• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мы памятаем! БАЖ узгадвае калег, якіх сёлета страціла айчынная журналістыка

    Нельга ісці наперад, забываючыся на тых, хто быў побач з намі на гэтым доўгім шляху. Таму традыцыйна ў апошнія дні года Беларуская асацыяцыя журналістаў успамінае тых, хто сёлета сышоў з жыцця. Вечная памяць, калегі!

    БАЖ узгадвае калег, якіх летась страціла айчынная журналістыка

    Фотакарэспандэнт Аляксей Ганчук

    Студзень 2025 года прынёс сумную навіну: зусім крыху не дачакаўшыся свайго 71-годдзя, памёр сябра БАЖ — журналіст, фатограф і паэт Аляксей Ганчук.

    Аляксей Іванавіч быў карэспандэнтам жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда», фотакарэспандэнтам маларыцкай раёнкі «Голас часу», абласной газеты «Народная трыбуна», абласной газеты «Брестский вестник», фатографам, карэспандэнтам і фотакарэспандэнтам рэгіянальных газет.

    Аляксей Ганчук

    Аляксей Ганчук

    За дзесяцігоддзі ў фотажурналістыцы Аляксей Іванавіч правёў шматлікія персанальныя фотавыставы, удзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх фотаконкурсах, дзе неаднаразова атрымліваў дыпломы. Яго прызнавалі лепшым фотакарэспандэнтам Брэсцкай вобласці за 2013 і 2015 гады.

    Аляксея Ганчука пахавалі ў Жабінцы.

    Пісьменнік і журналіст Мікалай Ільючык

    Мікалай Ільючык

    Мікалай Ільючык. Фота: Media-Polesye.com

    Яшчэ адзін сябра БАЖ пакінуў нас у лютым. З Лунінеччыны прыйшло паведамленне, што на 59‑м годзе сканаў пісьменнік і журналіст Мікалай Ільючык, які быў таксама пастарам пратэстанцкай царквы.

    Ён нарадзіўся ў вёсцы Багданаўка, дзе і пражыў усё сваё жыццё.

    У свой час спадар Мікалай працаваў у лунінецкай незалежнай газеце «Информ-прогулка»

    Ільючык вядомы на Лунінеччыне сваімі зборнікамі вершаў, дакументальнай аповесцю «У памяці ў даўгу», прысвечанай ахвярам Халакосту на Лунінеччыне. Акрамя таго, выдаў кнігу для дзяцей «Цуд на Каляды», публіцыстычны зборнік «Дарагія мае землякі», а таксама дыскі з песнямі на свае словы «Мелодыі душы» і «Ад зямлі да неба».

    Журналіст і пісьменнік Герман Кірылаў

    Герман Кірылаў

    Герман Кірылаў. Фота: facebook.com/alesarkush

    Люты стаў горкім і для Полацка: там на 88‑м годзе сышоў з жыцця Герман Кірылаў, пісьменнік і журналіст, лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтра. 

    Герман Кірылаў вучыўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у раённай газеце намеснікам рэдактара міёрскай раённай газеты «Сцяг працы». 1 снежня 1965 года быў прызначаны намеснікам рэдактара полацкай газеты «Сцяг камунізму».

    3 1976-га па 1995‑ы працаваў уласным карэспандэнтам абласной газеты «Віцебскі рабочы» ў Полацку. У 1995–1999 гг. — карэспандэнтам  шматнакладнай газеты «Трудовая смена» полацкага прадпрыемства «Шкловалакно».

    Радыёвядоўца Павел Рудзеня

    Памёр Павел Рудзеня — невідушчы радыёвядучы з Мінска

    Павел Рудзеня. Фота: VK

    Павел Рудзеня пражыў усяго 42 гады. Ён памёр 17 лютага ад анкалагічнай хваробы.

    Радыёаматар праславіўся тым, што, будучы невідушчым ад нараджэння, арганізаваў на кухні сваёй кватэры радыёстанцыю «Мясцовае радыё» з аўдыторыяй каля дзвюх тысяч слухачоў. На ягонай кухні ў сталічнай Курасоўшчыне пабывалі шматлікія зоркі беларускай эстрады.

    У 2010 годзе Рудзеня атрымаў прафесійную прэмію Аляксандра Папова ў галіне рускамоўнага радыёвяшчання ў спецыяльнай намінацыі «За любоў да радыё».

    З 2012 года Павел працаваў на радыёстанцыі Усерасійскага таварыства сляпых, вёў там аўтарскую праграму «Шчырая размова».

    Павел Рудзеня стаў прататыпам галоўнага героя п’есы драматургіні Дыяны Балыка «Закахайся не гледзячы!» П’еса была пастаўленая ў Магілёўскім драматычным тэатры.

    Вядоўца беларускага тэлебачання Кацярына Ягорава (Несцяровіч)

    Кацярына Ягорава (Несцяровіч)

    Кацярына Ягорава (Несцяровіч)

    4 траўня назаўсёды заплюшчыла вочы шматгадовая вядоўца савецкага і беларускага радыё і тэлебачання Кацярына Ягорава (Несцяровіч).

    У 1975 годзе на беларускім тэлебачанні прайшоў конкурс дыктараў, дзе са 150 прэтэндэнтаў абралі дваіх, сярод іх была і спадарыня Кацярына. У красавіку 1976 года яна ўпершыню выйшла ў эфір і агучвала навіны больш за 20 гадоў. Таксама яна вяла на тэлебачанні праграму «Запрашаем на вячоркі», прысвечаную беларускаму фальклору.

    Паралельна з 1989 года Ягорава працавала дыктарам на Беларускім радыё. Таксама яна была вядоўцай радыёканала «Культура» і канцэртнай залы Белдзяржфілармоніі.

    Ёй было 79 гадоў.

    Журналіст і пісьменнік Сяргей Рублеўскі

    Сяргей Рублеўскі

    Сяргей Рублеўскі. Фота: старонка Face­book

    Сяргей Васільевіч Рублеўскі не меў прафесійнай адукацыі: ён скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Але, адпрацаваўшы настаўнікам усяго некалькі гадоў, ён знайшоў сваё сапраўднае прызванне менавіта ў журналістыцы.

    Спачатку працаваў у бешанковічскай раённай газеце «Заря», потым у талачынскай «раёнцы» «Сцяг Ільіча». Пасля яго запрасілі ў Віцебск, у абласную газету «Віцебскі рабочы».

    У 1990 годзе Віцебскім абласным саветам было заснаванае новае выданне — «Народнае слова», і Сяргей Рублеўскі стаў яго галоўным рэдактарам. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў 18 гадоў. Калегі згадваюць свайго рэдактара як прынцыповага, але «чалавечнага» кіраўніка, які заўсёды імкнуўся адстойваць інтарэсы газеты і журналістаў.

    Пахавалі Сяргея Рублеўскага на могілках у яго роднай вёсцы Бабча Лепельскага раёна.

    Радыёвядоўца Людміла Дрожжа

    Людміла Дрожжа

    Людміла Дрожжа. Фото: kapyl.by

    16 траўня ў сацыяльных сетках паведамілі пра смерць радыёвядоўцы і пісьменніцы Людмілы Дрожжа. 

    Спадарыня Людміла вучылася на факультэце журналістыкі БДУ. Пасля яго заканчэння ў 1977 годзе яна прыйшла на пасаду рэдактара ў дзіцяча-юнацкую рэдакцыю Беларускага радыё. Журналістка рыхтавала і вяла праграму для старшакласнікаў «Рамантыкі», якая была папулярнай у тыя гады.

    Радыёвядоўца памерла ва ўзросце 71 года.

    Журналіст і літаратар Сямён Букчын

    Сямён Букчын

    Сямён Букчын

    Не дажыўшы да свайго 84-годдзя літаральна два месяцы, 20 чэрвеня пайшоў з жыцця ветэран журналістыкі Сямён Букчын. 

    Ён скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, працаваў старшым рэдактарам на беларускім тэлебачанні, старшым навуковым рэдактарам у выдавецтве «Беларуская савецкая энцыклапедыя», адказным сакратаром часопіса «Весці АН БССР».

    У першай палове 1990‑х рэдагаваў газету «Европейское время». Друкаваўся ў выданнях «Народная воля», «Беларускія навіны», «Наша Ніва».

    У 1998–2001 гадах працаваў журналістам і выкладчыкам у Варшаве. Аўтар больш за 20 кніг па гісторыі рускай літаратуры і журналістыкі, публіцыстычных зборнікаў, мастацкіх і дакументальных аповесцяў.

    Вядоўца медыяпраектаў і рэжысёр Андрэй Бардухаеў-Арол

    Андрэй Бардухаеў-Арол

    Андрэй Бардухаеў-Арол. Фота: з асабістага архіва

    У ноч на 5 ліпеня не стала вядомага тэатральнага дзеяча з Гомеля: на 50‑м годзе жыцця ад наступстваў анкалагічнага захворвання памёр Андрэй Бардухаеў-Арол.

    Ён  нарадзіўся ў Гомелі. Пасля заканчэння сталічнай Акадэміі мастацтваў вярнуўся на малую радзіму. Працаваў акцёрам і рэжысёрам у Мінскім абласным драматычным тэатры, у Гомельскім маладзёжным тэатры і ў Гомельскім абласным драматычным тэатры. Пасля разам з жонкай заснаваў незалежную тэатральную студыю Team The­atre, праводзіў заняткі для дзяцей з аўтызмам і іншымі асаблівасцямі развіцця.

    Апошнія гады спадар Андрэй жыў і працаваў у Варшаве, кіраваў Team The­atre і займаўся медыяпраектамі, уключна  Tik­Tok-каналы пра Беларусь, гісторыю і права, супрацоўнічаў з «Флагштокам».

    Былы дырэктар Беларускай службы Радыё «Свабода» Вячка Станкевіч

    Вячка Станкевіч

    Вячка Станкевіч. Фота: «Радыё Свабода»

    У ліпені зямны шлях Вячкі Станкевіча закончыўся ў Злучаных Штатах Амерыкі.

    Менавіта пры Вячку Станкевічу ў Мінску з’явілася бюро Радыё «Свабода». Ён узначальваў беларускую службу Радыё «Свабода» з 1990 па 1998 год. Спадар Станкевіч прывёў у рэдакцыю першых журналістаў з Беларусі пасля заканчэння халоднай вайны.

    «Я разумеў, які час прыйшоў у Беларусі, — расказваў Вячка Станкевіч ў інтэрвію Радыё Свабода ўвесну 2024 года. —

    Маёй задачай было запоўніць штат службы прафэсійнымі журналістамі.

    Першы, каго я прыцягнуў да працы на Радыё Свабода, быў Аляксандар Лукашук. Ён тады працаваў у Беларусі ў газэце «Звязда». Ён быў большым прафэсіяналам у гэтай справе, чым я. Я тады паехаў у Менск, пагаварыў зь ім і прыцягнуў яго да працы. Але не на беларускую службу, а ў аддзел, які рыхтаваў аналітычныя артыкулы. Там патрэбныя былі людзі, якія арыентаваліся ў сытуацыі ў краінах, на якія вяшчала Радыё Свабода. Пазьней я прыняў яго ў службу… Зьявіліся людзі і зь Беласточчыны, і зь Беларусі».

    Журналіст Віктар Ледзянёў

    Віктар Ледзянёў

    Віктар Ледзянёў. Фота: з уласнага архіва

    31 ліпеня спынілася сэрца пісьменніка, драматурга, журналіста, сябра БАЖ Віктара Ледзянёва.

    Ён закончыў аддзел журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і застаўся працаваць на кафедры.

