• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Законапраект аб змяненні КаАП: пагрозы для свабоды выказвання меркавання

    9 ліпеня Савет міністраў унёс у Палату прадстаўнікоў законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці». Сярод прапанаваных змен знайшлося месца і нормам, якія тычацца свабоды выказвання меркавання, дакладней — істотна яе абмяжоўваюць. Тлумачыць юрыст Прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка.

    Законапраект аб змяненні КаАП: пагрозы для свабоды выказвання меркавання

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    Новы артыкул

    Гаворка ідзе пра новы артыкул 19.16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якім уводзіцца адказнасць за «прапаганду гомасексуальных стасункаў, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі». Пад «прапагандай» трэба разумець «распаўсюд у любой форме інфармацыі з мэтай фармавання ў грамадзян уяўленняў аб прывабнасці» пералічаных вышэй з’яў.

    Аўтары законапраекта прапаноўваюць караць такія дзеянні адміністрацыйным штрафам: да 20 базавых велічынь для фізічных асоб, да 100 — для індывідуальных прадпрымальнікаў і ад 100 да 150 — для юрыдычных асоб. Памеры штрафаў павялічваюцца, калі з распаўсюджанай інфармацыяй азнаёміцца непаўнагадовы. А для фізічных асоб дадаюцца яшчэ і адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе грамадскіх работ і адміністрацыйнага арышту.

    Як відаць з дыспазіцыі новай нормы, артыкул 19.16 КаАП — гэта спроба на заканадаўчым узроўні абмежаваць права на свабоднае выказванне меркавання, якое ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі (частка 2 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).

    Міжнародныя стандарты ў сферы свабоды выказвання дапускаюць абмежаванне гэтага права, але толькі пры выкананні некалькіх умоў. Абмежаванне мусіць усталёўвацца законам, адпавядаць мэтам, пералічаным у частцы 3 артыкула 19 Пакта, а таксама крытэрам неабходнасці і сувымернасці. Пры гэтым выкананне першай умовы не вычэрпваеццца простым прыняццем пэўнага закона. Патрабуецца, каб такі закон быў сумяшчальным з палажэннямі, мэтамі і задачамі Пакта і не парушаў яго палажэнні, якія тычацца недапушчэння дыскрымінацыі (пункт 26 Заўвагі агульнага парадку № 34 КПЧ).

    Яўген Пыльчанка

    Фота на вокладцы: Яўген Пыльчанка, Вільня, 11 чэрвеня 2024 года. Фота: Літоўская калегія адвакатаў

    Аналіз артыкула 19.16 паказвае, што ён гэтым патрабаванням не адпавядае.

    Гомасексуальныя стасункі, змена полу, бяздзетнасць — гэта парушэнне закона?

    Найперш звяртае на сябе ўвагу той факт, што з пералічанага ў артыкуле 19.16 толькі «педафілія» можа лічыцца супрацьпраўнымі паводзінамі ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Хаця значэнне гэтага паняцця ў нарматыўных прававых актах не тлумачыцца, у шырокай трактоўцы яно можа ахопліваць сексуалізаваныя злачынствы ў дачыненні да непаўнагадовых, прадугледжаныя Крымінальным кодэксам.

    Аднак рэшта: гомасексуальныя стасункі, змена полу, бяздзетнасць — заканадаўствам ніяк не абмяжоўваецца. У нарматыўнай базе ёсць толькі некалькі ўскосных згадак гомасексуальнасці і бяздзетнасці без усялякай прававой ацэнкі. Пры гэтым не існуе і азначэнняў гэтых паняццяў, таму пра іх сэнс у кантэксце артыкула 19.16 можна толькі здагадвацца. Што тычыцца змены полу, то такая працэдура наўпрост рэгулюецца заканадаўствам: адпаведны артыкул уведзены ў Закон «Аб ахове здароўя» у 2008 годзе, а з 2010 года дзейнічае зацверджаная Міністэрствам аховы здароўя інструкцыя, якая падрабязна рэгламентуе парадак змены і карэкцыі палавой прыналежнасці.

    Як відаць, «гомасексуальныя стасункі», «бяздзетнасць» і «змена полу» ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам з’яўляюцца цалкам правамернымі паводзінамі.

    Законапраект аб змяненні КаАП

    Фота: pexels.com

    Што да іх сутнасці, то ўсе яны належаць да сферы прыватнага жыцця. І Пакт (артыкул 17), і беларуская Канстытуцыя (артыкул 28) гарантуюць кожнаму абарону ад умяшання ў прыватнае жыццё — гэта азначае і права самастойна вырашаць пытанні планавання сям’і, палавых стасункаў, гендэрнай ідэнтычнасці і атрымання звязанай з гэтым медычнай дапамогі.

    Такім чынам, ні «гомасексуальныя стасункі», ні «бяздзетнасць», ні «змена полу» самі па сабе не трапляюць пад забарону ні ў межах нацыянальнай прававой сістэмы, ні ў міжнародным праве.

    Таму і публічныя выказванні пра іх не мусяць кваліфікавацца як супрацьпраўныя дзеянні, а павінны разглядацца як правамерная рэалізацыя права на свабоду выказвання.

    Што будзе трапляць пад санкцыі?

    Трэба адзначыць, што фармальна артыкул 19.16 забараняе распаўсюд толькі той інфармацыі, якая «фармуе ўяўленні аб прывабнасці», і нібыта не абмяжоўвае іншыя (напрыклад, нейтральныя) выказванні на пазначаныя тэмы. Як вынікае з выкладзенага вышэй, нават для такога абмежавання падстаў не існуе. Але прапанаваная фармулёўка нясе небяспеку значна больш шырокага прымянення.

    Вызначыць межы, калі выказванне перастае быць нейтральным і пачынае «фармаваць уяўленні аб прывабнасці», досыць складана. Ніякіх спосабаў зрабіць гэта заканадаўства не прапаноўвае, таму рашэнне будзе прымацца канкрэтнымі выканаўцамі з вялікай доляй дыскрэцыі. З улікам беларускай правапрымяняльнай практыкі можна чакаць, што пад санкцыі будуць трапляць не толькі выпадкі наўмыснага «фармавання ўяўленняў аб прывабнасці». А яшчэ і любыя выказванні, якія будуць выяўляць хоць крыху станоўчыя ацэнкі (або ўвогуле любыя, што не дэманструюць выразна адмоўнага стаўлення).

    У сувязі з гэтым з увядзеннем у сілу артыкула 19.16 можна чакаць, што ў публічнай прасторы пазначаныя пытанні будуць асвятляцца выключна негатыўна, без магчымасці якой-небудзь спрэчкі з гэтай пазіцыяй.

    Такую скіраванасць новай нормы КаАП пацвярджае і сам ініцыятар яе ўвядзення — генеральны пракурор Андрэй Швед, які яшчэ ў 2024 годзе, анансуючы распрацоўку артыкула, тлумачыў, што «важна не дапускаць нават абмеркавання адпаведных тэм».

    Як адзначае Камітэт па правах чалавека, абмежаванні права на свабоднае выказванне меркавання не павінны ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права (пункт 21 Заўвагі агульнага парадку № 34). Падаецца, што артыкул 19.16 КаАП акурат ёсць негатыўным прыкладам такога абмежавання.

    Парушэнне права на прыватнае жыццё

    Сітуацыя, калі выказванні на пэўныя тэмы становяцца фактычна па-за законам, цягне за сабой і парушэнне права на прыватнае жыццё.

    Людзі, якія знаходзяцца ў гомасексуальных стасунках, не заводзяць дзяцей, змянілі пол, з прыняццем гэтай нормы КаАП будуць пазбаўленыя права публічна расказваць пра сваё прыватнае жыццё ў якім-кольвек пазітыўным сэнсе. То бок з улікам агульнага ўзроўню інфарматызацыі грамадства, будуць фактычна прымушаныя яго хаваць.

    У дадатак да гэтага, тое, што правамерныя паводзіны ў тэксце артыкула 19.16 пастаўленыя ў адзін шэраг са злачыннымі (педафіліяй), нібыта прыраўноўвае іх між сабой. А гэта немінуча вядзе да стыгматызацыі адпаведных груп людзей.

    otnosheniya-03

    Фота: pexels.com

    Такое стаўленне агучваецца і прадстаўнікамі дзяржавы. Па сутнасці, увесь змест артыкула 19.16 укладаецца ў выказванні Аляксандра Лукашэнкі падчас выступу з «пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу» яшчэ ў 2023 годзе: «Любая папулярызацыя ідэй бяздзетнай сямейнай пары ў нашай інфармацыйнай, культурнай прасторы павінна спыняцца! Любыя ўкіды такіх завуаляваных заклікаў, роўна як і ўсе нетрадыцыйныя павевы — ні што іншае, як спроба абязлюдзіць і аслабіць дзяржаву».

    Амаль паўтараючы тыя ж тэзісы, генеральны пракурор Швед у 2024 годзе заявіў, што «дзейнасць апанентаў, якія намагаюцца разбурыць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, а значыць і мараль, і дзяржаўнасць, накіраваная ў цэлым на разбурэнне Беларусі як краіны».

    Такім чынам, артыкул 19.16 не толькі цалкам выключае выказванні на пэўныя тэмы з публічнай сферы, але і спрабуе выключыць з грамадства асобныя сацыяльныя групы. Гэта сведчыць пра дыскрымінацыйны характар новага артыкула, які ёсць элементам дзяржаўнай палітыкі. З улікам гэтых абставін новы законапраект несумяшчальны з ідэямі Пакта, а абмежаванні, якія ён уводзіць, не могуць прызнавацца правамернымі.

    Нельга адмаўляць, што абмежаванні, якія ўводзяцца артыкулам 19.16, ужо і так у значнай ступені рэалізуюцца на практыцы. Аднак іх заканадаўчае замацаванне (якое можа адбыцца ўжо на наступнай сесіі парламента ўвосень) толькі павялічыць ціск на памянёныя ўразлівыя групы.

    Міжнародныя мерапрыемствы: што спрабуюць забараніць?

    Яшчэ адно новаўвядзенне, якое патэнцыйна можа таксама стаць сродкам абмежавання свабоды выказвання меркавання, — артыкул 24.62 «Незаконнае прадстаўленне Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах».

    Мяркуючы па ўсім, з’яўленне такой нормы ў КаАП абумоўленае прынятым паўгода назад указам ад 9 снежня 2024 года № 459. Тады было замацавана, што ўдзельнічаць у міжнародных мерапрыемствах, на якіх мусяць вызначацца пераможцы-прадстаўнікі краін, магчыма толькі пры выкананні пэўных умоў.

    А менавіта: пры перамозе ў адборы (конкурсе), арганізаваным у адпаведнасці з заканадаўствам, або ў выніку непасрэднага накіравання дзяржавай, або шляхам самавылучэння ці вылучэння пэўнай арганізацыяй — з абавязковым паведамленнем адпаведнаму дзяржаўнаму органу (які мае права прызнаць удзел канкрэтнага чалавека недапушчальным).

    То бок удзел у міжнародных мерапрыемствах у любым выпадку мусіць быць ухвалены дзяржавай. Указ таксама забараніў ужываць словы «Рэспубліка Беларусь», «Беларусь», «нацыянальны», «беларускі» ў назвах любых адборачных мерапрыемстваў, калі іх не арганізуюць дзяржаўныя органы.

    Законапраект аб змяненні КаАП

    Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Yaraslau

    Удзел у міжнародных мерапрыемствах насуперак нормам указа прызнаецца «парушэннем законных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь». Самога ўдзельніка суд можа абавязаць выплаціць дзяржаве кампенсацыю да тысячы базавых велічынь.

    Такім чынам, артыкул 24.62 КаАП, які ўтрымліваецца ў новым законапраекце, можна разглядаць як развіццё палажэнняў, выкладзеных ва ўказе № 459.

    Артыкулам 24.62 прапануецца ўстанавіць адміністрацыйную адказнасць за парушэнне правілаў, якія рэгламентуюць удзел у міжнародных мерапрыемствах. За гэта прадугледжаны штраф да 200 базавых велічынь, а для арганізацый — да 1 000 (гэты штраф не выключае памянёную вышэй кампенсацыю дзяржаве).

    Што ўвогуле азначае такое рэгуляванне? Магчыма, ва ўмовах ізаляцыі афіцыйнай Беларусі з боку дэмакратычных краін, гэта спроба не дапусціць удзелу беларускіх спартсменаў, музычных выканаўцаў і іншых дзеячаў культуры ў міжнародных спаборніцтвах і конкурсах як альтэрнатыўных прадстаўнікоў Беларусі. Але ж адміністрацыйная санкцыя, хаця і ў выглядзе досыць вялікага штрафу, усё ж не выглядае мерай, якая можа стрымаць ад такога ўдзелу. З іншага боку, прэцэдэнтаў падобных сітуацый, здаецца, пакуль што не было.

    Больш верагодным выглядае, што змены ў заканадаўстве падрыхтаваныя для «ўнутранага выкарыстання» — каб забяспечыць больш пільны кантроль дзяржавы над тымі, хто прадстаўляе Беларусь у замежжы, і не дапусціць туды асоб з пазіцыяй, якая супярэчыць афіцыйнай палітыцы. Магчыма — каб прадухіліць «непажаданыя» выказванні, магчыма — як пакаранне за ранейшае выказванне сваіх поглядаў.

    Такім чынам, ёсць пэўныя падставы меркаваць, што артыкул 24.62 КаАП можа на практыцы стаць яшчэ адным сродкам барацьбы з іншадумствам у Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці