксама іншыя правы, якія адносяцца да інтэлектуальнай дзейнасці ў галіне вытворчасці, навукі, літаратуры і мастацтва);

    - звесткі, разгалошванне якіх стварае пагрозу асабістай бяспецы грамадзяніна, бяспецы членаў яго сям’і і маёмасці;

    - пра ўдзел грамадзян у дзеяннях судова-следчых органаў у якасці абвінавачаных, падсудных, сведак і да т. п., а таксама пра абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай альбо службовым становішчам (акрамя выпадкаў, якія не падлягаюць засакрэчванню паводле арт. 7 Закона РБ «Аб дзяржаўных сакрэтах») (…).

    У юрыдычнай практыцы пад прыватным жыццём разумеюць такія асабістыя звесткі, якія чалавек сам імкнецца пакінуць у таямніцы. Напрыклад, гэта можа быць інфармацыя пра шлюб, дзяцей — з аднаго боку, такія звесткі адносяцца да персанальных дадзеных, з іншага, калі чалавек іх не афішуе, — да звестак аб прыватным жыцці.

    Адсутнасць выразных заканадаўчых рамак і расплывістасць тлумачэнняў на практыцы могуць дадаваць клопатаў журналістам. Атрымліваецца, што змест і межы «таямніцы асабістага жыцця» вызначаюцца адвольна самімі ўладальнікамі. Кожны можа мець уласнае ўяўленне, і яно будзе залежаць ад псіхалагічных характарыстак, вызначаных норм і традыцый, якія існуюць у грамадстве, сітуатыўнасці і г. д. Таму «недатыкальнасць» у звычайным жыцці можа шырока вар’іравацца ў залежнасці ад абставін. Фактычна, менавіта грамадзянін вырашае, якія звесткі адносяцца да яго прыватнага жыцця і падлягаюць абароне.

    Нягледзячы на ​​тое, што канкрэтнага спісу таго, што адносіцца да прыватнага (асабістага) жыцця, у заканадаўстве няма, за «незаконны распаўсюд звестак аб прыватным жыцці, якія складаюць асабістую ці сямейную таямніцу іншай асобы, без яго згоды» чалавек можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці (арт. 179 КК РБ).

    Грамадзянскі кодэкс у арт. 151 абараняе нематэрыяльныя даброты, сярод якіх годнасць асобы, асабістая недатыкальнасць, гонар і добрае імя, дзелавая рэпутацыя, недатыкальнасць прыватнага жыцця, асабістая і сямейная таямніца. Дадзены артыкул абараняе прыватнае жыццё і памерлага — такім правам могуць скарыстацца яго спадкаемцы. У выпадках парушэння дадзеных правоў, арт. 152 ГК гарантуе кампенсацыю маральнай шкоды ад гэтых дзеянняў.

     

    Персанальныя дадзеныя

    У сувязі з імклівым развіццём інфармацыйных тэхналогій, з’яўленнем электронных баз персанальных дадзеных аб грамадзянах і пашырэннем магчымасцяў іх выкарыстання ў розных сферах дзейнасці, пытанні збору, апрацоўкі, распаўсюду і прадстаўлення інфармацыі пра чалавека атрымалі новае прававое афармленне.

    У беларускім заканадаўстве тэрмін «персанальныя дадзеныя» ўпершыню з’явіўся амаль у адзін і той жа час у Законах «Аб перапісе насельніцтва», «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» і «Аб рэгістры насельніцтва» . Варта адзначыць, што ў ранейшым Законе «Аб інфарматызацыі» выкарыстоўвалася іншая тэрміналогія: інфармацыя, дадзеныя, дакументаваная інфармацыя аб грамадзянах. У новыя прававыя акты беларускі заканадаўца ўключыў тэрміналогію, якую ў еўрапейскіх краінах выкарыстоўваюць ужо на працягу амаль 30 гадоў.

    Згодна з Законам «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», персанальныя дадзеныя — асноўныя і дадатковыя персанальныя дадзеныя фізічнай асобы, якія падлягаюць унясенню ў рэгістр насельніцтва, а таксама іншыя дадзеныя, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць такую асобу. Інфармацыю аб прыватным жыцці фізічнай асобы і персанальныя дадзеныя Закон адносіць да інфармацыі, распаўсюд і (ці) прадстаўленне якой абмежаваныя: «Ніхто не мае права патрабаваць ад фізічнай асобы прадастаўлення інфармацыі аб яго прыватным жыцці і персанальных дадзеных, уключаючы звесткі, якія складаюць асабістую і сямейную таямніцу, таямніцу тэлефонных перамоў, паштовых і іншых паведамленняў, якія тычацца стану яго здароўя, альбо атрымліваць такую ​​інфармацыю іншым чынам апроч волі дадзенай фізічнай асобы».

    Закон «Аб рэгістры насельніцтва» да асноўных персанальных дадзеных адносіць: ідэнтыфікацыйны нумар; прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца); пол; чысло, месяц, год нараджэння; месца нараджэння; лічбавы фотапартрэт; дадзеныя пра грамадзянства (падданства); дадзеныя аб рэгістрацыі па месцы жыхарства і (ці) месцы знаходжання; дадзеныя аб смерці альбо аб’яўленнi фiзiчнай асобы памерлай, прызнанні без вестак адсутным, недзеяздольным, абмежавана дзеяздольным.

    Да дадатковых персанальных дадзеных адносяцца дадзеныя: пра бацькоў, апекуноў, папячыцеляў, сямейнае становішча, сужэнцаў, дзіця (дзяцей) фiзiчнай асобы; аб вышэйшай адукацыі, навуковай ступені, вучоным званні; аб родзе заняткаў; пра пенсію, штомесячнае грашовае ўтрыманне па заканадаўстве аб дзяржаўнай службе, штомесячную страхавую выплату па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў; аб падатковых абавязацельствах; аб выкананнi воiнскага абавязку; аб інваліднасці. Пры гэтым закон вызначае, што персанальныя дадзеныя і звязаныя з імі адзнакі, якія ўтрымліваюцца ў рэгістры, з’яўляюцца канфідэнцыйнымі. Рэгістр з’яўляецца афіцыйнай крыніцай персанальных дадзеных, фармуецца дзяржаўнымі органамі, а супрацоўнікі нясуць адказнасць за незаконнае прадастаўленне альбо распаўсюд персанальных дадзеных.

    У апошняе дзесяцігоддзе пытанням персанальных дадзеных надаецца ўсё больш увагі, паўстала пытанне пра асобны закон. У чэрвені 2019 года Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні быў прыняты законапраект «Аб персанальных дадзеных», падчас падрыхтоўкі да другога чытання праект закона быў перайменаваны на «Аб абароне персанальных дадзеных». Другога чытання і далейшага падпісання прэзідэнтам на момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу яшчэ не было, таму абапірацца будзем на палажэнні апублікаванага законапраекта.

    Згодна з законапраектам, персанальныя дадзеныя — гэта «любая інфармацыя, якая адносіцца да ідэнтыфікаванай фізічнай асобы альбо фізічнай асобы, якая можа быць ідэнтыфікаванай на падставе такой інфармацыі». У заканадаўчым акце выдзеленыя спецыяльныя катэгорыі персанальных дадзеных: біяметрычныя, генетычныя, агульнадаступныя, спецыяльныя. Агульнадаступныя — гэта персанальныя дадзеныя, распаўсюджаныя самім чалавекам альбо з яго згоды; спецыяльныя — гэта дадзеныя, якія тычацца расавай альбо нацыянальнай прыналежнасці, палітычных поглядаў, рэлігійных ці іншых перакананняў, здароўя альбо полавага жыцця, судзімасці, а таксама біяметрычныя і генетычныя персанальныя дадзеныя. У жніўні 2019 года член пастаяннай камісіі ПП НС па нацыянальнай бяспецы Наталля Гуйвік паведаміла старшыні СПБ Мікалаю Шараху, што ягоная прапанова дапоўніць пералік спецыяльных персанальных дадзеных сяброўствам у прафесійных саюзах прынятая, аднак у апублікаваным законапраекце на дадзены момант гэта адсутнічае.

    Канкрэтнага і закрытага пераліку персанальных дадзеных не існуе — да іх адносяць любыя звесткі, па якіх можна ідэнтыфікаваць чалавека: і гэта не толькі імя і прозвішча, пашпартныя дадзеныя, месца працы і пасада, але і фатаграфіі з выявамі грамадзяніна, запісы ў блогах і сацыяльных сетках, якія змяшчаюць асабістую інфармацыю і г. д.

    Пры чым тут журналісты і СМІ? У сферы медыя аператарамі персанальных дадзеных будуць лічыцца рэдакцыі СМІ, друкарні, уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў і інш. Рэдакцыі СМІ маюць справу з персанальнымі дадзенымі, калі збіраюць, апрацоўваюць, распаўсюджваюць персанальныя звесткі герояў у журналісцкіх матэрыялах, апрацоўваюць дадзеныя, напрыклад, падпісчыкаў і сваіх супрацоўнікаў.

    З 2016 года ўведзеная адміністрацыйная адказнасць за разгалошванне персанальных дадзеных: згодна з артыкулам 22.13 КаАП, наўмыснае незаконнае разгалошванне персанальных дадзеных асобай, якой персанальныя дадзеныя вядомыя ў сувязі з яго прафесійнай альбо службовай дзейнасцю, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 4 (чатырох) да 20 (дваццаці) базавых велічынь.

     

    Персанальныя дадзеныя і звесткі пра прыватнае жыццё — што публікаваць?

    Журналістыка немажлівая не толькі без факта, але і без персанальных дадзеных персанажаў (герояў), якія прысутнічаюць у рэпартажах, карэспандэнцыях, артыкулах, не кажучы ўжо пра замалёўкі альбо нарысы.  Нават звычайная інфармацыя рэдка бывае без чалавека — ён стаіць у цэнтры падзеі, адлюстраваны на фота- ці відэаздымках. Мы спасылаемся на біяграфічныя звесткі героя, адлюстроўваем яго погляды, перакананні, закранаем часам сямейную гісторыю.  І ўсё гэта — персанальныя дадзеныя, персанальныя звесткі ці звесткі з прыватнага жыцця.

    Сюды ж можна аднесці службовыя характарыстыкі, дакладныя запіскі пра дысцыплінарныя спагнанні. Органы правапарадку, даючы аб’явы ў СМІ пра пошукі грамадзян за крымінальныя злачынствы, падаюць і некаторыя спецыяльныя звесткі, напрыклад, колер вачэй, наяўнасць судзімасці і г. д.

    Персанальныя дадзеныя існуюць у выглядзе тэкстаў, фотаздымкаў, малюнкаў, аўдыя- ці відэазапісаў, электронных запісаў ды іншых.

    У рэальным жыцці, перадусім у сацыяльных сетках у сістэме Інтэрнэт, людзі часта паведамляюць пра свой узрост, прафесію, навучальную ўстанову, дзе вучыліся, пра сямейнае становішча, любімы занятак, валоданне маёмасцю, часам згадваюць звычкі альбо схільнасці. Нягледзячы на тое, што інфармацыя становіцца даступнай для даволі вялікага кола людзей (напрыклад, сяброў па сацсетцы), варта ўлічыць, што чалавек можа быць супраць больш шырокага яе распаўсюду ў СМІ, таму варта атрымаць згоду на апублікаванне.

    Маюць месца і выпадкі распаўсюду фотаздымкаў, відэаролікаў, інфармацыйных паведамленняў, змест якіх можа парушаць права іншых асоб на прыватнае жыццё, асабістую і сямейную таямніцу. Нярэдка інфармацыя носіць зняважлівы характар. Засцерагчы журналіста і СМІ ад непажаданых наступстваў пры выкарыстанні такіх звестак можа «прасейванне»: верыфікацыя, абавязковы фактчэкінг, у тым ліку праз платформу сацыяльных сетак. Пры гэтым прафесійныя і этычныя стандарты — дакладнасць, аддзяленне фактаў ад меркаванняў і каментароў — з’яўляюцца актуальнымі не толькі для традыцыйных медыяў, але і для інтэрнэт-выданняў.

    У Законе «Аб персанальных дадзеных» супрацоўнікам медыя варта найперш звярнуць увагу на такую акалічнасць: збор, апрацоўка, распаўсюд, прадстаўленне персанальных дадзеных без згоды грамадзяніна дапускаецца ў мэтах ажыццяўлення законнай прафесійнай дзейнасці журналіста і (альбо) дзейнасці СМІ, накіраваных на абарону грамадскага інтарэсу.

    Такі інтарэс выяўляецца, паводле закона, у «патрэбе грамадства ў выяўленні і раскрыцці інфармацыі пра пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю насельніцтва і навакольнаму асяроддзю, інфармацыі, якая ўплывае на выкананне сваіх абавязкаў дзяржаўнымі асобамі, што займаюць адказнае становішча, грамадскімі дзеячамі».

    «Грамадскі інтарэс» дае магчымасць журналісту займацца зборам патрэбнай інфармацыі, у тым ліку і персанальных звестак. Аднак і ў гэтай сітуацыі неабходна мець на ўвазе істотную акалічнасць: хто герой нашай публікацыі — публічная ці непублічная асоба? Публічнасць асобы выяўляецца ў грамадска значным характары дзейнасці, пазнавальнасці і вядомасці ў грамадстве. Гэта палітыкі, чыноўнікі, дэпутаты, кіраўнікі розных рангаў, дзеячы навукі і культуры, грамадскія актывісты, журналісты, блогеры. Чым больш уплывовая асоба і чым вышэй яе становішча ў грамадстве, тым прапарцыйна шырэй становяцца межы, у якіх можа праяўляцца цікавасць грамадства да дадзенай асобы. Разам з тым, патрэбна заўсёды кіравацца падыходам: публікацыя павінна быць у інтарэсах грамадства, а не задавальняць цікавасць грамадства да жыцця публічнай асобы.

    Рыхтуючы матэрыял, у цэнтры якога як публічная, так і не публічная асоба, журналіст у той жа час мусіць памятаць, што спецыяльныя дадзеныя павінны быць абароненыя, і на іх апублічванне павінна быць атрымана згода. Пры гэтым, згодна з законапраектам, не патрэбна запытвацца дазволу на распаўсюд спецыяльных звестак, якія сталі агульнадаступнымі з ініцыятывы самога чалавека. Напрыклад, калі ў публікацыях журналісты выкарыстоўваюць дадзеныя, зробленыя агульнадаступнымі самімі героямі публікацый у сацсетках ці блогах: нацыянальнасць, веравызнанне, палітычныя погляды героя, прыналежнасць да тых ці іншых грамадскіх і палітычных структур.

    Гэта ж датычыць і асобных генетычных ці біяметрычных звестак.  Журналіст не мае права перапісваць дадзеныя пашпарта альбо генетычнага пашпарта з яго ўнікальнай інфармацыяй, зашыфраванай у генах канкрэтнага чалавека. Але калі, напрыклад, герой публікацыі спартовец і ў яго генетычным пашпарце ўтрымліваецца інфармацыя пра схільнасць да спорту, то такая згадка са згоды героя публікацыі не падасца лішняй і будзе дарэчы.

    Сярод біяметрычных звестак вылучаюць пяць найбольш распаўсюджаных: адбіткі пальцаў, выява твару, голас, вясёлкавая абалонка вока, малюнак вен далоні і пальца.  Мы, канешне, не публікуем адбіткі пальцаў, але змяшчаем выяву твару альбо апісваем яго рысы. Напрыклад, сакратаўскі лоб, валявы падбародак. На радыё, тэлебачанні змяшчаем падкаст голасу, у папяровых СМІ характарызуем яго — нізкі, высокі, густы, барытон і г. д. Мы не публікуем здымкі зрэнкаў, але заўважаем, што ў героя блакітныя ці карыя вочы.

    Спецыяльнымі персанальнымі дадзенымі з’яўляюцца і звесткі пра здароўе. Адказнасць за распаўсюд урачэбнай таямніцы нясе медперсанал. Аднак публікацыю такіх звестак без дастатковай матывіроўкі суд можа кваліфікаваць як умяшальніцтва ў прыватнае жыццё чалавека.

    Да звестак пра здароўе непублічнага чалавека трэба ставіцца асабліва абярэжліва і нельга іх агучваць без згоды на публікацыю. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да публічных людзей, да дадзеных пра іх здароўе, асабліва, калі такая публічная асоба ўжо не ажыццяўляе арганізацыйна-распарадчых функцый і не выяўляе сябе ў грамадскім жыцці.

    Іншая справа — чыноўнік улады. Гаворка не ідзе пра нейкую прастуду, а найперш пра разумовую і фізічную здольнасць чалавека выконваць дзяржаўныя функцыі.

    У пытанні распаўсюду інфармацыі пра стан здароўя прадстаўнікоў улады ёсць некалькі акалічнасцяў. Закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» вызначае, што стан здароўя службовых асоб, якія займаюць пасады, уключаныя ў «Пералік вышэйшых дзяржаўных пасадаў Рэспублікі Беларусь»  — усяго 11 пасадоўцаў, з’яўляецца агульнадаступнай інфармацыяй, «доступ да якой, распаўсюд і/ці прадстаўленне якой не абмежаваны».

    Як абарону грамадскага інтарэсу ў некаторых выпадках можна расцэньваць спраўджаную інфармацыю пра стан здароўя розных пасадоўцаў падчас надзвычайных сітуацый кшталту цяперашняй пандэміі каранавіруса. Утойванне інфармацыі пра захворванне пасадоўца на той жа каранавірус можа паставіць пад пагрозу людзей, чыё здароўе і жыццё падвяргаюцца рызыцы, і асабліва падчас індывідуальных стасункаў з інфікаваным пасадоўцам. Калі ж грамадскі інтарэс адсутнічае, інфармацыя пра стан здароўя ў тым ліку прадстаўнікоў улады падлягае абароне і не можа быць распраўсюджаная без іх згоды.

    Дарэчы, еўрапейскія палітыкі самі не робяць сакрэту пра стан свайго здароўя падчас пандэміі COVID-19.

    Першым кіраўніком дзяржавы, які заразіўся каранавірусам, стаў князь Манака Альбер II, дыягназ пацвердзіўся 17 сакавіка. Каранавірус паразіў таксама прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Барыса Джонсана — пра гэта ён паведаміў у відэазвароце на сваёй старонцы ў Twit­ter. І кіраўнік італьянскага рэгіёна П’емонт Альберта Чыры напісаў у Face­book, што медыкі выявілі ў яго каранавірус. Расійская прэса паведамляла пра станоўчы вынік тэста на COVID-19 у прэм’ер-міністра РФ Міхаіла Мішусціна.

    Журналіст мае права выкарыстоўваць дадзеныя, калі яны агучаныя героем альбо здабытыя падчас прысутнасці на адкрытых судовых пасяджэннях, якія адбываюцца адпаведна прынцыпам адкрытасці і публічнасці судовага працэсу.

    У законапраекце ўтрымліваецца пералік выпадкаў, калі атрымліваць згоду ад суб’екта персанальных дадзеных неабавязкова, у астатніх выпадках, каб не парушаць нормы закона, — неабходна. Згода ўяўляе сабой “вольнае, канкрэтнае, інфармаванае выказванне (…), з дапамогай якога суб’ект персанальных дадзеных дазваляе збор, апрацоўку (за выключэннем абязлічвання), распаўсюд, прадастаўленне сваіх персанальных дадзеных”.

    Для журналістаў такая згода можа быць узгадненнем з героем матэрыялу, якія звесткі могуць быць апублічаныя. А ў некаторых выпадках закон патрабуе атрымліваць дазвол толькі ў пісьмовай форме, у выглядзе электроннага дакумента альбо ў іншай электроннай форме. Вызначаецца і парадак атрымання такога дазволу.  Калі падобная норма замацуецца ў заканадаўстве, гэта можа ўскладніць працу журналістаў.

    Камісія па этыцы ГА «БАЖ» не рэкамендуе без узгаднення з героямі публічна агалошваць звесткі, якія дзяржава і юрыдычная практыка адносяць да таямніц прыватнага жыцця чалавека, калі яны не ўтрымліваюць яўнага грамадскага інтарэсу. 

    Да звестак аб прыватным жыцці адносіцца інфармацыя пра маёмаснае становішча асобы, у тым ліку пра нерухомасць, якой яна валодае. Медыі не раз асвятлялі гэтую тэму праз паселішча Дразды — элітны квартал Мінска, дзе жыве сучасная беларуская наменклатура. З гэтай нагоды старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына абуралася: «Цікава, з якой пісьмовай згоды партал tut.by публікуе на сваіх старонках здымкі дамоў, палісаднікі чыноўнікаў і так далей. Як, уласна, і мой дом, што трапляе ў матэрыялы, якія вельмі чытаюць. На якіх падставах? Калі мы іх (журналістаў) будзем кантраляваць за гэта?» (https://naviny.by/new/20190529/1559138407-ermoshina-vozmushchena-publikaciyami-v-smi-foto-ee-doma-v-drozdah).

    Камісія па этыцы ГА «БАЖ» лічыць, што не чыноўнікі павінны кантраляваць журналістаў і СМІ, а наадварот, грамадства праз журналістаў і СМІ кантралюе дзейнасць чыноўнікаў, у тым ліку і ў справах набыцця дарагой маёмасці. Тым самым праз публічнасць ставіцца заслон карупцыйным схемам і злачынствам, што можа прадстаўляць законны выпадак перавагі грамадскай значнасці над абаронай прыватнага жыцця.

    Адваротны прыклад. 4 чэрвеня ў вечаровым выпуску «Панарама» БТ паказала на ўсю краіну зняты з дрона «палац» на 350 «квадратаў» у Гродне 81-гадовай пенсіянеркі, былой выкладчыцы ўніверсітэта Галіны Андрэйчык. Распавядалася пра яе «трохпакаёвую кватэру ў цэнтры горада», «дзве недабудаваныя фазэнды», мікрааўтобус-трохгодку «мінімум за 25 тысяч даляраў». І ўсё таму, што сталага веку жанчына з кіёчкам у руках публічна выказалася пра развал краіны на пікеце па зборы подпісаў за альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты.

    Праз два дні, 6 чэрвеня, тэлеканал АНТ расказаў, што дасье на гродзенскую «бабулю», якая мае «два дамы на адной тэрыторыі», трапіла на стол да кіраўніка краіны ад старшыні КДБ. У сваю чаргу, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у інтэрв’ю карэспандэнту tut.by зазначаў: «Ніхто б не чапаў гэтую бабулю, гэтая гісторыя — не пра яе. Я ў праграме казаў: мы не называем яе імя, прозвішча, адрас — гэта не мае ніякага значэння, мы не ўрываемся ў асабістае жыццё. Гаворка ідзе пра сцяг, які ўзнялі недзяржаўныя, незалежныя СМІ, і панеслі гэты сцяг прыгнечанага чалавека ў беднай, гаротнай краіне, не праверыўшы».

    На паверку аказалася, што адрас і прозвішча «бабулі» БТ не называла, а вось імя і імя па бацьку — двойчы. І відэаздымкі самой «бабулі» паказалі. Ніхто з БТ не пытаўся дазволу ў Галіны Андрэйчык на распаўсюд інфармацыі пра яе прыватную маёмасць. Прафесійна з гледзішча заканадаўства і этычных нормаў паступілі журналісты tut.by — распыталі ў самой Галіны Андрэйчык, адкуль у яе «асабнякі».

    Калі выданне мае намер зрабіць публікацыю на падставе допісаў той ці іншай асобы ў сацсетках, дзе ўтрымліваюцца звесткі з прыватнага жыцця, варта звярнуцца па дазвол і ўзгадніць умовы публікацыі, перадруку, мадэрацыі каментароў.  Паказальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца публікацыя гісторыі «Дар’я Каткоўская расказала пра страшны досвед страты дзіцяці пасля ЭКА», падрыхтаванай сайтам «Наша Ніва».

    ***

    У звязку з увядзеннем Закона «Аб абароне персанальных дадзеных» варта мець на ўвазе і такую істотную акалічнасць. Апраўдаць збор персанальных звестак «грамадскім інтарэсам» змогуць толькі тыя журналісты, якія адпавядаюць вызначэнню, сфармуляванаму ў Законе “Аб сродках масавай інфармацыі”. Без дамоўных адносін з юрыдычнай асобай, зарэгістраванай як СМІ, згаданым правілам скарыстацца не ўдасца.            

    Персанальныя дадзеныя і звесткі пра прыватнае жыццё. Міжнародныя стандарты і беларуская практыка

    Цікавасць грамадства да асаблівасцяў жыцця і дзейнасці асобных індывідаў у цывілізаваных краінах імкнуцца рэгламентаваць законамі і ўкаранёнымі ў традыцыю правіламі, якія дазваляюць кожнаму адчуваць абароненасць ад залішняй цікаўнасці.

    Прэса шматлікіх краін з улікам гэтых законаў і правіл выпрацавала стандарты, якія засцерагаюць ад непатрэбнага ўмяшальніцтва не толькі чальцоў грамадства, але і журналістаў — ад абвінавачванняў у нематываваным уварванні ў прыватнае жыццё індывіда.

    Гэтыя стандарты знаходзяцца ў пастаянным развіцці — пошуку разумнага балансу паміж правам грамадства атрымліваць поўную і праўдзівую інфармацыю пра жыццё публічных асоб ці звычайных грамадзян і правам чалавека на абарону прыватнага жыцця.

    У адпаведнасці са стандартамі, прынятымі ў цывілізаваных краінах, шэраг персанальных дадзеных чалавека практычна ніколі не становіцца здабыткам галоснасці. Калі ўзрост, месца працы, склад сям’і публікуюцца ў неабходных выпадках (напрыклад, пры ўдзеле ў выбарчай кампаніі), то паведамленне дакладнага адраса, нумара страхавога поліса ці банкаўскай карты і таму падобнай інфармацыі катэгарычна забароненае.

    Выключэнні з гэтага правіла назіраюцца ў журналісцкіх расследаваннях падзей, якія выклікалі гучны грамадскі рэзананс. Так прэса шматлікіх краін апублікавала маскоўскія адрасы рэгістрацыі (у інтэрнаце сілавога спецпадраздзялення), звесткі пра месца вучобы, асяродак двух расіян, якія назваліся Аляксандрам Пятровым і Русланам Башыравым, пасля таго, як брытанская паліцыя аргументавала падазрэнні, што гэтыя асобы маюць дачыненне да атручвання ў Солсберы Сяргея і Юліі Скрыпалёў.

    Стандарты абыходжання з персанальнымі дадзенымі і звесткамі пра прыватнае жыццё распрацаваныя ў розных краінах. Шматлікія медыя бяруць за аснову стандарты, дэталёва выкладзеныя ў рэдакцыйных правілах ВВС. Гэта аб’ёмны дакумент, пазнаёміцца з якім можна па спасылцы https://www.bbc.co.uk/editorialguidelines/guidelinesі.

    «ВВС паважае прыватнасць і не парушае яе без уважлівай прычыны, дзе б мы ні працавалі. Закон аб правах чалавека 1998 года (гаворка пра брытанскае заканадаўства — рэд.) забяспечвае абарону прыватнага жыцця асобных грамадзян і прыватнай інфармацыі пра іх, але спалучае гэта з правам вяшчальніка на свабоду выказвання меркаванняў», — адзначана ў дакуменце. Частка 7 Рэдакцыйных правіл (Pri­va­cy) падрабязна выкладае стандарты журналісцкай працы ў сітуацыях, якія так ці інакш закранаюць прыватнае жыццё чалавека; рэгламентуе выкарыстанне метадаў атрымання інфармацыі і тэхнічных сродкаў (аж да схаванага мікрафона, схаванай камеры ці выкарыстання дронаў) пры падрыхтоўцы журналісцкіх матэрыялаў.

    Варта адзначыць, у любой рэгламентаванай Стандартамі сітуацыі журналіст мае магчымасць (а ў некаторых выпадках абавязаны) узгадніць свае дзеянні з рэкамендацыямі юрыстаў і адказных менеджараў — у дапамогу журналістам працуюць адмыслова створаныя ВВС службы, чаго, на жаль, практычна няма ў беларускіх СМІ.

    Асноўнае правіла ВВС і медыя ў цывілізаваным свеце ў дачыненні да прыватнага жыцця грамадзян — не нашкодзь, максімальна адказна ацані наступствы ўмяшальніцтва. Толькі бясспрэчныя інтарэсы грамадства, замах на гэтыя інтарэсы апраўдваюць ўмяшальніцтва прэсы ў прыватнае жыццё індывіда. 

    ВВС заклікае сваіх карэспандэнтаў «паважаць прыватнае жыццё людзей, прызнаючы, што любое ўмяшальніцтва можа быць апраўданае толькі разуменнем служэння вялікаму дабру». «Прыватныя паводзіны, перапіска і гутаркі не павінны станавіцца здабыткам галоснасці, калі толькі гэта не адбываецца ў інтарэсах шырокіх пластоў грамадства», — падкрэслена ў Рэдакцыйных правілах. «Мы павінны прадэманстраваць (даказаць), чаму парушэнне прыватнасці з’яўляецца апраўданым, і пры выкарыстанні грамадскіх інтарэсаў варта ўлічваць прапарцыйнасць — чым большае ўмяшальніцтва, тым большы грамадскі інтарэс патрабуецца для яго апраўдання».

    Прэса постсавецкіх дзяржаў і краін з неакрэплымі дэмакратычнымі традыцыямі часта мае патрэбу ў вызначэнні межаў грамадскай цікавасці, якая сапраўды матывуе ўварванне ў інтарэсы прыватнай асобы. «Да грамадскіх інтарэсаў варта адносіць не любую цікавасць, праяўленую аўдыторыяй, а, напрыклад, запатрабаванне грамадства ў выяўленні і раскрыцці пагрозы дэмакратычнай прававой дзяржаве і грамадзянскай супольнасці, грамадскай бяспецы, навакольнаму асяроддзю», — такое тлумачэнне дае Вярхоўны Суд Расійскай Федэрацыі. У Расіі «звесткі пра прыватнае жыццё, і персанальныя дадзеныя, і выявы людзей можна распаўсюджваць без іх згоды пры наяўнасці важнай мэты — абароны грамадскага інтарэсу, — адзначае Святлана Кузеванава, юрыст расійскага Цэнтра абароны правоў СМІ. — Але ёсць сур’ёзная практычная праблема: яшчэ трэба даказаць, што інфармацыя з’яўляецца значнай для грамадства. Медыяюрысты сутыкаюцца з ёй (праблемай — рэд.) у судовых працэсах рэгулярна» (https://jrnlst.ru/content/mezhdu-chastnoy-zhiznyu-i-obshchestvennym-interesom).

    У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, межы ўварвання ў «асабістае» розныя для публічных фігур і звычайных людзей. Публічныя асобы (на дзяржаўнай пасадзе альбо тыя, хто грае пэўную ролю ў грамадскім жыцці — палітыцы, эканоміцы, мастацтве, сацыяльнай сферы, спорце і да т. п.), прыняўшы свой статус, мусяць быць гатовымі, што грамадскасць цікавіцца іх жыццём і рэпутацыяй, больш церпяліва ставіцца да распаўсюджанай пра іх інфармацыі. Прыватнае жыццё звычайных грамадзян больш абароненае ад увагі прэсы. Асноўнае правіла — звесткі пра прыватнае жыццё звычайных грамадзян не павінны быць абнародаваныя без іх згоды.

    Інфармацыя, якая раскрывае месца знаходжання дома ці сем’і чалавека, незалежна ад таго, публічная ён асоба ці звычайны грамадзянін, як правіла, не павінна раскрывацца без яго згоды.