    Працаваў у рэспубліканскай газеце «Знамя юности». Адтуль яго запрасілі на кінастудыю «Беларусьфільм»: ён прымаў удзел у стварэнні звыш 30 фільмаў.

    З перабудовай Віктар Ледзянёў з сябрамі стварылі першую ў Беларусі незалежную кінастудыю «Артэль Ф», на якой было знята сем стужак. Пасля яе ён зладзіў відэастудыю «ВІЛ МЕДЫЯ». Друкаваўся ў маскоўскім выдавецтве АСТ, ва Украіне, на Кіпры, у Швецыі ды Ізраілі. Нядаўна ў Беларусі выйшла кніга «Очки», куды ўвайшлі дзве новыя п’есы, апавяданні і вершы Віктара Ледзянёва.

    Пахаваны ў Мінску.

    Журналіст Мікола Галко

    журналіст Мікола Галко

    Мікола Галко

    14 жніўня беларуская журналістыка страціла Міколу Галко.

    Ён быў галоўным рэдактарам «Сельскай газеты», у 1995—1996 гадах узначальваў самае масавае выданне Беларусі — «Народную газету» пасля звальнення адтуль указам Лукашэнкі Іосіфа Сярэдзіча.

    Спадар Галко сышоў на 78‑м годзе жыцця.

    Фотажурналістка і фотамастачка Наталля Дораш

    Памерла Наталля Дораш — фотажурналістка і фотамастачка з Гродна

    Наталля Дораш. Фота: са старонкі ў Face­boook

     На 74‑м годдзе жыцця 6 кастрычніка сышла ў лепшы свет вядомая гродзенская фатографка Наталля Дораш.

    Яна вучылася на журфаку БДУ ў Мінску. Пасля працавала фотакарэспандэнтам у газетах, друкавалася ў рэспубліканскіх і замежных выданнях. Была сябрам Народнага фотаклуба «Гродна», актыўна ўдзельнічала у клубных фотавыставах.

    Спадарыня Дораш неаднаразова перамагала ў фотаконкурсах, у тым ліку і міжнародных. Так, серыя «Паства» заняла другое месца ў конкурсе «Прэс-фота Беларусі 2011». У 2016 годзе прайшлі яе знакавыя аўтарскія выставы «Асяроддзе пражывання» і «Палешукі». Тады ж выйшаў першы фотаальбом Наталлі «Гродзенскія гісторыі».

    Журналіст Алесь Палынскі

    Алесь Палынскі

    Алесь Палынскі. Фота: з асабістай старонкі ў Face­book

    Алесь Палынскі нарадзіўся 14 верасня 1967 года. Скончыў журфак БДУ. Друкаваўся ў «Нашай Ніве» і на сайце «Радыё Свабода». Жыў Полацку.

    Яго жонка Ціна Палынская і падчарка Маргарыта Рабіновіч былі затрыманыя ў маі 2025 года і змешчаныя пад варту па крымінальнай справе.

    Спадару Алесю было 58 гадоў.

    Журналіст Валерый Каранкевіч

    Валерый Каранкевіч

    Валерый Каранкевіч. Фота: з асабістага архіва

    18 кастрычніка спачуванні ішлі ў Хоцімск: там пайшоў з жыцця Валерый Каранкевіч.

    Спадар Каранкевіч цесна супрацоўнічаў з магілёўскім рэгіянальным парталам 6tv.by, дзякуючы чаму жыццё Хоцімшчыны гучала ў медыйнай прасторы. Яго тэксты былі пра людзей, праблемы і надзеі — заўсёды шчырыя і бескампрамісныя.

    Абставіны смерці Валерыя Каранкевіча пакуль невядомыя. Ёсць падставы меркаваць, што апошнія гады пераслед з боку спецслужбаў аказаў уплыў на яго стан здароўя.

    Фотажурналіст Яўген Коктыш

    Яўген Коктыш

    Яўген Коктыш

    5 лістапада ў апошні шлях выправіўся вядомы беларускі фотажурналіст Яўген Коктыш.

    Спадар Коктыш быў дыпламаваным інжынерам-канструктарам, але яшчэ ў маладосці захапіўся фатаграфіяй, стаў заўсёднікам Мінскага фотаклуба.

    Хутка яго пачалі друкаваць у газетах «Комсомольская правда», «Знамя юности», «Чырвоная змена», часопісе «Работніца і сялянка». У 1976 годзе другі вядомы фатограф Юрый Іваноў запрасіў калегу ў агульнасаюзнае Агенцтва друку «Новости» (АПН), дзе спадар Яўген 20 гадоў асвятляў беларускія падзеі. 

    У 90‑х гадах яго здымкі выходзілі ў газеце «Вечерний Минск» і іншых айчынных выданнях.

    Яўген Фаміч праславіўся ў тым ліку шматлікімі партрэтамі знаных айчынных пісьменнікаў, акцёраў, мастакоў, рэжысёраў.

    Слыннага фатографа пахавалі на Паўночных могілках у Мінску.

    Журналіст і блогер Уладзімір Усер

    Уладзімір Усер

    Уладзімір Усер. Фота: з асабістага архіва

    6 снежня ў Беластоку спынілася сэрца беларускага журналіста, блогера, бабруйца Уладзіміра Усера, вядомага таксама пад творчым псеўданімам як Уладзімір Лазараў. 

    Уладзімір пэўны час працаваў у бабруйскім тэатры імя В. Дуніна-Марцінкевіча як гукарэжысёр. Потым з’ехаў у Ізраіль. Вярнуўся ў Бабруйск на пачатку 2000‑х гадоў і пачаць супрацоўнічаць з мясцовай незалежнай газетай. 

    Усер заўсёды быў добразычлівым, цікавіўся людзьмі, добра пісаў:

    «Мне падабалася чытаць ягоныя ўспаміны, розныя гісторыі. У яго быў свой стыль, больш публіцыстычны, а не журналісцкі. Але гэта было цікава», — успамінаў ягоны сябра.

     У 2021 годзе быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пасля таго, як на яго завялі крымінальныя справы. У апошнія гады блогер цалкам без сродкаў да існавання. Сябры дапамагалі Уладзіміру, але гэтага было недастаткова, каб аплаціць і жытло, і ежу, і лекі. Стан здароўя блогера ўсё хутчэй пагаршаўся, але пры гэтым ён не лячыўся, не звяртаўся да лекараў. Ён быў цалкам самотны.

    Лекарка кажа, што Уладзімір Лазараў памёр хутка, і яму не было балюча. Журналісту было 70 гадоў.

    Журналіст і пісьменнік Уладзімір Хількевіч

    Уладзімір Хількевіч

    Уладзімір Хількевіч. Фота: са старонкі ў Face­book

    Уладзімір Хількевіч нарадзіўся ў 1946 годзе на Случчыне. Ён вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ.

    Публікаваўся ў газеце «Звязда», а таксама ў тэлеграфным агенцтве БелТА, дзе на дзевяты год сваёй працы стаў дырэктарам (1986) і быў на гэтай пасадзе да 1988-га. 

    Празаіку і публіцысту было 79 гадоў.  

    Мікіта Мелказёраў, журналіст

    Мікіта Мелказёраў

    Мікіта Мелказёраў. Фота: са старонкі ў сацсетках

    У снежні медыясектар напаткала яшчэ адна горкая навіна: у 37 гадоў памёр журналіст, вядучы праектаў «Жыццё-маліна» і «Загляне сонца» Мікіта Мелказёраў.

    Як паведамляў Reform.news, напярэдадні Мікіту стала дрэнна. Ён адляжаўся, праз некаторы час адчуў сябе лепш. Затым устаў, пайшоў і страціў прытомнасць. Адмовіла сэрца. 

    Спадар Мелказёраў быў сябрам БАЖ, капітанам футбольнай зборнай каманды журналістаў. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці