МУС пацвердзіла «экстрэмісцкі» статус orsha.eu
Учора пра прызнанне сайта orsha.eu і яго медыярэсурсаў паведаміў Telegram-канал «Книга ГУ «База», позна вечарам 28 жніўня гэтая інфармацыя з’явілася і на сайце Міністэрства унутраных справаў.

Ігар Казмерчак
З пераліку «экстрэмісцкіх фарміраванняў» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі вынікае, што рашэнне «Аб прызнанні групы грамадзян экстрэміскім фарміраваннем і забароне ягонай дзейнасці» прынятае гэтым ведамствам 28 жніўня 2024 года і ў гэты ж дзень уступіла ў законную сілу.
Асобна згадваецца імя і прозвішча Ігара Казмерчака — у якасці асобы, непасрэдна датычнай да «экстрэмісцкай дзейнасці».
Таксама пералічваюцца ўсе інтэрнэт-рэсурсы, афіляваныя з сайтам orsha.eu: электронная пошта orsha.eu@gmail.com, Telegram-канал «Orsha.eu навіны пра Оршу», Telegram-бот «orsha.eu bot», YouTube-канал «orsha.eu» www.youtube.com/@orshaeu; старонкі ў сацсетках «Одноклассники» , Instagram, Facebook, «ВКонтакте» і TikTok.

Скрыншот
«У пераліку МУС сабрана ўсё — нават тыя старонкі ў сацсетках, якія дагэтуль яшчэ не прызнала «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Міністэрства інфармацыі», — зазначае стваральнік і рэдактар аршанскага партала Ігар Казмерчак.
У 2021 годзе ён быў вымушаны пакінуць Беларусь, і сёлета 13 сакавіка Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да праваабаронцы і журналіста. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэкса — паводле частак 1 і 2 артыкула 361–4, а таксама паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. Маёмасць Ігара Казмерчака ў Оршы арыштаваная, гаспадар абвешчаны ў міжнародны вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