    Адмысловая ўвага ў медыястандартах надаецца прыватнаму жыццю ўразлівых груп — людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, інваліднасцю, асаблівасцямі псіхічнага развіцця; асоб, якія патрапілі ў аварыі ці стыхійныя бедствы і да т. п. Пакуты чалавека не павінны стаць прадметам публічнага абмеркавання, калі той, хто пакутуе, гэтага не хоча. У шэрагу выпадкаў падчас працы з людзьмі з уразлівых груп журналісту патрабуецца пісьмовая ці любая іншая пацверджаная згода на разгалашэнне звестак ад сваякоў, апекуноў. Згода асоб, якія выпадкова патрапілі ў аб’ектыў фота- ці відэакамеры, звычайна не патрабуецца, але журналісты павінны спыніць здымку, калі фізічная ці юрыдычная асоба патрабуе гэтага з прычын прыватнасці (выключэнне — выпадкі, калі тое, што адбываецца, патрабуе апублікавання з‑за бясспрэчнай грамадскай важнасці).

    У Рэдакцыйных правілах ВВС ёсць такая, актуальная для беларускіх журналістаў, рэмарка: «Людзі, якія знаходзяцца пад судом ці следствам, а таксама іх найблізкія сваякі і сябры захоўваюць за сабой права на прыватнае жыццё, хоць прыватныя паводзіны могуць выклікаць законную грамадскую цікавасць».

    Стандарты ВВС, як і прэсы шматлікіх краін, у тым ліку на постсавецкай прасторы, патрабуюць адмысловага стаўлення да непаўналетніх. Абароненасць дзяцей мусіць мець прыярытэт над любымі рэдакцыйнымі патрабаваннямі, падкрэслівае ВВС.  Журналісты, як правіла, павінны атрымаць згоду на інтэрв’ю альбо здымку ад дзіцяці, а таксама інфармаваную згоду бацькоў, законнага апекуна ці іншай паўналетняй асобы, адказнай за дзіця.

    У Беларусі мы часам і не здагадваемся, наколькі ўсеабдымнае гэтае правіла пра дазвол! Відэакарэспандэнту ВВС Таццяне Януцэвіч, напрыклад, у адпаведнасці з рэдакцыйнымі стандартамі, давялося прасіць дазволу на выкарыстанне кадраў з дзецьмі ў мужчыны, які здзяйсняў у сям’і хатні гвалт і ўжо не жыве з сям’ёй. Але ж і ён, і яго жонка роўна адказныя за лёс народжаных у няўдалым шлюбе дзяцей. Мужчына даў згоду, прызнаўшыся, што першы раз сутыкаецца з тым, яго бацькоўскія правы ўліваюцца —да гэтага журналісты не звярталіся да яго, хоць пра яго дзяцей, сітуацыю ў сям’і напісалі некалькі беларускіх выданняў.

    Твары дзяцей у сітуацыях, якія могуць негатыўна адбіцца на іх далейшым жыцці, не дэманструюцца — гэта няўхільнае правіла.

    У шырока вядомай публікацыі праекта «Имена» (лістапад 2016 г.,  https://imenamag.by/posts/ne-mogut-nabrat-ves) пра неабходнасць адмысловага харчавання для дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў інтэрнаце пад Мінскам шмат фота, якія ўражваюць, і на амаль усіх фотаздымках — спроба не дапусціць ідэнтыфікацыі. Але заходнія выданні, якія перадрукавалі гучны артыкул, замянілі на здымках занадта празрыстую рэтуш шчыльнымі цёмнымі прамавугольнікамі — каб твары сапраўды нельга было распазнаць.

    «Наша Ніва», якая першай распавяла свету пра «бацюшку са свастыкай» Канстанціна Бурыкіна, паступіла прафесійна, схаваўшы на фота твар малалетняга ўладальніка намаляванай свастыкі (і твары некаторых іншых персанажаў на фота з Бурыкіным). Але “НН” і шматлікія іншыя выданні, якія, відавочна, выкарыстоўвалі ілюстрацыі «Нашай Нівы», чамусьці не палічылі патрэбным схаваць твары дзяцей на маляваным партрэце сям’і Бурыкіных.

    «Адмысловая ўвага павінна надавацца выпадкам, калі бацькі ці законныя прадстаўнікі даюць негатыўныя, вострыя ці неадпавядаючыя рэчаіснасці каментары пра дзяцей, якія знаходяцца пад іх апекай, — адзначае ўкраінская Грамадская калегія па скаргах на прэсу. — У інтарэсах прыватнага жыцця дзіцяці такія выказванні не павінны публікавацца. Тым не менш, калі інфармацыя ўяўляе грамадскі інтарэс, то яна можа з’явіцца ў СМІ без указання імя дзіцяці, каб на працягу ўсяго жыцця не ўзнікала негатыўных асацыяцый з ім. Калі дзіця дастаткова дарослае і гатовае забяспечыць зваротны каментар пра сябе, то такі адказ павінен быць прадстаўлены як альтэрнатыва».

    У «Рэкамендацыях па абароне прыватнага жыцця ў СМІ», распрацаваных украінскай Грамадскай калегіяй па скаргах на прэсу сумесна з Саветам Еўропы, ёсць актуальныя парады і журналістам, якія працуюць у Беларусі.

    Нам, напрыклад, як і ў іншых постсавецкіх краінах, даволі часта даводзіцца пісаць пра карупцыю сярод службовых асоб, неадпаведнасць ладу жыцця альбо маёмаснага становішча публічнай асобы прынцыпам, якія ён дэкларуе, і рэальнаму прыбытку; часам нашу ўвагу — як і калег ва Украіне — прыцягваюць паводзіны атачэння вядомай асобы.

    Ва ўкраінскіх «Рэкамендацыях па абароне прыватнага жыцця ў СМІ» прапануецца ў такой сітуацыі «ўмешвацца ў прыватнае жыццё публічных асоб толькі ў тым выпадку, калі грамадскі інтарэс да гэтай інфармацыі прэваліруе і апраўданы. Такое ўмяшальніцтва павінна быць прапарцыйным і не мусіць выходзіць за межы неабходнага». «Непрыстойныя паводзіны сваякоў, блізкіх сяброў ці калег публічнай асобы не мусяць мець дачынення да яго ці яе, акрамя выпадкаў, калі персона спрыяла такім дзеянням, відавочна ці таемна падтрымлівае такія паводзіны, ці спрабавала іх схаваць», — падкрэсліваюць украінскія «Рэкамендацыі», нагадваючы, што людзі з атачэння публічнай асобы часта ўсё ж такі не публічныя фігуры, а звычайныя грамадзяне, ступень увагі прэсы да якіх не мусіць быць падвышанай.

    І рэдакцыі міжнародных СМІ, і калегі з постсавецкіх краін сутыкнуліся з неабходнасцю вызначэння стандартаў пры выкарыстанні інфармацыі з сацыяльных сетак, інтэрнэт-форумаў; з праблемай захавання прыватнасці анлайнавых чытачоў.

    Рэкамендацыі ў гэтых сферах выпрацоўваюцца, дапаўняюцца з улікам заканадаўчых норм розных краін па стаўленні да ананімнасці інтэрнэт-карыстальнікаў.

    Агульнае правіла журналістыкі — правяраць інфармацыю — павінна няўхільна выконвацца і пры пошуку звестак на інтэрнэт-платформах.

    Паказальныя ў гэтым плане сітуацыі, якія ўзніклі ў беларускіх СМІ падчас канфліктаў на пачатковым этапе кампаніі па выбарах прэзідэнта-2020.

    Шэраг СМІ услед за сацыяльнымі сеткамі падалі публіцы звесткі пра жанчыну, якая ў Гродне справакавала затрыманне блогера Сяргея Ціханоўскага на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Былі апублікаваныя фотаздымкі з сацыяльных сетак, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць жанчыну (на згаданым пікеце яна была ў медыцынскай масцы), і скрыншоты перапіскі, у якой падобная да шуканай дама прапануе сябе для недвухсэнсоўнага баўлення часу.

    Пазбегнуць абвінавачванняў пра ўварванне ў прыватнае жыццё паспрабаваў TUT.BY. Рэдакцыя змясціла рэтуш-квадрат на твар жанчыны, якая пазіруе ў сацсетках у вопратцы, да дэталяў падобнай на вопратку «правакатаркі», і папярэдзіла: «Мы наўмысна не называем прозвішча жанчыны, хоць яно нам вядомае, і не робім публічнымі некаторыя магчымыя дэталі яе мінулага, бо гэта можа нашкодзіць інтарэсам яе сям’і і непаўналетняга дзіцяці». У каментарах да публікацыі, аднак, некаторыя карыстальнікі папракнулі рэдакцыю ў негатыўных наступствах апублікаванай інфармацыі для маці і дзіцяці жанчыны.

    Яшчэ адна публікацыя TUT.BY «Жыхар Пінска сцвярджае, што пасля пікету ў Гродне яго прынялі за міліцыянера і абражаюць у сацсетках» наглядна дэманструе актуальнасць асцярожнага карыстання інфармацыяй, атрыманай з сацсетак.

    Неабходнасць абароны персанальных дадзеных і прыватнага жыцця ў так званых «новых медыя», якія працуюць у анлайн рэжыме; актуальнасць цывілізаваных метадаў працы пры пашырэнні магчымасцяў атрымання інфармацыі (у тым ліку праз інтэрнэт і з дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў ідэнтыфікацыі і візуалізацыі); надзённасць задачы навучання журналістаў прафесійным стандартам падзвігаюць Камісію па этыцы ГА “БАЖ” да прапановы калегам наступных рэкамендацый.

    Рэкамендацыі:

    • Пры падрыхтоўцы публікацыі, якая ўтрымлівае звесткі пра прыватнае жыццё героя, пераканайцеся, што такая інфармацыя сапраўды ўтрымлівае грамадскі інтарэс, а не патурае грамадскай цікаўнасці. Пры гэтым упэўніцеся, што публікацыя не парушыць правоў трэціх асоб.

    • Атрымайце дазвол на публікацыю звестак, якія ўтрымліваюць персанальныя дадзеныя герояў ці звесткі з іх прыватнага жыцця. Рыхтуючы матэрыялы пра дзяцей/непаўнагадовых, атрымайце згоду іх законных прадстаўнікоў.

    • Не публікуйце здымкаў грамадзян у прыватным асяродку без іх згоды (на прыватнай тэрыторыі, якая не праглядаецца з агульнадаступных месцаў; з закрытых вечарынак і месцаў адпачынку);

    • Калі вы выкарыстоўваеце дадзеныя і інфармацыю, апублікаваныя ў сацыяльных сетках, размяшчайце іх з дапамогай embed-кода; пры выкарыстанні асабліва адчувальнай інфармацыі — атрымайце дазвол на яе публікацыю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці