• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міністэрства інфармацыі падало пазоў на ліквідацыю выдавецтва Змітра Коласа

    Эканамічны суд Мінска запланаваў на 2 траўня пасяджэнне на падставе пазову Мінінфармацыі ў дачыненні да аднаго з найбольш вядомых папулярызатараў перакладной сусветнай літаратуры Змітра Коласа. Будзе разглядацца пытанне пра спыненне дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца.   

    Як адзначаецца ў анонсе працэсу на сайце Вярхоўнага суда, прадметам спрэчкі — «прызнанне несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екта гаспадарання». Заяўнікам пазначана Міністэрства інфармацыі, адказнікам (зацікаўленай асобай) — Колас Дзмітрый Георгіеівіч. На працэс прызначаны суддзя Аляксей Русецкі.

    У судовай абвестцы няма тлумачэнняў, на чым грунтуецца незадаволенасць міністэрскага кіраўніцтва вядомым выдаўцом — адным з першапраходцаў-прыватнікаў у гэтай галіне. Дзякуючы менавіта Змітру Коласу кніжны рынак краіны вось ужо тры дзясяткі гадоў насычаецца лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, перакладзенай на беларускую мову. 

    Але з абазнаных крыніц Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў «“Вызваленыя” i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакумэнтах беларускiх архiваў».

    Сёлета 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў апублікаваныя дакументы «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — дарэчы, амаль усе яны паходзяць з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі і Дзяржаўнага архіва грамадскіх арганізацый Гродзенскай вобласці. У выходных звестках выдаўцом пазначаны Зміцер Колас. Згодна з рашэннем суда, далейшы распаўсюд выдання забаронены. 

    Паводле іроніі лёсу, у сценах Эканамічнага суда Мінска на вуліцы Акадэмічнай некалі гаспадарыла таксама выдавецтва —  легендарная «Беларуская энцыклапедыя». Зрэшты, як і ў перафарматаваным будынку суда Цэнтральнага раёна, дзе калісьці паўстаў Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, пры якім Зміцер Колас спасцігаў азы выдавецкай дзейнасці.   

    Парадаксальна, але менавіта Міністэрства інфармацыі фармуе «экстрэмісцкія» спісы і, як вынікае са згаданага кейса, на падставе атрыманых са свайго ж сайта «звестак» далей ініцыюе судовыя слуханні, каб разабрацца з залічанымі да «экстрэмістаў». Адпаведна, такім чынам нейтралізуе актыўных удзельнікаў грамадскага працэсу.

    Гэта ўжо не першае выпрабаванне для Змітра Коласа за апошні час. На пачатку сакавіка яго затрымалі разам з друкаром Алегам Сычовым і наступныя 10 дзён пратрымалі ў СІЗА Камітэта дзяржбяспекі. У выніку выдаўца вызвалілі без прад’яўлення абвінавачанняў. 

    Пасля гэтага Зміцер Колас са сваім стэндам удзельнічаў у Мінскім міжнародным кніжным кірмашы, і тады ніякіх прэтэнзій на ягоны адрас арганізатары не закідвалі.

    Зміцер Колас паходзіць з вядомай сям’і сталічнай інтэлігенцыі. Бацька Георгій Данілавіч — літаратар і тэатральны крытык, старэйшы брат Уладзімір — педагог, рэжысёр-кінадакументаліст.

    Пасля заканчэння перакладчыцкага факультэта Інстытута замежных моў Зміцер Колас працаваў паводле кантракта ў Алжыры і Сірыі, па вяртанні вёў спецыяльны курс у сваёй альма-матэр.

    Ад канца 1980‑х засяродзіўся на выдавецкай справе — агулам у гэтым бізнесе амаль 35 гадоў. Першы практычны досвед атрымаў у структуры Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра, калі яшчэ не існавала абавязковага ліцэнзавання, а было дастаткова пісьмовага дазволу міністра культуры і друку. На пачатку нулявых зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і стаў незалежным выдаўцом. У 2014‑м яшчэ раз памяняў статус, калі Міністэрства інфармацыі замяніла  ліцэнзаванне на дзяржаўную рэгістрацыю з выдачай адпаведнага пасведчання.

    Прыватнае выдавецтва Змітра Коласа вядомае кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры ў найлепшых беларускіх перакладах. Шырокае прызнанне чытацкай аўдыторыі атрымала тэматычная серыя «Паэты планеты» — акурат у апошні дзень зімы ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася імпрэза з нагоды юбілейнага, 100-га выпуску.  

    Чытайце яшчэ:

    «Людзі гатовыя былі нават валанцёрыць — для іх было важна, каб «Трыбуна» з’явілася на беларускай мове». Інтэрв’ю з кіраўніком выдання

    «Горват з’ехаў, але пакуль нічому не канец». Пятро Кузняцоў расказаў, што цяпер з аднаўленнем палаца Горватаў у Нароўлі

    Наста Касьцюгова,Наста Рагатко і Аляксандра Логвінава запусцілі новы праект StratComLab

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці